прыста́ць, ‑стану, ‑станеш, ‑стане; заг. прыстань; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Шчыльна прылягаючы, прымацавацца, прыліпнуць. Да мокрых кашуль дзяцей прыстала многа пяску. Бядуля. Да аднае былінкі прыстала белае пёрка. Гарбук. Холад апёк руку, яна аж прыстала да празрыстага ледзячка. Чарнышэвіч. // Шчыльна прылегчы. Дзверы добра прысталі да вушакоў. // перан. Замацавацца за кім‑н. (пра клічку, мянушку). Калі ён прыехаў на будоўлю, нехта мянушку яму прыдумаў: жырафа, але мянушка не прыстала. Гроднеў.

2. Разм. Перадацца; прычапіцца (пра якое‑н. пачуццё, хваробу і пад.). Занядужаў хлопец, а што за хвароба да яго прыстала — розуму не дабраць. «Беларусь». — Табе што, стаіш, як дуда, на стрэлцы, да цябе і ніякая трасца не прыстане... Лынькоў.

3. Далучыцца, прымкнуць да каго‑н. І неяк так атрымалася, што да Люсі і Гошкі прыстаў у кампанію маленькі плячысты татарын Ахметка і дзяўчынка Валя. Даніленка. — Мы гэта, — сказаў за ім следам Радзівон Бабака, — прыйшлі з ім (глянуў на Стальмаховіча) запытаць у вас, як гэта трэба рабіць, каб да вас прыстаць у гурт, ці гэта заяву трэба пісаць, ці гэта як? Чорны. // Застацца дзе‑н. з якой‑н. мэтай. Маці раіла вайскоўцу: — Прыстаў бы ты, чалавеча, дзе ў вёсцы, перачакаў бы ліхалецце. Асіпенка. — Во хіба знайду якую ціхую вёску ды прыстану да якой ўдавы ці салдаткі. Лупсякоў.

4. Разм. Звярнуццца да каго‑н. з неадчэпнай, надакучлівай просьбай, размовай; назойліва прасіць аб чым‑н. Я перш адказваўся, але.. [Васіль Бераг] так прыстаў, што нельга было адгаварыцца, і я мусіў зайсці з ім к Піню. Гартны. [Касперскі:] Дык парайце, як лепей зрабіць. Жонка прыстала — завязі. Гурскі.

5. Спыніцца, прычаліць, падышоўшы да берага, прыстані і пад. Лодка прыстала да берага. Гаспадар яе цвёрда ступіў на жоўты пясок. Алешка. Калі лодка прыстала да апусцелага берага, каля сетак, развешаных на дручках, не пахаджалі ўжо нават і кантралёры-каты. Брыль.

6. Стаміцца, змагчыся. Падбілася і прыстала Клава, пакалола босыя ножкі, пачала адставаць. Шамякін. Зусім прыстаў дзед Астап, падгіналіся [калені] ад доўгай дарогі. Лынькоў. Конь увесь блішчаў — быў мокры ад поту: прыстаў. Пташнікаў.

7. Разм. Спыніцца на некаторы час; прыпыніцца. Міхал падыдзе і прыстане, І лаву жыцейка агляне. Колас. Можа, трапіш ты ў нашы Аколіцы Нарачы, Мястра, — Не мінай хат рыбацкіх, І ля гатаўскіх сосен высокіх Прыстань адпачыць. Танк.

8. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Разм. Пакінуць след, адбіцца. Гады быццам да яго не прысталі. □ — Будуць лаяць, і не толькі, мусіць, цябе адну, будуць усім нам кідаць абразы, а хіба гэта прыстане? Галавач.

•••

Прыстаць (прыбіцца) да берагазамацавацца на пэўным месцы на доўгі час, заняць пэўнае месца ў грамадстве.

Прыстаць з нажом да горла — неадчэпна, настойліва дамагацца свайго.

Прыстаць (пайсці) у прымы — стаць прымаком.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зачапі́цца, ‑чаплюся, ‑чэпішся, ‑чапіцца; зак.

1. чым, за што. Закрануўшы што‑н., страціць магчымасць рухацца. Зачапіўся воз за камень, што ляжаў пры дарозе, вось зламалася. Якімовіч. Міхаська ад страху кінуўся бегчы, зачапіўся за нейкі корань і расцягнуўся на зямлі. Сіняўскі. // Павіснуць на чым‑н., застацца дзе‑н. Страшны чалавек аказаўся даволі ёмкаю плашкаю.., а яго рука — кавалкам рызмана, што нейкім спосабам зачапіўся за вішнёвую галінку і матляўся на ветры. Колас. Шурпаты язык у Амелькі, ды словы на ім, што ваўчкі пры дарозе, — зачэпяцца, не скінеш. Лынькоў. // Разм. Ухапіцца, учапіцца. За Цімоха Будзіка ўхапіўся .. [Саўка] цяпер, як хапаецца за купіну сярод дрыгвы чалавек, страціўшы пад нагамі грунт, каб зачапіцца за яе рукамі і не апусціцца з галавою ў цёмнае прадонне багны. Колас. // перан. Замацавацца, асесці дзе‑н. [Туркевіч] раіў мне ісці настаўнікам у беларускую школу на вёсцы або наогул як-небудзь зачапіцца на вёсцы, бо ў горадзе жыць — пагібель. Гарэцкі. — Пераплылі мы .. [рачулку] дзвюма ротамі хто на чым, зачапіліся на беразе. Корбан.

2. Разм. Узяцца на кручок (пра рыбіну). Лешч зачапіўся.

3. перан. Палічыць што‑н. за повад, прычыну для чаго‑н.; прыдрацца. Шмат у каго гарэла вока на гэтае пыльнае месца [млынара], але не было за што зачапіцца, каб зняць чалавека і паставіць другога. Сабаленка. // Пачаць (справу і пад.). — Добра, што хоць каробка ўцалела, ёсць за што зачапіцца, — падумаў сам сабе Азаркевіч і ўздыхнуў. Гурскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

усталява́цца, ‑лююся, ‑люешся, ‑люецца; зак.

1. Надзейна ўстанавіцца, умацавацца. Міналі гады... У нас усталявалася Савецкая ўлада. Астрэйка. Палкавы камітэт разагнаў эсэраў і бундаўцаў і памог бальшавіцкай меншасці ўсталявацца ў пасялковым Савеце. Чыгрынаў. // Перастаць змяняцца, зрабіцца ўстойлівым. Зіма ўсталявалася ўжо ў лістападзе. □ Пасля непагодлівых дзён з дажджамі і сцюдзёнымі вятрамі нарэшце ўсталявалася ціхае яснае надвор’е. Шчарбатаў. / у перан. ужыв. А ў нас усталяваўся цудоўны пах перасушанага сена: відаць, ад таго раскошнага сенніка, на якім спіць маці. Каршукоў. // Стаць прыгодным для карыстання (пра дарогу і пад.). Гулі машыны, мчалі з Асіпаўскага ў Грыні і назад. Для іх усталявалася дарога, як цэмент. Пташнікаў.

2. Асесці, уладкавацца дзе‑н. Усталяваўшыся на сталай базе ў лесе, Алег з групай партызан выйшаў на заданне. «Маладосць». [Маці:] — Няхай едзе, усталюецца, напіша, з’ездзіш паглядзіш, а пасля таго — забірай дзяцей і ўсе рэчы. Дубоўка. Мы дамовіліся перапісвацца, калі ўсталюемся на рабоце. Марціновіч.

3. Наладзіцца, замацавацца. Толькі пасля вайны ўзаемаадносіны ў нашай сям’і ўсталявалася, як прыязныя: мачыха, мабыць, ужо не баялася, што я буду прэтэндаваць на нейкую часціну спадчыны. Сабаленка. У літаратурным асяроддзі ўсталявалася думка, што другая кніжка часцей за ўсё бывае слабейшая за першую. Грахоўскі. // Стаць звычаем, традыцыяй. Леанід Ляонцьеў выказаў, бадай, агульную думку ўсіх удзельнікаў семінара: — Каб нам часцей так сустракацца, каб усталявалася гэтая традыцыя — традыцыя творчых сустрэч, творчага адзінства! «Маладосць». // Разм. Устанавіцца, наступіць. Нарэшце гоман сціх. Усталявалася цішыня. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прылі́пнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. прыліп, ‑ла; зак.

1. Моцна прыстаць да чаго‑н. (пра што‑н. ліпкае, клейкае, мокрае або да чаго‑н. ліпкага, клейкага, мокрага і пад.). Кроў неўзабаве закарэла, і разарваныя нагавіцы прыліплі да раны. Чорны. Крушынскі сарваў са стала свой правы локаць, які прыліп да цыраты. Бядуля. // перан. Шчыльна прытуліцца, прыціснуцца да чаго‑н. [Кулямётчык] .. здаваўся адным целам з кулямётам, да таго ён прыліп да яго, зблізіўся з ім. Лынькоў. Пад плотам, у прагным чаканні, прыліп да зямлі худы рабы кот. Савіцкі. Да шыбы прыліп спачатку жаночы твар, пасля ён знік, а з глыбіні пакоя да акна падышоў мужчына. Брыль. // перан. Замацавацца за кім‑н. (пра мянушку, прозвішча). Прыліпла мянушка да .. [Асмалоўскага] — Адвакат. Сіўцоў. Механік быў зусім малы; Мянушка некалі — Малеча — К яму прыліпла горш смалы. Калачынскі.

