хава́цца 1, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Забірацца куды‑н. так, каб іншыя не бачылі, не маглі знайсці. У пушчах, у нетрах трушчобы, балот Хаваецца люд непакорны. Колас. [Дзямід:] — У гэтую пару аленя цяжка ўбачыць, хіба толькі выпадкова. Ён цяпер хаваецца. В. Вольскі. Танкі ўжо не хаваліся і не манеўравалі, яны секлі перад сабою агнём. Чорны. // Прыкрывацца чым‑н. зверху. Міколка хаваўся пад коўдру.., паказваючы адтуль толькі кончык носа. Лынькоў. // Доўга не паказвацца, не трапляць на вочы каму‑н., пазбягаць непажаданых сустрэч. Дзяўчына ўсё яшчэ помсціла за тыя тайныя кароткія прыезды ці можа за тое, што.. [Антанюк] так доўга хаваўся ад яе. Шамякін. // перан. Ухіляцца ад чаго‑н., спасылаючыся на каго‑, што‑н. [Студэнт Рак] любіў хавацца за цытаты, якіх ведаў безліч. Дамашэвіч. // Разм. Унікаць чаго‑н., імкнуцца стаяць убаку ад чаго‑н. Хавацца ад даручэнняў. □ [Корань:] — Трэба, каб людзі сцераглі! Каб ахоўвалі, біліся за праўду, а не хаваліся за яе... Ваданосаў. // Шукаць укрыцця (ад дажджу, сонца і пад.). Хавацца ад дажджу. □ Сонца пачынае прыпякаць. Але хавацца ад яго куды-небудзь у цянёк не хочацца. Васілёнак. Хаваюцца ў гавань параходы, — Ад буры не чакай дабра. Корбан. // перан. Разм. Выдаваць сябе не за таго, кім ёсць на самай справе; маскіравацца. Даміра падазраваў, што за псеўданімам хаваецца Закружскі паштавік Дземідзенка. Асіпенка. [Кашын:] — Столькі год [начальнік слуцкай паліцыі] пад чужым прозвішчам хаваўся.. Адданым.. прыкідваўся і рацыяналізатарам быў, гад! Карпаў. // перан. Мецца ўнутры, выяўляцца праз душэўны стан чалавека. У глыбокіх шэрых вачах Пятра Аляксеевіча хавалася лагодная ўсмешка. П. Ткачоў. Максім быў маўклівы, і за маўклівасцю яго недзе глыбока ў душы хавалася чуласць. Брыль. Прыгожай.. [Анэту] назваць нельга было, але ў ёй хавалася нешта чыста жаночае, пакорлівае і прывабнае. Чарнышэвіч.

2. перан. Разм. Рабіць што‑н. скрытна, не выяўляць сваіх намераў, думак, пачуццяў. [Таня] недаверліва паківала галавой. — Навошта вы хаваецеся ад мяне, тата? Ці ж я не бачу? Я ўсё бачу. Шамякін. // Заставацца незаўважаным. У ... [Турсевіча] была тонкая назіральнасць, і ніводная рыска, тыповая драбніца не хавалася ад яго вока. Колас.

3. Знаходзіцца не ў полі зроку, ледзь прыкметна выступаць з-за засланяючых прадметаў. Нізкаваты, з зачыненымі аканіцамі, дом хаваўся ў глыбіні невялікага саду. Шыцік. Вялікае, ужо няцёплае сонца хавалася за недалёкім лесам. Карпаў. // Быць нябачным у чым‑н. (высокай расліннасці, глыбокай вадзе і пад.). Чухноўскі пачаў так дыміць люлькаю, што аж хаваўся ў дыме. Пестрак. // Заключацца ў чым‑н., не выяўляючыся знешне. Напісаць мастацкі твор... Як лёгка і проста вымаўляюцца гэтыя словы. А колькі працы, хваляванняў, радасці, пакут, расчараванняў хаваецца за імі! Шкраба. За скупым расказам Веры Вітушка хаваецца не адна смелая дыверсія на чыгунцы, не адзін жорсткі бой, не адна рызыкоўная аперацыя. Дзенісевіч.

4. Разм. Знаходзіцца, захоўвацца дзе‑н. У гэтай будыніне хаваліся галоўныя калгасныя прадукты: зерне, бульба і гародніна. Колас. Астап Канапелька.. зняў шапку, дзе заўсёды хавалася яго люлька і капшук з самасеем. Лынькоў. Абрусы, ручнікі, пасцілкі, квяцістыя андаракі, кофты, жакеты — усё хаваецца ў чорнай вялізнай скрыні. Асіпенка. // Быць прыгатаваным, зберагацца на пэўны выпадак. Для Івана ў хаце заўсёды хаваецца паўлітэрка. Навуменка.

•••

Хавацца адзін за аднаго — выяўляць нясмеласць, баяцца адказнасці.

Хавацца за чужую спіну — імкнуцца прыкрыцца чыім‑н. аўтарытэтам.

Хавацца ў кусты — ухіляцца ад адказнасці.

Хавацца ў цень — старацца перачакаць што‑н. непрыемнае ў зацішным месцы; ухіляцца ад чаго‑н., адседжвацца.

хава́цца 2, ‑аецца; незак.

Зал. да хаваць ​2.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ляжа́ць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; незак.

