расійскія спевакі (басы), браты. Аляксандр Сцяпанавіч (4.7.1899, г. Разань, Расія — 26.6.1964), адзін з найбольш вядомых прадстаўнікоў сав. вакальнай школы. Нар.арт.СССР (1937). Вучыўся ў Муз.драм. вучылішчы Маскоўскага філарманічнага т-ва (1917—18). З 1919 артыст Перасоўнага т-ра Рэвваенсавета Рэспублікі, з 1922 — «Вольнай оперы». У 1924—54 саліст Вял.т-ра ў Маскве. Выконваў драм., лірычныя і камічныя партыі. Гал. творчыя дасягненні звязаны з рус. класічнай операй: Барыс Гадуноў («Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага), Іван Грозны («Пскавіцянка» М.Рымскага-Корсакава), Рэне («Іаланта» П.Чайкоўскага) і інш. Першы выканаўца на сцэне Вял.т-ра партый: Сцяпан Разін («Сцяпан Разін» П.Трыёдзіна), Маг Чэлія («Каханне да трох апельсінаў» С.Пракоф’ева), Свенгалі («Трыльбі» А.Юрасаўскага), Песцель («Дзекабрысты» Ю.Шапорына) і інш.Дзярж. прэміі СССР 1943, 1949. Рыгор Сцяпанавіч (24.1.1885, с.Навасёлкі Разанскай вобл. — 20.2.1931). Скончыў Муз.-драм. вучылішча Маскоўскага філарманічнага т-ва (1908). Дэбютаваў у прыватнай антрэпрызе Шумскага ў Растове-на-Доне. З 1909 у Марыінскім т-ры (Пецярбург). У 1910—21 саліст Вял.т-ра. Валодаў голасам шырокага дыяпазону, роўным па гучанні ва ўсіх рэгістрах. Выканаўца рознабаковых партый ад нізкіх басавых да барытонавых. Асабліва вызначыўся ў рус. класічным рэпертуары і ў операх Р.Вагнера. Сярод партый: Барыс Гадуноў, Дадон («Залаты пеўнік» М.Рымскага-Корсакава) і інш. Вёў вял. канцэртную дзейнасць. Адзін з першых спевакоў, які гастраліраваў за мяжой (з 1923). Праф. спевакамі былі іх браты Аляксей Сцяпанавіч (па сцэне Пірагоў-Окскі; 21.2.1895—?) і Міхаіл Сцяпанавіч (29.12.1887—1933).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУДА́Р (Алесь) (сапр.Дайлідовіч Аляксандр Аляксандравіч; 24.12.1904, в.Навасёлкі Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл. — 29.10.1937),
бел. паэт, крытык, перакладчык. Вучыўся ў БДУ (1927—28). Адзін з заснавальнікаў літ. аб’яднання «Маладняк». У 1928 за ненадрукаваны верш «Пасеклі край наш папалам...» высланы на З гады ў Смаленск. Вярнуўшыся, уключыўся ў літ. жыццё. У 1936 рэпрэсіраваны. Расстраляны. Рэабілітаваны ў 1957. Друкаваўся з 1921. Аўтар зб-каў «Беларусь бунтарская», «Сонечнымі сцежкамі» (абодва 1925), «Вежа» (1928), паэм «Шанхайскі шоўк» (1925), «Вайна за мір» (1932), «Слуцак» (1934), у якіх славіў героіку рэв. барацьбы, сац. пераўтварэнні ў горадзе і вёсцы. У зб. «І залацісцей, і сталёвей» (1926) уплыў ясенінскіх літ. традыцый, эратычныя матывы. Пісаў і прозу (прыгодніцкі раман «Ваўчаняты», 1925, з А.Александровічам і А.Вольным; зб.апавяд. «Марсельеза», 1927). Пад псеўд. Тодар Глыбоцкі друкаваўся як крытык, пераважна па пытаннях драматургіі і тэатр. мастацтва, выдаў зб.арт. «Пра нашы літаратурныя справы» (1928). Часам выказваў вульгарызатарскія ацэнкі, непрымальна ставіўся да інш. аб’яднанняў (напр., «Узвышша»), некат. пісьменнікаў. На бел. мову пераклаў паасобныя творы А.Пушкіна, В.Брусава, «Дванаццаць» А.Блока, урыўкі з «Фауста» І.В.Гётэ, «Германіі» Г.Гейнэ, творы С.Ясеніна, Б.Пастарнака, М.Ціханава, М.Рыльскага, У.Сасюры. Асобнымі выданнямі ў яго пер. выйшлі «Выбраныя вершы» С.Стандэ, аповесць Ф.Гладкова «Новая зямля», раман У.Кузьміча «Крыллі авіяспіралі», п’есы «Вільгельм Тэль» Ф.Шылера, «Жаніцьба Фігаро» П.Бамаршэ і інш.
