умацаваны пункт з пастаянным гарнізонам, узбраеннем і прыпасамі, прызначаны для кругавой доўгатэрміновай абароны ва ўмовах аблогі. Асн. абарончыя элементы К.: земляныя валы, равы, драўляныя ці мураваныя сцены і вежы з байніцамі, брамы, барбаканы, бастыёны, равеліны і інш. Падзяляліся на сухапутныя і марскія (прыморскія).
Правобразамі К. былі ўмацаваныя паселішчы першабытнай эпохі. У рабаўладальніцкіх дзяржавах многія гарады былі адначасова і К. (Карфаген, Рым, Канстанцінопаль). Для прыкрыцця граніц К. будавалі ў Стараж. Егіпце, Рыме, Асірыі, Вавілоне, Персіі і інш.
У сярэдневякоўі ў Зах. Еўропе выгляд К. набылі ўмацаваныя замкі феадалаў, гарады і манастыры. На Русі буд-ва К. пачалося ў 10—11 ст. з мэтай абароны насельніцтва гарадоў і навакольных раёнаў.
На Беларусі тэрмін «К.» у сучасным яго разуменні вядомы з 18 ст. Раней К. называлі водныя перашкоды, балоты, высокія схілы, якія ахоўвалі паселішчы. У 11—13 ст. функцыі К. адыгрывалі некат. парубежныя гарады (Мінск, Гродна, Камянец, Кукенойс, Герцыке). Асновай іх абароны былі дзядзінцы. Другую лінію абароны складалі ўмацаванні вакольнага горада. Вузлавымі пунктамі абароны гарадоў з’яўляліся замкі, умацаваныя манастыры і кляштары. У 15—17 ст. некат. бел. гарады (Магілёў, Мсціслаў, Віцебск, Полацк) адыгрывалі ролю парубежных К. Іх абарончыя ўмацаванні звычайна складаліся з некалькіх паясоў магутных фартыфікацыйных збудаванняў вакол горада. У функцыян. адносінах значна бліжэй да К. былі ўмацаваныя гарадкі-астрогі Туроўля, Сітна, Суша, Сокал, Казьян і інш., пабудаваныя ў 16 ст. на Полаччыне. Пад уплывам італьян. і галандскай фартыфікацыі з 2-й пал. 16 ст. на Беларусі пашырылася буд-ва бастыённай сістэмы ўмацаванняў. Сярод К. новага тыпу вылучаліся Магілёў, Быхаў, Ляхавічы, Нясвіж, асабліва Слуцк, які да канца 18 ст. называлі «бастыёнам Вялікага княства Літоўскага». На Беларусі крапаснымі збудаваннямі былі таксама многія цэрквы, у т. л.Мураванкаўская царква-крэпасць, Супрасльская царква-крэпасць, Сынковіцкая царква-крэпасць, жылыя дамы — Гайцюнішскі дом-крэпасць, Гродзенскі новы замак. Традыц. драўляна-земляныя збудаванні паступова трацілі сваё стратэг. значэнне. Павелічэнне далёкасці і магутнасці агню артылерыі прывяло да ўзнікнення ў 19 ст. фортавай К., якая складалася з т. зв. ядра (звычайна старой К.) і вынесеных уперад на 2—3 км асобных фортаў на адлегласці 1,5—2 км адзін ад аднаго. Такія ўмацаванні мелі Бабруйская крэпасць і Брэсцкая крэпасць. У 1914 на тэр. Еўропы было больш за 150 разнастайных К. У перыяд паміж 1-й і 2-й сусв. войнамі, з развіццём узбраення і ваен. тэхнікі, усе краіны адмовіліся ад фортавых К. і пачалі ствараць умацаваныя раёны і палосы. Гл. таксама Абарончыя збудаванні.
Літ.:
Rogalski M., Zaborowski M. Fortyfikacja wczoraj i dziś. Warszawa, 1975;
гл. таксама пры арт.Абарончыя збудаванні.
М.А.Ткачоў.