2. перан. Разм. Адчуць прывязанасць да каго‑, чаго‑н. На шчасце, прыліп да .. [Ігната] добраахвотны памочнік, Вольчын сын, дзевяцігадовы бялявы хлопчык Кастусь. Мележ. У гэтыя першыя трывожныя дні да .. [Домны і Раечкі] неяк прыліп Андрушка Шэмет. Лобан. // Перадацца каму‑н. (пра хваробу, пра што‑н. дрэннае). Ліхая хвароба падсачыла .. [бацьку], прыліпла к нядошламу целу, улезла ў яго нутро. Гартны. Андрэй усміхнуўся, што і да доктара прыліпла слоўца з лагернага жаргону. Грахоўскі. // Прыстаць з распытваннямі, папрокамі, парадамі і пад. — Ну, што ты да яе прыліп? — сказала маці і з дакорам паглядзела на Валодзю. — Вырасце такая, як ты, таксама не будзе баяцца. Васілеўская.

3. перан. Разм. Моцна захапіўшыся, старацца не разлучыцца з чым‑н. [Бацька] прыліп да дачы; калі не трэба на работу, яго немагчыма сілком выпіхнуць у горад: гатовы сядзець на адной цыбулі і грыбах, абы не ехаць лішні раз. Шамякін. Маці .. здзівілася: што з .. [Віцем] сталася? То, бывала, сілаю не прымусіш сесці за кніжкі, а то раптам гэтак прыліп да іх... Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

асе́сці, асяду, асядзеш, асядзе; зак.

1. Знізіцца, ушчыльніўшыся, зляжаўшыся. На дварэ стаяла адліга. Волкі, цеплаваты вецер гнаў па небе шэрыя хмары. Снег за ноч асеў. Асіпенка. Вада падмыла сцяну катлавана, зямля асела і засыпала пляцоўку. Савіцкі. [Сцяпану] ветліва растлумачылі, што дом толькі што пабудаваны і атынкоўваць яго адразу нельга, трэба пачакаць з год, каб аселі сцены. Шамякін.

2. Падаючы, апускаючыся, сесці на дно, прыстаць да чаго‑н. [Геня] стаяў, млеючы ад нецярплівасці, калі асядзе каламута. Якімовіч. На лісце прыдарожных дрэў, на збажыну і траву аселі першыя кроплі расы. Чарнышэвіч. Даўно асеў на лісце дрэў, на зеляніну агародаў пыл, узняты статкам. Пальчэўскі. // Апанаваць, апусціцца, ахінуць з усіх бакоў (пра цішыню, цемень і пад.). Над лугам — ад лесу да самай чыгункі — ізноў асела цішыня. Брыль. Змрок асеў на пагосце. Смагаровіч. // Апусціцца ніжэй. Памалу хмары аселі над кругаглядам. Чарнышэвіч. // перан. Зрабіць уплыў на псіхічны стан, настрой. У момант згінуў яго [Лясніцкага] радасна-ўзняты настрой, асела на сэрцы нешта цяжкае, даўкае. Зарэцкі.

3. Апусціцца на што‑н., сесці ад страты сілы, ад знямогі. Ігнат узрушана абхапіў рукамі галаву і стомлена асеў на ўслон. Мележ.

4. Перастаць лётаць, сесці на што‑н. (пра насякомых, птушак). На дрэве асеў рой. □ Стогнуць за лесам Доўгія балоты — там аселі журавы. Пташнікаў.

5. Перастаць пераязджаць з месца на месца, спыніцца на пастаянна. Кідаўся Тодар з аднаго месца на другое і нідзе грунтоўна асесці не мог. Чарнышэвіч. Сяліліся тут часцей маладажоны — прымакі, механізатары, настаўнікі, якія вырашылі асесці ў вёсцы назаўсёды. Ракітны. Хадзілі чуткі, што кравец недзе асеў жыць на сталым месцы. Чорны. // Знайсці недзе прыпынак на некаторы час ці на пастаянна; не вярнуцца на ранейшае месца пасля працяглых блуканняў. [Авяр’ян:] — Сам знаеш, колькі закалюжанцаў ды грынёўцаў асела па заводах у горадзе за тыя гады. Пташнікаў. // перан. Затрымацца, замацавацца (пра свядомасць, памяць). Радкі з паэмы аселі ў памяці. Савіцкі. «Дадому», — неяк адразу асела ў свядомасці. Кулакоўскі.

6. перан. Пасля ўзбуджэння раптам аціхнуць; спыніць актыўную дзейнасць. Бачачы, што з усіх бакоў пачалі збягацца падзёншчыкі, гаспадар асеў і, брыдка вылаяўшыся, заспяшаўся ў свае пакоі. Бажко. Выслухаўшы Жывіцкага, [Сяргей] раптам змоўк, нейк асеў, нават як бы збянтэжыўся. Чорны.

7. Страціць сілу, паслабець. — Ужо? — асеў у.. [Мані] голас, прагучаў ненатуральна квола. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

учапі́цца, учаплюся, учэпішся, учапіцца; зак.

1. Моцна ўзяцца, ухапіцца за каго‑, што‑н. Дзяўчаты ўчапіліся за барты, каб адкрыць [кузаў], і адразу запішчалі, завохалі. Місько. Маці пакінула мяне, хацела дагнаць.. чалавека, але хутка стамілася, учапілася за агароджу, каб не паваліцца ў снег... Мыслівец.

2. Уплесціся за што‑н., у што‑н. Дзяўчынка радасна загудзела і ўчапілася ручкамі ў маміны валасы. Шамякін. Нарэшце, падкраўшыся з-за куста, Саньку ўдалося ўчапіцца за грыву, і жарабок здаўся. Сяркоў. // перан. Упіцца рукамі ў што‑н. Далінка.. тэатральным жэстам расшпіліў каўнер кашулі, сутаргава ўчапіўся пальцамі ў горла. Асіпенка.

3. Зачапіцца за што‑н. Учапіўся кручок вуды за водарасці. □ [Мікіта:] Вой, вой, вой!.. Стой, стой, абора [за дзверы] ўчапілася! Чарот. // перан. Разм. Замацавацца, умацавацца дзе‑н. На карнізе ў расколіне, парослай зялёным мохам, учапілася карэньчыкамі тоненькая, гнуткая бярозка. Хомчанка. // перан. Разм. Пасяліцца дзе‑н. Перад вачыма роўнае, скрозь аднолькава разробленае поле, хоць бы невялічкі кавалак горшага, каб за яго можна было ўчапіцца думкамі пра сядзібу. Галавач. [Ганна Сяргееўна:] — Дайце мне ўчапіцца за горад, зжыцца з яго паветрам. Няхай. // перан. Разм. З’явіцца, укінуцца (пра хваробу). А трэба вам ведаць,.. што за вашы лёгкія, за ваш арганізм такая хвароба можа вельмі проста ўчапіцца. Арабей.

4. Закрануць што‑н. у час руху, зачапіцца чым‑н. за што‑н. Учапіцца воссю калёс за шула варот. □ — Правей! — крычаў насустрач [Яўгену] Анісь. — А то [санямі] учапіцца можна. Баранавых.

5. Узяцца за якую‑н. справу. Нібы клешч учапіўся ён за пасаду памочніка валаснога пісара, маючы на мэце зрабіцца пісарам. Колас. Думаў і многа думаў — толькі я ж кажу, завошта мне ўчапіцца дома? Гартны.

6. Далучыцца самавольна, без папярэдняй згоды да тых, хто ідзе куды‑н. Начапіў я козліку аборачку на рогі і павалок.. А малых дык цэлая чарада за намі ўчапілася. Брыль. З Пскова ў Пецярбург хацеў бацька ісці адзін, а Павэлак ізноў учапіўся. Гарэцкі.

7. перан. Праявіць асаблівую цікавасць да каго‑, чаго‑н., гатоўнасць выкарыстаць каго‑, што‑н. у якой‑н. справе. Вярнуўся ў свой Бараўлянскі Андрэй Лялюга. У рыбгасе за яго дзвюма рукамі ўчапіліся. Б. Стральцоў.