1. Знаходзіцца ўсім целам на чым‑н. у гарызантальным становішчы (пра людзей і некаторых жывёл). Ваякі ляжалі ў самых разнастайных .. позах каля агню і ў [ш]алашах. Колас. Арон быў дома, ляжаў на ложку. Мурашка. Козлік .. ляжыць змучаны, сам не свой. Брыль. / У спалучэнні са словамі, якія паказваюць на тыя ці іншыя асаблівасці гэтага становішча. Ляжаць на баку. Ляжаць на спіне. Ляжаць ніцма. / У спалучэнні са словамі, якія раскрываюць прычыну ці стан такога становішча. Ляжаць у непрытомнасці. // Быць хворым, знаходзіцца ў пасцелі. Крушынскі захварэў на рак і ляжыць у ложку ўжо доўгі час. Бядуля. // (звычайна ў спалучэнні са словамі «ў зямлі», «у магіле» і пад.). Быць пахаваным.

2. Знаходзіцца, размяшчацца на якой‑н. паверхні нерухома (бакавой часткай, гарызантальна); проціл. стаяць (аб прадметах). Ляжаў пры дарозе вялікі камень. Хто ні ідзе, спыніцца каля яго, пасядзіць, адпачне, а то і падсілкуецца трохі. Якімовіч. Мяшок жыта ляжаў на зямлі каля самага ганку. Бядуля. Паабапал дарогі, у канавах, ляжалі спаленыя нямецкія танкі, разбітыя машыны, гарматы. Шамякін.

3. Пакрываць, ахутваць сабою што‑н. На платах пышнымі шапкамі ляжалі снягі. Скрыган. На траве, на пасевах ляжала густая раса. Шамякін. / Пра маршчыны, загар, румянец, і пад. На смуглявых шчоках у дзяўчыны ляжаў румянец. Гурскі. // перан. Са словамі «след», «клопат», «адбітак» і пад. азначае: быць прыкметным, адбівацца на чым-небудзь. На .. чыстым, бялявым тварыку ляжаў прыкметны клопат. Адамчык. На ўсіх рэчах у хаце ляжаў адбітак маладой свежай дбаласці. Васілевіч.

4. Змяшчацца, знаходзіцца дзе‑н. У пячурцы ляжаў .. [дзедаў] капшук з тытунём і крэсіва. Колас. // Захоўвацца дзе‑н. Грошы ляжаць у банку. // Не знаходзіць прымянення, быць без ужытку. Новае сіта на калочку вісіць, а старое пад лавай ляжыць. Прыказка.

5. Размяшчацца, займаць якую‑н. прастору; распасцірацца. Засценак Малінаўка ляжаў на поўдні былога Слуцкага павета, дзе канчалася поле і пачыналіся балоты Палесся. Чарнышэвіч. Злева ад вёскі аж да далёкага зубчастага лесу .. ляжала прасторнае поле. Шахавец.

6. Праходзіць, пралягаць; мець напрамак куды‑н. (пра дарогу і пад.). Дарога ляжала праз луг, а потым хавалася ў невялікім беразнячку. Гаўрылкін. Машына імкліва неслася і неслася наперад, і дарога перад ёю ляжала як страла. Б. Стральцоў. Далейшы шлях ляжаў на Смольню, да брата, Язэпа Міхайлавіча. Лужанін.

7. Быць укладзеным, надзетым тым ці іншым чынам. Валасы гладка ляжаць. □ Ваенная шапка ляжала на .. [дзядзькавай] галаве брылём на патыліцу. Капыловіч. // Размяшчацца на фігуры пэўным чынам (пра адзенне). Белы халат так зграбна ляжаў на .. [прафесары], як быццам гэта быў і не халат. Шахавец.

8. перан.; на кім. Быць чыім‑н. абавязкам. Камандзір палка заўсёды быў маўклівы і хмуры, бо адчуваў тую вялікую адказнасць, якая ляжала на ім. Чорны.

9. У спалучэнні са словамі «на душы», «на сэрцы», «на сумленні» азначае: быць прадметам затоеных турбот, пастаяннай трывогі, роздуму і пад. На душы ў .. [Малашкіна] ляжаў цяжар чагосьці нявырашанага. Пестрак.

•••

Душа (сэрца) не ляжыць да каго-чаго гл. душа.

Лежма ляжаць — доўга ляжаць.

Ляжаць аблогай — пра даўно не воранае, удзірванелае поле.

Ляжаць без задніх ног — не мець сілы паварушыцца (ад стомы і пад.).

Ляжаць мёртвым грузам — быць нявыкарыстаным, непатрэбным.

Ляжаць на баку (на печы) — нічога не рабіць, гультайнічаць.

Ляжаць пад сукном — заставацца без увагі, без разгляду (пра заяву, просьбу і пад.).

Ляжаць у аснове — з’яўляцца асновай, галоўным, зыходным элементам чаго‑н.

Ляжаць у руінах — быць разбураным.

Ляжаць як пласт (пластом) — ляжаць нерухома, не маючы сіл рухацца (пра хворага).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стан 1, ‑у, м.

1. Тулава, постаць чалавека. Назаўтра раніцою каля калонкі я сустрэў жанчыну гадоў пад пяцьдзесят, але на дзіва маладжавую, са стройным станам. Дуброўскі. Смуглы твар і гібкі стан дзявочы У красуні, што на першым радзе, Нават трошачкі падобны вочы Да вільготных чорных вінаградзін. Аўрамчык. // Месца, па якім падпяразваюцца. Паясок быў не цесны, але ён так перацінаў стан, што здавалася — яго залішне зацягнулі. Кулакоўскі. / у вобразным ужыв. Галлё спусціўшы над парканам, Расла тут грушка з тонкім станам. Колас. Снапы ў .. [Любы] былі цяжкія, але зграбныя, з тонкім станам і роўнымі гузырамі. Васілевіч. Зноў яго хвіліны ўкалыхалі, Ноч над горадам свой стан схіліла... Дубоўка.

2. Разм. Скроеныя і сшытыя па фігуры полкі палатна; ліф. Стан атласны, а рукавы шаўковыя. // Верхняя палавіна сукенкі.