Схема Брэсцкай крэпасці. 1941.Крэпасць Туроўля. 1566—67.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САВЕ́ЦКА-ПО́ЛЬСКІ ДАГАВО́Р 1945, Дагавор аб савецка-польскай дзяржаўнай граніцы паміж СССР і Польшчай,
падпісаны 16.8.1945 у Маскве нам. Старшыні СНКСССР В.М.Молатавым і Старшынёй СМ Польскай Рэспублікі Э.Асубка-Мараўскім замест пагаднення ад 26.7.1944 паміж урадам СССР і Польскім камітэтам нацыянальнага вызвалення. Заключаны ў адпаведнасці з сав.-польск. дагаворам ад 21.4.1945 (гл.Савецка-польскія дагаворы і пагадненні). Вызначыў дзярж. граніцу паміж СССР і Польшчай згодна з рашэннямі Крымскай канферэнцыі 1945 уздоўж «Керзана лініі» з адхіленнямі ад яе на карысць Польшчы ў некат. раёнах на 5—8 км. Пры гэтым Польшчы дадаткова ўступаліся землі на У ад «Керзана лініі» да рэк Зах. Буг і Салокія, на Пд ад г. Крылаў з водступам на карысць Польшчы максімальна на 30 км (тэр. Украіны); частка Белавежскай пушчы на ўчастку Няміраў—Ялаўка на У ад «Керзана лініі», уключаючы Няміраў, Гайнаўку, Белавежу і Ялаўку, з водступам на карысць Польшчы максімальна на 17 км (тэр. Беларусі). Усяго ад БССР адыходзілі 17 раёнаў Беластоцкай вобласці з г. Беласток і 3 раёны Брэсцкай вобл. (частка Белавежскай пушчы) — тэр. плошчай 14,3 тыс.км² з прыбл. 638 тыс. жыхароў (паводле польск. перапісу 1946), сярод якіх было 61% католікаў, 23% праваслаўных. 15% іудзеяў (даныя 1921). Польшча перадавала БССР 15 вёсак, населеных пераважна беларусамі. 20.8.1945 Вярх. СаветБССР прыняў пастанову аб перадачы Польшчы б.ч. зямель Беластоцкай вобл. Дагавор ратыфікаваны Краёвай Радай Нарадовай 31.12.1945 і Прэзідыумам Вярх. Савета СССР 13.1.1946. Ён прадугледжваў таксама стварэнне змешанай камісіі па дэмаркацыі граніцы (знаходзілася ў Варшаве), якая працавала з мая 1946 і скончыла дэмаркацыю граніцы ў крас. 1947. У 1946—55 граніца паміж БССР і Польшчай па рашэнні сав. ўрада 4 разы адсоўвалася на У. Польшчы былі перададзены некалькі дзесяткаў вёсак Сапоцкінскага, Бераставіцкага і Свіслацкага р-наў, жыхары якіх былі пераважна католікамі. Падрыхтоўка, падпісанне і ратыфікацыя дагавора ажыццяўляліся без удзелу прадстаўнікоў БССР. Ён не абмяркоўваўся ў вышэйшых органах дзярж. улады Беларусі, чые нац.-дзярж. інтарэсы непасрэдна закранаў. Дагавор парушаў палажэнні Канстытуцыі СССР 1936 і Канстытуцыі БССР 1937, што патрабавалі згоды саюзнай рэспублікі на змену яе граніц. З пункту гледжання міжнар. права дагавор быў чарговым падзелам тэр. Беларусі, якая паводле рашэнняў Сан-Францыскай канферэнцыі 1945 уваходзіла ў склад дзяржаў — заснавальніц ААН. Разам з тым паводле дагавора аб добрасуседстве і супрацоўніцтве паміж Рэспублікай Беларусь і Рэспублікай Польшча ад 23.6.1992 бакі пацвердзілі існуючую паміж імі граніцу, вызначаную дагаворам ад 16.8.1945.