8. перан. Разм. Знайсці які‑н. повад для чаго‑н. Помню, сказаў мне Сярмяжка: — Тут галоўнае — слабінку ў чалавеку знайсці, за што ўчапіцца можна. Дадзіёмаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПАЎНО́ЧНАЯ ВАЙНА́ 1700—21,

вайна кааліцыі еўрап. дзяржаў у складзе Расіі, Даніі, Саксоніі (т.зв. «Паўночны саюз») з удзелам Рэчы Паспалітай (з 1704), Прусіі і курфюрства Гановер (з 1715) супраць Швецыі за панаванне на Балт. м. На працягу 17 ст. Швецыя фактычна ўстанавіла свой кантроль над Балт. рэгіёнам і землямі, што прылягалі да Фінскага заліва (Інгрыя і ч. Карэліі). У выніку войнаў з Рэччу Паспалітай (гл. Вайна Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—29, Паўночная вайна 1655—60), Расіяй, Даніяй і германскімі краінамі яна авалодала Эстляндыяй, Ліфляндыяй (гл. Лівонія) і значнымі тэрыторыямі ў Паўн. Германіі (Брэмен, Вердэн, Памеранія, в-аў Руген). У 1699 рас. цар Пётр I заключыў саюз з Даніяй і курфюрстам Саксоніі Аўгустам II (з 1697 адначасова кароль польскі і вял. князь літоўскі) супраць Швецыі. У лют. 1700 саксонскія войскі ўвайшлі ў Ліфляндыю і аблажылі Рыгу. У сак. 1700 дацкія войскі ўведзены ў герцагства Гольштэйн (саюзнік Швецыі). У чэрв. 1700 шведскі кароль Карл XII (гл. ў арт. Карл, імя каралёў Швецыі) высадзіў дэсант каля Капенгагена і прымусіў Данію 18.8.1700 заключыць мір. 30.8.1700 Расія абвясціла вайну Швецыі. Рас. войскі (каля 35 тыс. чал.) пачалі аблогу Нарвы, але ў бітве 30.11.1700 пацярпелі паражэнне. Тады Карл XII выступіў супраць Аўгуста II і 20.7.1701 разбіў яго войскі каля Рыгі. У пач. 1702 шведы ўварваліся на тэр. Рэчы Паспалітай, у крас. занялі Вільню і Гродна, у маі — Варшаву. Спробы Аўгуста II спыніць прасоўванне шведаў у глыб Рэчы Паспалітай скончыліся паражэннем яго войск у бітвах каля Клішава (1702) і Пултуска (1703). Пётр I, скарыстаўшы перадышку, выкліканую знаходжаннем асн. сіл Карла XII у Рэчы Паспалітай, рэарганізаваў армію, і ў 1701—04 яго войскі атрымалі некалькі перамог над шведамі ў Прыбалтыцы і выйшлі да Балт. м. з мэтай замацавацца на яго ўзбярэжжы. З пачаткам вайны ў ВКЛ абвастрылася барацьба паміж групоўкай Сапегаў, якія хацелі стварыць незалежную ад Польшчы дзяржаву, і большасцю бел.-літ. шляхты, што групавалася вакол Р.​А.​Агінскага і Вішнявецкіх. У маі 1704 прыхільнікі Аўгуста II аб’ядналіся ў Сандамірскую канфедэрацыю, якая пад Нарвай заключыла саюз з Расіяй і абвясціла вайну Швецыі. У адказ Варшаўская канфедэрацыя (ліп. 1704), арганізаваная Карлам XII, выбрала каралём Рэчы Паспалітай Станіслава Ляшчынскага. У выніку на тэр. Беларусі ўвайшлі саюзныя Аўгусту II рас. войскі і з восені 1704 пачалі канцэнтравацца каля Полацка. У ліп. 1705 яны рушылі на Вільню (частка войск пад камандаваннем Б.​П.​Шарамецева накіравана ў Курляндыю). У вер. 1705 гал. рас. сілы (каля 35 тыс. чал.) занялі Гродна, дзе да іх далучылася некалькі палкоў саксонскай конніцы. Аб’яднаную групоўку ўзначаліў Аўгуст II. У студз. 1706 Карл XII пераправіўся цераз Нёман і блакіраваў гарнізон у Гродне, конніца А.Д.Меншыкава паспела адысці да Мінска. Аўгуст II накіраваўся ў Саксонію за дапамогай, але ў лют. 1706 у бітве пры Фраўштаце асн. сілы саксонскай арміі былі разбіты. Рас. войскам удалося выйсці з Гродна і праз Брэст і Ковель дайсці да Кіева. У лют.—маі 1706 шведы, ідучы праз Беларусь, спалілі Карэлічы, Мір, разрабавалі Навагрудак, Слонім, Клецк, Слуцк, Пінск, Кобрын, пасля аблог занялі Ляхавічы і Нясвіж (гл. Нясвіжа абарона 1706). Каля Клецка 30.4.1706 шведскія войскі разбілі 5-тысячны рас. атрад С.​П.​Няплюева. Летам 1706 Карл XII нанёс удар па Саксоніі і прымусіў Аўгуста II у вер. 1706 заключыць Альтранштацкі мір. Аўгуст II адмовіўся ад кароны Рэчы Паспалітай на карысць Станіслава Ляшчынскага. У 1707 рас. войскі зноў сканцэнтраваліся на Беларусі, у крас. пасля аблогі занялі Быхаў (гл. Быхава абарона 1707). У пач. 1708 Карл XII заняў Гродна і рушыў на Ліду, Смаргонь. Гал. сілы рас. арміі (каля 57 тыс. чал.) пад камандаваннем Шарамецева адышлі да Чашнікаў і Бешанковіч. З сак. да пачатку чэрв. 1708 шведская армія стаяла ў раёне Радашковіч, 25 чэрв. пераправілася цераз Бярэзіну. Каля мяст. Галоўчын (на Магілёўшчыне) 14.7.1708 адбылася бітва, у якой рас. армія пацярпела паражэнне і адышла за Дняпро. Шведы занялі Магілёў, а праз месяц рушылі далей на У. Аднак у бітвах каля вёсак Добрае 10.9.1708 і Раеўка 20.9.1708 на Мсціслаўшчыне авангард Карла XII панёс значныя страты; узніклі цяжкасці з забеспячэннем арміі харчам і фуражом. Таму Карл XII вырашыў скарыстаць дапамогу, якую яму абяцаў укр. гетман І.Мазепа, і ў сярэдзіне вер. 1708 павярнуў на Украіну. На злучэнне з гал. сіламі Карла XII з Рыгі выйшаў 16-тысячны корпус А.​Левенгаўпта. 9.10.1708 каля в. Лясная (на Магілёўшчыне) Левенгаўпт быў разбіты рас. войскамі, страціў абоз і прывёў да Карла XII толькі каля 7 тыс. чал. У канцы кастр. 1708 Мазепа з 2-тысячным атрадам перайшоў на бок шведаў, але Меншыкаву ўдалося захапіць запасы зброі, боепрыпасаў і харчу ў г. Батурын, якія гетман падрыхтаваў для саюзніка. 8 ліп. ў Палтаўскай бітве 1709 шведская армія была разгромлена (Карл XII і Мазепа ўцяклі ў Турцыю). Гэта перамога стала пераломнай у П.в. Быў адноўлены саюз Расіі з Даніяй і Саксоніяй. Станіслаў Ляшчынскі з’ехаў у Памеранію; у Варшаву вярнуўся Аўгуст II. Ваенныя дзеянні былі перанесены ў Прыбалтыку і Паўн. Германію. У 1710 рас. войскі занялі Ліфляндыю і Эстляндыю, авалодалі Рыгай, Пернавам (Пярну) і Рэвелем. Рас. флот атрымаў свабодны выхад з Фінскага заліва ў Балт. м. Дацка-саксонскія войскі ўвайшлі ў Памеранію і пачалі аблогу Штральзунда. Па прычыне шматлікіх супярэчнасцей з Расіяй, асабліва па пытанні кантролю над Ліфляндыяй, Рэч Паспалітая выйшла з вайны. У канцы 1710 Карлу XII удалося ўцягнуць у вайну з Расіяй Турцыю (гл. Пруцкі паход 1711). Руска-турэцкая вайна 1710—13 часова прыпыніла актыўныя дзеянні супраць Швецыі. У 1713 рас. войскі занялі Фінляндыю, разам з саюзнікамі авалодалі амаль усёй Памераніяй. У выніку перамогі над шведскім флотам каля мыса Гангут (1714) рас. флот пачаў кантраляваць Балт. м. У 1715 у вайну супраць Швецыі ўступілі Прусія і Гановер. У маі 1718 Швецыя пачала перагаворы аб міры з Расіяй (т.зв. Аландскі кангрэс), якія працягваліся да гібелі Карла XII у ліст. 1718. Яго сястра Ульрыка Элеанора, заняўшы трон, пад уплывам Англіі спыніла перагаворы і аднавіла ваен. дзеянні з Расіяй. У той жа час Швецыя заключыла мір з Гановерам (1719), Прусіяй і Даніяй (1720), прызнаўшы іх правы на частку сваіх уладанняў у Паўн. Германіі. У выніку пагаднення з Саксоніяй Швецыя ў 1719 адмовілася ад падтрымкі Станіслава Ляшчынскага і прызнала Аўгуста II каралём польскім і вял. князем літоўскім. У 1719—20 рас. дэсанты тройчы высаджваліся ў Швецыі, спусташалі прыбярэжныя гарады і вёскі, падыходзілі да Стакгольма; 7.8.1720 у Грэнгамскай бітве разбіты шведскі флот. 10.9.1721 падпісаны Ніштацкі мірны дагавор 1721, пазней адпаведныя дагаворы Швецыя падпісала з Саксоніяй (1729) і Рэччу Паспалітай (1733). У выніку П.в. Швецыя страціла статус вял. дзяржавы, аднак і для інш. краін Еўропы, асабліва для ВКЛ, наступствы вайны былі трагічныя: насельніцтва Беларусі скарацілася з 2,2 млн. да 1,5 млн. чал. (загінуў кожны трэці яе жыхар); найбольш пацярпелі Мсціслаўскае, Віцебскае і Полацкае ваяв.

