ХЛАРЭНХІ́МА (ад хларафіл + грэч. enchyma налітае, тут — тканка),

парэнхімная тканка раслін, клеткі якой маюць фотасінтэзавальныя структуры — хларапласты і здзяйсняюць фотасінтэз. Для Х. характэрна развітая сістэма паветраносных поласцей, з якіх у клеткі паступае вуглякіслы газ, неабходны для фотасінтэзу, а з іх выдзяляецца кісларод. Шматлікія хларапласты ў Х. размяшчаюцца ўздоўж сценак клеткі для макс. доступу вуглякіслага газу звонку. Высокаспецыялізаваная Х. — мякаць (мезафіл) ліста. Утвараецца таксама ў маладых сцёблах, органах кветкі, пладах і паветраных каранях.

т. 17, с. 31

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)