ДАНІ́ЛАВА (Аляксандра Юр’еўна) (н. 27.3.1927, г. Гадзяч, Украіна),
бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1970). Скончыла Кіеўскі інж.-буд. ін-т (1951). З 1951 працавала ў Ін-це «Віцебскграмадзянпраект». Асн. работы ў Віцебску: будынкі прафтэхвучылішча быт. абслугоўвання (1956) і электратэхнікума сувязі (1957, у сааўт.), забудова вуліцы Кірава, пл. Перамогі, цэнтр. і паўд. раёнаў (1973), пл. 1000-годдзя горада (1975), мікрараёнаў Юбілейны (1976), Поўдзень-6 (1980) і інш. Адзін з аўтараў генпланаў Полацка і Наваполацка (1964), Віцебска (1966), Оршы (1968).
т. 6, с. 38
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАШКЕ́ВІЧ (Мікалай Паўлавіч) (16.8.1852, в. Бяжоў, Жытомірская вобл., Украіна — 2.2.1908),
украінскі і расійскі гісторык і літаратуразнавец; прадстаўнік культ.-гіст. школы і параўнальна-гіст. метаду ў літаратуразнаўстве. Акад. Пецярб. АН (з 1907). Скончыў Кіеўскі ун-т (1873), потым прафесар у ім. Даследаваў гісторыю Паўд. Расіі і ВКЛ, у т. л. Беларусі. Удакладніў храналогію некат. падзей, асветленых у Галіцка-Валынскім летапісе, выказаў здагадку, што летапісная Літва знаходзілася ў вярхоўі Нёмана. Аўтар прац пра рус. былінны эпас, творчасць рус. і ўкр. пісьменнікаў.
т. 6, с. 72
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗДАНО́ВІЧ (Іван Усцінавіч) (6.6.1864, Мінск — 24.8.1915),
бел. ўрач, арганізатар шпітальнага абслугоўвання ў Мінскай губ. Скончыў Кіеўскі ун-т (1889). Працаваў у Мінску (з 1904 гал. ўрач губ. бальніцы). Засн. школу сляпых і школу ўрачэбнай і гігіенічнай гімнастыкі (1897). Распрацаваў план рэарганізацыі бальніцы ў кваліфікаваную навук.-клінічную ўстанову. Непадалёку ад Мінска на беразе р. Свіслач знайшоў крыніцу з лекавай вадой, на базе якой у 1922 пабудаваны дом адпачынку. У гонар яго чыг. прыпынак быў названы платформай З. (цяпер ст. Ждановічы).
т. 7, с. 47
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІВА́Н РАГВАЛО́ДАВІЧ (Барысавіч),
безудзельны (?) князь з полацкага роду Ізяславічаў у 12 ст., сын полацкага кн. Рагвалода Усяславіча. Упамінаецца ў летапісах пад 1129. Адзін з 6 полацкіх князёў, якіх кіеўскі кн. Мсціслаў Уладзіміравіч за адмову ад сумеснага паходу супраць полаўцаў адправіў у ссылку ў Канстанцінопаль. Паводле В.М.Тацішчава, на службе ў візантыйскага імператара Іаана полацкія князі атрымлівалі плату і мужна ваявалі з арабамі. У 1140 І.Р., верагодна, вярнуўся на радзіму разам з братам Рагвалодам (Васілём).
А.В.Іоў.
т. 7, с. 146
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЎТУНЕ́НКА (Аляксандр Мікалаевіч) (8.2.1954, г. Іркуцк, Расія),
бел. вучоны-эканаміст. Д-р эканам. н. (1994). Скончыў Кіеўскі ін-т інжынераў грамадз. авіяцыі (1976). З 1979 у Дзяржплане БССР. У 1986—92 у вытв. аб’яднанні «Спектр», Бел. навук.-вытв. аб’яднанні выліч. тэхнікі. З 1994 прэзідэнт кансорцыума «Навука. Эканоміка. Права». Даследуе праблемы эканомікі і функцыянавання прадпрыемстваў ва ўмовах рынку, удасканалення арганізац.-эканам. механізма інавацыйнага працэсу на макра- і мікраўзроўнях.
Тв.:
Инновации — основа конверсии и путь выхода из кризиса. Мн., 1994.