Літ.:

Тарле Е.В. Северная война и шведское нашествие на Россию. М., 1958;

Шутой В.Е. Северная война (1700—1721 гг.). М., 1970;

Корх А.С. Петр I: Северная война 1700—1721: [Альбом]. [М.], 1990.

У.​І.​Пашкевіч.

Да арт. Паўночная вайна 1700—21. Баталія паблізу мыса Гангут. Гравюра А.​Зубава. 1715.
Да арт. Паўночная вайна 1700—21. Бітва пры Лясной 28 верасня 1708. Гравюра Лармесена з арыгінала П.-Д.​Мартэна Малодшага. 1-я чвэрць 18 ст.

т. 12, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

се́сці, сяду, сядзеш, сядзе; пр. сеў, села; заг. сядзь; зак.

1. Прыняць сядзячае становішча; заняць месца, прызначанае для сядзення. Сесці на лаўку. Сесці за стол. □ Віктар моўчкі сеў і пачаў слухаць. Зарэцкі. Можна сесці, скурчыцца, заснуць; сны, кажуць, сніцца будуць толькі. Мележ. Ларыса села пры акне, адсунула фіранку і пачала глядзець у сад. Мурашка. / З акалічнаснымі словамі, якія паказваюць на характар, асаблівасці такога становішча. Сесці бокам. // Заняць месца, размясціцца дзе‑н. для паездкі. Сесці ў аўтобус. □ Праўда, маршрут гэты просты: пайсці на раз’езд, як-небудзь сесці на таварны цягнік і паехаць. Колас. Дзед купіў білеты, селі на параход. Лынькоў.

2. за што, на што і з інф. Пачаць якую‑н. справу, заняткі, якія звязаны са знаходжаннем у сядзячым становішчы. Сесці за кнігу. Сесці за руль. □ Трэба будзе сесці на трактар, на камбайн — і, калі ласка, сядзем. Кулакоўскі. Кібрык сеў за піяніна, узяў акорд з моднай песенькі. Шыцік. Пятрусь сеў за ўрокі. Кавалёў. // Размясціцца на месцы выканання чаго‑н. Сесці ў засаду. // звычайна на што. Разм. Заняць якое‑н. месца, пасаду, пачаць выконваць якія‑н. абавязкі. А пасля.. [Мінін] сеў на зямельны аддзел. Дуброўскі. [Русаковіч:] Выходзіць, што я сапхнуў Сухадольскага, каб самому сесці на яго месца. Крапіва.

3. Разм. Пасяліцца на пастаянным месцы, заснаваўшы гаспадарку. Сесці на гаспадарцы. □ Тоўхарт.. абвясціў, што хто выкарчуе і ачысціць гэтую зямлю, возьме сабе навечна паўтары дзесяціны, а на трох з паловай сядзе ляснік. Чорны. [Верамейчык:] — Няўжо-такі сядзе Грамабойчык на Жагулаўшчыне? Крапіва. // Застацца дзе‑н., не выязджаючы; засесці. Яму ўважыў пан ляснічы, І сеў Міхал у страшнай дзічы. Колас.

4. Трапіць у турму, быць пазбаўленым волі. Калі людзі аднаўлялі на руінах і папялішчах разбураныя ворагам сядзібы, .. хутаранец Хамёнак сеў за спекуляцыю народным дабром у астрог. Майхровіч. [Соня] хвалілася, што пасадзіла мужыка, хоць, казалі, сеў сам за растрату. Мыслівец.

5. Абмежаваць сябе ў чым‑н. (звычайна ў ядзе). Сесці на дыету.

6. Наткнуўшыся на перашкоду, спыніцца, засесці. Баржа села на мель.

7. Спыніўшы рух, палёт, спусціцца на што‑н. (пра птушак, насякомых). Прыляцела сінічка і села на адчыненую фортку. Шахавец. Чуваць было толькі, як гудзіць вакол лямпы муха, выбірае месца, дзе сесці. Лынькоў. // Прызямліцца (пра самалёты, парашутыстаў і пад.). Тым часам самалёт, зрабіўшы яшчэ два кругі, спусціўся зусім нізка і дакладна сеў у раёне трох кастроў. Зуб. І вось перад усімі людзьмі на дарозе паказаліся немцы. Гэта і быў той самы дэсант, што перад вечарам сеў поблізу. Чорны.

8. Разм. З’явіцца на скуры, выскачыць (аб фурункуле і пад.). Прызнаў.. [Яська] валоў у двор, а там яму кажуць, што захварэў аканом, села яму скула на баку. С. Александровіч.

9. Апусціцца, асесці, паглыбіцца ў зямлю. Дом сеў. Грунт сеў.

10. Апусціцца за гарызонт, зайсці (пра свяцілы). У канцы лагоў сівеў туман, якраз там, дзе села сонца. Пташнікаў.

11. Паменшыцца ад вільгаці; збегчыся (пра тканіны, скуры і пад.). Сукно села. Касцюм сеў.

12. Спец. Замацавацца ў патрэбным становішчы. Платон.., сагнуўшыся, уважліва аглядаў, ці добра ў пазу села жардзіна. Ракітны.

13. Разм. Страціць сілу, напружанне, стаць слабейшым (пра электрычны ток, пару і пад.). У кутку.. стаяў радыёпрыёмнік, адзіны ў лагеры. Ён не працаваў ужо два тыдні — селі акумулятары. Шамякін. // Затупіцца (пра рэзальныя інструменты). Разец сеў. // Стаць больш нізкім, хрыплым (пра голас). — Ведаеце што, — голас [Гелены] сеў. — Не ідзіце нікуды. Караткевіч.

•••

Верхам сесці на каго; сесці на галаву каму — падпарадкаваць каго‑н. сабе, прымусіць выконваць свае капрызы; камандаваць кім‑н.

На тым самым месцы сесці; на тым жа суку сесці — нічога не дамагчыся, не змяніць чагосьці па-свойму, пагадзіцца з пэўным становішчам і станам рэчаў.

Ні села ні пала — без падставы, без выяўнай прычыны, нечакана.

Ні стаць ні сесці гл. стаць.

Сесці макам — а) спыніць або перапыніць надоўга свой рост, развіццё. [Мужчына:] — Пасеялі мы летась кукурузу. У адным месцы яна ўзышла і расла нішто сабе, а ў другім як выткнулася, так і села макам — жоўтая, чэзлая. Палтаран; б) пацярпець крах, няўдачу. [Атрошчанка:] — Як раён скасавалі, то і сеў [Рогаль] макам. Навуменка; в) загінуць, прапасці. [Сырамалот:] — На яблынях завязь ужо макам села. Як не дасць бог дажджу, дык і ўсё макам сядзе. Сабаленка.

Сесці (уссесці) на карак (шыю) каму — а) стаць утрыманцам каго‑н., абцяжарваючы яго гэтым. [Лабановіч:] — Вы толькі падумайце: маленькая жменька дваран і багатыроў села вам [сялянам] на карак, захапіла лепшыя землі, жыве з вашае працы і вас жа катуе, чыніць несправядлівасці. Колас; б) падпарадкаваць сабе, паставіць у поўную залежнасць ад сябе. [Вера:] — Дай яму, другому, волю, дык ён табе на шыю сядзе... Пальчэўскі.

Сесці (напасці, трапіць) на лаву падсудных — пайсці пад суд.

Сесці на мель — а) страціць здольнасць рухацца (пра судны); б) папасці ў вельмі цяжкае становішча.

Сесці на пяты каму — дагнаць, насцігнуць каго‑н., праследуючы або проста рухаючыся за кім‑н.

Сесці на свайго канька — пачаць гаварыць, разважаць доўга, падрабязна, шматслоўна.

Сесці на хлеб чый — перайсці на ўтрыманне каго‑н.

Сесці не ў свае сані — узяцца не за сваю справу.

Сесці ў лужыну (у галош) — пацярпець няўдачу, апынуцца ў няёмкім, смешным становішчы.

Чорт сеў на каго гл. чорт.