стан 2, ‑а і ‑у, м.

1. ‑а. Лагер, месца стаянкі, часовага пасялення. Палявы стан. □ Тут, у адным утульным месцейку, пад дубам, на высокім беразе Старыцы, і размяшчаўся рыбацкі стан брыгады — стаяў вялікі, увесь закопчаны дымам драўляны будынак. Краўчанка. Каля Рудні ў час вайны Стан быў: партызанскі. Гілевіч. // Адведзенае для каго‑, чаго‑н. месца. У поўдзень на стан карову даіць ходзіць пляменніца Аксіння. Лупсякоў.

2. ‑у. Войска, адзін з ваюючых бакоў. [Англійскую разведку] цікавіла не толькі тое, што робіцца ў стане немцаў, але і ўсё, што вядома пра беларускіх партызан, пра падполле ў горадзе. Новікаў. // перан. Пра грамадскія аб’яднанні, групы. Грунту для кампрамісу .. паміж двума варожымі сталамі няма. Навуменка. Не прайшло і чвэрці гадзіны, як па ўсёй вёсцы толькі і было гутаркі, што пра свята, пры гэтым ясна адзначыліся два станы: святочны і будны. Колас. [У]вачавідкі гутарка падзяліла людзей на два станы, нязгодныя між сабою. Гартны. // перан. Разм. Кампанія, зборышча каго‑н. Затое паблізу і таксама амаль да раніцы можна было пачуць задорныя і свежыя галасы мужчынскага стану. Васілевіч.

3. ‑у. Разм. Саслоўе, сацыяльны слой. Гудзеў трыумфам стан паноў, Зямля віватамі дрыжала. Лойка. Абіраўся магістрат з вышэйшых станаў, у вузкім коле, «са сваімі прыяцелямі». Шынклер.

4. ‑а. У царскай Расіі — павятовае адміністрацыйна-паліцэйскае падраздзяленне. Трэба нам школы па вёсках прыдбаць. Роўнай дарогі, ботаў на ногі, Мультану жонцы на лепшы каптан; Жыць смела ў хатцы і не баяцца, Каб не ганялі ў воласць, у стан. Купала.

стан 3, ‑а, м.

1. Машына ці сістэма машын для апрацоўкі метаду ціскам, для атрымання буйных металічных вырабаў. Пракатны стан.

2. Прыстасаванне, збудаванне (звычайна драўлянае) для якіх‑н. работ.

3. Поўны камплект, набор чаго‑н. Мышасты Конь прывёз Да кузні новы воз, каб акавалі стан калёсны. Корбан.

стан 4, ‑у, м.

1. Становішча, у якім хто‑, што‑н. знаходзіцца. Эканамічны стан краіны. Стан народнай асветы. Маральны стан байцоў. □ У сваім натуральным, першабытным, некранутым стане прырода Палесся з яе дзікім жывёльным, птушыным і раслінным светам будзе захоўвацца ў запаведніках і шматлікіх заказніках. В. Вольскі. // Фізічнае самаадчуванне. [Шэркас] толькі месяц паслужыў і прыйшоў дадому па стану здароўя. Кулакоўскі. Камлюк у нецвярозым стане вёў машыну. М. Ткачоў. // Душэўны настрой. [Сцяпан] пачаў у галаве складаць гэтае пісьмо, падбіраць такія словы і выразы, якія б дакладна адлюстравалі яго душэўны стан, яго радасць. Шамякін. Арына ўздрыгнула: даўно яна не бачыла старога ў такім узрушаным стане. Кавалёў.

2. Від, характар размяшчэння, узаемадзеяння і руху часцінак рэчыва. Аморфны стан. □ [Ігнась:] — Вада бывае ў трох станах. Звычайная вада рэк, азёр і іншых вадаёмаў заўсёды бывае ў вадкім стане. Чарнышэвіч.

3. Грамадскае або сямейнае становішча. Органы запісу грамадзянскага стану.

•••

Акты грамадзянскага стану гл. акт.

Крытычны стан рэчыва — стан рэчыва, пры якім знікае розніца паміж вадкасцю і яе насычанай парай.

стан 5, ‑у, м.

Катэгорыя дзеяслова, якая вырашае розныя адносіны паміж суб’ектам і аб’ектам дзеяння.

•••

Залежны стан дзеяслова — стан дзеяслова, які абазначае, што суб’ект з’яўляецца аб’ектам чужога дзеяння.

Незалежны стан дзеяслова — стан дзеяслова, які абазначае дзеянне, што актыўна накіравана на прамы аб’ект, назва якога стаіць у вінавальным склоне без прыназоўніка, і цалкам ахоплівае гэты аб’ект.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

трыма́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

1. Узяўшы ў рукі (зубы, рот і пад.), не даваць выпасці. Трымаць лыжку. Каршун трымаў у дзюбе кураня. □ Настаўніца трымала ў руцэ бліскучы цыркуль. Даніленка. Ён кол маланкаю хапае: — Тхор! тхор! Дзяржы яго! — галосіць, Гарачка дзядзьку так і носіць, Бяжыць, тхара ён даганяе, Напагатове кол трымае. Колас. // Браць, атрымліваць што‑н. — Быў Хвядос у нас у атрадзе, дык ён яму [бандыту] вінтоўку ў зубы, трымай, кажа. Галавач. // Мець сілы, магчы рабіць што‑н. [Сымон:] — Дні ўжо мае мін[у]лі. Рукі не так ужо моцна Вёслы трымаюць. Танк. А ўсе, хто мог трымаць у руках рыдлёўку, ад цямна да цямна працавалі на балоце. Паслядовіч. // Умець карыстацца якім‑н. інструментам, прыладай і пад. Васіль таксама ездзіў з маткаю, прывучаўся трымаць плуг, праганяць разору. Кулакоўскі. // Схапіўшы за што‑н., не адпускаць ад сябе або перашкаджаць руху. Воддаль слуга трымаў за павады пару асядланых коней. Крапіва. // Абняўшы рукамі, утрымліваць каго‑, што‑н. Трымаць дзіця на руках. □ Бо гэта вельмі цяжка — трымаць у абдымках маці, гаварыць ёй пяшчотныя словы, што бярог доўгія гады, і бачыць, што яна іх не чуе. Мехаў.

