РАСІ́ЧКА (Digitaria),

род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 350 відаў. Пашыраны ў трапічных і субтрапічных (пераважна ў Афрыцы) і часткова ў цеплаўмераных абласцях. На Беларусі 4 віды Р.: егіпецкая (D. aegyptiaca), звычайная, або лінейная (D. ischaemum), крывава-чырвоная (D. sanguinalis) і раснічастая (D. ciliaris). Трапляюцца на пясках, па берагах вадаёмаў, як пустазелле на палях.

Шмат-, радзей аднагадовыя травы выш. 10—80 см. Сцёблы моцна галінастыя каля асновы, прамастойныя або ляжачыя, часта чырванаватыя. Лісце лінейна-ланцэтнае. Агульнае суквецце — прамы колас з 2—20 пальчата сабраных коласападобных галінак на верхавінцы сцябла. Плод — зярняўка. Кармавыя, пераважна пашавыя расліны, некат. культывуюць у Паўд.-Усх. Азіі як збожжавыя злакі. Выкарыстоўваюць для барацьбы з эрозіяй, для замацавання пяскоў, насыпаў, стварэння газонаў. Салома ідзе на выраб паперы, цыновак, кошыкаў і інш.

В.​М.​Прохараў.

Расічка крывава-чырвоная.

т. 13, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Луча́й дзірка ў верхнім камені жорнаў для засыпкі збожжа’ (свісл., Шатал., Сл. ПЗБ). Гл. веча́й ’тс’. Аб пратэтычным л‑ гл. Лучыц-Федарэц, Тыпалогія слав. моў і ўзаемадз. слав. літаратур // Тэзісы III Рэсп. канф. Мн., 1977, 198–200.

Лу́чай ’зараснік рагозу, Typha L.’ (жытк., стол., Яшк.), лу́чай, лу́чэй ’рагознік вузкалісты, Typha angustifolia L.’ (ТС). Ст.-польск. łącz ’гатунак асакі, Carex L.’, ст.-чэш. luč ’нейкая расліна’, славен. lọ̑č ’сіт, Juncus L.’, lǫ̑ček ’асака’, locje ’рагоз’, ст.-рус. лучиезбожжавыя’, ц.-слав. лѫчиѥ ’асака’. Прасл. lǫčь (< lękti ’гнуць, выгінаць’, lǫčiti > лучы́ць), якому адпавядаюць лат. lùocis ’выгнутасць, загіб, закрут ракі’ (Слаўскі, 5, 74). Аб суф. ‑ай, ‑эй < ‑ějь гл. Слаўскі (SP, 1, 86–87).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

МЯША́НЫХ ЛЯСО́Ў ЗО́НЫ,

прыродныя зоны ўмераных паясоў у Паўн. і Паўд. паўшар’ях з перавагай ландшафтаў мяшаных лясоў. Часам разглядаюцца як асобныя падзоны адзінай лясной зоны. Найб. пашыраны ў Еўропе, Паўд. і Паўн. Амерыцы, трапляюцца ў Новай Зеландыі, Тасманіі, на Усх.-Еўрап. раўніне (краіне Балтыі, на большай ч. Беларусі, Нечарназем’е) і на Пд Зах.-Сібірскай раўніны. Лясы пераважна хвойна-шыракалістыя на дзярнова-падзолістых глебах, у больш кантынентальных раёнах — хвойна-драбналістыя і драбналістыя (з бярозы і асіны). Значныя прасторы разараны (збожжавыя, кармавыя культуры, бульба і інш.). У Паўн. паўшар’і клімат з халоднай снежнай зімой (сярэднія т-ры студз. ад -5 да -14 °C), цёплым летам (сярэдняя т-ра ліп. да 20 °C). Колькасць ападкаў (400—1000 мм) крыху перавышае выпаральнасць. У Паўд. паўшар’і пры параўнальна цёплым леце зіма больш мяккая, снежнае покрыва ўтвараецца не ўсюды.

т. 11, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕЛЬМІНТАСПАРЫЁЗЫ,

хваробы раслін, якія выклікаюцца грыбамі роду гельмінтаспорый. Часцей пашкоджваюць збожжавыя і тэхн. культуры. На Беларусі пашыраны на пшаніцы, жыце, ячмені, аўсе, радзей на льне, памідорах, злакавых травах. Узбуджальнікі паразітуюць на раслінах у канідыяльнай стадыі, міцэлій развіваецца ў тканках. Распаўсюджваюцца з насеннем і рэшткамі раслін. Развіццю хваробы спрыяюць халоднае і вільготнае надвор’е ў перыяд сяўбы і ўсходаў, павышаная вільготнасць паветра. Гельмінтаспарыёзы праяўляюцца ў выглядзе плямістасці лісця і пладоў, пацямнення зародка, гнілей каранёў і сцёблаў; выклікаюць шчупласць насення, зніжэнне ўраджаю зерня і саломы. Найб. шкодныя гельмінтаспарыёзы: паласатая (узбуджальнік — Helminthosporium gramineum) і сеткавая (H. teres) плямістасці ячменю, цёмна-буры гельмінтаспарыёз пшаніцы, жыта і ячменю (H. sativum), чырвона-бурая плямістасць аўса (H. avenae), гельмінтаспарыёз кукурузы (H. turcicum) і інш.