Як старой бабе сесці — вельмі мала (звычайна да рэвалюцыі гаварылася пра наяўнасць зямлі ў селяніна). Зямля нават была і не кепская, але калі яе гэтулькі, як старой бабе сесці. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Рай1 ’месца, куды накіроўваюцца і дзе знаходзяць шчаслівае існаванне душы праведнікаў пасля смерці’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ, ТС, Бел. міф.), ра́йства ’тс’ (Сл. ПЗБ), ра́йство ’збавенне, райскае жыццё’ (ТС), параўн. укр., рус. рай, польск., в.-луж., н.-луж. raj, чэш. ráj, славац. raj, славен. ràj, серб.-харв. pȃj, балг. рай, макед. paj, ст.-слав. рай. Слова выключна славянскага моўнага арэалу, не мае іншамоўных адпаведнікаў з такім самым значэннем; літ. rõjus ’тс’, хутчэй за ўсё, запазычанне са славянскіх моў. Перадусім азначаецца як ’месца, дзе жылі Адам і Ева’, ’прыгожая краіна’, у тым ліку ’сад, кветнік, жытло, прытулак прабацькоў’, ’чароўны край, дзе не бывае зімы’. Этымалогіі прасл. *rajь пераважна абапіраюцца на асноўныя хрысціянскія ўяўленні пра рай як пра сад, параўн.: кругом сад, бацца у раю (Сержп.). Прынята, што ў бел. міфалогіі захавалася “класічная, найстаражытная” канцэпцыя рай — ’сад, у якім заўжды шмат усяго, што душа прымае, і заўсёды цёпла, бо стаіць вечнае лета’ (Бел. міф., 421), тое ж адносіць Брукнер (452) да першаснага значэння рай, што не зусім правільна. Славянскія ўяўленні пра рай не абмяжоўваюцца значэннем ’сад’, і рай, відавочна, з’яўляюцца агульнаславянскім рэлігійным паняццем, якое перш за ўсё мела семантычную сувязь з дахрысціянскім светам памерлых, насуперак меркаванню Борыся (509), што сувязь рая з душамі памерлых усталёўваецца з прыняццем хрысціянства. Рай як агульнаславянскі хрысціянскі тэрмін мог замацавацца пазней. Пошукі роднасці слав. *rajь з ’сад’, відавочна, падмацоўваюць распаўсюджаныя ў іншых мовах утварэнні з грэч. παράδεισος, што звязана з паняццем ’сад, парк, агароджанае месца’ ці ’прыемнае прыгожае месца’. Фармаванне рэлігійнай семантыкі формы рай не мае адназначнага тлумачэння. Прызнаецца роднасць слав. *rajь з авест. rāy ’багацце, шчасце’, ст.-інд. rā‑, rās ’маёнтак, скарб, багацце’, rayís ’падарунак, уласнасць’ (Младэнаў, 556; Мацэнаўэр, Cizí sl., 16, 163; Фасмер, 3, 435; Глухак, 516; БЕР, 6, 163; ESJSt, 12, 746; Борысь, 509 і інш.). Адсюль выводзіцца першасная семантыка рай ’край багацця’ (Сной, 521), ’край, дзе пануе багацце і шчасце’ (Борысь, 509). Трубачоў (Этногенез₂, 189–190, 417, 421, 424) выказвае сумненні адносна сувязі слав. *rajь з інд.-іран. rāy‑ ’багацце’ паколькі названыя формы не з’яўляюцца сакральнымі. Менавіта вывядзенне рай з апафанічнага шэрагу *rei‑/*roi‑ з шырокай семантыкай дае новы накірунак этымалагічным даследаванням. Найбольш імавернае вывядзенне рай з дахрысціянскіх уяўленняў пра свет памерлых праз паняцці воднай прасторы, параўн. *raj < *roj, як свет памерлых, што знаходзіўся пад вадой, плынню (Голуб-Копечны, 309) *rajь < і.-е. roi̯‑ з першапачатковым значэннем ’зарэчны’ ў сувязі з *rěka (дыскусію гл. Этимология–1994–1996, 13–14; 23–24; Этногенез, 173–175; Этногенез₂, 190), гл. рака. Аднак у дахрысціянскіх славянскіх вераваннях не існуе адназначнай сувязі паміж раем і менавіта ракой, параўн. сведчанні даследчыка славенскай міфалогіі З. Шмітака, што ў славенскай абраднасці вандроўны на той свет павінен перайсці шмат водаў, паколькі воды аддзяляюць гэты свет ад таго, а ў старажытнай карынційскай малітве памерламу жадаюць, каб на моры яму дзьмуў добры вецер (Шмітак, Mit., 42). Бязлай (Onomastica Jugoslavica, 6, 57–70) лічыць, што слав. рай суадносіцца з паняццем не толькі воднай прасторы, але і паветранай, можа азначаць ’мора’ і ’неба’, ’край мора’ і ’край гарызонтаў што пацвярджаюць і іншыя вераванні (скандынаўскія, сірыйскія — Бязлай, там жа), параўн. таксама авест. źrayas‑ ’мора, сусветны акіян’, ст.-інд. jrayas ’мора, прастора’. Паводле Трубачова (Этногенез₂, 417, 421), рай у славян не з’яўляўся супрацьлеглым паняццем да пекла (гл.), як гэта прадстаўлена ў хрысціянскіх уяўленнях, а мог азначаць “потусторонний мир вообще”, куды “переселяются все умершие”, гэта проста “тот свет”, месца, “связанное c/или находящееся за водой”. Сной (521), як варыянтнае, разглядае першаснае значэнне рай як ’тое, што звязана з патокам, цячэннем, адносіцца да воднай ці падводнай сферы’. Вывядзенне рай з прасл. *iroi‑ (параўн. і.-е. *erei‑ ’цячы, рухацца’) дазваляе параўноўваць рай з вір (гл.; пра гатую сувязь згадвалася ў літ-ры, гл. Жураўлёў, Язык и миф, 920) і вырай (гл.), а таксама з іх славянскімі варыянтамі: вырай ’далёкі, чароўны, цёплы край, куды адлятаюць на зімоўе птушкі’ і ’старажытная назва раю’, укр. вир, вірій, ірій ’край, куды адлятаюць увосень птушкі і дзе жывуць памерлыя’, укр. обрій ’гарызонт’, рус. дыял. ирей, вырей, ирий ’далёкі, чароўны, цёплы край, куды адлятаюць на зімоўе птушкі’, ст.-рус. ірій ’далёкі казачны край, магчыма, рай’, польск. wyraj ’тс’, польск. iść na wyraj ’пачаць лепей жыць, адысці на пакой’. Істотна для параўнання рай, вырай з вір. Параўн. бел. вір ’вір, вадаварот’, рус. вир, выр ’тс’, славен. ir, virij, izvir ’вір’. Параўн. да гэтага славен. rajanje ’завіванне і адвіванне ўдзельнікаў абраднага танца на могілках’ (Шмітак, Mit., 45–46). Rajanje сімвалічна павязвала жыццё і смерць, як бы заключаючы ў лабірынт нячыстую сілу, у тым ліку душа памерлага праходзіла праз вадаварот, кола, лабірынт забыцця ў краіну мёртвых (там жа). Параўн. рус. дыял. вырей ’рачны вядзьмак, вадзянік’ і славенскую міфалагічную постаць вадзяніка, што праз вір уцягвае ахвяры ў свет памерлых. Роднасць рай, рус. дыял. райдуга ’вясёлка’, вір і вырай можа пацвярджаць імавернасць міфалагічнага ўяўлення, што райдуга ўцягвае ў сябе дождж, ваду, з’яўляецца нябесным вірам (Даль, 3; Талстой, ОЛА, Исследов., 1974, 22–76), насуперак меркаванню Талстога, што райдуга (падае Даль, 4, 56) мае народна-этымалагічнае паходжанне (Талстой, тамжа, 29). Адсюль рай‑дуга можа азначаць ’мяжу свету памерлых’, ’акрай, браму рая’, ’нябеснае акно’ (Талстой, там жа, 56), а сам рай, роднасны да вір і вырай, магчыма, даўней азначаў не столькі ’свет памерлых’, сколькі ’праход у свет памерлых’, так званы “апошні шлях”, вадзяны ці паветраны вір, праз які душы трапляюць на той свет, параўн. да гэтага ўстойлівае рус. проводить в последний путь, рус. дыял. птичья дорога ’назва Млечнага шляху’, славен. večna pot, bogova cesta ’назва Млечнага шляху’, што звязвала душы з богам (Шмітак, Mit., 38), славенскае міфалагічнае ўяўленне пра тое, што па mavrici ’вясёлцы’ нябожчыкі, як па нябесным мосце, пераходзілі ў рай. Адносна сувязі рай і рака, адпаведна вырай і райдуга, параўн. с.-ірл. rīan ’рака, дарога’, ням. Rain ’мяжа’, швед. ren‑ ’мяжа’ і ’край канавы’. Да таго ж у беларусаў — змеі ідуць у вырай у норы (Чарвонцава, Куфэрак Віленшчыны, 3, 142), што адначасова пераносіць (вы)рай не толькі да нябеснай, але і да падземнай прасторы і можа азначаць, што (вы)рай мог звязваць неба і падземны свет як сферы незямныя. Сумніўна параўнанне рай з рад‑ і прасл. *radъ як ’край радасці’ (Бязлай, 3, 145; Сной, 521), а таксама з рости/расти (Страхаў, Palaeoslavica, 11, 2, 115). Агляд праблематыкі і літ-ры гл. Жураўлёў, Язык и миф, 920–921.

