Зя́бер ’расліна Galeopsis’, жа́бер (Жд. 2) ’Scrophularia nodosa’, жабо́р ’Galeopsis’, ’асцюк’ (Сл. паўн.-зах.). Рус. смал., цвяр., арл. зя́бер, зя́бирь, зя́берь, маск., жа́бер, маск., вяцк., цвяр., іркуцк., табол. жабре́й ’тс’ (апошняе і ў функцыі назваў іншых раслін), укр. жабрі́й ’тс’, польск. уст. zibrz, н.-луж. zyber ’тс’, в.-луж. уст. zabr, zabrij, славац. дыял. ziabor ’Galeopsis’, ’Lamium’ (Калал), чэш. уст. žabr (Махэк, Jména rostl., 196) ’Galeopsis’, славен. zę́brot ’тс’, zęber ’нейкая трава’, серб.-харв. срба ’Galeopsis’, балг. жабрей ’Linaria’. Верагодна, перанос, паводле знешняга выгляду кветкі ці лісця, ад жабры (гл.) ці вытворнай ад жа́ба1, 2 (гл.) назвы хваробы тыпу ст.-чэш. žáber (Плевачава, Этимология, 1966, 90–96; там іншая літ-ра). Параўн. ням. назву ’Scrophularia’ Sauwurz ’свіное зелле’; гэтай травой лячылі свінку (заўшніцу), якая мае сярод іншых і назву, звязаную са словам жаба як назву пухліны на горле, шыі (Махэк, Jména rostl., 211; Мяркулава, Этимология, 1963, 76). Трэба ўлічыць пры гэтым, што ў дыялектах сустракаецца форма зябры ’жабры’ (але не тыпова *зяба ’жаба’). Варыяцыя зябержабер, як і жабрызябры, не растлумачана. Буліч (ИОРЯС, 10, 2, 428), матывуючы назву тым, што (Xleopsis мае зубавідныя чашачкі, калючая (параўн. прыклад у Сл. паўн.-зах.: зябра калючая), звязваў яе са словам зуб (*zęb‑*zǫb‑). Гэта падтрымлівае Фасмер, 2, 111. Ільінскі (ИОРЯС, 24, 1, 125) высунуў ідэю кантамінацыі зуб і жабры. Няясна. Параўн. яшчэ жыбулька.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ГРЫБНЫ́Я ХВАРО́БЫ РАСЛІ́Н,

мікозы, інфекцыйныя захворванні, якія выклікаюцца фітапатагеннымі грыбамі (паразітамі і паўпаразітамі). Пашкоджваюць вышэйшыя расліны, імхі, водарасці. Найб. страты прычыняюць с.-г. раслінам. Пад уздзеяннем грыбоў — узбуджальнікаў хваробы — у раслінах узнікаюць паталагічныя працэсы, якія суправаджаюцца зменай структуры і фізіял. функцый інфіцыраваных частак або цэлай расліны. Вонкавыя прыкметы грыбных хвароб раслін: завяданне раслін, гнілі, некрозы, плямістасці, пустулы, налёты, разбурэнне асобных органаў, муміфікацыі, пухліны і дэфармацыі. Грыбныя хваробы раслін перадаюцца насеннем, клубнямі, цыбулінамі, каранямі, чаранкамі, саджанцамі і інш. часткамі хворых раслін. Патагенныя грыбы могуць пранікаць у тканкі раслін праз вусцейкі (мілдзью вінаграду), вадзяныя поры, клеткі эпідэрмісу і кутыкулу (кіла капусты, рак бульбы), трэшчыны і раны, што ўзнікаюць ад граду, сонечных апёкаў (чорны рак яблыні).

Паводле спосабу паразітызму фітапатагенныя грыбы ўмоўна падзяляюць на біятрофы (экалагічна аблігатныя паразіты раслін, якія ўвесь інфекц. перыяд узаемадзейнічаюць з жывымі клеткамі і тканкамі расліны-гаспадара) і некратрофы (факультатыўныя паразіты, што выкарыстоўваюць рэчывы адмерлых тканак гаспадара). Пашырэнне патагенаў у тканках гаспадара можа быць лакальнае і сістэмнае (дыфузнае), напр., ва ўзбуджальнікаў галаўні злакаў, жоўтай іржы пшаніцы, несапраўднай мучністай расы цыбулі. Характар і ступень праяўлення ўстойлівасці расліны да патагеннага грыба залежыць ад вірулентнасці патагена, наяўнасці генаў устойлівасці, фізіял. стану расліны, глебава-кліматычных умоў яго вырошчвання.