2. перан. Захоўваць за сабою; утрымліваць у сябе. За добрую работу калектыў .. трымае пераходны Чырвоны сцяг. «Маладосць». Так, нялёгка трымаць званне першага футбаліста ў вёсцы! Гамолка. // Захоўваць некаторы час. Іх [сосен] цёмна-зялёны кажух яшчэ трымае ўчарашняе нагрэтае сонцам паветра. Федасеенка. Пра Хмару нават гутаркі няма, яе слядоў я [Вецер] не пакіну ў небе. А Сонца жар не здолее трымаць, я прахалоду дам людзям і глебе. Дубоўка. // Утрымліваць, абараняць што‑н. ад непрыяцеля. Кустамі, пералескамі прабіралася Настачка да лініі абароны, якую мужна трымалі партызаны. Кавалёў. // Утрымліваць у асадным становішчы. Трымаць ворага ў асадзе. // Стрымліваць, спыняць каго‑, што‑н. Дамба трымае ваду. □ Няспынна, цеснаю сцяною Мяцежнікі ідуць да гор; Шахцёры мужнасцю адною Трымаюць іх круты напор. Глебка.

3. Прымушаць знаходзіцца, пакідаць дзе‑н. супраць волі, не выпускаць. Трымаць пад арыштам. Трымаць у палоне. Трымаць у турме. □ [Салдат:] — Было страшна, калі білі, калі ў пакаранне па цэлых сутках трымалі без яды, калі саджалі ў карцэр — сыры цёмны склеп, дзе вяліся пацукі і кажаны. Васілевіч.

4. Мець у сябе, у сваёй уладзе; кіраваць кім‑, чым. Трымаць у руках дзяржаўную ўладу. □ Трымаюць людзі катоў не так за іх работу, як з ласкі: жывому ж недзе жыць трэба. Калюга. [Паасобныя галасы:] — Тут трэба так, як па статуту належыць, а ты сабе хоць і карову трымай. Скрыган. // Мець у сябе ў якасці работніка. [Бабрук:] — Парабкаў, кажа, ды наймічак трымаў. Час быў такі, не я адзін трымаў. Брыль.

5. перан. Мець у духоўным падпарадкаванні. [Сцёпка:] — Бог, рай, той свет — усё гэта выдумкі, каб трымаць народ у страху і паслушэнстве. Колас. // Мець пад наглядам, пад прыцэлам. Сам прыстаў трымаў .. [Адася Гушку] перад сабою нешта гадзін са тры, а пасля пусціў, загадаўшы сваім людзям не спускаць яго залішне з вока. Чорны. // Разм. Абыходзіцца з кім‑н., адносіцца да каго‑н. нейкім чынам. [Гаспадыня:] — [Трахім] мне што казаў? Тое ж самае: трымай Гараньку ў строгасці. Савіцкі. // Мець пастаянна пры сабе (у якасці паклонніка, сімпатыі і пад.). [Анна Паўлаўна:] Нашто табе наогул трымаць яе [Зёлкіну] каля сябе? [Гарлахвацкі:] Як жа каля сябе? Проста яна працуе ва ўстанове, як і ўсе. Крапіва.

6. Надаўшы чаму‑н. якое‑н. становішча, захоўваць яго на некаторы час. Трымаць дзверы адчыненымі. // Падтрымліваць, захоўваць у якім‑н. становішчы, парадку. Трымаць кватэру ў чысціні. □ Гаспадарлівыя рукі, у меру патрэбы, давалі сценам рамонт і трымалі іх у ашчадзе ад вільгаці. Чорны. // Падтрымліваць, прытрымлівацца, выконваць. Трымай нагу ў паходны такт. Гарніст, іграй, звіні! Броўка.

7. Быць, служыць апорай чаму‑н.; падтрымліваць. Страху трымаюць кроквы і латы. □ Намеснікавы ногі, відаць, трымалі свайго гаспадара не дужа надзейна, бо ён абедзвюма рукамі ўхапіўся за лаўкі. Навуменка.

8. Аддаваць куды‑н. на які‑н. час; захоўваць дзе‑н. Трымаць грошы ў ашчаднай касе. Трымаць сшыткі ў шафе. // Мець пры сабе. [Скіба:] Дакументаў я вам не пакажу, бо пры сабе іх не трымаю. Крапіва. Недарэмна ён [камуніст] дбае, працуе як след, Каля сэрца трымае партыйны білет. Куляшоў. // Пакідаць што‑н. у сябе, не аддаваць. Тварыцкі трымаў у сябе ўкрадзеныя ў банку дзяржаўныя грошы. Чорны.

9. Забяспечваць сродкамі на жыццё. З жалем зірнуў Андрэй на маці і зразумеў, што яна больш не работніца. Ён павінен замяніць яе, каб трымаць сям’ю, а думаць пра вышэйшую адукацыю няма чаго... Чарнышэвіч. Праца чалавека трымае і ўзбагачае, а гультайства псуе. Прыказка. // Мець у рэзерве што‑н. Трымаць канцэнтраваны фураж на пасяўную. // Мець на продаж або для іншага выкарыстання. Трымаць качак і курэй. // Уст. Мець якое‑н. прадпрыемства. [Юрый:] — Мой бацька паравы млын трымаў, быў першым чалавекам на ўсё сяло. Навуменка. [Савулеску:] — Я і Андрыяна пераехалі ў Канстанцу. Там Андрыяніна цётка карчму трымала. Хомчанка.