Рай2 ’дажыначная песня’, ’пучок нязжатага жыта, прыбраны кветкамі’ (глыб., віл., Сл. ПЗБ): нада рая́ убраць (ЛА, 3), ’міфічная істота, што дапамагае жнейкам жаць жыта, клапоціцца пра зжатае збожжа’, адсюль заклік Рай, Рай, хадзі да нас! (Пятк., 2), гл. раёк. Як назва абраду лексема вядомая на ўсходзе Украіны, параўн. харк. ходи́ти в рай ’звычай абмывання рук парадзіхі і інш. на другі дзень хрэсбінаў, пасля чаго ўдзельнікі (апрача парадзіхі) ідуць у шынок частавацца за кошт бабкі’, а таксама ў рэдукаваным выглядзе на паўднёва-рускай тэрыторыі, параўн. тыпалагічна блізкае стаўрап. рай ’абрад, які здзяйсняецца на другі дзень пасля хрэсбінаў, калі гасцей абвязваюць стужкай’. Не зусім ясна. Магчыма незалежнае развіццё ад формы і семантыкі рай1 (гл.). Відавочна, вынікае з язычніцкай абраднасці славян і ад міфалагічнай істоты ці назвы міфалагічнай прасторы, напрыклад, вялікага лесу, ад чаго пазней, магчыма, адбыўся перанос на песню, на сноп жыта ці каравай. Параўн. таксама рус. паўдн. раи́на ’пірамідальная таполя’, рай‑дерево ’бэз’, райник ’вялікі лес’, што звязанае з уяўленнямі пра рай як пра міфалагічнае рытуальнае дрэва ў славян (Іванаў-Тапароў, Слав. яз. мод. системы, 247; Іванаў–Тапароў, Зб. Крапіве, 163–175). Таксама Глухак (Глухак, 516) апісвае святое дрэва *rajь як паганскі пантэон. Праз семантычную сувязь з багаццем, дастаткам, урадлівасцю не выключана блізкасць да інд.-іран. rāy‑ ’багацце, шчасце (гл. рай1). Меней верагодна сувязь з рад‑, што да ра́дасць (гл.), аднак параўн. пачатак дажыначнай песні: “Рада, рада баба, што лета даждала, што жыта пажала” (Сл. ПЗБ).

Рай3 у фразеалагізме з добрага раю ’дабравольна, з хацення’; ’нізавошта, без прычыны’ (Янк. БФ, Сержп. Прык.). У пэўнай ступені супрацьлеглыя ў адносінах адно да аднаго значэнні ўстойлівага выразу сведчаць на карысць існавання незафіксаванага *рай ’парада’ < ра́іць (гл.). Але ў адносінах семантыкі параўн. яшчэ рус. уладз., раз. рай у значэнні выказніка ’удача, шчасце’, ’аб чым-небудзь прыемным, лёгкім’, што, безумоўна, звязана са стрыжнёвай семантыкай рай1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ПЕ́РШАЯ СУСВЕ́ТНАЯ ВАЙНА́ 1914—18,

вайна паміж дзвюма кааліцыямі дзяржаў: Цэнтральнымі дзяржавамі (Германія, Аўстра-Венгрыя, Турцыя, Балгарыя) і Антантай (Расія, Францыя, Вялікабрытанія, Сербія, пазней Японія, Італія, Румынія, ЗША і інш.). Усяго ўдзельнічала 38 дзяржаў (разам з дамініёнамі і калоніямі) з насельніцтвам больш за 1,5 млрд. чал. Выклікана абвастрэннем супярэчнасцей сярод гал. капіталіст. краін за ўмацаванне свайго панавання ў свеце, за перадзел ужо падзеленага свету і падпарадкаванне інш. народаў. Тая акалічнасць, што некат. краіны (напр., Сербія, Чарнагорыя) вялі нац.-вызв. барацьбу, не мяняе агульнага імперыял. характару вайны.

Германія імкнулася дамагчыся панавання ў Еўропе, разграміць свайго гал. эканам. канкурэнта — Англію, пазбавіць яе калоній і ваенна-марскога флоту; разбіць Францыю, Бельгію, Галандыю і захапіць іх калоніі; аслабіць Расію, забраць у яе Польшчу, Беларусь, Украіну, Прыбалтыку, замацавацца на Балканах і Б. Усходзе. Аўстра-Венгрыя хацела захапіць Сербію і Чарнагорыю, Турцыя — рас. Закаўказзе, Балгарыя — усх. ч. Сербіі. Англія імкнулася захаваць сваё калан. панаванне, для чаго намервалася разграміць Германію, захапіць яе калоніі і адваяваць арабскія тэрыторыі ў Турцыі. Францыя разлічвала вярнуць сабе захопленыя Германіяй у 1871 правінцыі Эльзас і Латарынгію і завалодаць сумежным Саарскім вугальным басейнам, абараніць свае калоніі (найперш Марока) ад дамаганняў Германіі. Расія імкнулася адлучыць ад Аўстра-Венгрыі Галіцыю, завалодаць Канстанцінопалем (Стамбулам) і Чарнаморскімі пралівамі. Свае агрэсіўныя мэты мелі Японія, Італія і інш. Гал. імперыял. дзяржавы спадзяваліся таксама, што вайна дапаможа адцягнуць прац. масы метраполій ад рэв. руху, а калан. народы — ад нац.-вызв. барацьбы. Рыхтуючыся да перадзелу свету, Германія (гал. ініцыятар вайны) заключыла ў 1879 ваен. саюз з Аўстра-Венгрыяй, да якога ў 1882 далучылася Італія, і т.ч. быў створаны Траісты саюз. Гэтаму блоку супрацьстаяла Антанта, сфарміраваная ў 1907. Кіраўніцтва 2-га Інтэрнацыянала падтрымала свае ўрады і т.ч. адмовілася ад сваіх ранейшых антываен. рэзалюцый Штутгарцкага (1907) і Базельскага (1912) кангрэсаў аб інтэрнац. салідарнасці працоўных. Супраць імперыяліст. вайны выступілі рас. бальшавікі і шэраг левых груповак у інш. с.-д. партыях.

Зачэпкай для вайны паслужыла забойства членамі сербскай падп. арг-цыі 28.6.1914 у Сараеве (тады ў Аўстра-Венгрыі) наследніка аўстр. трона эрцгерцага Франца Фердынанда (гл. Сараеўскае забойства). 28.7.1914 Аўстра-Венгрыя аб’явіла вайну Сербіі. Расія заявіла пра падтрымку Сербіі і пачала частковую, а 30 ліп. агульную мабілізацыю. 1.8.1914 Германія аб’явіла вайну Расіі, а 3 жн. — Францыі. Англія 4 жн. заявіла аб стане вайны з Германіяй. Вайну Германіі аб’явілі таксама англ. дамініёны (Аўстралія, Канада, Новая Зеландыя і Паўд.-Афрыканскі Саюз). 23 жн. супраць Германіі выступіла Японія. 29 кастр. на баку аўстра-герм. блока ў вайну ўступіла Турцыя. Напярэдадні вайны аўстра-герм. блок разгарнуў 193 дывізіі (3,5 млн. чал.), дзяржавы Антанты — 287 дывізій (6 млн. чал.). Германія сканцэнтравала на Зах. фронце 7 армій у складзе 96 дывізій. Ва Усх. Прусіі знаходзілася 8-я армія (14 дывізій), 2 дывізіі былі на Брэслаўскім (Вроцлаўскім) напрамку. Аўстра-Венгрыя разгарнула ў Галіцыі 4 арміі (45,5 дывізіі), супраць Сербіі — 2 арміі (14 дывізій). Турэцкія ўзбр. сілы (0,5 млн. чал) у складзе 14 карпусоў разгарнуліся ў 6 арміях: каля Стамбула, у Тур. Арменіі, Месапатаміі, Сірыі і Палесціне. Францыя сканцэнтравала на фронце 85 дывізій. Экспедыцыйная армія Англіі налічвала 5,5 дывізіі (87 тыс. чал.) і разгарнулася ў раёне Брусель—Льеж—Намюр. Узбр. сілы Расіі стварылі 2 фронты — Паўночна-Заходні фронт 1914—15 (у пач. вайны 2 арміі, 381 тыс. чал.) на мяжы з Усх. Прусіяй і Паўд.-Зах. фронт (4 арміі, 697 тыс. чал.) на подступах да Галіцыі. Сербія выставіла 13 дывізій (247 тыс. чал.), Чарнагорыя — 6 дывізій (60 тыс. чал.).

Герм. войскі пачалі наступленне на Зах.-еўрап. фронце 2.8.1914. Хутка яны прайшлі Бельгію і Люксембург, захапілі паўн. дэпартаменты Францыі і прасунуліся да Парыжа. 5—12 вер. паміж Вердэнам і Парыжам разгарнулася вял. бітва на р. Марна з удзелам 6 англа-франц. і 5 герм. армій (гл. Марнскія бітвы). У выніку ўпартага супраціўлення саюзнікаў немцы страцілі ініцыятыву, і ў ліст. знясіленыя бакі перайшлі да абароны, якая паклала пачатак пазіцыйнай вайне. Поспеху англа-французаў у значнай меры паспрыяла наступленне рас. войск на Усх.-герм. фронце, што вымусіла немцаў ужо 26 жн. пачаць перавод ч. войск на У.

