асе́ліца

1. Дарога, якая праходзіць недалёка ад вёскі (Нясв.).

2. Зямельныя выгоды за сялом ці найчасцей род сенажаці (БРС).

3. Вёска, вуліца ў адзін рад хат (Крыч.).

4. Агароды на вільготнай глебе воддаль ад вёскі (Докш.).

5. Добра ўгноенае поле паабапал вёскі (Стаўбц. Прышч.). Тое ж гноіны (Слаўг.).

6. Наваколле, некалькі блізкіх вёсак (Слаўг.).

7. Лужок каля сядзібы (Мсцісл. Бяльк.).

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

Лу́жа, лу́жана, лу́жына ’месца на дарозе, дзе ўтварылася яма, запоўненая вадой’, ’калюга, якая застаецца пасля дажджу’ (ТСБМ, Мядзв., Касп., Шат., Бяльк., Сцяшк., Яруш., Сл. ПЗБ; слуц., слонім., КЭС), слаўг. лужа́віна, лужа́іна, лужаі́вінка, лужае́віна, лужча́віна, лёзн. лу́жынка ’лужына вады’ (Яшк.), а таксама лу́жа ’дрыгва, вялікае махавое балота’ (капыл., рэч., слаўг., Яшк.), ’стаячае возера’ (рэч., слаўг., Яшк.), ’заліў ракі’ (паўд.-усх., КЭС). Зах.-укр. лу́жа ’лужына’, бойк. лужи́на ’лаза для кошыкаў’, у Грынчэнкі лужи́на ’луг’; рус. лу́жа: валаг. ’лужына’, ’лагчына, запоўненая вадой’, разан. ’сырое, балоцістае месца’, ’запруда’, разан., арханг. ’невялікае азярко’, пск. ’сенажаць на нізкім месцы’, пск., цвяр. лужа́вина ’сырое, балоцістае месца’, уладз.лужок’, кастр. ’сенажаць’, ст.-рус. лужа ’лужына’, ’балота’, лужина ’азярко, стаячае балотка’; польск. łuża ’яма, катлавіна, залітая вадой’, в.- і н.-луж. łuža ’лужына’, łuž ’вада ў лужы’, ’слота’, палаб. lau̯zə ’лужына’, ’балота’, ’луг’; чэш. louže, louž, мар. lužovica, ган. ložufka ’лужына’, ’яма для жыжы з гною’, ст.-чэш. lúžě ’лужа, балота’; славен. lúža ’тс’, серб.-харв. лужа (XVII ст.) ’лужына’, ’дрыгва’, ст.-балг. лужа ’балота, возера’ і, магчыма, балг. лъ́жа, лъ́джа ’лазня’, ’лужына’ (насуперак БЕР, 3, 541). Прасл. luža (у Фасмера, 2, 529 — памылкова lougi̯a) ’яма з балоцістай, стаячай вадой’, ’балота’, ’мокрая мясціна’ (Слаўскі, 5, 377–378). Найбліжэйшыя і.-е. адпаведнікі: літ. lū̃gas, liū̃g(n)as ’балота’, ’лужына’, лат. luga ’ліпкая маса, якая пакрывае зарастаючыя азёры’, ļuga ’халадзец’, lugava ’асенняя слота’, назва ракі Ludze і возера Ludza, ст.-прус. Lügelgen, а таксама рус. гідронім Лжа < Лъжа, ст.-грэч. λυγαῖος ’цёмны’, ілір. *lugas, *lugā ’балота’ (у Страбона) > алб. lëgatë ’лужына’, ’балота’. Да і.-е. *lougi̯a, якое з *leug‑ ’цёмны’, ’балота’ (Літ-py гл.: Махэк₂, 342; Скок, 2, 333; Бязлай, 2, 158 і ў вышэйпададзеных слоўніках). Гл. таксама генетычна роднаснае луг2. Паводле Мартынава (Язык, 37) прасл. luža з’яўляецца балтыйскім інгрэдыентам прасл. мовы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

гумні́шча

1. Месца, дзе стаяла гумно (Бял. Матэр., Глуск. Янк. II, Мсцісл., Рэч., Сал., Слаўг.). Тое ж гу́мнішча (Жытк., Слаўг.), гунні́шча (р. Пціч Серб. 1915, 8), гуме́ннішча, гумне́чча, гумні́чча, гумні́чышча, падгу́мнічча, гумяннё, падгу́мнішча, падгу́ме́нне (Слаўг.).

2. Вялікае гумно (Мсцісл., Слаўг.).

3. Месца паблізу гумна; пляцоўка перад варотамі гумна (Бял. Матэр., Слаўг., Стаўбц.). Тое ж перадгу́мні́чча, перадгу́ме́нне, гумяннё (Слаўг.).

4. Месца каля гумна і іншых будынкаў, якое парасло травой (Пух. Шат.).

5. Лужок наўкола гумна (Меж. Касп.). Тое ж гуме́нне (Сур. Касп.).