Літ.:
Волаціч М. Насельніцтва Заходняй Беларусі і яго перасяленьне між сучаснай Польшчай і БССР // Беларускі зборнік. Мюнхен, 1956. Кн. 4;
Снапкоўскі У.Е. Міжнародныя аспекты вызначэння савецка-польскай мяжы ў 1943—1945 гг. // Бел.гіст.часоп. 1994. №3;Мірановіч Я Навейшая гісторыя Беларусі. Беласток, 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАГРАНІ́ЧНЫЯ ВО́ЙСКІ (у некаторых краінах пагранічная ахова, пагранічная варта),
спецыяльныя войскі, прызначаныя для абароны паліт., ваен. і эканам. інтарэсаў дзяржавы на яе сухап., марскіх, рачных (азёрных) рубяжах. П.в. Рэспублікі Беларусь складаюцца з пагранічных атрадаў, спец. і вучэбных часцей (падраздзяленняў). Падпарадкоўваюцца Прэзідэнту. Непасрэднае кіраўніцтва імі ажыццяўляе старшыня дзярж. камітэта — камандуючы П.в. праз падпарадкаваныя яму штаб і інш. структуры кіравання. Створаны паводле пастановы Вярх. Савета Беларусі ад 20.9.1991 на базе П.в. КДБСССР, што дыслацыраваліся на тэр. Беларусі. З 1992 у веданні Гал. ўпраўлення П.в. пры Савеце Міністраў, якое ў 1997 пераўтворана ў Дзярж.к-тпагран. войск Рэспублікі Беларусь. П.в. забяспечваюць недатыкальнасць граніц (гл.Граніца дзяржаўная), падтрымліваюць устаноўлены законам пагран. рэжым, сумесна з мытнымі органамі ажыццяўляюць пагранічны кантроль і інш. П.в. выконваюць свае задачы самастойна пры падтрымцы мясц. органаў дзярж. улады і насельніцтва прыгранічных раёнаў. Маюць на ўзбраенні сучасныя віды стралк. зброі і баявой тэхнікі, рачныя караблі, верталёты і спец.тэхн. сродкі. Падрыхтоўку афіцэрскіх кадраў для П.в. ажыццяўляюць ф-ты Ваен. акадэміі і Ін-та нац. бяспекі Рэспублікі Беларусь.
П.в. зарадзіліся ў 14 ст. На тэр.ВКЛ, акрамя ўдзелу ў апалчэнні (гл.Паспалітае рушэнне) гар. абшчына выконвала шэраг абавязкаў па вартавой службе і мясц. абароне. У многіх гарадах, найперш памежных, да ўвядзення магдэбургскага права (канец 14 ст.) існавалі асобыя катэгорыі мяшчан, якія пастаянна неслі ваен., у т. л. вартавую, службу. У некаторых гарадах на Зах. Дзвіне вартавую службу неслі таксама казакі (напр., у Полацку на замку ў 1552 рэестр зафіксаваў 6 казацкіх службаў). У Расіі ў 1571 з’явілася «Улажэнне аб станічнай і вартавой службе», у 1754 створаны пагран. мытні (з 1772 і на тэр.ўсх. Беларусі), у 1811 уведзена «Палажэнне аб арганізацыі пагранічнай казённай стражы», якая ў 1899 атрымала вайсковае ўпарадкаванне (пагран. брыгады, акругі і інш.). У СССР першыя пагран. часці сфарміраваны ў 1918, на тэр.БССР — у 1924. У 1932 за вял. заслугі ў ахове рубяжоў і актыўны ўдзел у гасп.-паліт. умацаванні пагран. раёнаў пагран. войскі ДПУ БССРузнаг. ордэнам Прац.Чырв. Сцяга БССР (уручаны Дзярж. к-ту пагран. войск Рэспублікі Беларусь у 1998). У Вял.Айч. вайну пагранічнікі зах. рубяжоў СССР першыя прынялі на сябе ўдар ням -фаш. захопнікаў. Гераічнае супраціўленне агрэсару аказалі пагранічнікі, у т. л. тыя, што былі сярод абаронцаў Брэсцкай крэпасці (падраздзяленні 17-га пагранатрада і інш.), байцы застаў, якімі камандавалі А.М.Кіжаватаў, В.М.Усаў, А.М.Сівачоў. Асабовы склад пагран. палкоў, якія ўдзельнічалі ў вызваленні Беларусі ад акупантаў, вызначыўся пад Магілёвам, Оршай, Мінскам і Баранавічамі (за баявыя подзвігі пагранічнікам Ф.Г.Крылову і А.М.Наскову пасмяротна прысвоена званне Героя Сав. Саюза).
А.А.Паўлоўскі.
Да арт.Пагранічныя войскі: пагранічны кантроль на прапускных пунктах Брэст-Цэнтральны і Брузгі.Да арт.Пагранічныя войскі: пагранічны нарад аглядае кантрольна-следавую паласу.
Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)
РУ́СКА-ШВЕ́ДСКІЯ ВО́ЙНЫ 16—19 ст. войны паміж Расіяй і Швецыяй за Прыбалтыку, Фінляндыю і панаванне на Балтыйскім м.Узбр. сутычкі паміж гэтымі краінамі вядомы з 13 ст., але маштабныя ваен. дзеянні разгарнуліся з 16 ст.Вайна 1554—57 выклікана нежаданнем шведскага караля Густава I весці знешнія зносіны з Расіяй праз Ноўгарад. Баявыя дзеянні прычынілі абодвум бакам урон у гандлі, і Густаў прапанаваў мір; гэта адпавядала інтарэсам Івана IV (ён рыхтаваўся да вайны з Лівонскім ордэнам). Наўгародскі мір 1557 захаваў даваен. сістэму ўзаемаадносін і размежавання зямель. Вайна 1558—83, гл.Лівонская вайна 1558—83. Паводле Плюскага перамір’я 1583 шведы завалодалі паўн.ч. Эстоніі. Нявырашанасць пытання аб межах выклікала вайну 1590—93. Аблога рас. войскамі крэпасці Нарва зацягнулася. Толькі нечаканы рэйд. рас. атрадаў да Гельсінгфорса і Аба прымусіў шведаў заключыць Цяўзінскі дагавор 1595. Швецыя захавала Нарву, Рэвель, Везенберг і інш.эст. гарады, але вяртала Расіі Кексгольм (Карэлу), Івангорад, Ям, Капор’е, Нотэбург (Арэшак), Ладагу. За ваен. дапамогу ў гады «Смуты» Васіль Іванавіч Шуйскі перадаў Швецыі паводле Выбаргскага дагавора 1609 Карэльскі павет. Скарыстаўшы слабасць Расіі, шведы ў 1610—11 занялі ўсю Наўгародскую зямлю. Паводле Сталбоўскага міру 1617 Расіі вернуты Ноўгарад, Кексгольм, Івангорад, Ям, Капор’е, Нотэбург. Вайна 1656—58 выклікана імкненнем Расіі вярнуць і інш. страчаныя землі. Выкарыстаўшы аслабленасць Рэчы Паспалітай (гл.Вайна Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67), Расія заключыла з ёю Віленскае перамір’е 1656. Рус. войскі разгарнулі наступленне на швед. землі і дайшлі да Рыгі. Але контрнаступленне шведаў і аднаўленне вайны з Рэччу Паспалітай прывялі да заключэння са Швецыяй напачатку Валіесарскага дагавора 1658 аб перамір’і на 3 гады, а потым — Кардыскага мірнага дагавора 1661, які фактычна замацаваў даваен. размежаванне зямель. Вайна 1700—21, гл.Паўночная вайна 1700—21. Вайна 1741—43 была спробай Швецыі вярнуць тэр., страчаныя пасля Паўн. вайны (гл.Ніштацкі мірны дагавор 1721). Рас. войскі атрымалі шэраг перамог і вясной 1743 падышлі да тэр. Швецыі, узнікла пагроза высадкі рас. дэсантаў. У гэтых умовах швед. ўрад падпісаў Абаскі мірны трактат 1743, які ўмацаваў становішча Расіі на Балт.м. і ў Прыбалтыцы; да Расіі далучана ч. Фінляндыі да р. Кюмене. Вайна 1788—90 пачата Швецыяй, калі асн. сілы Расіі вялі вайну з Турцыяй (гл.Руска-турэцкія войны 17—19 ст.). Швецыя запатрабавала вярнуць тэр., што перайшла да Расіі паводле мірных дагавораў 1721 і 1743. Шведскі флот падыходзіў да Пецярбурга. Аднак Рас. флот перамог у Гагландскай (1788) і Выбаргскай (1790) бітвах; не мела поспеху і швед. наступленне ў Фінляндыі. Вярэльскі мірны дагавор 1790 заключаны ва ўмовах захавання ранейшых граніц (гл. таксама Аньяльскі саюз). Вайна 1808—09 вялася Расіяй у саюзе з Даніяй супраць Швецыі і Вялікабрытаніі (гл.Руска-англійская вайна на моры 1807—12) за ўстанаўленне поўнага кантролю над Батнічным і Фінскім залівамі з мэтай умацавання бяспекі Пецярбурга. Рас. войскі захапілі ўсю Фінляндыю, Аландскія а-вы і высадзілі дэсант на ўзбярэжжы Швецыі. Скончылася Фрыдрыхсгамскім мірным дагаворам 1809 (да Расіі адышлі Фінляндыя і Аландскія астравы).