Тв.:
Выбр. творы. Мн., 1959;
Вежа. Мн., 1984.
Літ.:
Бечык В. Словы ўзнёслыя і шчырыя // Бечык В. Свет жывы і блізкі. Мн., 1974;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖЫ́НСКІ РАЁН,
у цэнтральнай частцы Мінскай вобл. Утвораны 17.7.1924. Пл. 1,35 тыс.км². Нас. 35,7 тыс.чал. (1996), гарадскога 33%. Сярэдняя шчыльн. 26 чал. на 1 км². Цэнтр раёна — г.Дзяржынск, гар. пасёлкі Негарэлае і Фаніпаль, 273 сельскія населеныя пункты. Падзяляецца на 11 сельсаветаў: Бараўскі, Валмянскі, Дабрынёўскі, Дзямідавіцкі, Дзяржынскі, Ляхавіцкі, Путчынскі, Рубілкаўскі, Станькаўскі, Старынкаўскі, Фаніпальскі.
Раён размешчаны ў межах Мінскага ўзвышша і Стаўбцоўскай раўніны. Паверхня ўзгорыстая і пласкахвалістая. Пераважаюць выш. 180—220 м, найвыш. пункт 345 м (Дзяржынская гара — самы высокі пункт Беларусі). Карысныя выкапні: торф, пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пяскі, гліны для грубай керамікі. Сярэдняя т-растудз. -6,7 °C, ліп. 17,6 °C. Ападкаў 625 мм за год. Вегетацыйны перыяд 188 сут. Рака Уса з прытокамі Ператуць, Вязенская, Рапуса; на У — р. Жэсць з Алёхаўкай. Дзягільнянскае вадасх. Пашыраны дзярнова-падзолістыя і дзярнова-падзолістыя забалочаныя глебы. Пад лясамі 31% раёна, пераважаюць хваёвыя, бярозавыя і яловыя лясы.
Пад с.-г. ўгоддзямі 70,9 тыс.га, з іх асушана 14,7 тыс.га. На 1.1.1996 у раёне 16 калгасаў, 5 саўгасаў. 3 птушкафабрыкі. Жывёлагадоўчае плем. аб’яднанне «Шыкатовічы». Асн. галіны сельскай гаспадаркі — мяса-малочная жывёлагадоўля і льнаводства. Вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу, агародніну. Прадпрыемствы металаапр., буд. матэрыялаў (жалезабетонныя і маставыя канструкцыі), лёгкай (швейнай, тэкст.) і харч. прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць чыгунка і аўтамагістраль Мінск—Брэст, аўтадарогі ад Дзяржынска на Барысаў, Івянец, Заслаўе, Станькава—Дабрынёва і Негарэлае—Узда. У раёне 23 сярэднія, 3 базавыя і 11 пач. школ, 32 клубы, 37 б-к, 7 бальніц, абл. туберкулёзная бальніца, 16 фельч.-ак. пунктаў. Помнікі архітэктуры: капліца-пахавальня (пач. 20 ст.) у в. Баравое, Успенскі касцёл (2-я пал. 18 ст.) у в. Волма; сядзібы (19 ст.) у вёсках Волма і Вял.Навасёлкі; капліца (1-я пал. 19 ст.) у в. Дабрынёва; сядзібна-паркавы ансамбль (2-я пал. 19 ст.) у в. Станькава, касцёл (1836) у в. Старынка. Выдаецца газ. «Сцяг Кастрычніка».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАГАНЕ́Ц (Карусь) (сапр.Кастравіцкі Казімір Карлавіч; 10.2.1868, г. Табольск, Расія — 10.5.1918),