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

по́жня

1. Засеянае збожжам поле; іржышча (Бабр. Брэсц. Глуск. Гродз. Жытк. Маз. Пін. Стол. ДАБМ, к. 271, Лёзн., Сал., Слаўг.).

2. Сухадольная сенажаць і паша; невялікі лужок сярод поля (Віц. Нік. 1895, Докш., Віц. Сен. Касп., Слаўг., Смален. Дабр., Тал. Мядзв., Уш.). Тое ж пожань (Сен. Касп.), пожанька, пожанка (Віц. Нік. 1895, Сен. Чашн. Касп., Слаўг.).

3. Заліўны луг (Ветк.).

в. Пожынкі Сен., ур. Пожанька (балота) каля в. Людкоў Слаўг., ур. Шырокая пожня (сенажаць) каля в. Чарсвяны Уш., ур. Пожня (луг каля р. Пацэі) недалёка ад в. Сьенск Слаўг.

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

Смуга́, дыял. сму́га́ ‘дымка, туман’ (ТСБМ; смарг., воран., Сл. ПЗБ), ‘ціна’, ‘нізкае месца; гразкае балота’ (віл., смарг., карэліц., гродз., іўеў., Сл. ПЗБ), ‘нанос пасля таяння снегу’ (віл., ашм., лаг., Сл. ПЗБ; Сцяшк. Сл.), ‘туман’; ‘копаць ад тытуню ў цыбуку’ (Шат.), ‘чорная плесня’ (Касп.), ‘самагон’ (Жд. 2), сму́га ‘імгла, туман; раса, шкодная збожжу’ (Байк. і Некр.), ‘паласа туману’ (стол., Нар. лекс.), ‘цёмная або светлая палоска на небе, пахмурнасць’ (ТС), ‘брудны налёт, паласа пены на вадзе’ (Жыв. сл.), ‘рудая вада на балоце’ (ЛА, 2), ‘смутак’, ‘вяршкі’ (Мат. Гом.), ‘брудная паласа на адзенні, на целе’, ‘мокрая вузкая нізіна’ (ТС), ‘непраходнае балота’, ‘няўдобіца на балоце’ (палес., падрабязна гл. Талстой, Геогр., 192 і наст.), смуг ‘паласа’ (ТС), ‘стаячая вада, забруджаная тванню’ (Сцяшк.), ‘гразь на траве пасля раставання снегу’ (Шатал.), ‘вузкая палоска зямлі’ (слонім., З нар. сл.), ‘паласа сенажаці’ (Тур.), ‘багністая пратока’ (лельч., Нар. лекс.), смужа́віна, смуга́віна ‘палоска на небе; пахмурнасць’ (ТС), сму́жнік ‘зараслі маладога лесу’ (ТС), смужня́к ‘гразкае балота’ (люб., Сл. ПЗБ), ‘невялікі хваёвы лес, які расце астраўкамі на балоцістых месцах’ (ваўк., Сл. ПЗБ), смужэ́ ‘багна, балота’ (Сцяшк. Сл.); ст.-бел. смуга, смугъ ‘вузкая і доўгая паласа зямлі; цясніна’ (Ст.-бел. лексікон), укр. сму́га ‘рыса; штрых; паласа’, рус. паўд. сму́га ‘пляма (напр., ад праса) у выглядзе паласы’, польск. smug, smuga ‘паласа; паласа поля, луга’, дыял. ‘балота’, каш. smug ‘вузкі вільготны лужок’, ‘стаячая вада; невялікая сажалка’, в.-луж. smuha ‘паласа, лінія’, н.-луж. smuga ‘тс’, чэш. šmouha ‘брудная паласа’, дыял. smuha ‘сухая паша’, ‘тс’, славац. smuha, šmuha ‘прадаўгаватая пляма’, славен. smúga ‘лінія, паласа’, серб.-харв. сму́га ‘від глебы; рачны нанос’, балг. дыял. сму́га ‘сцежка, след праз сенажаць або поле’. Прасл. *smuga/*smugъ ‘паласа, штрых, лінія’, ‘цёмная паласа на светлым фоне’ (Борысь, Etymologie, 219) роднаснае лат. smaugs ‘тонкі, стройны’, літ. sùsmauga ‘звужэнне’, ст.-ісл. smuga ‘паглыбленне, пралаз’, с.-в.-ням. sich smougen ‘туліцца’; гл. Фасмер, 3, 693 з літ-рай. Махэк₂ (562) ставіць пытанне аб магчымым раздзяленні значэнняў ‘паласа, лінія’ і ‘чорная пляма, паласа, бруд’. Шустар-Шэўц (1324–1325) аб’ядноўвае гэтыя значэнні і адносіць да і.-е. базы *(s)meu̯gh‑ ‘курыць’, зыходным пунктам для спецыялізацыі значэнняў было б ‘паласа, лінія, пляма, якая ўзнікла пад уздзеяннем цяпла, сонечнага свету і г. д.’. Борысь (563) узводзіць таксама да і.-е. *(s)meu̯g​h, але без дэфініцыі першаснага значэння праславянскага слова. Тады сюды ж і сму́глы (гл.), рус. сму́глый, укр. сму́глий, якія Фасмер (там жа) следам за Покарным (971) аддзяляе ад *smuga. Бярнар (Бълг. изсл., 341–342) узводзіць да кораня і.-е. *smeug‑/*(s)meuk‑, прадстаўленага ў ст.-слав. смъкати сѧ, што ад мъкнѫти ‘цягнуць, валачы’. Гл. таксама шмыгаць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Калы́ска1 ’плецены або драўляны дзіцячы ложак (звычайна падвешаны на вяроўках да столі), які можна калыхаць, гушкаць’ (БРС, ТСБМ, Бяльк., Гарэц., Грыг., Касп.; КЭС, лаг.; Мал., Мат. Гом.), колысочка (Радч., Сержп. Прымхі, Сцяшк., Шат., Яруш.), калыска‑палатнянка ’палатняная калыска накшталт заплечнай ношкі’ (Жд. 3), ’гушкалка’ (Нас.), ’арэлі, гушкалка’ (Сл. паўн.-зах., ТС, Ян.). Укр. колиска ’люлька’ і ’арэлі, гушкалка’, рус. колыска ’тс’, польск. kołyska ’люлька’ (і ст.-польск.; Слаўскі (2, 377) звяртае ўвагу толькі на спарадычныя фіксацыі ў гаворках), чэш. мар. kolíska ’люлька’, славац. kolíska ’тс’. У гаворках не заўсёды паслядоўна слова азначае рэалію з «маятнікавым» рухам, што, відаць, пазнейшае і для этымалогіі неістотна. Лінгвагеаграфія не выключае магчымай экспансіі рэаліі разам з назвай, аднак акрэсліць цэнтр інавацыі (усх.-слав. тэрыторыя?) даволі цяжка. Паводле Слаўскага, 2, 377, паўн.-слав. *kolysъka ад *kolysati (гл. пад. калыхаць).

