КЕЙН ((Kane) Ілайша Кент) (3.2.1820, г. Філадэльфія, ЗША — 16.2.1857),

амерыканскі даследчык Арктыкі, урач. Удзельнічаў у 2 марскіх экспедыцыях, арганізаваных для пошукаў Дж.Франкліна. Прапанаваў гіпотэзу свабоднага ад лёду Палярнага м. на Пн ад прал. Сміта, куды, па яго меркаванні, маглі трапіць караблі экспедыцыі Франкліна. 1-я экспедыцыя (1850—51, кіраўнік — Э. Дэ Хавен) адкрыла п-аў Грынел, 2-я экспедыцыя (1853—55, кіраўнік К.) — бас. Кейна і прал. Кенэдзі, ледавік Гумбальта, Зямлю Вашынгтона (на ПнЗ Грэнландыі) і інш.

т. 8, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРК ((Park) Мунга) (10.9.1771, Фоўлшылс, каля г. Селкерк, Вялікабрытанія — 1806),

брытанскі даследчык Зах. Афрыкі. У 1795—97 прайшоў ад вусця р. Гамбія на У да г. Сегу, на верхнім Нігеры, і каля 50 км уніз па рацэ, сабраў звесткі аб яе цячэнні да г. Тамбукту. У 1805—06 даследаваў сярэдняе цячэнне і ўчастак ніжняга цячэння р. Нігер да парогаў Буса, дзе і загінуў.

Літ.:

Горнунг М.Б., Липец Ю.Г., Олейников И.Н. История открытия и исследования Африки. М., 1973.

т. 12, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВОЎК (Ігар Пятровіч) (12.4.1937, г. Готвальд, Украіна),

савецкі касманаўт. Герой Сав. Саюза (1984), лётчык-касманаўт СССР (1984), засл. лётчык-выпрабавальнік (1983). Скончыў Кіраваградскае ваен. авіяц. вучылішча лётчыкаў (1956), школу лётчыкаў-выпрабавальнікаў (1965), Маскоўскі авіяц. ін-т (1969). З 1978 у атрадзе касманаўтаў. 17—29.7.1984 з У.А.Джанібекавым і С.Я.Савіцкай здзейсніў (як касманаўт-даследчык) палёт на касм. караблі «Саюз Т-12» і арбітальным комплексе «Салют-7» — «Саюз Т-11» (асн. экіпаж — Л.​Дз.​Кізім, У.А.Салаўёў, А.​Ю.​Ацькоў). Правёў у космасе 11,80 сут.

т. 4, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРМАШЭ́ЎСКІ ((Hermaszewski) Міраслаў) (н. 15.9.1941, пас. Ліпнікі Івана-Франкоўскай вобл., Украіна),

першы касманаўт Рэспублікі Польшча. Герой Сав. Саюза (1978), лётчык-касманаўт Рэспублікі Польшча (1978). Скончыў Дэмблінскае ваен. авіяц. вучылішча лётчыкаў (1964), Ваен. акадэмію Генштаба (1971, Варшава), Ваен. акадэмію Генштаба імя Варашылава (1982, Масква). З 1976 у атрадзе касманаўтаў. 27.6—5.7.1978 з П.І.Клімуком здзейсніў (як касманаўт-даследчык) касм. палёт на караблі «Саюз-30» і арбітальным навук. комплексе «Салют-6» — «Саюз-29» з У.В.Кавалёнкам і А.С.Іванчэнкавым (па праграме «Інтэркосмас»). Правёў у космасе 7,9 сут.

т. 5, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАШАНІ́ННІКАЎ (Сцяпан Пятровіч) (11.11.1711, Масква — 8.3.1755),

рускі вучоны, даследчык Камчаткі. Акад. Пецярбургскай АН (1750). З 1724 вучыўся ў маск. Славяна-грэка-лацінскай акадэміі, з 1732 ва ун-це ў Пецярбургу. Удзельнік 2-й Камчацкай экспедыцыі (1733—43). У 1733—36 падарожнічаў па Сібіры. У 1737—41 даследаваў п-аў Камчатка. На аснове сабраных матэрыялаў напісаў навук. працу па геаграфіі, гісторыі, мовах і быце народаў Камчаткі («Апісанне зямлі Камчаткі»). Яго імем названы востраў каля Камчаткі, мыс (на в-ве Карагінскім) і гара на Камчатцы.

