РО́ДНАСЦЬ ДА ЭЛЕКТРО́НА,
здольнасць атама, малекулы далучаць электрон з утварэннем адмоўнага іона. Колькасна роўная энергіі іанізацыі адмоўнага іона (X−); вымяраецца ў электрон-вольтах (гл. Іанізацыі патэнцыял). Найб. Р. да э. (3—4 эВ) маюць атамы галагенаў. Для шэрагу хім. элементаў блізкая да нуля ці адмоўная, гэта азначае, што не існуе ўстойлівых адмоўных іонаў гэтых элементаў. Для малекул Р. да э. звычайна мае значэнні ад 0 да 4 эВ, але ёсць малекулы са значна большымі значэннямі Р. да э. (напр., для малекулы гексафтарыду плаціны Р. да э. роўная 7 эВ). Малекулы з высокімі значэннямі Р. да э. — моцныя акісляльнікі, з дапамогай якіх былі атрыманы хім. злучэнні інертных газаў.
т. 13, с. 396
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАНІТЫЗА́ЦЫЯ,
сукупнасць працэсаў у зямной кары, у выніку якіх цвёрдыя горныя пароды рознага паходжання ператвараюцца ў граніты. У выніку гранітызацыі адбываецца абагачэнне пярвічных парод крэменязёмам і шчолачнымі металамі (калій, натрый) і вынас з іх жалеза, магнію, кальцыю і інш. кампанентаў. У працэсе гранітызацыі хім. патэнцыял шчолачаў, гліназёму і крэменязёму нарастае, дасягаючы таго ўзроўню, пры якім адбываецца абагачэнне пароды палявым шпатам і далей кварцам з утварэннем гранітаў. Развіваецца пераважна ў глыбінных зонах геасінкліналей пазней гал. фаз складкаўтварэння. Вылучаюць 3 генетычныя тыпы гранітызацыі: метасаматычная, палінгенна-метасаматычная і інфільтрацыйна-анатэктычная. На тэр. СНД шырокае развіццё гранітызацыі прымеркавана да дакембрыйскіх тоўшчаў (Кольскі п-ваў, Расія), Украінскі крышталічны шчыт, Беларуская антэкліза.
У.Я.Бардон.
т. 5, с. 407
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРО́ТКАЕ ЗАМЫКА́ННЕ,
злучэнне токаправодных частак эл. ланцуга праз малое (блізкае да нуля) супраціўленне. Парушае работу эл. апарата (устаноўкі), небяспечнае для людзей.
Бывае 2- і 3-фазнае; аднафазнае — на зямлю або корпус (злучэнне праваднікоў эл. устаноўкі з прадметамі, што маюць нулявы патэнцыял); міжвітковае (злучэнне накоратка аднаго або некалькіх віткоў абмоткі эл. апарата ці эл. машыны); перамежнае (пачаргова ўзнікае і знікае, напр., паміж правадамі, якія разгойдваюцца). Прычыны К.з. — парушэнне электраізаляцыі правадоў або выпадковае злучэнне неізаляваных праваднікоў паміж сабой ці праз электраправодны матэрыял. Вядзе да рэзкага павелічэння току, выклікае празмернае награванне правадоў і апаратаў, можа прывесці да пажару ці пашкоджання эл. абсталявання. Каб папярэдзіць небяспечныя наступствы К.з. выкарыстоўваюць токаабмежавальныя рэактары электрычныя, секцыянаванне эл. сеткі, прыстасаванні хуткага адключэння ўчастка з К.з. (рэлейную ахову, аўтам. выключальнікі і інш.).
т. 8, с. 90
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЎНАВА́ГА ХІМІ́ЧНАЯ,
тэрмадынамічная раўнавага ў сістэме, у якой адбываюцца толькі абарачальныя рэакцыі.
Макраскапічныя параметры стану сістэмы (т-ра, ціск, канцэнтрацыя рэчываў) пры Р.х. не залежаць ад часу. Устанаўліваецца, калі скорасці прамой і адваротнай рэакцый становяцца роўнымі (гл. Дзейных мас закон). Умова раўнавагі любой хім. рэакцыі паказваецца суадносінамі
(μi — хім. патэнцыял рэчываў, што ўдзельнічаюць у рэакцыі, νi — стэхіяметрычныя каэф. — дадатныя для зыходных рэчываў і адмоўныя для прадуктаў) і выводзіцца з любой умовы раўнавагі тэрмадынамічнай. Суадносіны паміж канцэнтрацыямі рэчываў у сістэме пры Р.х. вызначаюцца канстантай раўнавагі, якая залежыць ад прыроды рэчываў, што рэагуюць, і ад т-ры. Якасная залежнасць Р.х. ад знешніх умоў апісваецца Ле Шатэлье — Браўна прынцыпам. Гл. таксама Тэрмадынаміка хімічная.