Калы́ска2 ’паглыбленне ў адным бервяне, у якое кладуцца іншыя, каб не раскачваліся пры перавозцы’ (Жд. 3). У іншых слоўніках як быццам не адзначаюцца. Апісанне рэаліі не вельмі дакладнае, па гэтай прычыне сувязь з калыска1 (перанос па функцыі? форме?) уяўляецца не адзіна магчымай, ва ўсякім разе шэраг роднасных лексем сведчыць аб апасродкаванай сувязі, пашырэнні новага тэрміналагічнага значэння. Так, звяртаюць на сябе ўвагу рус. валаг. колыга і калыга ’крыты выгіб (палазок, абручоў і да т. п.)’, дзе сувязь (семантычная з калыска1) можа быць яшчэ непасрэднай, арханг. колыга ’кожны з двух падоўжаных бакавых брусоў, якія злучаюць пярэднюю і заднюю часткі дроў’. Невялікая надзейнасць такога супастаўлення ў тым, што сувязь з рус. калыга, калыжка і да т. п. з’яўляецца праблематычнай. Бел. хутчэй за ўсё рэгіянальны наватвор.

Калы́ска3 ’агрэх’ (Мат. Гом.). Ілюстрацыя ўдакладняе: «На полі ў цябе асталася калыска», аднак рэалія застаецца няяснай — ці гэта агрэх пры пасеве, ці пры ўборцы. У іншых крыніцах не фіксуецца. Сувязь з калыска1 не выключана, развіццё значэння: ’паглыбленне ў глебе’ → ’месца, адкуль цяжка выкасіць што-н.’ → ’агрэх’. Далей, калі назва абагульняецца, ’агрэх наогул’. Іншы варыянт тлумачэння зыходзіць з таго, што калыска азначае ’агрэх пры пасеве’. У такім выпадку слова можна параўнаць з вытворнымі ад лысы, якія ў рус. гаворках з’яўляюцца цікавым матэрыялам для рашэння гэтай задачы. Так, у СРНГ знаходзім лысина ’прагаліна, лужок ў лесе’, лысить ’пакідаць прабел’ і ’пакідаць пры падмятанні падлогі поласы пылу’, лыситься ’праясняцца (пра неба)’. Цікавым з’яўляецца і такі выраз як лысо ’рабіць абы як’, далей, наяўнасць структурна падобных дэрыватаў: лыска ’мянушка жывёл з белай плямай на лбе’ і ’адзнака на кары дрэва сякерай або нажом’. У плане структурна дакладнай паралелі можна прывесці рус. церск. колыснуться ’памерці, прапасці’, аднак статус гэтай перыферыйнай лексемы вельмі няясны (адзінкавая фіксацыя). Апрача таго. прэфіксальны (з ко‑/ка‑) зыходны дзеяслоў з адпаведным значэннем як быццам не зафіксаваны, і гэта таксама зніжае надзейнасць версіі. Па кодле геаграфіі (калі прыняць першую версію) — рэгіянальны наватвор.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)