Першы перыяд кампаніі 1914 на ўсх.-еўрап. тэатры ваен. дзеянняў адзначаны 2 буйнымі наступленнямі: Усходне-Прускай аперацыяй 1914 і Галіцыйскай бітвай 1914. У ходзе наступлення на Усх. Прусію 2 рас. арміі пасля першых поспехаў пацярпелі цяжкае паражэнне і адступілі. Важнае месца займалі баі на Паўд.-Зах. фронце. 18 жн. ў ходзе Галіцыйскай бітвы пачалося наступленне 8-й арміі ген. А.А.Брусілава. На працягу месяца рас. войскі разбілі аўстра-венграў, занялі Львоў, адкінуўшы праціўніка да Карпат, і блакіравалі крэпасць Перамышль (здалася 22.3.1915). Аднак саюзнікі прапанавалі Расіі наступаць супраць Германіі. Рас. камандаванне перагрупавала гал. сілы з р. Сан на сярэднюю Віслу да Варшавы. У ходзе Варшаўска-Івангародскай аперацыі 1914 рас. войскі атрымалі перамогу. У Закаўказзі рас. армія адбіла наступленне туркаў на Ардахан і Сарыкамыш (гл. Сарыкамышская аперацыя 1914—15) і перанесла ваен. дзеянні на тэр. праціўніка. На аўстра-сербскім фронце ў жн.вер. 1914 сербы адкінулі ворага за межы краіны. Гал. вынікам барацьбы на моры было ўсталяванне Англіяй блакады герм. ўзбярэжжа, што адрэзала Германію ад яе калоній і паўплывала на ўвесь ход вайны. У цэлым кампанія 1914 завяршылася перамогай Антанты, планы герм. Ген. штаба на «маланкавую вайну» праваліліся. У кампанію 1915, не маючы сіл для наступальных аперацый на абодвух тэатрах ваен. дзеянняў, герм. камандаванне вырашыла засяродзіць гал. ўвагу на ўсх.-еўрап. тэатры, каб вывесці Расію з вайны. На зах.-еўрап. тэатры планавалася заняць абарону. У выніку масіраванага наступлення герм. і аўстра-венгерскія войскі у чэрв. 1915 захапілі б. ч. Польшчы, у т. л. 4 жн. — Варшаву; фронт наблізіўся да Беларусі.

У жн. 1915 пачалося герм. наступленне ў напрамку Коўна—Вільня—Мінск. 9.9.1925 у стыку Паўночнага фронту 1915—18 і Заходняга фронту 1915—18 немцы здзейснілі Свянцянскі прарыў 1915, захапілі г. Вілейку. У вер. рас. войскі пакінулі Вільню, Гродна, Ліду, Брэст, Пінск і інш. гарады зах. Беларусі. Стаўка Вярх. Галоўнакамандавання была пераведзена з г. Баранавічы ў Магілёў. 19 вер. перадавыя ням. раз’езды перарэзалі чыгунку Мінск—Масква ў раёне Смалявіч. Вял. намаганнямі рас. войскам удалося ліквідаваць прарыў і адкінуць праціўніка ў раён азёр Свір і Нарач. У кастр. 1915 фронт стабілізаваўся па лініі Дзвінск—Паставы—Баранавічы—Пінск. Каля палавіны тэр. Беларусі апынулася пад ням. акупацыяй.

На зах.-еўрап. тэатры англа-франц. войскі правялі шэраг абмежаваных аперацый на вузкіх участках фронту. 22.4.1915 у ходзе баёў каля г. Іпр (Бельгія) немцы ўпершыню ўжылі зброю масавага паражэння — газ хлор. У канцы вер. 1915 франц.-англ. войскі правялі наступальную аперацыю ў Шампані. Аднак прарваць фронт ім не ўдалося. 23.5.1915 Італія выйшла з Траістага саюза і аб’явіла вайну Аўстра-Венгрыі (узнік новы італьян. фронт). У лют. 1915 англа-франц. войскі высадзілі дэсант на беразе праліва Дарданелы з мэтаю захопу Стамбула, але іх штурмы былі адбіты туркамі (у студз. 1916 дэсант эвакуіраваны). Паражэнне гэтага дэсанта і адыход рас. войск з Галіцыі паўплывалі на рашэнне Балгарыі ўступіць 14.10.1915 у вайну на баку аўстра-герм.-тур. блоку. Гэта пагоршыла становішча сербскай арміі, якая пад ударамі Аўстра-Венгрыі і Балгарыі адступала да Адрыятыкі; яе рэшткі эвакуіраваны саюзнікамі на востраў Корфу. У выніку паражэння Сербіі ўсталяваліся бесперашкодныя зносіны паміж Германіяй і Турцыяй.

На азіяцка-каўказскім тэатры ваен. дзеянняў рас. войскі паспяхова прасоўваліся ў напрамку воз. Ван і Алашкерт, баі вяліся на тэр. Ірана. Аднак туркі разграмілі англічан у Месапатаміі і акружылі іх корпус у Кут-эль-Амары, у Егіпце — падышлі да Суэцкага канала. На моры герм. падводны флот разгарнуў «бязлітасную вайну» супраць усіх караблёў, у т. л. і нейтральных краін (гл. Падводная вайна). За 1915 Германія і яе саюзнікі дасягнулі значных поспехаў на ўсх.-еўрап., балканскім і азіяцкім тэатрах, захапілі вял. тэрыторыі. Аднак на зах.-еўрап. тэатры Англія і Францыя паспяхова трымалі фронт. На 1916 краіны Антанты запланавалі правесці 2 скаардынаваныя аперацыі: 15 чэрв. на ўсх.-еўрап. і 2 ліп. на зах.-еўрап. тэатрах. У кампаніі 1916 на зах.-еўрап. тэатры вылучыліся 2 аперацыі — каля крэпасці Вердэн (гл. Вердэнская аперацыя 1916) і на р. Сома. 1 ліп. англа-франц. войскі пачалі наступленне на Соме, найб. моцныя баі адбыліся восенню 1916. Тут англічане ўпершыню выкарысталі новую ваен. тэхніку — танкі. Немцы аслабілі, а потым і спынілі націск на Вердэн; у кастр.снеж. французы выбілі іх з найб. важных пазіцый у раёне крэпасці. Бакі страцілі сотні тыс. чал., але лінія фронту на ўчастку 35 км прасунулася ўглыбіню толькі на 10 км. Каб аслабіць герм. атакі на Вердэн, рас. армія датэрмінова правяла у сак. Нарачанскую аперацыю 1916, якая скончылася безвынікова. Больш значны поспех мела Паўднёва-Заходняга фронту наступленне 1916 (пачалося 4.6.1916) пад камандаваннем ген. Брусілава. 8-я армія ўзяла Луцк, 9-я армія выйшла на лінію р. Стаход, а потым заняла Букавіну і ч. Усх. Галіцыі. 29.7.1916 войскі Зах. фронту правялі Баранавіцкую аперацыю 1916, але прарваць фронт не змаглі. У выніку «Брусілаўскага прарыву» праціўнік панёс страты да 1,5 млн. чал. і быў вымушаны спыніць сваё наступленне ў Італіі, Аўстра-Венгрыі быў нанесены такі ўдар, пасля якога яна да канца вайны ўжо не здолела весці актыўныя баявыя дзеянні.

Англа-франц. наступленне на Соме і рас. наступленне ў Галіцыі прадвырашылі пералом у 1-й сусв. вайне на карысць Антанты. Пад уражаннем гэтых перамог 27.8.1916 у вайну ўступіла Румынія, спадзеючыся адваяваць ў Аўстра-Венгрыі Трансільванію. Аднак рум. армія была хутка разбіта перакінутымі на дапамогу аўстрыйцам герм. войскамі; немцы занялі Бухарэст. Рас. войскі ўступілі ў Румынію. У канцы снеж. 1916 Рум. фронт стабілізаваўся. У 1916 у абмен на зброю для Расіі ў Францыю і на Балканы перакінуты Рус. экспедыцыйныя корпусы. На азіяцка-каўказскім тэатры ў 1916 рас. войскі ўзялі Эрзурум, Трапезунд, Эрзінджан; англічане ж тут дзейнічалі няўдала: акружаны ў 1915 корпус у Кут-эль-Амары 28.4.1916 капітуляваў. Восенню 1916 туркі трымалі супраць рускіх 27, а супраць англічан 18 дывізій.