Літ.:
История внешней политики России, конец XV—XVII вв. М., 1999;
История внешней политики России XVIII в. М., 1998;
Коваленко Г.М. Кандидат на престол: Из истории полит. и культурных связей России и Швеции XI—XX вв. СПб., 1999;
Похлебкин В.В. Внешняя политика Руси, России и СССР за 1000 лет в именах, датах, фактах: Справ. Вып. 2. Войны и мирные договоры. М., 1998.
С.Л.Лугаўцова.
Да арт.Руска-шведскія войны 16—19 ст. Пераход расійскіх войск цераз Батнічны заліў у сакавіку 1809. Гравюра пач. 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САВЕ́ЦКА-ПО́ЛЬСКІЯ ДАГАВО́РЫ І ПАГАДНЕ́ННІМірны дагавор 1921 паміж РСФСР, УССР і Польскай Рэспублікай, падпісаны 18 сак. ў Рызе. Гл.Рыжскі мірны дагавор 1921. Дагавор 1932 аб ненападзе паміж СССР і Польшчай, падпісаны 25 ліп. ў Маскве на 3 гады па ініцыятыве сав. боку (перагаворы вяліся са студз. 1926, з-за рознагалоссяў бакоў перапынены і адноўлены ў канцы 1931; 26.1.1932 дагавор парафіраваны). Дзяржавы абавязваліся ўстрымлівацца ад агрэсіўных дзеянняў, у выпадку нападу на адну з іх не аказваць ні прамой, ні ўскоснай дапамогі краіне-агрэсару; не ўдзельнічаць у пагадненнях, варожых другому боку. Дагавор не пярэчыў інш. абавязацельствам, падпісаным раней, калі «гэтыя пагадненні не заключаюць у сабе элементаў агрэсіі». Паводле дагавора створана ўзгадняльная камісія з 4 чл. (па 2 ад кожнага боку). Пратаколам ад 5.5.1934 тэрмін дзеяння дагавора працягнуты да 31.12.1945. Страціў сілу пасля ўступлення 17.9.1939 Чырв. Арміі на тэр.Усх. Польшчы (Зах. Беларусь і Зах. Украіна) у пач. 2-й сусв. вайны. Пагадненне 1941 паміж урадам СССР і польскім урадам у эміграцыі, падпісана 30 ліп. ў Лондане. Гл.Савецка-польскае пагадненне 1941. Пагадненне 1944 паміж урадам СССР і Польскім камітэтам нацыянальнага вызвалення (ПКНВ) аб адносінах паміж сав. галоўнакамандуючым і польскай адміністрацыяй пасля ўступлення сав. войск на тэр. Польшчы, падпісана 26 ліп. ў Маскве. Вызначыла, што вярх. ўлада і адказнасць за ўсе справы, якія Датычаць ваен. дзеянняў на тэр. Польшчы, ускладаюцца на галоўнакамандуючага сав. войскамі. ПКНВ на вызваленых польскіх землях ствараў органы польскай адміністрацыі, фарміраваў і ўкамплектоўваў польскія войскі, забяспечваў садзеянне органаў польскай адміністрацыі ў ажыццяўленні Чырв. Арміяй ваен. аперацый і ў задавальненні яе патрэб у час знаходжання на польскай тэрыторыі. Прадугледжвалася, што асобы, якія належалі да сав. войск, заставаліся ў сав. юрысдыкцыі; асобы, што належалі да Войска Польскага, і цывільнае насельніцтва падлягалі польскай юрысдыкцыі. Дагавор 1945 аб дружбе, узаемнай дапамозе і пасляваенным супрацоўніцтве,