У кліматычных умовах Беларусі, аптымальных для развіцця фітапатагенных грыбоў, найб. страты грыбныя хваробы раслін прычыняюць збожжавым культурам, часам знішчаюць да 20% ураджаю. Пры адсутнасці ахоўных мерапрыемстваў да 50% бульбы гіне ад фітафтарозу, 40% ад ранняй сухой плямістасці. Пашыраны мучністая раса (на злакавых культурах, парэчках, агрэсце, ружах, флоксах і інш.), ліставая і сцябловая іржа, спарыння (на жыце), пыльная і цвёрдая галаўня, гельмінтаспарыёзныя плямістасці (на ячмені), фітафтароз, бурая гніль (на бульбе, памідорах) і інш. Меры барацьбы: выкарыстанне агратэхн. прыёмаў для знішчэння крыніц інфекцыі, каранцінныя мерапрыемствы, вырошчванне ўстойлівых сартоў, хім. ахова.

Літ.:

Тарр С. Основы патологии растений. Пер. с англ. М., 1975;

Жизнь растений. Т. 2. М., 1976;

Проблемы иммунитета сельскохозяйственных растений к болезням. Мн., 1988.

В.В.Карпук.

т. 5, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Сві́нка1 ‘хвароба залоз, заушніца’ (ТСБМ, Касп., Сцяшк., Сл. ПЗБ). Укр., рус., балг. сви́нка, польск. świnka ‘тс’. Ад свіння (гл.) з прычыны пухліны, якая значна патаўшчае шыю. Аналагічна лац. scrōfula ‘пухліна на шыі’ ад scrōfa ‘свіння, свінаматка’, грэч. χοιράς ‘апухлыя шыйныя залозы’ ад χοῖρος ‘парася, свіння’ (Фасмер, 3, 578; Вальдэ-Гофман, 2, 501; ЕСУМ, 5, 190; БЕР, 6, 550).

Сві́нка2 ‘від рыбы на рацэ Буг’ (беласт., Ніва, 1973, 16 вер.), свінюк ‘рыба падуст, Chondrostoma nasus (L.)’ (Жук., рэдка на Нёмане), ‘харыус’ (Інстр. 2). Рус. сви́нка ‘падвід падуста, волжскі падуст’, укр. дыял. сви́нька ‘дняпроўскі падуст’, сви́нка ‘падуст’, польск. świnka, славац. švinka ‘тс’. Да свіння (гл.). Назва дадзена па знешнім выглядзе, таму што ў гэтай рыбы рот знаходзіцца пад храсткаватым носам, які моцна вытыркаецца (гл. Сабанееў, Жизнь, 506 і наст.). Параўн. таксама іншыя назвы гэтай рыбы: пад‑уст, насар, ням. Schweinfisch < Schwein ‘свіння’. Агляд матэрыялу па розных славянскіх мовах гл. Усачова, Этимология–1973, 93.

Сві́нка3 ‘грыб таўстуха’ (Янк. 1; рагач., Арх. ГУ; Нік., Оч.; Сл. рэг. лекс.), ‘грыб сіняватага колеру’ (Нас.), свіння́, сві́нка ‘назвы грыбоў, пераважна розных відаў сыраежак’ (Сярж.–Яшк.). Ад свіння1 (гл.) у форме памяншальнасці, што наогул прадуктыўна ў назвах раслін (гл. Мяркулава, Очерки, 155). Адносна семантыкі назвы параўн. свінуха2 (гл.).

Сві́нка4 ‘гульня са спецыяльнай калодачкай або мячыкам з анучак (свінкай): хто будзя пасвіць свінку?’ (гродз., Нар. словатв.), свінья́ ‘старажытная гульня, пры якой цурку заганяюць у ямку’ (ТС). Укр. сви́нка ‘від гульні, а таксама драўляны шар, які ганяюць палкай’, рус. сви́нка ‘пацурбалак, цурка або чушка для гульні ў свінкі’, балг. сви́нка ‘мячык і гульня, пры якой імкнуцца закаціць яго ў ямку’, славен. svínjka ‘драўляны мячык’, серб. дыял. свињћа ‘цурка або камень, якую адзін з гульцоў (“свињар”) спрабуе кійком загнаць у ямку, чаму перашкаджаюць іншыя гульцы; сама гульня’. Да свіння1; да семантыкі параўн. рус. чу́шка ‘свіння’ і ‘злітак, брусок свінцу або чугуна’. Менш верагодна вывядзенне з прасл. *sъvinъka < sъvi(nǫ)ti (параўн. укр. зви́нка ‘мячык з шэрсці; гульня ў мяч’ ад звити ‘звіць’), гл. ЕСУМ, 5, 190.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)