МІКЕЛА́НДЖЭЛА, Мікеланджэла Буанароці (Michelangelo Buonarroti; 6.3.1475, Капрэзе-Мікеланджэла, Італія — 18.2.1564),
італьянскі скульптар, жывапісец, архітэктар, паэт; адзін з найбуйнейшых прадстаўнікоў Адраджэння. Вучыўся жывапісу ў Д.Гірландайо ў Фларэнцыі (1488), скульптуры ў Бертольда ды Джавані ў маст. школе ў садзе К.Медычы пры манастыры Сан-Марка (1489—92). Зазнаў уплывы Джота ды Бандоне, Данатэла, Мазачыо, Якопа дэла Кверчы, ант. скульптуры. Працаваў у Фларэнцыі, Балонні, Рыме. Ужо ў ранніх работах вызначыліся гал. рысы яго творчасці — манументальнасць, унутр. напружанасць і драматызм вобразаў, дынамічнасць кампазіцыйнага вырашэння, майстэрскае выяўленне прыгажосці цела чалавека: рэльефы «Мадонна каля лесвіцы», «Бітва кентаўраў» (абодва каля 1490—92), статуя «Вакх» (1496—97), скульпт. група «Аплакванне Хрыста» («П’ета») у саборы св. Пятра (каля 1498—99) і інш. У каласальнай статуі «Давід» (1501—04) і кардоне для размалёўкі Палацца Век’ё «Бітва пры Кашыне» (1504—06) М. ўвасобіў гераічны парыў і грамадз. доблесць фларэнційцаў, якія выступілі супраць тыраніі Медычы. Вяршыня яго творчасці — размалёўка скляпенняў Сіксцінскай капэлы ў Ватыкане (1508—12). Жывапісны цыкл, які ўключае сцэны з Кнігі Быцця ў цэнтр.ч. плафона, манум. фігуры прарокаў і сівіл на бакавых частках скляпення, выявы продкаў Хрыста і біблейскія эпізоды ў распалубках, ветразях і люнетах, стварае грандыёзна ўрачыстую кампазіцыю, што ўспрымаецца як гімн фізічнай і духоўнай прыгажосці, сцвярджае бязмежнасць творчых магчымасцей Бога і створанага па яго падабенству чалавека. Размалёўкі ў Сіксцінскай капэле, як і інш. жывапісныя творы М., вызначаюцца дакладнасцю пластычнай лепкі, напружанай выразнасцю малюнка і кампазіцыі, вытанчанай гамай прыглушаных колераў. У 1505—45 працаваў над афармленнем пахавальні папы Юлія II у царкве Сан-П’етра ін Вінколі ў Рыме: статуі «Звязаны раб», «Раб памірае», «Раб абуджаецца», «Атлант» (усе 1513—19), «Майсей» (1515—16), а таксама 4 няскончаныя фігуры рабоў (1532—34), якія даюць уяўленне аб творчым працэсе мастака. З 1520-х г. светаадчуванне М. набыло трагічны характар і глыбокі песімізм, абумоўленыя крушэннем ілюзій аб стварэнні адзінай моцнай дзяржавы, стратай у Італіі паліт. і грамадз. свабод, крызісам рэнесансавага гуманізму. Гэта ярка выявілася ў вобразным ладзе скульпт.-арх. ансамбля ў пахавальні роду Медычы ў Новай сакрысціі царквы Сан-Ларэнца ў Фларэнцыі: прасякнутыя адчуваннем цяжкага роздуму, бязмэтавасці складаных рухаў, пазбаўленыя партрэтных рысаў статуі герцагаў Ларэнца і Джуліяна, фігуры «Раніца», «Дзень», «Вечар», «Ноч», якія сімвалізуюць незваротнасць руху часу (усе 1520—34). Сярод інш. твораў: фрэска «Страшны Суд» на алтарнай сцяне Сіксцінскай капэлы (1536—41), размалёўкі капэлы Пааліна ў Ватыкане (1542—50), бюст «Брут» (1537—38), скульпт. кампазіцыі «П’ета» (да 1550—55) для фларэнційскага сабора Санта-Марыя дэль Ф’ёрэ і няскончаная «П’ета Ранданіні» (1555—64), якая прызначалася для ўласнага надмагілля. У позні перыяд працаваў пераважна ў архітэктуры. Пабудовы М. вызначаюцца павышанай пластычнасцю, унутр. дынамізмам і напружанасцю арх. мас, вял. ролю маюць рэльефнае аздабленне сцен, актыўная святлоценявая арганізацыя іх паверхні пры дапамозе высокіх пілястраў, падкрэслена аб’ёмных карнізаў, аконных і дзвярных парталаў. Аўтар праектаў і кіраўнік буд-ва б-кі Лаўрэнцыяны ў Фларэнцыі (1523—34), сабора св. Пятра і ансамбля пл. Капітолія ў Рыме (з 1546, работы завершаны са зменамі пасля смерці М.). Як літаратар сфарміраваўся пад уплывам літ.