бел. пісьменнік, перакладчык, мастак, мовазнавец. Сын удзельніка паўстання 1863—64, сасланага ў Сібір. З 1874 на Беларусі, у в. Засулле каля Стоўбцаў і Прымагілле каля Койданава (цяпер г. Дзяржынск). Вучыўся ў Мінскім гар. вучылішчы, Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства. Працаваў у Мінску, Рызе, Лідзе, Вільні, фальварку Жортай на Барысаўшчыне. Адзін з арганізатараў Беларускай сацыялістычнай грамады. За рэв. агітацыю сярод сялян быў зняволены ў мінскую турму (1905—06, 1910—11). Друкаваўся з 1893. Паэзія К. агітацыйная, блізкая да нар. песні. Яна працягвала традыцыі нар. антыпрыгонніцкіх і рэкруцкіх песень, прасякнута нац. матывамі («Пра пана Ленскага», «Наша доля маладзецка», «На мабілізацыю», «Наш покліч», «Плач беларуса»), Цэнтр. герой яго лірыкі — кабзар, лірнік («Кабзар»), Проза К. — апрацоўкі мясц. легенд і паданняў («Прылукі», «Навасадскае замчышча», «Вітаўка»), Аўтар гіст. («Старажовы курган», апубл. 1919; «Сын Даніла», апубл. 1920) і бытавых («У іншым шчасці няшчасце схавана», нап. 1903, апубл. 1919; «Двойчы прапілі», нап. 1910, апубл. 1919) драм. Дасюль папулярная яго камедыя «Модны шляхцюк» (паст. 1910 у Вільні і Полацку Першай бел. трупай І.Буйніцкага), у якой высмеяў бел. выраджэнца, які адракаецца ад усяго роднага. Гэта модны шляхцюк Пранцішак Карчэўшчык — папярэднік Адольфа Быкоўскага ў «Паўлінцы» Я.Купалы. Апрацоўваў нар. казкі, паданні; пісаў навук.-папулярныя нарысы для дзяцей. Выступаў як публіцыст. Адзін з аўтараў «Беларускага лемантара, або Першай навукі чытання» (Пб., 1906, выд. ананімна). На бел. мову пераклаў навук.-папулярную брашуру «Гутаркі аб небе і зямлі» (1907, з С.Шаўлоўскім). Шмат увагі аддаваў мове, навук. тэрміналогіі (працаваў над «Беларускай граматыкай», не закончана). З твораў выяўл. мастацтва зберагліся графічныя малюнкі «За сахою», «На ростаньках», паліт. карыкатуры; ляпіў з гліны, выразаў з дрэва і косці, афармляў кнігі (вокладка «Другога чытання для дзяцей беларусаў» Я.Коласа, Пб., 1909). На магіле К. ў в.Навасёлкі Дзяржынскага р-на Мінскай вобл. пастаўлены помнік.
Тв.:
Творы. Мн., 1979.
Літ.:
Каспяровіч М. Карусь Каганец // Маладняк. 1928. № 10;
Усікаў Я. Беларуская камедыя. Мн., 1979;
Каханоўскі Г. Адчыніся, таямніца часу. Мн., 1984. С. 107—110, Германовіч І.К. Беларускія мовазнаўцы Мн., 1985. С. 69—82;
Скалабан В. Па слядах Сяргея Мглінскага // Мастацтва Беларусі. 1986. № 1;
Біч М. Ад родных ніў. Грамад.-паліт. погляды Каруся Каганца // Полымя. 1988. № 3;
Лойка А. Гісторыя беларускай літаратуры. Дакастр. перыяд. 2 выд.Мн., 1989. Ч. 2. С. 375—379;
Станкевіч Л.І. Рукапісы Каруся Каганца ў Дзяржаўнай бібліятэцы БССР імя У.І.Леніна // Кніжная культура Беларусі: Да 500-годдзя з дня нараджэння Ф.Скарыны. Мн., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́БРЫНСКІ РАЁН На З Брэсцкай вобл. Утвораны 15.1.1940 (у сучасных межах з 25.12.1962). Пл. 2 тыс.км². Нас. 40,7 тыс.чал. (1998). Сярэдняя шчыльн.нас. 20 чал. на 1 км². Цэнтр — г.Кобрын. 162 сельскія нас. пункты. 13 сельсаветаў: Аніскавіцкі, Астроміцкі, Батчынскі, Бухавіцкі, Гарадзецкі, Дзівінскі, Залескі, Кісялёвіцкі, Навасёлкаўскі, Осаўскі, Павіццеўскі, Тэвельскі, Хідрынскі.