10. Разм. Здаваць каму‑н. за плату памяшканне. [Старая:] — А .. [падчарыца з мужам] сабе, як панкі, — усё па курортах ездзяць. Дзіва: гэтулькі кватарантаў трымаюць, а ён, яшчэ ў нейкай канторы за начальніка. Вышынскі.

11. Разм. Рухацца ў якім‑н. напрамку. На Варшаву шлях трымалі. Бядуля. Пазняку спадабаўся такі рэцэпт, і ён амаль кожны дзень, скончыўшы службовыя справы, садзіўся на веласіпед і трымаў кірунак за горад, у лес. Дуброўскі. — Трымай, Бажэнка, правым бокам, На ворага ў абход! Броўка.

12. Мець кантакты з кім‑, чым‑н. Загадчыца бібліятэкі Аляксандра Панцюхова трымае цесную сувязь з мясцовай школай. «ЛіМ».

13. перан. Наводзіць сябе адпаведным чынам. Умець трымаць сябе сярод людзей.

14. перан. Не выпускаць з памяці, з думак; не забываць пра каго‑, што‑н. Трымаць у памяці наказ сяброў.

15. Утрымліваць, трымацца (пра мароз і пад.). Лёд трашчыць, але трымае. □ Раніцамі трымаў марозік, днём свяціла сонца. Чарнышэвіч.

16. У спалучэнні з некаторымі назоўнікамі азначае: ажыццяўляць, выконваць, здзяйсняць тое, аб чым гаворыць назоўнік. Трымаць экзамен. Трымаць ініцыятыву. Трымаць адказ.

•••

Ногі не трымаюць гл. нага.

Так трымаць! — а) каманда рулявому трымаць курс; б) працягваць работу, як і пачалі.

Трымаць банк — паставіўшы грошы на кон, весці гульню супраць партнёраў.

Трымаць вуха востра — не быць вельмі даверлівым, быць асцярожным, пільным.

Трымаць вуха трубкай — пільна прыслухоўвацца да чаго‑н., сачыць за чым‑н., каб не наклікаць бяды на сябе.

Трымаць высока сцяг — з годнасцю прадаўжаць і развіваць што‑н.

Трымаць галаву высока — паводзіць сябе горда, з пачуццём уласнай годнасці.

Трымаць за язык — не дазваляць гаварыць каму‑н.

Трымаць камень за пазухай — тое, што і насіць камень за пазухай (гл. насіць).

Трымаць курс (кірунак) — рухацца ў пэўным напрамку.

Трымаць лейцы ў руках — мець у сваіх руках уладу, кіраўніцтва.

Трымаць (вытрымліваць) марку — падтрымліваць сваю рэпутацыю, годнасць.

Трымаць на аброці — трымаць у пэўных рамках, у паслушэнстве. [Лукавіцын] умеў трымаць сэрца сваё на аброці, прыкрываючы яго .. панцырам практычнага розуму ад небяспечных стрэл амура. Крапіва.

Трымаць на адлегласці — пазбягаць блізкіх адносін, сувязей з кім‑н.

Трымаць на ланцугу; трымаць на прывязі каго — не даваць каму‑н. свабоды ў дзеяннях, учынках і пад.

Трымаць на мушцы — пазіраць, сачыць за кім‑, чым‑н.

Трымаць нос па ветры — прыстасоўвацца да абставін, беспрынцыпова мяняць свае паводзіны, свае погляды.

Трымаць пад замком каго-што — а) не выпускаць з памяшкання (арыштаванага, злачынца і пад.); б) не даваць карыстацца чым‑н.

Трымаць пад сваім крылом каго-што — апекаваць каго‑, што‑н., заступацца за каго‑, што‑н.

Трымаць пад сукном — не даваць ходу чаму‑н.; неаператыўна вырашаць якую‑н. справу.

Трымаць порах сухім — быць заўсёды гатовым да абароны.

Трымаць пры сабе (думкі, погляды) — не выказваць уголас, публічна.

Трымаць рукі па швах — слухаць і не пярэчыць.

Трымаць руку каго, чыю — заступацца за каго‑н., быць на чыім‑н. баку, адстойваць думку каго‑н. Па судзе я буду трымаць тваю руку. Скрыган.

Трымаць слова — выконваць абяцанне.

Трымаць сябе ў руках — стрымліваць свае пачуцці, падпарадкоўваць іх сваёй волі, валодаць сабой, захоўваць вытрымку.

Трымаць у галаве (у думках, у памяці, наўме) — пастаянна думаць, помніць пра каго‑, што‑н.

Трымаць у кулаку — а) трымаць у поўным падпарадкаванні. Валя таксама засмяялася: вельмі ж непадобна было, што такога чалавека, як Пятро Аляксеевіч, трэба трымаць у кулаку. Шамякін; б) сабраць разам каго‑, што‑н. Было нешта і станоўчае ў тым, што Гаруноў усё [справы, людзей] трымаў у сваім кулаку. Дуброўскі.

Трымаць у полі зроку — наглядаць за кім‑, чым‑н., не спускаць з вачэй каго‑н.

Трымаць у сабе — не выказваць, стрымліваць свае пачуцці.

Трымаць у сакрэце — не выдаваць таго, што павінна захоўвацца ўпотай.