т. 13, с. 376
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМЕРЫКА́НА-ЯПО́НСКІЯ ДАГАВО́РЫ 1951, 1960.
Дагавор бяспекі 1951. Падпісаны 8 вер. ў Сан-Францыска на нявызначаны тэрмін. Навязаны Японіі ЗША як умова заключэння мірнага дагавора. Паводле яго ЗША атрымалі права мець на тэр. Японіі свае ўзбр. сілы і выкарыстоўваць іх для аперацый на Д.Усходзе і задушэння хваляванняў унутры краіны; без згоды ЗША на яп. тэр. не маглі размяшчацца базы і войскі трэцяй дзяржавы. Страціў сілу ў сувязі з заключэннем дагавора 1960. Дагавор аб узаемным супрацоўніцтве і гарантыі бяспекі падпісаны 19.1.1960 у Вашынгтоне тэрмінам на 10 гадоў (прадоўжаны на няпэўны тэрмін у ліст. 1969); ратыфікаваны 22.6.1960. Паводле яго ЗША замацавалі сваё права мець на тэр. Японіі ўзбр. сілы і ваен. базы. Японія абавязвалася нарошчваць свой ваен. патэнцыял і выкарыстоўваць яго ў выпадку агульнай небяспекі. Дагавор адмоўна ўспрыняты народам і выклікаў хваляванні ў Японіі.
т. 1, с. 313
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫ́НА ФУ́НКЦЫЯ,
функцыя, звязаная з інтэгральным выяўленнем рашэнняў краявых задач для дыферэнцыяльных ураўненняў. Апісвае вынік уздзеяння кропкавай (засяроджанай) крыніцы сілы, зараду ці інш. (функцыя крыніцы) або распаўсюджванне палёў ад кропкавых крыніц (функцыя распаўсюджвання, напр., патэнцыял поля кропкавага эл. зарада, размешчанага ўнутры заземленай праводнай паверхні). Названа ў гонар Дж.Грына. Грына функцыя і яе аналагі выкарыстоўваюцца ў тэорыі функцый, канечна-рознасных ураўненняў, тэарэт. фізіцы, квантавай тэорыі поля, стат. фізіцы і інш.
Грына функцыя зводзіць вывучэнне ўласцівасцей дыферэнцыяльнага аператара да вывучэння ўласцівасцей адпаведнага інтэгральнага аператара, дае магчымасць знаходзіць рашэнні неаднароднага ўраўнення, трактуецца як фундаментальнае рашэнне лінейнага дыферэнцыяльнага ўраўн., якое адпавядае аднародным краявым умовам, і г.д. Напр., поле, створанае сістэмай крыніц (у т. л. працяглымі крыніцамі), апісваецца ў выглядзе лінейнай камбінацыі (суперпазіцыі) уплываў асобных крыніц. Гл. таксама Ураўненні матэматычнай фізікі.
Р.Т.Вальвачоў, Л.А.Яновіч.