Пераважную ч. раёна займае Брэсцкае Палессе. Паверхня — аднастайная забалочаная раўніна. 90% тэрыторыі знаходзяцца на вышыні 145—150 м, 3% — вышэй за 150 м. Найвыш. пункт 167,7 м (на Пн ад в. Тэўлі). Карысныя выкапні: торф, сапрапель, гліны і суглінкі. Сярэдняя т-растудз. -4,7 °C, ліп. 18,6 °C. Ападкаў 531 мм за год. Вегет. перыяд 203 сут. Найб.р. Мухавец з прытокамі Дахлоўка, Шэўня, Кобрынка, Трасцяніца. Дняпроўска-Бугскі і Арэхаўскі каналы. Возера Любань. Пераважаюць глебы дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (36,3%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (31,3%) і тарфяна-балотныя (26%). Пад лесам 26% тэрыторыі. Лясы пераважна хваёвыя, бярозавыя, чорнаальховыя, трапляюцца дубовыя і яловыя. 18,1% лясоў штучныя насаджэнні, пераважна хваёвыя. Балоты займаюць 7% тэрыторыі, нізінныя, найб. масіў Вялікі Лес. Біял. заказнікі мясц. значэння: Клішча, Мелянкова, Дзівін-Вялікі Лес; геал. (тарфяны) — Елка. Помнікі прыроды рэсп. значэння: Кобрынскі парк імя А.В.Суворава, «Сувораўскі дуб» каля в. Дзівін.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 116,5 тыс.га. На 1.1.1998 у раёне 29 калгасаў, 2 саўгасы, 21 фермерская гаспадарка, племзавод «Дружба», птушкафабрыка. Асн. галіны сельскай гаспадаркі — мяса-малочная жывёлагадоўля, свінагадоўля, бульбаводства, буракаводства (цукр. буракі), насенняводства збожжавых. Вырошчваюць збожжавыя, лён-даўгунец, кармавыя культуры, агародніну. Прадпрыемствы харч. (пладова-агароднінакансервавая вытв-сць), дрэваапр., буд. матэрыялаў, металаапр., паліўнай (торф), лясной прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць чыгункі і аўтадарогі Брэст—Гомель, Брэст—Мінск. Суднаходства па Дняпроўска-Бугскім канале і р. Мухавец. У раёне 24 сярэднія, 10 базавых (у т. л. 1 школа-інтэрнат), 6 пач., 5 муз., 2 дзіцяча-юнацкія спарт. школы, 16 дашкольных устаноў, 44 клубныя ўстановы, 62 б-кі, 6 бальніц, 10 амбулаторый, 26 фельч.-ак. пунктаў. Помнікі архітэктуры: цэрквы Пакроўская (пач. 20 ст.) у в. Акцябр, Параскеўская (1882) у в. Балота, Пакроўская (1674) у в. Бухавічы, Крыжаўзвіжанская (1864) у в. Бяроза, Мікалаеўская (2-я пал. 19 ст.) у в. Верхалессе, Вазнясенская (пабудавана ў 1799 у в. Акцябр, у 1876 перавезена ў в. Гарадзец), Прачысценская (пач. 20 ст.) і Параскевы Пятніцы (1740) у в. Дзівін, царква (сярэдзіна 19 ст.) у в. Казішча, Дзмітрыеўская (18 ст.) у в. Лелікава, Міхайлаўская (19 ст.) у в.