Трымаць у сваіх руках — мець у сваім падпарадкаванні каго‑н., не даваць волі каму‑н.

Трымаць у струне — не распускаць, трымаць вельмі строга. Антон трымаў унука ў струне. Вітка.

Трымаць у шорах — прымушаць паводзіць каго‑н. пэўным чынам; абмяжоўваць свабоду дзеянняў каго‑н.

Трымаць у чорным целе — сурова, строга абыходзіцца з кім‑н.

Трымаць фасон — а) прытрымлівацца адпаведных норм паводзін; б) трымацца з шыкам; фарсіць.

Трымаць язык за зубамі — маўчаць, не гаварыць лішняга, быць асцярожным у выказваннях.

Трымаць язык на прывязі — маўчаць, не гаварыць лішняга.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стая́ць, стаю́, стаі́ш, стаі́ць; стаі́м, стаіце́; заг. стой; дзеепрысл. сто́ячы; незак.

1. Знаходзіцца на нагах у вертыкальным становішчы, не рухаючыся з месца (пра чалавека, жывёлу). Стаяць пад дрэвам. □ Ля саней, захутаная ў вялізную хустку, стаяла дзяўчына. Асіпенка. [Міхалка] не мог спаць: стаяў пры акне ўпоцемку і глядзеў праз шыбу ў зорнае неба. Чорны. / З азначальнымі словамі, якія падкрэсліваюць асаблівасці такога становішча. Стаяць бокам. Стаяць навыцяжку. □ Стаяць у .. [шалашыку] .. [дзед] мог толькі сагнуўшыся. Чарнышэвіч. / Са словамі, якія ўказваюць на частку цела, што з’яўляецца апорай пры такім становішчы. Ля дарогі на каленях стаялі бабы, ірвалі грэчку, стаўлялі ў кучкі. Адамчык. Выскачыў [стралец] на палянку, а там стаіць на задніх лапах вялізны, як вол, мядзведзь. Якімовіч. // Апынуўшыся перад кім‑, чым‑н., знаходзіцца ў пэўным стане, становішчы. І стаіць яна [Бандароўна] прад панам, Як калінка тая, Што ў лузе, над ракою, Вецер пахіляе. Купала. / у перан. ужыв. Беларускі народ стаяў напярэдадні вялікіх спраў грамадскага і культурнага значэння. Мядзёлка. // Быць пастаўленым у вертыкальным становішчы (пра прадметы). Кветкі стаяць у вазе. Лесвіца стаіць каля сцяны. / Пра мэблю, некаторыя прадметы хатняга абсталявання. Густа стаялі паўз сцены столікі, шафачкі. Чорны. // Быць ускалмачаным, узнімацца старчма (пра валасы, шэрсць). Поўсць збоку, дзе сочыцца кроў, мокрая; зверху на хібе ўжо высахла і стаіць. Пташнікаў.

2. Выконваць якую‑н. работу, займацца якой‑н. справай, звязанай са знаходжаннем на нагах. Між гор зялёных ці ў пустыні дзікай Стаіш ты, воін, сёння на пасту. Прыходзька. Усё сваё жыццё .. [Лявон] ухітраўся цяжка не падняць і моцна не ўдарыць. То стаяў ля прылаўка ў ларку «Заготжыўсыравіны», то працаваў нарыхтоўшчыкам сельпо. Корбан. // Займаць месца ў чарзе за чым‑н. Стаяць за кнігай.

3. Быць нерухомым, не рухацца з месца (пра чалавека, жывёлу). Жанчыны адступілі далей ад воза і нерухома стаялі суцэльнай сцяной. Шамякін. / Пра транспартныя сродкі, пра транспарт у час прыпынкаў або на стаянцы. Якраз і параход стаяў на Дняпры. Лынькоў. / Пра хмары, свяцілы і пад. На поўдні па-ранейшаму нерухома стаяла хмара. Гамолка. // Не цячы, не струменіцца (пра ваду, вадкасць). У барознах стаіць вада. □ Возера стаіць, не зварухнецца. Барадулін. // Не разыходзіцца, запаўняючы якую‑н. прастору (пра дым, пыл, пару і пад.). У паветры стаяў сіняваты марозны туман. Чарнышэвіч. Пах рамонку і чабору стаяў над дарогай. Вышынскі. Дым густа стаяў у пакоі, і, хоць вокны былі расчынены насцеж, у Лазавіка ад яго шчыпала вочы. Хомчанка.

4. Не працаваць (пра завод, фабрыку або механізмы і пад.). Цэх стаіць на рамонце. Гадзіннік стаіць. // перан. Не развівацца, не прасоўвацца наперад. Работа стаіць. Жыццё не стаіць на месцы.

5. Быць устаноўленым, умацаваным на чым‑н., на якой‑н. апоры; трымацца, знаходзіцца на чым‑н. Дом стаіць на фундаменце. Мост стаіць на быках. □ На тых жа багнах, дзікіх, сумных, Разлёгся ўшыр тарфяны шчыт. На ім стаяць, бы тыя гумны, Грамады чорных пірамід. Колас. // перан. Разм. Існаваць дзякуючы каму‑, чаму‑н. [Касач:] — Сярод народу жыву. А на народзе свет стаіць. Гурскі. На праўдзе свет стаіць. Прыказка. // Быць адзначаным, надрукаваным і пад. дзе‑н., на чым‑н. Пісьмо падпісалі толькі пяць камсамольцаў. У канцы яго стаіць спешная прыпіска: «Падпісванне пісьма спынена. Дадзен сігнал трывогі!». «Звязда». На канверце апошняга ліста стаяла прыпіска «тэрмінова». Лынькоў. / Пра адзнакі за паспяховасць. Па матэматыцы стаіць пяць. // Значыцца, быць (у спісе, у якім‑н. пераліку). На парадку дня стаіць два пытанні. Пад пратаколам стаіць подпіс.

