Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛОТАЎТВАРА́ЛЬНЫ ПРАЦЭ́С, забалочванне,
прыродна-ландшафтны або антрапагенны працэс утварэння балотаў. Адрозніваюць два тыпы балотаўтваральнага працэсу: забалочванне сушы і затарфаванне вадаёмаў.
На сушы развіваецца пры залішнім увільгатненні глебаў, калі ападкі пераважаюць над выпарэннем, або пры падняцці ўзроўню грунтавых водаў (павышэнне базіса эрозіі, збудаванне плацін і інш.). Ператварэнне вадаёмаў у балота адбываецца ў выніку зарастання азёраў, старыц, сажалак прыбярэжнымі раслінамі (хвошч, чарот, трыснёг, асака) і ўтварэння сплавіны з плаваючых раслін (раска, водныя папараці і інш.). На сплавіне растуць шабельнік балотны, бабок, некаторыя асокі, імхі і інш. торфаўтваральнікі. Узнікае нізіннае балота, якое з часам можа трансфармавацца ў пераходнае і вярховае. Балотаўтваральны працэс у мінулым ахопліваў вял. прасторы на тэр. Беларусі, асабліва на Палессі.
Да арт.Балотаўтваральны працэс. Утварэнне балота на месцы вадаёма: А — адкрытая водная прастора; Б — прыбярэжна-водная расліннасць; В — асаковае нізіннае балота; Г — хваёвы лес на сфагнавым балоце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБАРАЧА́ЛЬНЫ ПРАЦЭ́Су тэрмадынаміцы,
працэс пераходу сістэмы з аднаго стану ў другі, які магчыма ажыццявіць у адваротным напрамку з паўтарэннем усіх яго прамежкавых станаў. Складаецца з паслядоўнасці станаў раўнавагі, якія вельмі мала розняцца паміж сабою, таму яго наз. квазістатычным, квазіраўнаважным. Крытэрыем абарачальнасці з’яўляюцца паводзіны энтрапіі: яна застаецца пастаяннай у абарачальным працэсе, які працякае ў ізаляванай сістэме значна павольней, чым устанаўліваецца тэрмадынамічная раўнавага ў дадзенай сістэме. Сістэма пры абарачальным працэсе выконвае найб. магчымую работу. Абарачальны працэс ляжыць у аснове тэорыі цеплавых рухавікоў (гл.Карно цыкл). Усе рэальныя працэсы з-за трэння, дыфузіі, выпрамянення і інш. неабарачальныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУ́ПЛЕКС-ПРАЦЭ́Су металургіі,
працэс вытворчасці сталі або чыгуну паслядоўна ў двух агрэгатах. У сталеплавільнай вытв-сці выкарыстоўваюць Д.-п.мартэнаўская печ — дугавая печ, канвертар — электрычная печ, індукцыйная вакуумная печ — дугавая вакуумная печ і інш., у чыгуналіцейнай вытв-сці вагранка — эл. печ. Пры Д.-п. выкарыстоўваюцца перавагі кожнага з плавільных агрэгатаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВАЗІСТАЦЫЯНА́РНЫ ПРАЦЭ́С,
працэс, скорасць распаўсюджвання якога ў абмежаванай сістэме настолькі вялікая, што за час τ распаўсюджвання яго па ўсёй сістэме яе стан не паспявае прыкметна змяніцца.
Пры К.п. змена станаў усіх частак сістэмы адбываецца па адным і тым жа часавым законе практычна без запазнення. Перыядычны працэс з перыядам Т будзе квазістацыянарным пры ўмове T ≫ τ. Гэтай умове адпавядае пераменны ток прамысл. частаты ў ЛЭП даўжынёй, намнога меншай за даўжыню эл.магн. хвалі ў лініі (г. зн. меншай за 6000 км). У такой ЛЭП у кожны момант часу сіла току ўсюды адна і тая ж (гэта квазістацыянарны ток, для якога з дастатковай дакладнасцю выконваюцца законы пастаяннага току).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРТЭ́НАЎСКІ ПРАЦЭ́С,
працэс выплаўкі сталі, што адбываецца ў мартэнаўскай печы. Заключаецца ў расплаўленні шыхты (чыгуну, стальнога лому, раскісляльнікаў, жал. руды, агламерату, флюсаў), памяншэння ў ёй вугляроду, крэмнію, марганцу, выдаленні непажаданых дамешкаў (серы, фосфару), пры неабходнасці — увядзенні легіруючых элементаў. Прапанаваны франц. металургам П.Мартэнам.
Пры плаўленні матэрыялаў інтэнсіўна акісляюцца дамешкі і ўтвараецца шлак, а ў перыяд кіпення адбываецца акісленне вугляроду і метал набывае зададзены хім. састаў. Затым метал раскісляюць і легіруюць. Для інтэнсіфікацыі М.п. выкарыстоўваюць кісларод, які ўводзіцца для абагачэння паветра і акіслення дамешкаў. З печаў сталь выпускаюць ў каўшы, разліваюць ва ўліўніцы або на ўстаноўках бесперапыннага ліцця. Больш эфектыўны за М.п. кіслародна-канвертарны працэс.