АНШЛІ́Ф (ням. Anschliff),

непразрысты кавалак мінералу, горнай пароды, руды, акамянеласці, вугалю або металу з адшліфаванай і адпаліраванай адной або некалькімі паверхнямі. Выкарыстоўваецца для вызначэння мінералаў, вывучэння структуры рудаў і інш. у адлюстраваным святле палярызацыйнага мікраскопа.

т. 1, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІПАГЕ́ННЫЯ МІНЕРА́ЛЫ,

мінералы, якія ўзнікаюць пры глыбінных (эндагенных) працэсах мінералаўтварэння. На паверхні Зямлі пад уздзеяннем працэсаў выветрывання большасць гіпагенных мінералаў разбураецца і пераходзіць у гіпергенныя мінералы. На Беларусі гіпагенныя мінералы вядомы ў магматычных горных пародах крышт. фундамента.

т. 5, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

мінералагра́фія

(ад мінерал + -графія)

навука, якая займаецца апісаннем мінералаў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ГЛІ́НА,

пластычная асадкавая горная парода, якая складаецца пераважна з тонкадысперсных (менш за 0,01 мм) гліністых мінералаў (каалініт, мантмарыланіт, монатэрміт, галуазіт, гідраслюды і інш.). Як прымесі трапляюцца кварц, палявыя шпаты, кальцыт, аксіды жалеза, калоідныя рэчывы, арган. злучэнні і інш. Пры высыханні гліна захоўвае нададзеную ёй форму, а пасля абпальвання набывае цвёрдасць каменю. Разам з гліністымі сланцамі гліну ўтвараюць каля 50% парод асадкавай абалонкі Зямлі. Гал. хім. кампаненты гліны: крэменязём SiO2 (30—70%), гліназём Al2O3 (10—40%), вада H2O (5—10%).

Гліну адрозніваюць паводле саставу, паходжання, афарбоўкі, практычнай значнасці. Па генезісе вылучаюць гліны астаткавыя, якія ўзніклі ў выніку намнажэння на месцы гліністых прадуктаў выветрывання інш. парод, і асадкавыя, што ўтварыліся пры пераадкладанні. Часцей гліны з’яўляюцца сумессю трох ці больш мінералаў (полімінеральныя). Калі адзін з мінералаў пераважае, гліну называюць адпаведна: каалінітавыя, мантмарыланітавыя і г.д. У прамысл. адносінах вылучаюць 4 групы: легкаплаўкія; вогнетрывалыя і тугаплаўкія; кааліны; адсарбцыйныя (высокадысперсныя мантмарыланітавыя).

На Беларусі гліны трапляюцца ў адкладах усіх геал. сістэм. Мінеральна-сыравінная база рэспублікі ўключае 212 радовішчаў легкаплаўкіх, 6 — тугаплаўкіх глін, 9 радовішчаў гліністай сыравіны для вытв-сці аглапарыту, керамзіту і інш., а таксама радовішчы кааліну. Гліна выкарыстоўваецца ў вытв-сці цэглы, дрэнажных і каналізацыйных труб, вяжучых матэрыялаў, адсарбентаў, фармовачных сумесей, папяровай, гумавай і інш. галінах прам-сці.

У.​Я.​Бардон.

т. 5, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Калчада́н ’агульная назва мінералаў, якія з’яўляюцца сярністымі, мыш’яковістымі, а таксама сурменістымі злучэннямі металаў’ (ТСБМ). Тэрмін запазычан з рус. мовы, дзе праз франц. calcédoine узыходзіць да с.-лац. calcidonius, chalcedonius lapis. У сваю чаргу апошняе да χαλκηδών — мясцовай назвы ў Малай Азіі, прым. χαλκηδόνιος гл. Мацэнаўэр, Cizí sl., 210, дзе ў сувязі з рус. халцедон звяртаецца ўвага на рознае паходжанне рус. слоў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ме́ргель ’асадкавая горная парода (з гліністых мінералаў, кальцыту і даламіту)’, слаўг. мэргель, мэрге́ль ’тс’ (ТСБМ, Яшк.), мергелява́ць запазычаны з рус. мовы (Крукоўскі, Уплыў, 82), у якой з новав.-ням. Mergel ’тс’ < с.-в.-ням. mẹrgil, с.-н.-ням. mergel з с.-лац. margila < лац. marga ’тс’ з кельц. моў, параўн. брэт. marg, уэльск. marl (Клюге₁₂, 387; Вальдэ, 369; Фасмер, 2, 600).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ГЕАХІМІ́ЧНЫЯ ІНДЫКА́ТАРЫ,

хімічныя, фізіка-хім., мінералагічныя паказчыкі працэсаў і пэўных геахім. умоў. Ролю геахімічных індыкатараў могуць выконваць канцэнтрацыі хім. элементаў, іх асацыяцыі, велічыні суадносін і рады рухомасці элементаў, формы прысутнасці хім. элементаў у прыродных аб’ектах, геахім. фацыі, тыпы прадуктаў выветрывання і седыментацыі, канцэнтрацыі і суадносіны тэрыгенных і аўтагенных мінералаў, геахім. асаблівасці асобных мінералаў і інш. Выкарыстоўваюць геахімічныя індыкатары пры разведцы карысных выкапняў, вывучэнні геахім. працэсаў, біягеахім. анамалій, пры вызначэнні і распрацоўцы мерапрыемстваў па ахове прыроды на вызначанай тэрыторыі. На Беларусі з дапамогай геахімічных індыкатараў вывучаюць, напр., геахім. анамаліі, умовы і працэсы ўтварэння лёсаў, палеагеагр. ўмовы фарміравання тэрас Прыпяці, характар палеапатокаў у раннім плейстацэне. Вылучаны геахім. межы неаген-антрапагену, раскрыты ўмовы фарміравання Стаўбцоўскай геахім. анамаліі і інш.

Літ.:

Лукашев В.К. Геохимические индикаторы процессов гипергенеза и осадкообразования. Мн., 1972.

т. 5, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

дэпрэсі́раваць

(ад лац. depressio = прыгнечанне)

перашкаджаць флатацыі мінералаў пры дапамозе дэпрэсантаў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ЖЭО́ДА (франц. gēode ад грэч. gēodēs земляны),

замкнутая поласць у горнай пародзе, не цалкам запоўненая скрытакрышт. або яўнакрышт. агрэгатамі мінералаў. Форма Ж. ізаметрычная, акруглая і інш. Часта мінер. рэчыва ў Ж. ўтварае канцэнтрычныя занальныя слаі (напр., агаты). Іншы раз унутры Ж. пустата, сценкі якой звычайна ўкрыты друзамі крышталёў.

т. 6, с. 480

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

пясо́к, -ску́, м.

1. Сыпкія часцінкі кварцу або іншых цвёрдых мінералаў.

Рачны п.

Жоўты п.

Будаваць на пяску што-н. (перан.: на ненадзейнай аснове). П. сыплецца з каго-н. (перан.: пра вельмі старога чалавека; разм.).

2. мн. -скі́, -ско́ў. Прасторы, пакрытыя пяском.

Зыбкія пяскі.

Цукровы пясок — цукар у дробных крупінках у адрозненне ад пілаванага, колатага.

|| памянш. пясо́чак, -чку, м. (да 1 знач.).

|| прым. пясо́чны, -ая, -ае (да 1 знач.).

П. колер (карычнева-жоўты).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)