6. Мець часовае месцазнаходжанне, размяшчацца дзе‑н. (на адпачынку, пастоі, стаянцы). У вёсцы Дудкі .. стаяў .. вялікі нямецкі гарнізон. Брыль. // Часова здымаць у каго‑н. кватэру, пакой. [Андрэй:] — Прыехалі — дык прыехалі. Шукайце — што хочаце. Стаяць можна і ў мяне. Другая хата пустая. Пташнікаў. Галаўнёў і Амельчанка стаялі на кватэры нават удвух. Дудо.

7. Займаць баявую пазіцыю, размяшчацца на якім‑н. участку мясцовасці для вядзення баявых аперацый. [Вера:] — Фронт тады зусім блізка ад нас стаяў. Кулакоўскі.

8. Мужна і стойка трымацца ў баі, не адступаць, вытрымліваць націск. Масква стаіць. Маскву .. [фашыстам] ніколі не ўзяць. Шамякін. Ён чэсна стаяў, да канца: Кулямётная лента... пустая, Апошняй была ў байца. Куляшоў. [Раіна:] — Па вопратцы прабітай пазнаю, Што ён [Янук] не раз пад кулямі стаяў, Што ён не раз выходзіў з-пад агню. Танк. Хлопец, абняўшы любу дзяўчыну, На барыкадах смела стаіць. Цётка. // перан. Цвёрда прытрымлівацца якой‑н. думкі, погляду, быць перакананым у чым‑н. — Цяпер павінны вучыцца ўсе! — стаіць на сваім Ганька. Васілевіч. Гогаль стаіць за тое, каб і ў літаратуры, і ў тэатры падзеі адлюстроўваліся праўдзіва, бо яны павінны ўзрушаць душы людзей, хваляваць іх сэрцы. «Полымя». Пад сцягам Ленінскім, вячыстым Ішлі за шчасце камуністы, І кожны з мужнасцю байца Стаяў за праўду да канца. Бялевіч.

9. перан. Абараняць, адстойваць чые‑н. інтарэсы, змагацца, выступаць на баку каго‑, чаго‑н. Стаяць за народ. □ — Мы стаім за мірны лёс планеты. Прыходзька. І хоць быў .. [Тарусевіч] панскі сын, аднекуль з Мінскай губерні, але добра стаяў за рабочых... Гарэцкі. [Максім Багдановіч] стаяў за глыбокую ідэйнасць і яркую вобразную форму. Майхровіч. // Мець апору ў кім‑, чым‑н. — За мной стаіць мой народ, — з падкрэсленым пафасам вымавіў Цярэшка, каб спыніць фамільярны князеў тон. Мікуліч. За мной стаіць вялікая Радзіма ўся мая. Панчанка.

10. Знаходзіцца, размяшчацца дзе‑н. Школа стаяла на водшыбе ад вёскі, на ўзгорку. Брыль. Абапал грэблі стаялі свежыя стагі. Бядуля. У задуменні лес яловы На ціхім беразе стаіць. Матэвушаў.

11. Існаваць, быць на свеце. [Сілівон:] — Зямля наша як стаяла, так і стаіць, усім нашым злоснікам на згубу. Лынькоў. А стары дом стаяў і стаяў, пра яго быццам забыліся. Арабей. // Захоўвацца, застаючыся нязменным, не трацячы сваіх якасцей. Варэнне можа стаяць доўга. □ Смольная хвоя — вельмі моцнае і даўгавечнае дрэва. Сцены з яе стаяць доўга. Чорны.

12. Мець патрэбу ў разглядзе, вырашэнні, пераадоленні. Вялікія і ганаровыя задачы стаяць перад дэпутатамі мясцовых Саветаў. «Звязда». Канец вайне! Другія рубяжы Цяпер стаяць перад ім, перад Юхімам! З. Астапенка.

13. Трымацца, панаваць, быць (пра стан чаго‑н.). Стаіць цішыня. □ Некалькі хвілін у хаце стаяла маўчанне. Васілевіч. Гэтая хатка заўсёды была паўнютка людзей. Там стаяў такі шум, крык і гоман, што аж глушыла. Колас. / Пра надвор’е. Стаіць пагода, Аж смагне, ныючы, асірацелы куст. Крапіва. Гэта было зімою, ужо больш позняю парою як цяпер: на дварэ стаяў мароз і дзьмуў халодны, калючы вецер. Кулакоўскі. / Пра час сутак, поры года. Стаяла глыбокая ноч, яшчэ не пайшлі па вуліцах машыны, у доме насупраць свяцілася толькі адно акно. Арабей. Стаяла акурат тая пара восені, калі пачырванелы асіннік у лесе, яшчэ не згубіўшы ніводнага лісточка, трывожна ўжо шапоча пра заканчэнне лета, а над асірацелымі лугамі знікае духмянасць пасохлых траў. Краўчанка. // Адчуваць (шум, звон, стукат і пад. у галаве, вушах). У галаве стаяў нудны, працяглы звон. Гамолка. У вушах стаяў жалезны стукат вагонных колаў. «ЛіМ». // Быць бачным, прыкметным на твары, у вачах і пад. (пра які‑н. выраз, ухмылку і пад.). У Міхея Вячэры нават слёзы стаялі ў вачах. Шамякін.

14. Пастаянна быць у памяці, перад вачамі (пра якія‑н. думкі, уяўленні і пад.). У думках кожнага стаяў вобраз загінуўшага таварыша. Машара. З той пары Адна думка Стаіць у маёй галаве. З той пары і навек Застануся з той думкай у згодзе. Свірка.