падпісаны 21 крас. ў Маскве на 20 гадоў. СССР і Польшча абавязваліся давесці вайну супраць фаш. Германіі да поўнай перамогі, не заключаць без узаемнай згоды перамір’я або мірнага дагавора з урадам А.Гітлера і інш. уладай у Германіі, якая б замахвалася на незалежнасць, тэр. цэласнасць ці бяспеку адной з дагаворных дзяржаў, пашыраць сав.-польскае эканам. і культ. супрацоўніцтва, аказваць ваен. і інш. дапамогу, пасля вайны рабіць усе захады, каб не паўтарылася агрэсія з боку Германіі ці інш. дзяржавы. Пагадненне 1945 аб абмене насельніцтвам, падпісана 6 ліп. ў Маскве. Давала права свабоднага добраахвотнага выхаду з сав. грамадзянства і вяртання ў Польшчу асобам польскай і яўр. нацыянальнасцей, якія да 17.9.1939 былі польскімі грамадзянамі, і членам іх сем’яў, а таксама права выхаду з польскага грамадзянства і перасялення ў СССР асобам рускай, укр., бел., русінскай (зах. ўкраінцы, што даўней жылі ў складзе Аўстра-Венгрыі) і літоўскай нацыянальнасцей і членам іх сем’яў, якія жывуць на тэр. Польшчы. Дагавор 1945 аб савецка-польскай дзярж. граніцы, падпісаны 16 жн. ў Маскве. Гл.Савецка-польскі дагавор 1945. Пагадненне 1957 аб тэрмінах і парадку далейшай рэпатрыяцыі з СССР асоб польскай нацыянальнасці. Сав. ўрад выказаў гатоўнасць спрыяць добраахвотнай рэпатрыяцыі палякаў, што мелі сем’і ў Польшчы, а таксама тых, хто раней не змог выкарыстаць права на рэпатрыяцыю, сваякам рэпатрыянтаў у СССР. Дагавор 1965 аб дружбе, супрацоўніцтве і ўзаемнай дапамозе, падпісаны 8 крас. ў Варшаве на 20 гадоў. СССР і Польшча абавязваліся дзейнічаць у рамках папярэдняга дагавора 1945 і Варшаўскага дагавора 1955, супрацоўнічаць у межах Савета Эканам. Узаемадапамогі, заявілі пра недатыкальнасць дзярж.граніц Польшчы па Одэры — Нейсе. У развіццё гэтага дагавора ў 1970—85 падпісаны шэраг пагадненняў і пратаколаў па пытаннях эканомікі, гандлю, навукі, тэхнікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ула́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак.
1.што. Давесці да шчаслівага, жаданага канца якую‑н. справу. Антось і Ганна не знаходзяць, Што адказаць і што парадзіць І як пытанне гэта ўладзіць.Колас.— Я быў у лагеры, рускі, — кажа [базар] мне з відавочным задавальненнем, што ўсё яму давялося ўладзіць. — Ты будзеш тут, пакуль не паправішся...Ракітны.[Валерый] згадзіўся з’ездзіць у горад, уладзіць тое-сёе за прараба і запасціся бланкамі для справаздач.Б. Стральцоў.// Узгадніць, прымірыць, ліквідаваць (разыходжанні, супярэчнасці, непаразуменні і пад.). Сто чалавек — калектыў не маленькі. Каб усе працавалі ў поўную сілу, трэба і паставіць кожнага на сваё месца, і памагчы, калі спатрэбіцца, і канфлікт часам уладзіць.Палтаран.//зчым і без дап. Узяць на сябе вырашэнне чаго‑н., забеспячэнне чым‑н. [Гэля:] Зойдзем, Рыгор... Табе далёка ісці дамоў... Я ўладжу з начоўкаю.Гартны.[Галай:] — А што, каб табе тут астацца? Мясціны ціхія, а людзі добрыя. Га? Наконт кватэры не турбуйся, уладжу.Асіпенка.
2.каго. Стварыць неабходныя ўмовы для жыцця, існавання; уладкаваць. Гвозд запытаўся, ці добра яго, Зыбіна, уладзілі, якая ў яго кватэра, якая зарплата.Мележ.