Навасёлкі, Прачысценская (пач. 20 ст.) у в. Павіцце, Успенская (1872) у в. Тэўлі, Пакроўская (пач. 20 ст.) у в. Хабовічы; планіроўка і забудова вёскі (канец 19 — пач. 20 ст.) у в. Бярозна. Выдаецца газ. «Кобрынскі веснік».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАГІ́ЧЫНСКІ РАЁН,
на Пд Брэсцкай вобл. Утвораны 15.1.1940 (у сучасных межах з 1965). Пл. 1,9 тыс.км². Нас. 52 тыс.чал. (1997), гарадскога 34%. Сярэдняя шчыльнасць нас. 27 чал. на 1 км². Цэнтр раёна — г.Драгічын, г.п.Антопаль, 133 сельскія населеныя пункты. Падзяляецца на пассавет Антопальскі і 14 сельсаветаў: Асавецкі, Бездзежскі, Брашэвіцкі, Вулькаўскі, Галоўчыцкі, Гутаўскі, Дзеткавіцкі, Драгічынскі, Закозельскі, Імянінскі, Немяржанскі, Папінскі, Радастаўскі, Хомскі. У выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС (1986) 22 населеныя пункты (1/6тэр.) забруджаны радыенуклідамі.
Раён у межах водна-ледавіковай раўніны Загароддзе, на Пн — ч.Прыпяцкага Палесся, на Пд — у межах Брэсцкага Палесся. Паверхня плоскараўнінная, 85% тэр. з вышынямі да 165 м. Найвыш. пункт 173 м (на ПнУ ад в. Крамно). Карысныя выкапні: торф, легкаплаўкія гліны, буд. пяскі. Сярэдняя т-растудз. -4,9 °C, ліп. 18,6 °C. Ападкаў 629 мм за год. Вегетац. перыяд 202 сут. На Пн раёна р. Ясельда з прытокамі Ласінцы, Плёса і інш., Дняпроўска-Бугскі канал, меліярац. каналы — Белаазерскі, Жыроўскі, Ляхавіцкі, Павіцкі і інш. У межах раёна вадасховішчы: Галоўчыцкае, Белін-Восаўцы і інш.; часткова размешчаны азёры Спораўскае і Белае. Глебы: дзярнова-падзолістыя забалочаныя (37,6%), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (34,5%), тарфяна-балотныя нізінныя (21,9%) і інш. Пад лесам 23% тэрыторыі. Найб. лясістасць на Пд; лясы хваёвыя, бярозавыя, чорнаальховыя і інш., чвэрць іх — штучныя насаджэнні. Балоты займаюць 15,8% тэр., 1/4 іх асушана. На тэр. раёна дзяржаўныя біялагічныя заказнікі Званец, Радастаўскі і часткова Спораўскі. Зоны адпачынку на р. Ясельда і Дняпроўска-Бугскім канале.
