АЭРАТЭ́НК (ад аэра... + англ. tank рэзервуар, бак),

збудаванне для біялагічнай ачысткі сцёкавых водаў. Уяўляе сабой праточныя басейны з бетону ці жалезабетону, у якіх забруджаная вада ачышчаецца актыўным глеем (бактэрыі-мінералізатары і ніжэйшыя арганізмы) пры бесперапыннай яе аэрацыі. Сумесь адстойнай сцёкавай вадкасці і актыўнага глею працякае па аэратэнку і прадзімаецца паветрам, кісларод якога падтрымлівае жыццядзейнасць бактэрый і акісленне арган. забруджвальнікаў, якія за 6—12 гадз мінералізуюцца. Ступень ачысткі 40—98%.

Схема праточнага аэратэнка.

т. 2, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАМАГНЕ́ТЫК,

слабамагнітнае рэчыва, якое намагнічваецца ў знешнім магн. полі ў напрамку поля. Пры адсутнасці знешняга магн. поля намагнічанасць П. роўная нулю. Магнітная ўспрыімлівасць П. невялікая і заўсёды дадатная (гл. Парамагнетызм). Да П. адносяцца: шчолачныя і шчолачназямельныя металы, некаторыя пераходныя металы, солі рэдказямельных элементаў і металаў групы жалеза, водныя растворы солей пераходных металаў, газы кісларод O2 і аксід азоту NO, фера-, феры- і антыферагнетыкі пры т-рах, большых за Нееля пункт ці Кюры пункт.

т. 12, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗА́К для тэрмічнай рэзкі, прыстасаванне для падводу падагравальнага полымя і рэжучага струменя кіслароду ў зону рэзкі металу пры кіслароднай рэзцы, а таксама флюсу — пры кіслародна-флюсавай рэзцы; прыстасаванне, што падводзіць ток да электрода, падае ахоўны і рабочы газ у зону рэзкі пры плазменна-дугавой рэзцы; прыстасаванне для падводу току да электрода і падачы паветра ў зону рэзкі металу пры паветрана-дугавой рэзцы.

Разак для тэрмічнай (кіслароднай) рэзкі: 1 — кісларод; 2 — гаручы газ; 3 — гаручая сумесь.

т. 13, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХЛАРЭНХІ́МА (ад хларафіл + грэч. enchyma налітае, тут — тканка),

парэнхімная тканка раслін, клеткі якой маюць фотасінтэзавальныя структуры — хларапласты і здзяйсняюць фотасінтэз. Для Х. характэрна развітая сістэма паветраносных поласцей, з якіх у клеткі паступае вуглякіслы газ, неабходны для фотасінтэзу, а з іх выдзяляецца кісларод. Шматлікія хларапласты ў Х. размяшчаюцца ўздоўж сценак клеткі для макс. доступу вуглякіслага газу звонку. Высокаспецыялізаваная Х. — мякаць (мезафіл) ліста. Утвараецца таксама ў маладых сцёблах, органах кветкі, пладах і паветраных каранях.

т. 17, с. 31

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬШЭ́ЎСКІ (Olszewski) Кароль Станіслаў (29.1.1846, Бранішаў Тарноўскі, Польшча — 24.3.1915),

польскі фізік і хімік. Чл. Кракаўскай АН (1888). Скончыў Гейдэльбергскі ун-т (1872). З 1876 праф. Кракаўскага ун-та. У 1883 разам з З.​Ф.​Урублеўскім упершыню атрымаў вадкі кісларод, у 1895 — вадкі аргон. Адыябатычным расшырэннем сціснутага і ахалоджанага вадароду дабіўся яго звадкавання. У 1896—1905 спрабаваў атрымаць вадкі гелій і дасягнуў пры гэтым т-ры парадку некалькіх кельвінаў. Даследаваў фіз. ўласцівасці кандэнсаваных газаў (метану, цвёрдага азоту і інш.).

т. 1, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУГЛЯРО́ДЗІСТАЯ СТАЛЬ,

сталь, якая мае 0,04—2% вугляроду і інш. прымесныя элементы. Прысутнасць пастаянных прымесей (марганец, крэмній, сера, фосфар, кісларод, азот, вадарод) абумоўлена тэхнал. асаблівасцямі вытв-сці, выпадковых (хром, нікель, медзь і інш.) — наяўнасцю іх у рудзе. У залежнасці ад колькасці вугляроду вугляродзістую сталь падзяляюць на нізка- (0,05—0,25% С), сярэдне- (0,3—0,6% С) і высокавугляродзістую (0,7—1,3% С). Паводле якасці і галін выкарыстання адрозніваюць вугляродзістую сталь звычайнай якасці (агульнага прызначэння), высакаякасную канструкцыйную і інструментальную сталь.

т. 4, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

гексаге́н

[ад гекса- + н.-лац. (oxy)gen(ium) = кісларод]

выбуховае рэчыва, бясколерны крышталічны парашок, які выкарыстоўваюць у капсулях-дэтанатарах.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

пульмато́р

(ад лац. puhno = лёгкае + motor = які рухае)

апарат для штучнага дыхання, які нагнятае ў лёгкія кісларод пад ціскам.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

БІ́ШАФ (Biscoff) Тэадор Людвіг (28.10.1807, г. Гановер, Германія — 5.12.1882),

нямецкі анатам, эмбрыёлаг і фізіёлаг. Замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1846). Праф. (1836). Вучыўся ў Бонскім і Гейдэльбергскім ун-тах. За 1836 працаваў у Гейдэльбергскім, Гісенскім, Мюнхенскім ун-тах. Даследаваў раннія стадыі развіцця зародка млекакормячых, увёў паняцці пра зародкавыя пласты (экта-, меза- і энтадэрму), апісаў працэс драблення яйца (1838). Выявіў у крыві жывёл кісларод і свабодную вуглекіслату, займаўся параўнальным вывучэннем мозга малпаў і чалавека. Абагульніў даныя ў манаграфіі «Эмбрыялогія чалавека і пазваночных жывёл» (1842).

т. 3, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯГЕ́НЫ [ад бія... + ...ген(ы)], біягенныя рэчывы,

1) рэчывы і хім. элементы, якія ўваходзяць у састаў усіх відаў арганізмаў і неабходныя для іх існавання. Важнейшыя: кісларод (каля 70% масы арганізмаў), вуглярод (18%), вадарод (10%), азот, кальцый, калій, фосфар, магній, сера, хлор, натрый. У клетках выконваюць структурную функцыю, ролю каталізатараў біяхім. рэакцый, рэгулююць асматычныя працэсы, з’яўляюцца складанымі часткамі буферных сістэм і рэгулятарамі пранікальнасці біял. мембран.

2) Рэчывы, якія арганізмы сінтэзуюць у ходзе жыццядзейнасці.

3) Рэчывы, што ўтварыліся ў выніку раскладання рэшткаў арганізмаў, але не зусім мінералізаваліся.

т. 3, с. 168

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)