Да арт. Гельмінтаспарыёзы: 1 — цёмна-буры гельмінтаспарыёз пшаніцы: пашкоджанні ўсходаў, дарослай расліны, зерня і лісця; 2 — паласаты гельмінтаспарыёз ячменю: пашкоджаныя ліст і зерне; 3 — сеткаваты гельмінтаспарыёз ячменю: пашкоджанні лісця і ўсходаў.

т. 5, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

гумно́

1. Будынак з ёўняй, у якім складваюць збожжавыя снапы, малоцяць; клуня (Жытк., Слаўг., Стаўбц.).

2. Чыстая плошча перад гумном, дзе прасушваюць снапы, сена (Мін. пав. і губ. Шэйн 506).

3. Месца каля тока (гл.) і сяннога хлява, якое парасло травой (Пух. Шат.).

4. Лужок кругом гумна (Віц. Касп.).

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

КЮ́СЮ,

востраў на Пд Японіі. Пл. каля 42 тыс. км². Нас. 13,3 млн. чал. (1992). Абмываецца на У Ціхім ак., на ПнУУнутр. Японскім м., на ЗУсх.-Кітайскім м. Усх. бераг прамалінейны, астатнія моцна парэзаныя бухтамі, залівамі. Паверхня гарыстая, выш. да 1788 м (вулкан Кудзю). На З і ПнЗ нізінныя алювіяльныя раўніны. Горы складзены пераважна з гранітаў, сланцаў, вулканічных парод; узгоркі і нізіны з пясчанікаў і кангламератаў. Радовішчы каменнага вугалю. Актыўна дзеючыя вулканы (Аса, Кірысіма і інш.). Шмат гарачых крыніц. Частыя землетрасенні (найб. моцныя ў 1909, 1961, 1968). Клімат субтрапічны, на Пд трапічны мусонны. Т-ра паветра ў гарах у студз. каля 0 °C, на прыбярэжных раўнінах 10 °C, у ліп. адпаведна 15 і 28 °C. Ападкаў да 300 мм за год. Тайфуны. Рэкі выкарыстоўваюцца для арашэння. Вечназялёныя і лістападныя лясы, лугі. Вырошчваюць рыс, збожжавыя, цукр. трыснёг, цытрусавыя, тытунь. Гарады: Кітакюсю, Фукуока, Кагосіма, Кумамота, Нагасакі. Нац. паркі: Асо, Кірысіма—Яку, Сайкай і інш.

т. 9, с. 78

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕНДЖА́Б, Панджаб,

правінцыя на ПнУ Пакістана, у зах. і цэнтр. частцы прыроднай і гіст. вобласці Пенджаб. Пл. 182 тыс. км². Нас. каля 80 млн. чал. (2000). Адм. і гал. эканам. цэнтр — г. Лахор. Найб. эканамічна развіты раён краіны. Аснова гаспадаркі — шматгаліновае арашальнае земляробства. На долю П. прыпадае 25% тэр. і больш за 55% насельніцтва краіны, ён дае каля 75% агульнанац. збораў пшаніцы, 40% рысу, 70% бавоўны і цукр. трыснягу, каля 50% прамысл. прадукцыі Пакістана. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля 10 млн. га, з іх арашаецца больш за 8 млн. га. Асн. культуры: пшаніца, мясц. збожжавыя — грэм, баджра, джавар; рыс, кукуруза, бавоўнік, цукр. трыснёг, алейныя. Жывёлагадоўля (авечкі, козы) пераважна на Пн і ПнЗ. Здабыча бурага вугалю, сурмы, каменнай солі, нафты. Прам-сць: харч., тэкст. (баваўняная), металургічная, маш.-буд., хім., гумавая, цэментная. Саматужная вытв-сць метал. і ганчарных вырабаў, маст. разьба па дрэве, слановай косці і інш. Транспарт чыг., аўтамаб., унутр. водны.

т. 12, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГІ́НСКАЯ БУРА́ЦКАЯ АЎТАНО́МНАЯ АКРУ́ГА,

у складзе Рас. Федэрацыі, на Пд Чыцінскай вобл. Утворана 26.9.1937 з Агінскага аймака (Бурат-Мангольскай АССР). Пл. 19 тыс. км². Нас. 79,6 тыс. чал. (1994), гарадскога 30%; пераважаюць бураты, рускія, у зах. ч. — эвенкі. Сярэдняя шчыльн. 3,3 чал. на 1 км², больш заселена ўсх. частка. Адм. ц.пас. гар. тыпу Агінскае.

