Пле́ўра ’дыяфрагма’ (бераст., б.-каш., ЛА, 1). У выніку пераносу значэння па сумежнасці з плеўра ’абалонка, што пакрывае лёгкія і сценкі грудной поласці’, якое з с.-лац. pleura < ст.-грэч. πλευρά ’бок’, πλευραί ’рэбры’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

пяціву́стка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Чэрвепадобны паразіт, блізкі да членістаногіх, які паразітуе звычайна ва ўнутраных органах або насавой поласці жывёл.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

флюктуі́раваць, ‑руе; незак.

Спец.

1. Дапускаць самаадвольныя выпадковыя адхіленні ад сярэдняга значэння якой‑н. велічыні.

2. Пералівацца (пра вадкасць, што сабралася ў якой‑н. поласці).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПЛЕ́ЎРА (ад грэч. pleura рабро, бок, сценка),

серозная абалонка, што пакрывае лёгкія і сценкі грудной поласці наземных пазваночных і чалавека. Адрозніваюць унутраны, ці вісцэральны лісток П., які зрастаецца з тканкай лёгкага, і прысценны, або парыетальны, які высцілае знутры сценкі грудной поласці. У млекакормячых плеўральная (грудная) поласць поўнасцю адмежавана ад брушной дыяфрагмай і запоўнена серознай вадкасцю, якая памяншае трэнне лёгкіх пры дыханні. Запаленне П. выклікае плеўрыт.

А.​С.​Леанцюк.

т. 12, с. 424

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

міжсце́нне, ‑я, н.

1. Месца ў сярэдняй частцы грудной поласці, дзе размешчаны сэрца, аорта, бронхі, стрававод.

2. перан. Тое, што перашкаджае сувязі, збліжэнню каго‑, чаго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паднябе́нне, ‑я, н.

Верхняя частка поласці рота. Праўда, язык доўга не паварочваўся, не мог вымавіць некалькі такіх простых, здавалася б, слоў, нібы прысох да паднябення. Шыловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ГЕМАТО́РАКС (ад гема... + грэч. thōrax грудзі, грудная клетка),

збіранне вял. колькасці крыві ў плеўральнай поласці. Найчасцей бывае ад унутр. крывацёку пры траўмах грудзей, пасля аперацый на грудной поласці, іншы раз пры злаякасных пухлінах органаў дыхання і інш. Можа спалучацца з пнеўматораксам. Клініка залежыць ад колькасці крыві: пры нязначнай колькасці праяўленні гематораксу адсутнічаюць ці ўзнікае слабы боль у грудзях, кашаль. Пры павелічэнні гематораксу бывае страта крыві, сцісканне лёгкага і зрушэнне органаў міжсцення. Лячэнне сімптаматычна-медыкаментознае, у цяжкіх выпадках хірургічнае.

т. 5, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫВАЦЁК, гемарагія,

выцяканне крыві з крывяносных сасудаў. Бывае пры траўмах, хваробах крывяносных сасудаў (гл. Гематурыя, Гемафілія, Дыятэз гемарагічны). Адрозніваюць К. артэрыяльны, вянозны, капілярны, змешаны; вонкавы (кроў выцякае вонкі) і ўнутр. (кроў выцякае ў органы, тканкі, поласці цела).

Назапашванне крыві ў калясардэчнай абалонцы наз. гемаперыкардытам, у грудной поласцігематораксам, у поласці сустава — гемартрозам; выдаленне крыві праз дыхальныя шляхі (крывахарканне) — гемаптос; праз стрававод са страўніка (крывавая рвота) — гематамезіс; матачны К. — метрарагія і інш. Найб. небяспечны артэрыяльны К. Пры К. бывае бледнасць скуры і слізістых абалонак, слабасць, галавакружэнне, смага, задышка, паніжэнне артэрыяльнага ціску, слабы, часты пульс. Лячэнне: спыненне К. часовае (сціскальная павязка, жгут) і канчатковае (сасудзістае шво, перавязка сасудаў), кровазгусальныя і кроваспыняльныя сродкі, пераліванне крыві і кровазаменных вадкасцей.

Літ.:

Вишневский А.А., Шрайбер М.И. Военно-полевая хирургия. 3 изд., М., 1975;

Основы реаниматологии. М., 1966.

А.​У.​Чантурыя.

т. 8, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЁГКІЯ (pulmones),

парны орган паветранага дыхання некат. рыб, наземных пазваночных і чалавека, дзе ажыццяўляецца газаабмен паміж крывёй і паветрам, што ўдыхаецца (кісларод паветра пераходзіць у кроў, дыаксід вугляроду — з крыві ў паветра). Л. называюць таксама органы дыхання некат. беспазваночных (лёгачныя малюскі). Размешчаны ў пярэднім аддзеле поласці цела, у млекакормячых і чалавека — у грудной поласці, якая аддзелена ад брушной поласці грудабрушной перагародкай (дыяфрагмай). Складаюцца з частак (у правым 3, у левым 2), аснову якіх утварае бранхіяльнае дрэва — паслядоўна адгалінаваныя бронхі і бранхіёлы, якія пераходзяць у альвеалярныя хады з альвеоламі. Л. ўкрыты серознай абалонкай — плеўрай. У эмбрыягенезе чалавека і млекакормячых праходзяць шэраг стадый. Л. выконваюць рэспіраторную функцыю, удзельнічаюць у рэгуляцыі згусання крыві, тэрмарэгуляцыі, водна-салявым абмене, імуннай ахове арганізма і інш.

А.​С.​Леанцюк.

Лёгкія: 1 — лёгкае; 2 — трахея; 3 — бронхі; 4 — бранхіяльныя галінкі.

т. 9, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУ́НКЦЫЯ (ад лац. punctio укол),

пракол тканак арганізма полай іголкай з дыягнастычнай, лек. або прафілакт. мэтай. Дыягнастычная П. выкарыстоўваецца: для вывучэння структурна-функцыян. стану органаў, сістэм органаў і тканак, устанаўлення дыягназу захворвання шляхам увядзення ў крывяносныя і лімфатычныя сасуды, поласці, губчатае рэчыва касцей радыеізатопаў, газу (паветра), рэнтгенакантрастных рэчываў, таксама даследавання ўзору вадкасці (кроў, гной і інш.) або кавалачка тканкі (напр., пухліны). З лек. і прафілакт. мэтамі з дапамогай П. ўводзяць лек. сродкі ў тканкі, сасуды, поласці арганізма.

І.​М.​Семяненя.

т. 13, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)