Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЙНІ́ЦКІ СВЯТАДУ́ХАЎСКІ МАНАСТЫ́Р.
Існаваў у 1633—1918 каля мяст. Буйнічы пад Магілёвам на правым беразе Дняпра. Засн. як мужчынскі манастыр Багданам Статкевічам і яго жонкай Аленай (Саламярэцкай). Паводле статутных правіл арыентаваўся на Віленскі манастырсв. Духа. Належаў да групы правасл. манастыроў, пабудаваных з мэтай процідзеяння рашэнням Брэсцкай уніі 1596. Наглядаў за манастыром куцеінскі ігумен Іаіль Труцэвіч. Існуе шэраг каралеўскіх грамат у абарону манастыра ад замахаў суседзяў на валоданне зямельнай уласнасцю. За агітацыйныя дзеянні сярод насельніцтва на вернасць каралю Яну II Казіміру ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 буйніцкія манахі атрымалі прывілей на млын. У 1708 у час Паўночнай вайны 1700—21 манастыр цалкам разбураны шведамі, але хутка адбудаваны. З 1835 ператвораны ў жаночы, з 1896 пры ім працавала 2-класная жаночая школа, з 1891 — епархіяльны свечачны завод. У 1908 у манастыры 18 двароў, 118 насельнікаў. Будынкі не захаваліся.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Гродзенскі брыгіцкі касцёл і манастыр 4/19
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
КІРЫ́ЛА-БЕЛАЗЕ́РСКІ МАНАСТЫ́Р,
помнік рускага дойлідства 15—17 ст. Размешчаны ў г. Кірылаў Валагодскай вобл. (Расія) на беразе воз. Сіверскае. Засн. ў 1397 як мужчынскі. Комплекс складаецца з ансамбляў б. Успенскага і Іванаўскага манастыроў («Стары горад»), «Новага горада» і крэпасці Астрог (не захавалася) паміж імі. Манастыр абкружаны крапаснымі сценамі (16 ст., будаўнікі К.Сяркоў, С.Шам) з манум. вежамі, аздобленымі ўзорамі з цэглы. На тэр. манастыра Успенскі сабор (1497—98, дойлід Прохар Растоўскі; у інтэр’еры 5-ярусны іканастас 15—18 ст., фрэскі 1641), цэрквы Увядзенская (1519), надбрамная са «Святой брамай» (1523), Архангела Гаўрыіла (1531—34), Вял. бальнічныя палаты (канец 16 — пач. 17 ст.) і інш. З 1924 музей-запаведнік.
Літ.:
Варюхичев А.Г. Слово о граде Кириллове. [3 изд.] Архангельск, 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУПЯ́ЦІЦКІ УВЯДЗЕ́НСКІ МАНАСТЫ́Р.
Існаваў у 1628—1817 у в. Купяцічы (цяпер Пінскі р-н). Засн. Апалоніяй Войнай (з Валовічаў) як правасл. мужчынскі манастыр пры старадаўняй царкве Уводзін Багародзіцы ў храм. Гал. яго святыняй быў абраз Маці Божай у выглядзе меднага крыжа-энкалпіёна, знойдзенага, паводле царк. легенды, у 1182 пры дзівосных абставінах. У сярэдзіне 17 ст. абраз перанесены ў Сафійскі сабор у Кіеве. Першыя манахі прыйшлі ў Купяцічы ў 1629 з Віленскага Святадухаўскага манастыра. У 1630-я г. ў манастыры жыў бел.рэліг. дзеяч і пісьменнік Афанасій Брэсцкі, які ў сваіх творах усхваляў купяціцкі абраз як гал.правасл. святыню Рэчы Паспалітай. У 1743 манастыр стаў уніяцкім і неўзабаве далучаны да Пінскага Богаяўленскага манастыра. У 1817 зачынены. Будынкі былі драўляныя, не зберагліся.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКІ МАНАСТЫ́Р БАЗЫЛЬЯ́НАК, Гродзенскі жаночы манастыр Раства Багародзіцы,
помнік архітэктуры барока. Засн. ў 1633 як уніяцкі пры Гродзенскай Прачысценскай царкве. Пазней базыльянкі пабудавалі тут драўляны храм Раства Багародзіцы і жылыя памяшканні. У 1720 пачата буд-ва мураванай царквы і жылых памяшканняў (арх. І.Фантана III) на сродкі уніяцкага мітрапаліта Л.Кішкі. У 1756 манастыр асвячоны. У 1843 пераўтвораны ў праваслаўны. Дзейнічаў да 1960; манашкі былі пераведзены ў Жыровічы. У 1978—85 адрэстаўрыраваны; у ім размяшчаўся Беларускі дзяржаўны музей гісторыі рэлігіі. У 1992 аднавіў дзейнасць жаночы праваслаўны манастыр.
Уключае царкву Раства Багародзіцы, манастырскі і гасп. карпусы, капліцу, дом ігуменні. Царква — крыжова-купальны храм з выцягнутай прамавугольнай алтарнай часткай і 2 чацверыковымі вежамі з фігурнымі галоўкамі. Гал. фасад дэкарыраваны пілястрамі, раскрапоўкамі, завяршаецца карнізам і трохвугольным франтонам. Купал на высокім барабане завершаны ліхтаром і цыбулепадобнай галоўкай. У інтэр’еры аб’ёмы перакрыты цыліндрычнымі скляпеннямі на падпружных арках. Будынак манастыра 2-павярховы, Г-падобны ў плане, завершаны 2-схільным дахам. Падоўжаным крылом ён прыбудаваны да царквы і ўтварае перад апсідай невял. дворык. Да ўсх. тарца манастыра ў 19 ст. прыбудавана прамавугольная ў плане капліца з 2-колерным вырашэннем фасадаў. Сцены раўнамерна расчлянёны лапаткамі, падзелены на 2 ярусы шырокім прафіляваным поясам і завершаны стылізаваным антаблементам з трыгліфамі на фрызе і зубчыкамі на карнізе. Інтэр’ер зальны з люстраным скляпеннем. Асн.гаспадарчы корпус (1891) 2-павярховы, прамавугольны ў плане, размешчаны ва ўсх. частцы комплексу.