-эстэт. і філас. ідэй фларэнційскіх паэтаў 15 ст. (Л.Медычы, Л.Пульчы), неаплатонікаў і Дж.Саванаролы. Пісаў пераважна мадрыгалы і санеты. Лірыка М. адметная складанасцю формы, глыбінёй думкі. Тэмы прыгажосці, якую ён трактаваў як боскі пачатак у чалавеку, кахання, якое змагаецца са старасцю і смерцю, адзіноцтва мастака ў варожым да яго свеце, бацькаўшчыны пад уладай тырана набылі ў творах М. высокі грамадз. пафас і трагічнае гучанне. Літ. творы, высока ацэненыя сучаснікамі, пры жыцці М. не публікаваліся (першае выданне — «Вершы», 1623). Творчасць М. падрыхтавала станаўленне маньерызму, зрабіла вял. ўплыў на развіццё прынцыпаў барока і ўсяго еўрап. мастацтва. Іл.гл. таксама да арт.Адраджэнне, Давід, Італія, Манументальнае мастацтва.
Тв.:
Рус.пер. — Неизмеримы гения деянья: Стихотворения. М., 1997.
Літ.:
Либман М.Я. Микеланджело Буонарроти. М., 1964;
Микеланджело: Жизнь. Творчество. М., 1964;
Микеланджело и его время. М., 1978;
Алпатов М. Поэзия Микеланджело // Алпатов М. Эподы по истории западноевропейского искусства. М., 1963;
Балдини У. Микеланджело — скульптор: Пер. с итал. М., 1979;
Кристофанелл и Р. Дневник Микеланджело неистового: Пер. с итал. М., 1985;
Хойзингер Л. Микеланджело: Очерк творчества: Пер. с нем. М., 1996.
Т.В.Пешына.
Мікеланджэла. П’ета. Сабор св. Пятра. Каля 1498—99.Мікеланджэла. Стварэнне Адама. Фрагмент размалёўкі Сіксцінскай капэлы ў Ватыкане.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ЛАНД ((Holland) Ян Давід) (17.3.1746, г. Санкт-Андрэасберг, Германія — 27.12.1827),
польскі кампазітар ням. паходжання. З пач. 1780-х г. па запрашэнні К.Радзівіла прыдворны кампазітар і капельмайстар Нясвіжскай капэлы Радзівілаў. Тут напісаў шэраг паланэзаў, кантат і опер. Найб. вядомая камічная опера «Агатка, або Прыезд пана» на лібр. М.Радзівіла, упершыню пастаўленая ў 1784 у Нясвіжы (на Бел. радыё паст. ў 1994). Яна прасякнута ідэямі сентыменталізму, у тэксце адчуваюцца антыпрыгонніцкія акцэнты, у музыцы пераважае класічны стыль, выкарыстаны элементы фальклору. Сярод інш. твораў опера-вадэвіль «Чужое багацце нікому не на карысць» (1780), балет «Арфей у пекле» (паст. 1784, Нясвіж), кантата (1786), арк. музыка (сімфоніі, серэнада, дывертысмент, паланэзы). Пасля 1790, верагодна, пераехаў у Гродна, пазней — у Варшаву. З 1802 выкладаў у Віленскім ун-це.
Літ.:
Мальдзіс А.І. Таямніцы старажытных сховішчаў. Мн., 1974. С. 91—92;
Дадзіёмава В. Еўрапейская славутасць, якая належыць і нам // Беларусь. 1996. № 3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІНТУРЫ́К’Ё [Pinturicchio; сапр.Бернардзіна ды Бета ды Б’яджа (Bernardino di Betto di Biagio); каля 1454, г. Перуджа (?), Італія — 11.12.1513],
італьянскі жывапісец, прадстаўнік умбрыйскай школы жывапісу эпохі Ранняга Адраджэння. Зазнаў уплыў П.Перуджына, якому дапамагаў пры стварэнні фрэсак Сіксцінскай капэлы ў Ватыкане (1481—82). У творчасці спалучаў імкненне да натурнай дэталёвасці з дэкаратыўнасцю і паэтызацыяй вобраза чалавека і навакольнага свету. Манум. размалёўкі вызначаюцца стракатым каларытам і багаццем арнаментальных матываў: фрэскі ў капэле Буфаліні царквы Санта-Марыя ін Арачэлі (каля 1485) і царквы Санта-Марыя дэль Попала (1509) у Рыме, апартаментаў Борджа ў Ватыкане (1493—94), бібліятэкі Пікаломіні ў Сіенскім саборы (1503—08). У станковым жывапісе працаваў у партрэтным і міфалагічным жанрах: «Партрэт хлопчыка» (1485), «Адысей і Пенелопа» (1509) і інш.