Агульная плошча с.-г. угоддзяў 96,9 тыс.га (51%), з іх асушана 41,9 тыс.га. На 1.1.1997 у раёне 22 калгасы, 1 саўгас, рыбгас «Навасёлкі», 23 фермерскія гаспадаркі. Асн. галіна сельскай гаспадаркі — малочна-мясная жывёлагадоўля. Разводзяць авечак і свіней, займаюцца пчалярствам і рыбагадоўляй. Вырошчваюць збожжавыя культуры: жыта, пшаніцу, ячмень, авёс, грэчку, гарох, бульбу, цукр. буракі, лён. Прадпрыемствы харч. (сыр, хлеб, спірт), лёгкай (ватна-прадзільная ф-ка) прам-сці; вытв-сцьбуд. матэрыялаў, камбікорму, безалкагольных напіткаў, гематагену. Па тэр. раёна праходзяць чыгунка Брэст—Гомель, аўтадарогі Брэст—Гомель і Драгічын—Бяроза, Дняпроўска-Бугскі канал, нафтаправод «Дружба». У раёне 23 сярэднія, 15 базавых, 15 пач. школ, 4 муз. школы, санаторная школа-інтэрнат, дзіцяча-юнацкая спарт. школа, прафес.-тэхн. вучылішча, 14 дашкольных устаноў, 46 клубаў, 61 б-ка, 6 бальніц, 3 амбулаторыі, 27 фельч.-ак. пунктаў. Помнікі архітэктуры: касцёл (да 1820) і Троіцкая царква (1784) у в. Бездзеж; царква Ушэсця (пач. 20 ст.) у в. Брашэвічы; царква Раства Багародзіцы (1737) у в. Вавулічы; Міхайлаўская царква (1780) у в. Восаўцы; Юр’еўская царква (1766) у в. Валавель; Пакроўская царква (1740) у в. Дзеткавічы; сядзіба Э.Ажэшка з капліцай-пахавальняй (1853) у в. Закозель (19 ст.); Троіцкая царква (1842) у в. Зёлава; Успенскія цэрквы ў в. Ласінцы (пач. 19 ст.) і ў в. Ліпнікі (1792); руіны сядзібы, дзе жыла Э.Ажэшка ў в. Людзвінова; царква Багародзіцы (19 ст.) у в. Ляхавічы; касцёл (19 ст.) у в. Новае Папіна; сядзіба (пач. 19 ст.) у в. Пярковічы; Праабражэнская царква (1810) у в. Папіна; Пакроўская царква (1862) у в. Радастава; царква Раства Багародзіцы (1797) у в. Субаты; Святадухаў касцёл (1750) у в. Язвіны. Выдаецца газ. «Драгічынскі веснік».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́РСКІ (Яўхім Фёдаравіч) (1.1.1861, в. Лаша Гродзенскага р-на — 29.4.1931),
бел. філолаг-славіст, заснавальнік бел.навук. мова- і літаратуразнаўства, этнограф, фалькларыст, палеограф, педагог. Акад. Пецярбургскай АН (1916, чл.-кар. з 1901), правадзейны чл. Ін-та бел. культуры (1922), Чэшскай АН (1929). Скончыў Мінскую духоўную семінарыю (1881), Нежынскі гісторыка-філал.ін-т (1885). Выкладаў у Віленскай гімназіі (1885—93). За першую ў гісторыі дысертацыю па бел. мове яму ў 1893 прысуджана вучоная ступень магістра. З 1893 у Варшаўскім (з 1894 праф., у 1905—10 рэктар), з 1915 у Растоўскім-на-Доне ун-тах, з 1917 праф. Петраградскага ун-та. У 1905—17 рэдактар час. «Русский филологический вестник». З 1917 у Мінску, з 1918 праф. Мінскага пед. ін-та. Дэлегат і ганаровы старшыня Усебел. з’езда 1917. Старшыня арганізац. камісіі па адкрыцці БДУ. Выступаў з артыкуламі ў бел.перыяд. друку. З 1920 у Петраградзе. Чл. праўлення і прэзідыума АН; дырэктар Музея антрапалогіі і этнаграфіі, рэдактар «Известий Отделения русского языка и словесности» Рас.АН. Супрацоўнічаў з бел. этнографамі і фалькларыстамі М.Я.Нікіфароўскім, Е.Р.Раманавым, П.В.Шэйнам, выдавецкай суполкай «Загляне сонца і ў наша аконца», газ. «Наша ніва». Перапісваўся з дзеячамі бел. культуры Я.Купалам, Я.Коласам, М.Гарэцкім і інш. Аўтар навук. прац (больш за 700) па славістыцы, беларусістыцы і русістыцы. З мэтай вырашэння праблемы паходжання, фарміравання і развіцця бел. мовы, бел. народнасці збіраў фалькл.