ВАЦЭ́ЦІС Іаакім Іаакімавіч (23.11.1873, Салдускі р-н, Латвія — 28.7.1938),

савецкі военачальнік, камандарм 2-га рангу (1935). Скончыў Акадэмію Генштаба (1909). У арміі з 1891. У 1-ю сусв. вайну палкоўнік. У дні Кастр. рэвалюцыі перайшоў на бок сав. улады, уступіў у Чырв. гвардыю, камандаваў 2-й латышскай брыгадай. Са снеж. 1917 нач. аддзела Рэв. палявога штаба пры Стаўцы вярх. галоўнакамандуючага ў Магілёве. З 28.1.1918 камандаваў войскамі па ліквідацыі Доўбар-Мусніцкага мяцяжу 1918. З крас. 1918 нач. латышскай стралк. дывізіі, адзін з ваен. кіраўнікоў ліквідацыі леваэсэраўскага мяцяжу ў Маскве (ліп. 1918). У ліп.—вер. 1918 камандуючы Усх. фронтам, у вер. 1918 — ліп. 1919 галоўнакамандуючы Узбр. Сіламі РСФСР. Са жн. 1919 у РВС Рэспублікі. З 1921 выкладаў у Ваен. акадэміі РСЧА. Аўтар ваен. навук. прац. Рэпрэсіраваны ў 1937. Рэабілітаваны пасмяротна.

т. 4, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРБУ́З Сцяпан Кузьміч (парт. псеўд. Паддубны; 28.12.1894, в. Касцюкі Уздзенскага р-на Мінскай вобл. — 27.8.1944),

дзеяч рэв. руху ў Зах. Беларусі. Скончыў БДУ (1925). З 1916 у арміі, потым настаўнік на Случчыне, Бабруйшчыне. Са студз. 1919 у Чырв. Арміі на Зах. фронце. У 1921—24 ва ўстановах Наркамасветы БССР, кіраўнік спраў ЦБ, ЦК КП(б)Б, пазней заг. аргаддзела Полацкага, сакратар Калінінскага акр. к-таў КП(б)Б, у апараце ЦК КП(б)Б. У сак. 1928 — снеж. 1929 на падп. рабоце ў Зах. Беларусі, чл. ЦК КПЗБ, чл. Сакратарыята ЦК КПП. З 1930 у Маскве ў Камуніст. ін-це журналістыкі, потым на парт. і гасп. рабоце. Чл. ЦК КП(б)Б у 1927—28. Чл. ЦВК БССР у 1927. У 1939 рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны пасмяротна.

т. 5, с. 56

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВОЛЬФ Рамана Давыдаўна (12.12.1899, Варшава — 1937),

дзеяч рэв. руху ў Зах. Беларусі. У грамадз. вайну сакратар Харкаўскага, Гомельскага падп. к-таў РКП(б), на падп. рабоце ў тыле войск Дзянікіна, нач. палітаддзела дывізіі. У 1920—24 у РВС Зах. фронту і ў калегіі ВЧК—ДПУ. З 1924 на падп. рабоце ў Зах. Беларусі: сакратар Віленскага, Беластоцкага, Брэсцкага акр. к-таў КПЗБ, Дамброўскага акр. к-та КПП, чл. ЦК КПЗБ. У жн. 1926 арыштавана польск. ўладамі і зняволена на 6 гадоў у турму. Са жн. 1933 чл. Бюро ЦК КПЗБ, яго прадстаўнік пры ЦК КП(б)Б. У 1934 чл. польск. сакратарыята пры ЦК Кампартыі Францыі. У 1934—35 і ў 1937 кіраўнік Краявога сакратарыята ЦК КПП. Са жн. 1937 у СССР, у гэтым жа годзе беспадстаўна рэпрэсіравана. Рэабілітавана пасмяротна.

т. 4, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖАКО́Б (Jacob) Макс (11.7.1876, г. Кемпер, Францыя — 5.3.1944),

французскі пісьменнік і мастак. Дэбютаваў казкамі «Кароль Кабул і кухцік Гавен» (1903), «Сонечны волат» (1904) і гратэскнымі раманамі «Святы Матарэль» (1909), «Бурлескныя і містычныя творы брата Матарэля» (1912). Зб-кі вершаў у прозе «Ражок з ігральнымі касцямі» (1917), кн. вершаў «Цэнтральная лабараторыя» (1921) і кніга крыт. артыкулаў «Паэтычнае мастацтва» (1922) адыгралі значную ролю ў станаўленні авангардызму, у прыватнасці кубізму. У зборніках «Бераг. Брэтонскія песні» (1911), «Тыя, што каюцца, у ружовых трыко» (1925), «Імператарская ахвяра» (1929), «Балады» (1938), «Цар Беотыі» (1920) і інш. спалучаюцца пародыя, містыфікацыя, гратэск з містыкай, сінтэз антычнай, хрысц. і іудзейскай міфалогій. Шэраг яго твораў выдадзены пасмяротна, у т. л. «Апошнія вершы» (1945). Загінуў у фаш. канцлагеры.