Летам 1916 адбылася Ютландская бітва 1916 — адзіная буйная бітва на моры, у якой ням. караблі не здолелі перамагчы англ. флот і ліквідаваць марскую блакаду. У канцы 1916 — пач. 1917 стратэг. ініцыятыва ў цэлым перайшла да Антанты, аднак Расія была настолькі стомлена, што пэўныя прыдворныя колы пачалі шукаць сепаратнага міру з Германіяй. 6.4.1917 у вайну на баку Антанты ўступілі ЗША. Няўдалае крас. наступленне англа-франц. войск у раёне Араса, Сен-Кантэна і Рэймса (загінула больш за 200 тыс. чал.) выклікала хваляванні ў франц. арміі, у Рус. экспедыцыйным корпусе пачаўся рух за вяртанне на радзіму. На італьян. і азіяцка-тур. тэатрах саюзнікі пераламілі ход вайны на сваю карысць. У Расіі ў выніку Лютаўскай рэвалюцыі 1917 самадзяржаўе было скінута і да ўлады прыйшоў Часовы ўрад, які ў пытаннях працягу вайны быў яшчэ ў большай залежнасці ад зах. саюзнікаў, чым царызм. Аднак шматлікія ахвяры і эканам. цяжкасці, выкліканыя вайной, рабілі яе ўсё больш непапулярнай у салдацкіх масах; на фронце адбывалася братанне рус. і герм. салдат; з’явіўся лозунг рас. бальшавікоў аб пераўтварэнні вайны імперыял. у грамадзянскую. 1.7.1917 пачалося няўдалае наступленне рас. войск Зах. фронту. У канцы жн. (пач. вер.) 1917 герм. войскі авалодалі Рыгай. Адразу пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 савецкі ўрад Расіі прыняў Дэкрэт аб міры, у якім прапанаваў усім ваюючым бакам пачаць перагаворы з мэтай заключэння справядлівага міру без анексій і кантрыбуцый. У сувязі з адмовай англа-франц. блоку ад гэтых прапаноў сав. ўрад пачаў сепаратныя перагаворы з аўстра-герм. кааліцыяй і 4.12.1917 падпісаў з ёю Дагавор аб перамір’і на Заходнім фронце 1917. У лют. 1918 іх саюзнікі парушылі перамір’е, пачалі буйнамаштабнае наступленне на ўсіх франтах. Паколькі старая армія развальвалася, а часці Чырв. Арміі толькі ствараліся, праціўніку ўдалося захапіць вял. тэрыторыю па лініі Нарва—Растоў-на-Доне, у т. л. ў Беларусі па лініі Расоны—Полацк—Сянно—Орша—Магілёў—Жлобін—Навазыбкаў. Туркі ўварваліся ў Закаўказзе.

3.3.1918 быў падпісаны Брэсцкі мір 1918. З сак. па ліп. 1918 герм. камандаванне правяло 4 наступальныя аперацыі на зах.-еўрап. тэатры, выкарыстаўшы апошні шанц завяршыць вайну на сваю карысць, але беспаспяхова. 8—13 жн. саюзнікі правялі Ам’енскую аперацыю 1918 і нанеслі буйное паражэнне немцам. 26.9.1918 англа-франц. і амер. войскі перайшлі ў агульнае наступленне, прарвалі герм. абарону і вымусілі праціўніка пакінуць тэр. Францыі. У 1918 вырашальныя перамогі былі атрыманы саюзнікамі і на інш. тэатрах. 29 вер. капітулявала Балгарыя, 30 кастр. — Турцыя, 3 ліст. — Аўстра-Венгрыя, 11 ліст. — Германія.

1-я сусв. вайна цягнулася больш за 4 гады (51 месяц і 2 тыдні) і мела надзвычай разбуральны характар. З 74 млн. чал., мабілізаваных з 33 дзяржаў і 5 калоній, загінула і памерла ад ран каля 10 млн. чал., паранена больш за 20 млн. чал., каля 10 млн. чал. памерла ад эпідэмій і голаду. Вайна забрала вял. ахвяры і сярод мірнага насельніцтва: у выніку артабстрэлаў і паветраных бамбардзіровак гінулі жыхары гарадоў; тур. ўлады ўчынілі генацыд армян; падводныя лодкі тапілі пасажырскія судны. Вельмі цяжкім было становішча ў Беларусі. Зах. губерні, у т. л. бел., былі аб’яўлены на ваен. становішчы, уводзіўся жорсткі ваен.-паліцэйскі рэжым. У бел. губернях у дзеючую армію было мабілізавана 50% мужчын. Астатняе працаздольнае насельніцтва прыцягвалася на абарончыя работы. У час баявых дзеянняў на Беларусі гінула мірнае насельніцтва, разбураліся гарады і вёскі, знішчаліся матэрыяльныя і духоўныя каштоўнасці. Адступленне рас. войск суправаджалася масамі бежанцаў. Колькасць прадпрыемстваў скарацілася на 65%, колькасць рабочых — больш, чым на ​1/3. Пасяўныя плошчы ў неакупіраваных паветах скараціліся ў 1914—17 на 15,6%, пагалоўе жывёлы — на 11,4 (кароў на 33,9%). Пагоршылася матэрыяльнае становішча сял. мас. Адбываліся забастоўкі, салдацкія выступленні, найб. буйное — Гомельскага перасыльнага пункта паўстанне 1916. На акупіраванай тэр. зах. Беларусі герм. ўлады стварылі «Нямецкае ваеннае ўпраўленне Беласток—Гродна»; 1.2.1918 яно як састаўная ч. пад назвай «Літва—Поўдзень» уключана ў «Нямецкае ваен. ўпраўленне Літва». Акупанты праводзілі масавыя рэквізіцыі с.-г. прадукцыі, вывозілі сыравіну (асабліваму рабаванню падвергліся лясы Белавежскай пушчы) і прамысл. абсталяванне ў Германію. Такая палітыка выклікала супраціўленне насельніцтва, аж да нападаў сялян на рэквізіцыйныя атрады. Пасля акупацыі ў 1918 усх. Беларусі ўзбр. барацьба набыла арганізаваныя формы партызанскай вайны.

28.6.1919 краіны Антанты (без Расіі) падпісалі Версальскі мірны дагавор 1919 з Германіяй, паводле якога Францыя вяртала Эльзас і Латарынгію, часова акупіравала Саарскую вобл., усе герм. калоніі (у Афрыцы, Кітаі, а-вах Ціхага акіяна) пераходзілі да Англіі, Францыі, Японіі; абмяжоўваліся ўзбр. сілы і ўзбраенні Германіі, на яе ўскладвалася кантрыбуцыя. У вер. 1919 — жн. 1920 былі падпісаны выпрацаваныя на Парыжскай мірнай канферэнцыі 1919—20 аналагічныя мірныя дагаворы паміж краінамі Антанты і інш. дзяржавамі герм. блоку. Пасля распаду Аўстра-Венгрыі на яе тэр. ўзніклі Аўстрыя, Венгрыя, Чэхаславакія. Сербія аб’ядналася з Чарнагорыяй і паўд.-слав. правінцыямі Аўстра-Венгрыі (Харватыя, Славенія, Далмацыя, Боснія і Герцагавіна) у Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў (з 1929 — Югаславія). Адрадзіла незалежнасць Польшча. За кошт б. Аўстра-Венгрыі павялічылі свае тэрыторыі Румынія і Італія. Арабскія ўладанні Турцыі ў асн. перайшлі да Англіі і Францыі, Ірак атрымаў фармальную незалежнасць. Т.ч. шэраг народаў Усх. Еўропы сталі незалежнымі ці ўз’ядналі свае тэрыторыі, але іншаземнае панаванне на пазаеўрап. абшарах у асн. захавалася. ЗША за ваен. пастаўкі атрымалі вял. прыбыткі, павысілі свой міжнар. статус і ўзмацнілі прэтэнзіі на сусв. панаванне. Версальскі дагавор не ліквідаваў, а ўзмацніў супярэчнасці паміж краінамі, не задаволенымі новым перадзелам свету і паслужыў падставай падрыхтоўкі да Другой сусветнай вайны 1939—45.

Літ.:

Гісторыя Беларускай ССР. Т. 2. Мн., 1972;

Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 1. Мн., 1994;

Зайончковский А.М. Мировая война 1914—1918 гг. Т. 1—3. 3 изд. М., 1938—39;

Вержховский Д.В., Ляхов В.Ф. Первая мировая война 1914—1918 гг. М., 1964;

Ростунов И.И. Русский фронт первой мировой войны. М., 1976;

Португальский Р.М., Алексеев П.Д., Рунов В.А. Первая мировая в жизнеописаниях русских военачальников. М., 1994;

Такман Б. Первый блицкриг. Август 1914: Пер. с англ. М.; СПб., 1999;

Мессенджер Ч. Энциклопедия войн XX в.: Мировые конфликты с 1900 г. до наших дней: Пер. с англ. М., 2000;

Больных А. Морские битвы Первой мировой войны: Схватка гигантов. М., 2000.

П.​А.​Селіванаў.

Да арт. Першая сусветная вайна. Бой вядуць амерыканскія салдаты.
Да арт. Першая сусветная вайна. Англійскі танк накіроўваецца да германскіх пазіцый. 1916.
Да арт. Першая сусветная вайна. Спаленая беларуская вёска. Заходні фронт. 1915.
Да арт. Першая сусветная вайна. Перавязачны пункт у Мінску.
Да арт. Першая сусветная вайна. Газавая атака на Заходнім фронце. 1915.
Да арт. Першая сусветная вайна. Расійская кулямётная ўстаноўка, прыстасаваная для стральбы па паветраных цэлях.
Да арт. Першая сусветная вайна. Расійскія крэйсер і падводная лодка на Балтыйскім моры. 1916.
Да арт. Першая сусветная вайна. Братанне на руска-германскім фронце. 1917.
Да арт. Першая сусветная вайна. Паветраны бой паміж германскімі і англійскімі самалётамі. 1917.

т. 12, с. 311

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)