-этнагр. матэрыялы (запісы «Беларускія песні с. Беразавец Навагрудскага пав. Мінскай губ.», 1884—85; «Беларускія песні в.Навасёлкі-Затрокскія Віленскай губ. Трокскага пав.», 1889). Падрыхтаваў «Праграму для збору асаблівасцей беларускіх гаворак» (1897 і 1916), якая стала пачаткам навук. даследавання бел. дыялектаў. Вышэйшым дасягненнем еўрап. славістыкі канца 19 — пач. 20 ст., своеасаблівай энцыклапедыяй беларусазнаўства з’яўляецца 3-томная праца К. «Беларусы» (вып. 1—7, 1903—22; перавыд. вып. 1—3, 1955—56), у якой на аснове глыбокага, комплекснага параўнальна-гіст. абагульнення вял. фактычнага матэрыялу навукова абгрунтаваў нац. самабытнасць беларусаў як народа са сваёй арыгінальнай і багатай культурай, мовай, традыцыямі, вуснай нар. творчасцю. У т. 1 «Уводзіны да вывучэння мовы і народнай славеснасці» вызначыў час фарміравання бел. народнасці, акрэсліў этн. межы бел. народа, даў этнагр. карту Беларусі пач. 20 ст., асвятліў важнейшыя этапы гісторыі бел. мовы, яе спецыфічныя асаблівасці і ўзаемасувязі з рус., укр., польск., літоўскай і інш. мовамі, зрабіў крытычны агляд помнікаў пісьменства бел. паходжання. У т. 2 «Мова беларускага племені» (вып. 1—3, 1908—12) абгрунтаваў вучэнне пра гукавы і граматычны лад старабел. і сучаснай бел. мовы ў яе народна-дыялектнай і літ. формах. Т. 3 «Нарысы славеснасці беларускага племені» складаецца з трох выпускаў. У 1-м вып. «Народная паэзія» (1916) даследаваў гісторыю развіцця бел. фальклору, ахарактарызаваў асн. жанры і віды нар. паэзіі беларусаў, даследаваў культурны стан плямён, якія склалі аснову бел. народнасці, паказаў іх сямейныя і грамадскія ўзаемаадносіны, апісаў жыллё, ежу, заняткі, побыт, светапогляд, рэліг. вераванні, мову, міфалогію, выказаў свае меркаванні наконт узнікнення нар. паэзіі, яе асаблівасцей у старажытнасці, разгледзеў узаемасувязь бел., рус. і ўкр. фальклору. У 2-м вып. «Старая заходняруская пісьменнасць» (1921) прааналізаваў помнікі стараж.бел. л-ры 14—18 ст., найб. поўна паказаў літ.-маст. спадчыну бел. народа, раскрыў культ,гіст. перадумовы зараджэння пісьменнасці на старабел. мове, даследаваў перакладную і арыгінальную л-ру, у т. л. летапісы, статуты, гісторыка-мемуарную і царкоўна-рэлігійную прозу, вершы, творы палемічнай публіцыстыкі 2-й пал. 16—1-й пал. 17 ст. У 3-м вып. «Мастацкая літаратура на народнай мове» (1922) ацэньваў бел. л-ру 19 — пач. 20 ст., яе ўзаемасувязь з нац. адраджэннем новага перыяду. У даследаваннях развіваў прынцып культ.-гіст. школы, зрабіў значны ўклад у развіццё крыніцазнаўства, палеаграфіі, археаграфіі. Даследаваў таксама гісторыю рус. і ўкр. моў, слав. палеаграфію («Славянская кірылаўская палеаграфія», 1928, факсімільнае выд. 1979). Выдаваў стараж. помнікі гісторыі і л-ры («Лаўрэнцьеўскі летапіс», «Руская праўда»). Выступаў з артыкуламі пра айч. і замежных вучоных-славістаў, з рэцэнзіямі на працы па слав. філалогіі, фалькларыстыцы, этнаграфіі. Асабістая б-ка К. зберагаецца ў Нац. б-цы Беларусі ў Мінску (часткова страчана ў Вял.Айч. вайну), частка асабістага архіва — у Санкт-Пецярбургскім аддз. Архіва Рас.АН. На радзіме К. адкрыты Карскага Я.Ф. мемарыяльны музей.
Тв.:
О языке так называемых литовских летописей. Варшава, 1894;
Русская диалектология. Л., 1924;
Труды по белорусскому и другим славянским языкам. М., 1962.