Размешчана на Пд Забайкалля. Паверхня пераважна гарыстая (найб. г. Алханай, 1663 м). Клімат рэзка кантынентальны. Зіма халодная, маласнежная, лета гарачае, сярэдняя т-ра студз. -24 °C, ліп. 18 °C. Ападкаў каля 400 мм за год. Найб. рэкі — Анон, Аленгуй. Шмат прэсных і салёных азёраў. Глебы ў гарах падзолістыя, шэрыя лясныя, на раўнінах карбанатныя, каштанавыя, чарназёмныя, сустракаюцца саланчакі. Расліннасць стэпавая і лесастэпавая, у гарах на выш. 1000 м — лістоўнічныя лясы (у асн. даурская лістоўніца).

Горназдабыўная, лясная і лесанарыхтоўчая, лёгкая, харч. прам-сць. У сельскай гаспадарцы пераважае мясная і мяса-малочная жывёлагадоўля, пашавая танкарунная авечкагадоўля. Вырошчваюць збожжавыя (пшаніца, авёс, ячмень) і кармавыя культуры. Асн. від транспарту — аўтамабільны. На У праходзіць чыг. Карымская—Забайкальск.

т. 1, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХО́ДНІ БЕ́РАГ РАКІ́ ІАРДА́Н,

тэрыторыя ў Зах. Азіі, у межах гіст. Палесціны (разам з усх. ч. Іерусаліма). Падзяляецца на 2 гіст. падвобласці: Самарыю (на Пн) і Іудзею (на Пд). Пл. каля 6 тыс. км². Нас. 1300 тыс. чал. (1994), у т. л. 1200 тыс. палесцінцаў і каля 100 тыс. яўрэяў. Сярод веруючых мусульмане (80%), іудзеі і хрысціяне. Найб. гарады (тыс. ж., 1995): Эль-Халіль — 120,4, Наблус — 64, Бейт-Лахм — 25. У рэльефе пераважаюць нізкія горы і плато, на У — даліна р. Іардан, дзе на арашальных землях вырошчваюць пладовыя, вінаград, аліўкі, агародніну. У горных раёнах вырошчваюць пераважна збожжавыя культуры, гадуюць авечак і коз. Прам-сць: харч., тэкст., абутковая. Значная ч. насельніцтва працуе ў Ізраілі. Пераважае аўтам. транспарт.

У 1922—48 брыт. ч. падмандатнай тэр. Палесціны. У 1949 уключаны ў Іарданію. У выніку т. зв. Шасцідзённай вайны 1967 акупіраваны Ізраілем (пад назвай Іудзея і Самарыя).

У 1988 Іарданія адмовілася ад права на яго. Пасля падпісання ізраільска-палесцінскага пагаднення 1993 атрымаў частковую аўтаномію. У выніку дамоўленасці 1995 аўтаномія пашырана.

т. 7, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПШАНІ́ЧНА-ЖЫ́ТНІЯ ГІБРЫ́ДЫ, трыцікале,

міжродавыя гібрыды пшаніцы з жытам; збожжавыя культуры. Атрыманы ў 1888 ням. селекцыянерам В.​Рампаў.

Адрозніваюцца ад зыходных форм каштоўнымі гасп. якасцямі: павышаная колькасць бялку і асобных амінакіслот, мароза- і хваробаўстойлівасць, высокія кармавыя паказчыкі. Асн. недахопы; нізкая экалагічная і цытагенет. стабільнасць, ненапоўненасць і маршчыністасць эндасперму, адносная познаспеласць, прарастанне зерня ў коласе і інш. Выкарыстоўваецца як зыходны матэрыял пры селекцыі пшаніцы і жыта, кармавая і харч. культура.

На Беларусі вывучэнне П.-ж.г. вядзецца ў БДУ (з 1965), БелНДІ земляробства і кармоў Акадэміі агр. навук і Ін-це генетыкі і цыталогіі Нац. АН Беларусі (з 1970). Створана калекцыя гібрыдаў, вядзецца селекцыя высокаўраджайных (90—100 ц/га), устойлівых да палягання, хвароб і шкоднікаў азімых і яравых сартоў. Вырошчваецца каля 15 сартоў азімых П.-ж.г. і 2 сарты яравых (2000). Раянаваныя сарты мясц. селекцыі; яравыя — Лана, Інеса; азімыя — Дар Беларусі, Міхась, Дубрава, Мара, Модуль, Ліра і інш. Сярэдняя ўраджайнасць азімых П.-ж.г. — 22,9, яравых 12,6 ц/га (1999).

В.​М.​Прохараў.

Пшанічна-жытні гібрыд (трыцікале); 1 — колас; 2 — каласок; 3 — праростак; 4 — зярняўка.

т. 13, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)