т. 8, с. 470

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ПЦЕЎ (Дзмітрый Якаўлевіч) (1701—1767),

расійскі даследчык Арктыкі. Віцэ-адмірал (1762). На флоце з 1718. З 1736 кіраваў адным з паўн. атрадаў Другой Камчацкай экспедыцыі. У 1739—42 даследаваў узбярэжжа паміж вусцем р. Лена і мысам Вял. Баранаў, у 1741—42 правёў здымку рэк Вял. Анюй і Анадыр. Па заканчэнні экспедыцыі да 1762 служыў на Балт. флоце. Імем Л. названы мыс у дэльце р. Лена, праліў (гл. Лапцева Дзмітрыя праліў); у гонар Дз.Я. і Х.​П.​Лапцевых названа Лапцевых мора.

т. 9, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́РЫ ((Parry) Уільям Эдуард) (19.12.1790, г. Бат, Вялікабрытанія — 8.7.1855),

англійскі даследчык Арктыкі. У 1819—24 кіраваў 3 экспедыцыямі на 2 караблях, якія былі пасланы на пошукі Паўн.-Зах. праходу. У час экспедыцыі адкрыў і даследаваў шэраг а-воў (Сомерсет, Мелвіл, Банкс, Карнуоліс і інш.) і праліваў (Ланкастэр, Прынс-Рыджэнт, Бараў, Мелвіл, Уэлінгтан і інш.) Канадскага Арктычнага архіпелага. У 1827 спрабаваў дасягнуць Паўн. полюса (ад Шпіцбергена), дайшоў да 82°45 паўн. ш. Яго імем названы архіпелаг арктычных астравоў, заліў, паўвостраў, 3 мысы.

т. 12, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРУНА́РЫУ ((Prunariu) Думітру) (н. 27.9.1952, г. Брашоў, Румынія),

першы касманаўт Румыніі. Герой Сав. Саюза (1981). Герой Румыніі (1981). Лётчык-касманаўт Румыніі (1981). Палкоўнік. Скончыў Бухарэсцкі політэхн. ін-т (1976), Ваенна-авіяц. афіцэрскую школу (1977). З 1978 у атрадзе касманаўтаў. 14—22.5.1981 з Л.І.Паповым здзейсніў (як касманаўт-даследчык) палёт на касм. караблі «Саюз-40» і арбітальнай станцыі «Салют-6» (асн. экіпаж У.В.Кавалёнак, В.П.Савіных). У космасе правёў 7,86 сут. З 1990 нач. грамадзянскай авіяцыі Румыніі. З 1998 прэзідэнт Касмічнага агенцтва Румыніі.

У.​С.​Ларыёнаў.

Д.Прунарыу.

т. 13, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНЖУ́ (Пётр Фёдаравіч) (15.2.1796, Вышні Валачок, Расія — 12.10.1869),

даследчык Арктыкі, адмірал рус. флоту. У 1821—23 з памочнікамі апісаў паўн. берагі і а-вы паміж рэкамі Алянёк і Індыгірка, склаў карту Новасібірскіх а-воў. У 1825—26 удзельнічаў у апісанні паўн.-ўсх. берага Каспійскага м. і зах. берага Аральскага м. У 1827 вызначыўся ў Наварынскай бітве руска-англа-франц. флоту з тур.-егіп. флотам на лінейным караблі «Гангут». Займаў камандныя пасады ў марскім ведамстве. Імем Анжу названа паўн. група Новасібірскіх а-воў.

Літ.:

Пасецкий В.М. Петр Анжу. М., 1958.

т. 1, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЙКЕР ((Baker) Сэмюэл Уайт) (8.6.1821, Лондан — 30.12.1893),

англійскі падарожнік, даследчык Афрыкі. У 1861—65 арганізаваў экспедыцыю ў Афрыку. З мэтай вывучэння цячэння Ніла і яго прытокаў прайшоў праз Судан і паўд. Эфіопію. У 1864 адкрыў другі выток Белага Ніла — воз. Мабуту-Сесе-Сека, вадаспад Мерчысан на р. Вікторыя-Ніл. У 1870—73 па даручэнні віцэ-караля Егіпта кіраваў егіп. ваен. экспедыцыямі, каб устанавіць гандл. кантакты з краінамі ў бас. Белага Ніла, а таксама ліквідаваць у гэтым раёне гандаль нявольнікамі. Даследаваў Кіпр (1875), падарожнічаў па Індыі, ЗША і Японіі.

т. 2, с. 375

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)