Я.Ф.Шунейка.
Пінтурык’ё. Імператар Фрыдрых III вянчае лаўрамі паэта Энеа Сільвіо Пікаломіні. Фрэска ў бібліятэцы Пікаломіні ў Сіенскім саборы. 1503—08.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРУНЕЛЕ́СКІ, Брунелеска (Brunelleschi, Brunellesco) Філіпа (1377, г. Фларэнцыя, Італія — 15.4.1446), італьянскі архітэктар, скульптар і вучоны. Адзін з заснавальнікаў архітэктуры Адраджэння і стваральнікаў тэорыі перспектывы. Працаваў пераважна ў Фларэнцыі. Сярод работ: грандыёзны 8-гранны купал сабора Санта-Марыя дэль Ф’ёрэ (1420—36), які стаў арх. дамінантай Фларэнцыі, першым буйным помнікам рэнесансавага дойлідства і дасягненнем інж. думкі ў Італіі; арачная лоджыя Выхавацельнага дома (1421—44), перакрытыя лёгкімі рабрыстымі купаламі і расчлянёныя ордэрам цэнтрычныя інтэр’еры Старой сакрысціі царквы Сан-Ларэнца (1422—28) і капэлы Пацы (з 1429), у якіх Брунелескі ўпершыню ўвасобіў у арх. вобразах маст. ўяўленні эпохі гуманізму; цэрквы Сан-Ларэнца (1422—46) і Санта-Спірыта (з 1444). Сваімі творамі зрабіў прыклад у вольным выкарыстанні ант.арх. формаў для вырашэння функцыян., ідэйных і канструкцыйна-буд. задач свайго часу.
Літ.:
Данилова И.Е. Брунеллески и Флоренция. М., 1991.
Ф.Брунелескі. Купал сабора Санта-Марыя дэль Ф’ёрэ ў Фларэнцыі. 1420—36.Ф.Брунелескі. Капэла Пацы ў Фларэнцыі. Інтэр’ер.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНТРАБА́С (італьян. contrabasso),
1) струнны смыковы муз. інструмент найвялікшага памеру (даўж. каля 2 м) і самага нізкага гучання. 4 метал. струны настройваюцца па квартах (E1—A1—D—G). Дыяпазон 4 актавы (пашыраецца пры дапамозе флажалетаў). Гучанне глухаватае, але густое і мяккае.
Створаны ў сярэдзіне 17 ст.італьян. майстрам М.Тадзіні на аснове віёлы да гамба. Выкарыстоўваўся як ансамблевы, з 18 ст. таксама як аркестравы, з 20 ст. і сольны інструмент. У эстр. практыцы пашыраны электра-К. На Беларусі К. вядомы з 2-й пал. 18 ст. (прыдворныя капэлы Нясвіжа, Слоніма, Гродна; кантрабасісты Райскі, В.Блажэўскі, П.Станкевіч, Л.Шышкоўскі, Ф.Янкоўскі). Творы для К. пісалі бел. кампазітары А Багатыроў, Л.Шлег, П.Падкавыраў, Я.Дзягцярык і інш. У Бел. акадэміі музыкі і муз. вучылішчах Беларусі існуюць класы К.