Тв.:

Рус. пер. — Избр. стихи. СПб., 1995.

К.​М.​Міхееў.

т. 6, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛМАНСО́Н Гілель Майсеевіч (літ. псеўд. Перакаці-Поле; 1868, г. Магілёў — 1937),

дзеяч. рэв. руху, пісьменнік. Бацька Г.Лялевіча. У 1884 у Кіеве уступіў у рэв. гурток, жыў у Чарнігаве, Адэсе, з 1895 у Магілёве, ствараў с.-д. гурткі. З 1903 чл. РСДРП, падтрымліваў сувязі з І.М.Баранкевічам, А.Ц.Вазілам. Аўтар зб. «Песні басяка» (1907). Некат. вершы К. ўвайшлі ў складзены У.​Дз.​Бонч-Бруевічам зб. «Выбраныя творы рускай паэзіі» (3-е выд., 1908). У 1917—22 на парт. і ваен. рабоце ў Магілёве, Самары, Гомелі. З 1922 жыў у Маскве. У 1937 рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны пасмяротна.

Тв.:

Свобода: Элегия в прозе. Киев, 1915;

Плакучая акация: Сказка-притча Киев, 1915;

Красная Армия: Стихи. Самара, 1919;

Первые шаги: (Из воспоминаний) // Известия Гомельского губернского комитета РКП(б). 1921. № 7—8.

А.​Ф.​Вялікі, В.​У.​Скалабан.

т. 7, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛЫЧКО́Ў (сапр. Лешанкоў) Сяргей Антонавіч

(6.7.1889, в. Дуброўкі Калязінскага р-на Цвярской вобл., Расія — 8.10.1937),

рускі пісьменнік. Вучыўся ў Маск. ун-це (1908—13). Друкаваўся з 1908. Ранняя паэзія прасякнута рамант. светаадчуваннем, у аснове якога непрыняцце «індустрыяльнай» цывілізацыі (зб-кі «Песні», 1911; «Патаемны сад», 1913). Распрацоўваў матывы рус. казкі, пераасэнсоўваў іх у духу сімвалізму. У паэзіі пераважаюць сузіральнасць, мары пра недасяжнае. У празаічных творах сумяшчаў рэальнае з фантаст., што стварала атмасферу казачнага побыту, дзе героі — самотныя летуценнікі, дзівакі, праўдашукальнікі. У творах 1920-х г. непрыняцце сав. рэчаіснасці, імкненне да даўніны, матывы несуцешнасці і песімізму: кн. «Дубраўна» (1918), раманы «Цукровы немец» (1925; уражанні пра 1-ю сусв. вайну), «Чартухінскі балакір» (1926), «Апошні Лель» (1927), «Князь свету» (1928). Перакладаў груз. паэтаў, вагульскі і кірг. эпасы. У 1937 рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны пасмяротна.

т. 8, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯЛЕ́ВІЧ Г. (сапр. Калмансон Лабары Гілелевіч; 30.9.1901, г. Магілёў — 1937),

гісторык, паэт, крытык. У гады рэвалюцыі і грамадз. вайны на парт. рабоце. У 1917 друкаваў вершы ў магілёўскай газ. «Молот». Аўтар нарысаў па гісторыі рэв. руху і грамадз. вайны ў Беларусі. У 1920—30 апублікаваў прысвечаныя рэвалюцыі зб. вершаў. «Набат» (1921), «У Смольным» (1925) і паэму «Голад» (1921) і інш. Адзін з праваднікоў вульгарнай вузкакласавай парт. крытыкі, для чаго выкарыстоўваў свае пасады рэдактара час. «На посту» і кіраўніка ВАПП. У 1937 арыштаваны як трацкіст, расстраляны. Рэабілітаваны пасмяротна.