т. 5, с. 482
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
фара́да
[ад англ. M. Faraday = прозвішча англ. фізіка (1791—1867)]
адзінка вымярэння электрычнай ёмістасці ў Міжнароднай сістэме адзінак (СІ), роўная электрычнай ёмістасці правадніка, патэнцыял якога павялічваецца на 1 вольт пры перадачы яму электрычнага зараду ў 1 кулон.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
ДУДКЕ́ВІЧ (Валянцін Уладзіміравіч) (н. 6.10.1943, г. Магілёў),
бел. танцоўшчык, харэограф. Засл. дз. маст. Беларусі (1986). Скончыў Бел. харэаграфічнае вучылішча (1961), Бел. тэатр.-маст. ін-т (1981). З 1961 артыст балета Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі, з 1969 артыст балета, педагог-рэпетытар, рэжысёр-пастаноўшчык, маст. кіраўнік канцэртна-эстр. бюро Бел. філармоніі. З 1986 маст. кіраўнік — дырэктар Дзяржаўнага ансамбля танца Рэспублікі Беларусь. Веданне бел. танц. фальклору і беражлівае стаўленне да яго, вял. творчы патэнцыял і неардынарныя арганізатарскія здольнасці дазволілі яму плённа працаваць у галіне развіцця і папулярызацыі нар. харэаграфічнага мастацтва. Сярод пастановак: канцэртныя праграмы «Свята», «Карагод сяброў», «Вечар памяці С.Дрэчына», бел. нар. танцы «Кола», «Бульба», «Кадрыля на зэдліках», «Вясковыя гульні», «Каляды», «Арэлі», «Церніца», «Вечарына», «Спеў дубраў», «Кабеты і жаўнеры» і інш. У пастаноўках апошніх гадоў стварае танц. нумары з драматург. развіццём у жанры «фольк-балет». Імкнецца працягваць традыцыі прафес. харэагр. мастацтва, закладзеныя А.Апанасенкам, С.Дрэчыным і інш.
т. 6, с. 255
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́РХГОФА ПРА́ВІЛЫ,
суадносіны паміж токамі і напружаннямі ў разгалінаваных эл. ланцугах пастаяннага ці квазістацыянарнага току. Устаноўлены Г.Р.Кірхгофам у 1847. Вынікаюць з зараду захавання закону і энергіі захавання закону для эл. ланцугоў. Дазваляюць разлічваць складаныя эл. ланцугі, напр., вызначыць сілу току і напружанне на любым участку ланцуга па зададзеных супраціўленнях участкаў і ўключаных у іх эрс.
1-е К.п.: алг. сума токаў, якія збягаюцца ў пункце разгалінавання праваднікоў (вузле), роўная нулю. Токі, якія ўваходзяць у вузел, лічацца дадатнымі, якія выходзяць — адмоўнымі.
2-е К.п.: у любым замкнутым контуры, вылучаным у складаным эл. ланцугу, алг. сума падзенняў напружанняў на асобных участках контуру роўная алг. суме эрс, уключаных у контур. Пры разліках напрамкі току 1 эрс лічацца дадатнымі, калі напрамак току супадае з напрамкам абходу контуру, а эрс павялічвае патэнцыял у напрамку абходу. Пры складанні ўраўненняў напрамкі току можна задаваць адвольна і, калі пры іх рашэнні для якога-н. току атрымана адмоўнае значэнне, гэта азначае, што яго напрамак процілеглы выбранаму.
т. 8, с. 283
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАТЭНЦЫЯМЕ́ТРЫЯ (ад лац. potentia сіла, моц + ...метрыя),
адзін з электрахім. метадаў даследавання і колькаснага аналізу рэчываў. Засн. на залежнасці значэння (ЭП) раўнаважнага электроднага патэнцыялу ад тэрмадынамічнай актыўнасці (канцэнтрацыі) кампанентаў электрахім. рэакцыі (апісваецца ўраўн. Нернста).
Для патэнцыяметрычных вымярэнняў выкарыстоўваюць гальванічны элемент з індыкатарным электродам (яго патэнцыял залежыць ад канцэнтрацыі рэчыва ў растворы) і электродам параўнання. Эрс элемента вымяраюць з дапамогай патэнцыяметра. Адрозніваюць прамую П. і патэнцыяметрычнае цітраванне. Прамая П. дазваляе вызначаць канцэнтрацыю іонаў непасрэдна па значэнні эрс індыкатарнага электрода пры ўмове, што электродны працэс абарачальны (напр., pH-метрыя — метады вызначэння вадароднага паказчыка). Найб. пашырана патэнцыяметрычнае цітраванне, якое ажыццяўляюць у водным і няводным асяроддзях. Пры цітраванні рэгіструюць змяненне ЭП індыкатарнага электрода (напр., шклянога пры кіслотна-асноўным цітраванні); каля пункту эквівалентнасці назіраецца рэзкае змяненне (скачок) ЭП. Выкарыстоўваюць у аналіт. і фіз. хіміі, прам-сці для кантролю тэхнал. працэсаў у хім., нафтахім., харч. і інш. галінах, а таксама для кантролю забруджанасці навакольнага асяроддзя.
Л.М.Скрыпнічэнка.
т. 12, с. 187
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)