2) Самы нізкі па гучанні інструмент адной сям’і (балалайка-кантрабас, кларнет-кантрабас і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАЯ́Н ((Karajan) Герберт фон) (5.4.1908, г. Зальцбург, Аўстрыя — 16.7.1989),
аўстрыйскі дырыжор. Вучыўся ў «Моцартэуме» ў Зальцбургу і Венскай акадэміі музыкі і сцэн. мастацтва ў Ф.Шалька. Дэбютаваў у 1927. У 1941—44 кіраўнік Берлінскай дзярж.капэлы. З 1947 дырыжор (з 1949 і дырэктар) Т-ва сяброў музыкі ў Вене. З 1955 гал. дырыжор Берлінскага філарманічнага аркестра, адначасова ў 1956—64 муз. кіраўнік Венскай дзярж. оперы. Буйнейшы сімф. і оперны дырыжор, выступаў у буйнейшых т-рах свету. У інтэрпрэтацыях сімф. і опернай музыкі дасягнуў выдатнага маст. ўзроўню. Здзейсніў шэраг значных оперных пастановак (у т. л. «Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага, 1965; «Містэрыя канца часу» К.Орфа, 1973). Дырыжор і пастаноўшчык фільмаў «Паяцы», «Кармэн», «Дзевятая сімфонія Л.Бетховена». Прэмія Міжнар.муз. савета пры ЮНЕСКА 1983. У 1969 заснаваў Фонд Герберта Караяна з рэгулярнымі міжнар. конкурсамі маладых дырыжораў і аркестраў. У 1983 ЮНЕСКА зацверджаны Міжнар. прыз імя К. за заслугі ў галіне развіцця муз. мастацтва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАІЗІЕ́ЛА, Паэзіела (Paisiello, Paesiello) Джавані Грэгорыо Катальда (9.5.1740, г. Таранта, Італія —5.6.1816), італьянскі кампазітар; прадстаўнік неапалітанскай опернай школы. Чл. парыжскай Акадэміі прыгожых мастацтваў (1809). Вучыўся ў кансерваторыі «Сант-Анофрыо а Капуана» ў Неапалі (1754—63). З 1776 прыдворны кампазітар у Пецярбургу. З 1784 прыдворны кампазітар і капельмайстар караля Неапалітанскага. У 1802—03 арганізатар і кіраўнік асабістай капэлы Напалеона ў Парыжы. Майстар оперы-буфа, аўтар каля 100 опер-серыя. Стварыў яскравыя ўзоры італьян. камічнай оперы, узбагаціў яе выразныя сродкі, павялічыў ролю аркестра. Сярод твораў: оперы «Балбатун» (паст. 1764), «Ахіл на Скірасе» (паст. 1778), «Служанка-пані» (паст. 1781), «Севільскі цырульнік, або Марная засцярога» (паст. 1782), «Месяцавае святло» (паст. 1783), «Млынарыха» і «Ніна, або Звар’яцелая ад кахання» (паст. абедзве 1789), «Піфагарэйцы» (паст. 1808); 3 духоўныя араторыі, кантаты, 2 рэквіемы; 12 сімфоній; 6 стр. і 12 фп. квартэтаў; п’есы для фп., арфы і інш.
Літ.:
Крунтяева Т. Дж.Паизиелло // Крунтяева Т. Итальянская комическая опера XVIII в Л., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́ЎДА (Віктар Уладзіміравіч) (н. 10.11.1921, г. Смаргонь Гродзенскай вобл.),
бел. харавы дырыжор, педагог. Нар.арт. Беларусі (1978). Нар.арт.СССР (1990). Канд. мастацтвазнаўства (1956), праф. (1975). Скончыў Віленскую дзярж. духоўную семінарыю (1939), Літ. кансерваторыю (1951). Вучань А.Свешнікава. З 1951 выкладаў у Маскоўскай кансерваторыі, хормайстар Дзярж.акад.рус.нар. хору імя Свешнікава. З 1956 хормайстар і дырыжор Дзярж.акад. харавой капэлы Беларусі, адначасова выкладае у Бел. акадэміі музыкі (з 1964 заг. кафедры). З 1965 маст. кіраўнік і гал. дырыжор Хору акадэмічнага Беларускага тэлебачання і радыё. Творчасці Р.-хормайстра ўласцівы ўдумлівыя адносіны да муз. твораў, імкненне да чысціні строю, высокай якасці гучання харавога шматгалосся, глыбокая інтэрпрэтацыя муз. твораў. Склаў «Хрэстаматыю па чытанні харавых партытур» (т. 1—2, 1971—74), «Хрэстаматыю па беларускай харавой опернай літаратуры» (1975), зб-кі «Харавыя канцэрты» (1980, 1982, 1984), «Хоры беларускіх кампазітараў на вершы Я.Купалы і Я.Коласа» (1982), «Харавы вянок» (1985). Дзярж. прэмія Беларусі 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРКЕ́СТР (ад грэч. orchēstra пляцоўка перад сцэнай у стараж.-грэч. тэатры),
калектыў інструменталістаў для сумеснага выканання створанай для яго музыкі. Аркестры бываюць мяшаныя, якія ўключаюць інструменты розных груп (сімфанічны, эстрадны) і аднародныя (струнны, духавы, ударных інструментаў). Паводле функцыі вылучаюць аркестры оперныя, ваенныя, эстрадныя і інш. Вышэйшы тып — сімфанічны аркестр — малы і вялікі. Рухомасцю складу адрозніваецца камерны аркестр, які не заўсёды можна дакладна адмежаваць ад камернага ансамбля. Асаблівы тып — аркестр народных інструментаў.