Тв.:

Стрекопытовщина: Страничка из истории контррев. выступлений в годы гражданской войны. 2 изд. М.;

Пб., 1923;

Клинок и книга: Памяти Дмитрия Фурманова. М.; Л., 1926;

Воинствующий идеализм на фронте литературоведения // Вестн. Ком. Академии. 1927. Кн. 22.

У.​М.​Міхнюк.

т. 9, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЗЕРН Барыс Паўлавіч (19.7.1882, г. Ніжні Ноўгарад, Расія — 25.2.1939),

савецкі дзярж. і паліт. дзеяч, удзельнік барацьбы за сав. ўладу на Беларусі. Вучыўся ў Маск. ун-це. З 1903 на падп. рабоце ў Ніжнім Ноўгарадзе, Самары, Казані, Волагдзе, Маскве, Мінску. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 першы старшыня Мінскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў (да ліп. 1917). Удзельнік Кастр. рэвалюцыі 1917 на Пскоўшчыне, чл. Пскоўскага ВРК, камісар Паўн. фронту. У 1918 камісар Петраградскай ваен. акругі, адначасова член Рэўваенсавета Балт. флоту. Удзельнік грамадз. вайны, чл. РВС 5-й і 7-й армій, Зах. і Усх. франтоў. З 1922 сакратар Паўн.-Зах. бюро ЦК РКП(б), з 1926 рэктар Ленінградскага камуніст. ун-та, з 1930 сакратар Ленінградскага абкома ВКП(б), з 1937 пракурор Ленінградскай вобл. Чл. ВЦВК і ЦВК СССР. Рэпрэсіраваны ў 1937, рэабілітаваны пасмяротна.

т. 12, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЛЬІ́НСКІ Рыгор Андрэевіч (23.3.1876, С.-Пецярбург — 1937),

рускі мовазнавец-славіст. Чл.-кар. АН СССР (1925, чл.-кар. Рас. АН з 1921), Балг. (1929) і Польск. (1930) АН. Праф. Нежынскага гіст.-філал. ін-та (1909—15), Юр’еўскага (г. Тарту, з 1916), Саратаўскага (1920—24), Маскоўскага (з 1927) ун-таў. Рэпрэсіраваны, рэабілітаваны пасмяротна. Даследаваў параўнальную граматыку слав. моў, праславянскую мову, гісторыю і паходжанне слав. пісьменства. Вывучаў і выдаваў помнікі слав. пісьменства («Граматы балгарскіх цароў», 1911, і інш.). Шэраг артыкулаў прысвяціў з’явам бел. мовы: «Блр. нетра = рас. «болото» трасина, дебри» (1928), «Аб канчатку -эй назоўнага склону адзіночнага ліку мужчынскага роду прыметнікаў і назоўнікаў ва ўсходнеславянскіх мовах наогул і беларускай паасобку» (1929) і інш.

Тв.:

Праславянская грамматика. Нежин, 1916.

Літ.:

Булахов М.Г. Восточнославянские языковеды. Мн., 1977. Т. 2. С. 229—236;

Журавлев В.К. Г.​А.​Ильинский. М., 1962.

М.​Г.​Булахаў.

т. 7, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРЫНЕ́СКА Аляксандр Іванавіч (13.1.1913, г. Адэса, Украіна — ліст. 1963),

Герой Сав. Саюза (1990, пасмяротна). Капітан 3-га рангу (1942). Скончыў Адэскі мараходны тэхнікум (1933), штурманскія курсы (1934) і курсы перападрыхтоўкі (пасля 1937) пры Чырванасцяжным вучэбным атрадзе падводнага плавання ў Ленінградзе. З 1933 на Балт. флоце. З 1939 камандзір падводнай лодкі. У Вял. Айч. вайну вызначыўся як камандзір (1943—45) падводнай лодкі «С-13»: у раёне Данцыгскай (Гданьскай) бухты выявіў і патапіў 13.1.1945 найбуйнейшы лайнер фаш. Германіі «Вільгельм Густлаў» (у свеце наз. «атакай стагоддзя»; сярод загінуўшых былі экіпажы для 70 герм. падводных лодак), а 10 лют. — ням. дапаможны крэйсер «Генерал фон Штойбен» (больш за 3 тыс. вайскоўцаў). Пасля вайны працаваў у гандл. флоце, Ленінградскім параходстве, на заводзе «Мезон» у Ленінградзе.

Літ.:

Геманов В.С. Подвиг «тринадцатой»: Слава и трагедия подводника А.​И.​Маринеско. Л., 1991.

У.​Я.​Калаткоў.

А.І.Марынеска.

т. 10, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)