т. 8, с. 186
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭНА́РД (Канстанцін Густававіч) (28.10.1884, г. Чавусы Магілёўскай вобл. — 27.7.1961),
бел. вучоны ў галіне селекцыі і насенняводства. Д-р с.-г. н. (1944), праф. (1925). Скончыў Кіеўскі політэхн. ін-т (1910). У 1919—31 у Горы-Горацкім земляробчым ін-це (заг. кафедры). Навук. працы па селекцыі лёну і збожжавых культур, кветкаводстве.
Тв.:
Пивоваренный ячмень и его возделывание. М.; Л., 1925;
Лен-долгунец. М.; Л., 1925;
Пшеница. Смоленск, 1935 (разам з І.Нікуліным);
Цветоводство в Омской области. Омск, 1959.
т. 14, с. 12
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛХАВІ́ЦІНАЎ (Яўфімій Аляксеевіч) (у манастве Яўгеній; 29.12.1767, Варонеж — 7.3.1837),
расійскі царк. дзеяч, гісторык, бібліёграф. Вучыўся ў Славяна-грэка-лацінскай акадэміі (Масква) і наведваў лекцыі ў Маскоўскім ун-це (1784—88). У 1800 прыняў манаства; з 1822 мітрапаліт Кіеўскі і Галіцкі, чл. Сінода. Аўтар гіст., гіст.-краязнаўчых і біябібліяграфічных прац «Гістарычнае, геаграфічнае і эканамічнае апісанне Варонежскай губерні» (1800), «Гісторыя княства Пскоўскага» (ч. 1—4, 1831), фундаментальнага «Слоўніка рускіх свецкіх пісьменнікаў, суайчыннікаў і чужаземцаў, што пісалі пра Расію» (т. 1—2, 1845) і інш.
т. 2, с. 263
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛІЗНЕ́Ц (Віктар Сямёнавіч) (10.4.1933, с. Уладзіміраўка Кампанееўскага р-на Кіраваградскай вобл., Украіна — 2.4.1981),
украінскі пісьменнік. Скончыў Кіеўскі ун-т (1957). Пісаў пераважна для дзяцей. Творы вызначаюцца драматызмам, глыбокім псіхалагізмам, паасобныя з элементамі казачнай фантастыкі (аповесці «Ветразі над стэпам», 1965; «Зямлянка», 1966; «Драўляне», 1968; «Маўчун», 1972; раман «Падземныя барыкады», 1977). Развіццю духоўнасці падлеткаў прысвечана аповесць «Гук павуцінкі» (1970). Літ. прэмія імя Л.Украінкі 1988.
Тв.:
Вибрані твори. Т. 1—2. Київ, 1983;
Бел. пер. — Гук павуцінкі: Аповесць. Мн., 1974.
В.А.Чабаненка.
т. 3, с. 192
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БОЎШ (Віктар Іванавіч) (н. 24.8.1930, г. Брэст),
бел. філосаф і прававед. Д-р філас. н. (1982), праф. (1987). Скончыў Кіеўскі ун-т (1955). Выкладаў у ВНУ Брэста і Мінска. З 1972 у Ін-це філасофіі і права АН Беларусі (у 1989—95 нам. дырэктара). Даследуе сац. філасофію і тэорыю развіцця грамадства, замежныя ідэйна-паліт. плыні, праблемы футуралогіі, філасофіі, гісторыі, палітыкі, права. Аўтар прац «Сацыяльная тэхналогія» пра будучае: ілюзіі і міфы» (1976), «Футуралогія і антыкамунізм» (1977), «Рэальны сацыялізм і сучасныя «крыжаносцы» (1985) і інш.
т. 3, с. 223
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНІСІ́ФАР (прозвішча Пятровіч-Дзевачка; ? — 1592 ці 1594),
мітрапаліт кіеўскі, галіцкі і ўсея Русі. Паходзіў з галіцкай шляхты. Пасля 1568 архімандрыт Лаўрышаўскага манастыра (каля Навагрудка). З 1579 мітрапаліт. Жыў пераважна ў Навагрудку. Садзейнічаў выданню ў віленскай друкарні Мамонічаў «Службоўніка» (1583). Дамогся ад польскага караля і вял. кн. ВКЛ Стафана Баторыя пацвярджэння незалежнай юрысдыкцыі правасл. царквы (1585) і дазволу спраўляць царк. святы паводле юліянскага календара (1586). У 1589 пазбаўлены сану за парушэнне кананічнага правіла (быў дваяжэнцам). Памёр у Лаўрышаўскім манастыры.
М.В.Нікалаеў.
т. 1, с. 371
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)