15. Трымацца на якім‑н. узроўні, займаць якое‑н. становішча. Вада стаіць высока. Стрэлкі гадзінніка стаяць на сямі. / Пра нябесныя свяцілы. Зорка стаяла на тым жа месцы і, здавалася, яшчэ больш мільгала. Кулакоўскі. Быў ужо адвячорак. Сонца стаяла нізка. У паветры пасвяжэла. Якімовіч. // Выкарыстоўваецца ў саставе выказніка ў значэнні: быць якім‑н., знаходзіцца ў якім‑н. стане. Трава ўжо стаяла высокая — сама касіць, а краскі на лузе адцеіталі. Навуменка. Гаспадар дакументаў стаіць пахмурны і маўчыць. Кавалёў. Гвардыян стаяў аслупянелы, разявіўшы рот ад здзіўлення. Зарэцкі.

16. У прыназоўнікавых спалучэннях з некаторымі назоўнікамі ўжываецца ў значэнні: займаць тое або іншае становішча ў грамадстве, мець грамадскую значнасць (сярод каго‑, чаго‑н. або ў адносінах да каго‑, чаго‑н.). Стаяць у цэнтры ўвагі. □ І сам ён [Пшэбора] строгі і няўмольны, Бо сілу мае ўжо не ён. І ў тых учынках сам нявольны, Бо над усім стаіць закон. Колас. // перан. Быць на якой‑н. ступені ў інтэлектуальных адносінах. Сённяшняя моладзь стаіць значна вышэй як па сваёй адукацыі, так і па агульнаму .. культурнаму развіццю. «Маладосць».

17. заг. сто́й(це)! Каманда спыніцца, перастаць рухацца. Тут жа пачуўся голас самога камандзіра: — Стойце! Свае! Шамякін. Пачулася рэзкая каманда: — Гвардыя, стой! Забяспечыць прывал! Лынькоў. // перан. Разм. Патрабаванне перастаць гаварыць, дзейнічаць і пад.

•••

Адной нагой у магіле стаяць — дажываць сваё жыццё, быць блізкім да смерці (пра старога або вельмі хворага чалавека).

Да апошняга стаяць — змагацца, спрачацца да канца, пакуль стае сілы.

Далёка стаяць — пра тое, што горшай якасці, другараднае, не ідзе ў параўнанне з кім‑, чым‑н.

Калом стаяць — быць лубяным, гаматным (пра матэрыял, тканіну, а таксама адзенне).

Крукам стаяць (вісець) над кім-чым — увесь час пазіраць за кім‑, чым‑н., пільна аберагаць каго‑, што‑н.; назаляць назіраннем, абераганнем.

На чым свет стаіць гл. свет.

Не стаяць за цану — не лічыцца з цаной, коштам, з высокай аплатай чаго‑н., Не таргавацца.

Свет стаіць на кім-чым гл. свет.

Стаяць ва ўладзе (на чале ўлады) — мець уладу, кіраваць дзяржавай, узначальваць.

Стаяць гарой за каго-што — заступацца за каго‑н., абараняць каго‑, што‑н. усімі магчымымі сродкамі.

Стаяць за спінай чыёй, у каго — тайна аказваць каму‑н. падтрымку, накіроўваць чыю‑н. дзейнасць.

Стаяць калом (косткай) у горле — не даваць спакою, перашкаджаць жыць.

Стаяць на чыім баку — быць адной думкі з кім‑н., падтрымліваць каго‑н. у чым‑н.

Стаяць на варце — тое, што і быць на варце (гл. быць).

Стаяць на вачах — засланяць, загароджваць святло; перашкаджаць бачыць што‑н.

Стаяць навыцяжку — а) прымаць позу як па камандзе «смірна»; б) пакорліва падначальвацца каму‑н.

Стаяць на дарозе чыёй, у каго (на шляху чыім, у каго); стаяць папярок дарогі каму — тое, што і стаць на дарозе чыёй, у каго; стаць папярок дарогі каму (гл. стаць).

Стаяць над душой чыёй, у каго (над каркам чыім, у каго) — надаядаць сваёй прысутнасцю, надакучаць, назаляць.

Стаяць на задніх лапках — тое, што і хадзіць на задніх лапках (гл. хадзіць).

Стаяць на месцы — не развівацца, не рухацца наперад.

Стаяць на (сваіх, уласных) нагах — быць самастойным, не мець патрэбы ў падтрымцы, дапамозе.

Стаяць на сваім — упарта, настойліва адстойваць свой погляд, сваю думку.

Стаяць на цвёрдай глебе — мець трывалую аснову для сваіх планаў, спраў і пад.

Стаяць пад вянцом — вянчацца.

Стаяць папярок горла — вельмі замінаць каму‑н. у чым‑н.

Стаяць перад вачамі (у вачах, уваччу) — узнікаць, з’яўляцца ў зрокавым уяўленні.

Стаяць слупам (як слуп) — знаходзіцца ў здранцвенні ад нечаканасці; назаляць нерухомасцю (звычайна з няўцямным, бяздумным выглядам).

Стаяць у баку ад чаго — тое, што і быць у баку ад чаго (гл. быць).

Стаяць у вушах (увушшу) — пра захаванне моцнага слыхавога ўражання.

Стаяць (сядзець) як пень — быць нерухомым; бяздзейнічаць; нічога не разумець.

Хоць стой, хоць падай — ужываецца як рэагаванне ў становішчы збянтэжанасці, а таксама ў сітуацыі, калі невядома, як рэагаваць.

Як стой (як стаіць) — а) вельмі хутка; адразу; б) без нічога, без рэчаў, маёмасці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)