Вял.інстр. ансамблі вядомы ў антычнасці, сярэднявеччы, у эпоху Адраджэння (літ. крыніцы 16 ст. сведчаць, што падобныя ансамблі існавалі і на Беларусі), аднак іх вызначалі спарадычнасць дзеяння і нестабільнасць складу. Рэгулярныя аркестры паявіліся на мяжы 16—17 ст. з узнікненнем оперы, араторыі, кантаты, у якіх на аркестры ўскладалася функцыя суправаджэння вак. партый. Тыпы аркестраў, іх прызначэнне гістарычна мяняліся ў залежнасці ад развіцця муз. інструментаў і выканальніцтва, эвалюцыі арк. мыслення кампазітараў, ідэйна-стыліст. тэндэнцый.
Звесткі пра аркестры на Беларусі сягаюць у 16 ст. («літоўская капэла»), У 18 ст. вядомы розныя тыпы аркестраў: т.зв. «янычарская музыка» (Шклоў, Нясвіж, Гродна), рагавая музыка (Нясвіж, Шклоў), «хатняя музыка» (Горы-Горкі, Гродна, Нясвіж), духавыя, а таксама малыя сімф. аркестры раннекласічнага складу — капэлы (гл.Прыгонныя аркестры і капэлы). Вядома пра існаванне «касцельнай музыкі» ў 18 — 1-й пал. 19 ст. ў Гродне, Слоніме, Мінску, Пінску, Нясвіжы, Будславе і інш. У канцы 19 — пач. 20 ст. прыкметную ролю ў грамадска-культ. жыцці адыгрывалі сімф. і духавыя аркестры, у т. л. ў Мінску (гл.Мінскі гарадскі аркестр), Віцебску, Слуцку, Гродне. У 1919—21 створаны сімф. аркестры ў Мінску, Віцебску, Гомелі, Магілёве на базе нар. кансерваторый, муз. школ, пазней муз. тэхнікумаў і драм. т-раў. Прафесійныя аркестры ў Беларусі (1995): Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Рэспублікі Беларусь, Сімфанічны аркестр Беларускага тэлебачання і радыё, сімфанічныя аркестры Дзярж.т-ра оперы і балета Дзярж.т-рамуз. камедыі, Дзяржаўны камерны аркестр Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўны аркестр сімфанічнай і эстраднай музыкі Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўны акадэмічны народны аркестр Рэспублікі Беларусь, Ваенны аркестр Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь, мінскі духавы аркестр «Няміга» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗА́ЧЫО, Мазача
[Masaccio; уласнае Тамаза ды Джавані ды Сімоне Касаі (Гвідзі); 21.12.1401, г. Сан-Джавані-Вальдарна, Італія — восень 1428],
італьянскі жывапісец Ранняга Адраджэння; адзін з найбуйнейшых прадстаўнікоў фларэнційскай школы жывапісу. Працаваў (часта з Мазаліна) у Фларэнцыі, Пізе і Рыме. У творчасці адышоў ад традыцый готыкі, працягваў маст. пошукі Джота ды Бандоне. У рэліг. кампазіцыях увасабляў гуманіст. ўяўленні аб дасканалай асобе, надаваў ім надзвычайную жыццёвую пераканаўчасць. Творы вызначаюцца энергічнай святлоценявой лепкай, пластычнай трохвымернасцю фігур, імкненнем да манум. абагульнення форм: «Святыя Еранім і Іаан Хрысціцель» (1423?), «Мадонна са св. Ганнай» (разам з Мазаліна, каля 1424), паліпціх у царкве Санта-Марыя дэль Карміне ў Пізе (1426), размалёўкі капэлы Бранкачы ў царкве Санта-Марыя дэль Карміне ў Фларэнцыі («Выгнанне з раю», «Цуд са стацірам», «Святыя Пётр і Іаан раздаюць міласціну», «Святы Пётр вылечвае хворых сваім ценем», паміж 1425 і 1428). У фрэсцы «Тройца» (каля 1426—27, царква Санта-Марыя Навела ў Фларэнцыі) упершыню ў насценным жывапісе стварыў велічную цэнтральна-перспектыўную пабудову.
Літ.:
Знамеровская Т.П. Проблемы кватроченто и творчество Мазаччо. Л., 1975.
Мазачыо. Святыя Еранім і Іаан Хрысціцель. 1423 (?).