3.каго. Разм. Змясціць, прыстроіць каго‑н. куды‑н.; даць месца для жылля і пад. Уладзіць хворага ў шпіталь. Уладзіць на кватэру. □ Муж палажыў .. [хворую жонку] ў бальніцу, дзяцей уладзіў у школу-інтэрнат...Лужанін.// Дапамагчы паступіць на работу, вучобу. Дзевяць дзён пайшло на тое, каб уладзіць Рыгора на працу.Гартны.
4.каго-што. Зручна размясціць, палажыць, паставіць і пад. Лёгка адкінуў [Васіль] ад другіх адну калоду, уладзіў, каб не круцілася, замахаў сякерай.Мележ.Джвучка адхінуўся ад стала і ўладзіў локці на падаконнік.Пташнікаў.
5.што. Разм. Арганізаваць якое‑н. мерапрыемства.
6.каму. Разм. Унаравіць, дагадзіць. [Іван Трахімавіч:] — Нешта я не памятаю ніводнага выпадку, каб табе ўладзіла хоць адна краўчыха.Корбан.
7.што. Разм. Прывесці ў належны парадак; наладзіць як след. Няма нікому забароны Уладзіць дом свой, дабрабыт. Май, васпан, толькі розум, спрыт І не выходзь з граніц закону.Колас.// Наладзіць, зрабіць прыгодным для работы, карыстання. [Крэмез:] — Станок уладзілі, а хлопцы ў мяне цяпер, як шалёныя, працуюць.Шынклер.
8.Разм. Паспець прыйсці, прыехаць куды‑н. у пэўны час, момант. Ехаў [Іван] дамоў і ўладзіў якраз на рада[ў]ніцу.Кудравец.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ГО́МЕЛЬСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,
адм.-тэр. адзінка Рэспублікі Беларусь. Размешчана на ПдУ Беларусі, каля граніц з Украінай і Расіяй. Утворана 15.1.1938. Пл. 40,4 тыс.км². Нас. 1594,2 тыс.чал. (1995). Цэнтр — г.Гомель. У вобласці 21 раён: Акцябрскі, Брагінскі, Буда-Кашалёўскі, Веткаўскі, Гомельскі, Добрушскі, Ельскі, Жлобінскі, Жыткавіцкі, Калінкавіцкі, Кармянскі, Лельчыцкі, Лоеўскі, Мазырскі, Нараўлянскі, Петрыкаўскі, Рагачоўскі, Рэчыцкі, Светлагорскі, Хойніцкі, Чачэрскі (гл. адпаведныя артыкулы), 17 гарадоў, у т. л. 8 абл. падпарадкавання — Гомель, Добруш, Жлобін, Калінкавічы, Мазыр, Рэчыца, Рагачоў, Светлагорск, 18 гар. пасёлкаў, 279 сельсаветаў, 2665 сельскіх населеных пунктаў.
Прырода. Паверхня вобласці раўнінная. Большая ч. вобласці размешчана на Палескай нізіне, паўд.-ўсх. і ўсх. — на Прыдняпроўскай нізіне. У межах вобласці вылучаюцца 3 фізіка-геагр. раёны падправінцыі Беларускага Палесся: Прыпяцкае Палессе, Мазырскае Палессе, Гомельскае Палессе. На правым беразе Прыпяці — Мазырская града з вышэйшым пунктам вобласці — 221 м, у міжрэччы Дняпра і Прыпяці — Хойніцка-Брагінскія вышыні (да 157 м). Пераважае нізінны рэльеф (вышыні 135—150 м над узр. м.), які займае ¾ тэр. вобласці. Ніжэйшы пункт у пойме Дняпра пры выхадзе яго на тэр. Украіны — 103,4 м над узр. м. Карысныя выкапні: нафта (60 радовішчаў пераважна ў Рэчыцкім, Светлагорскім і Акцябрскім р-нах), калійныя і каменныя солі (Петрыкаўскае радовішча калійных і каменнай солей, Давыдаўскае і Мазырскае радовішча каменнай солі), буры вугаль (Брынёўскае і Жыткавіцкае радовішчы), гаручыя сланцы (Тураўскае радовішча), торф, будаўнічы і абліцовачны камень, шкловыя і фармовачныя пяскі, мел, гіпс, цагельныя гліны і суглінкі, каалін, мінер. воды і інш. Клімат умерана кантынентальны. Зіма мяккая, лета цёплае. Сярэднямесячная т-ра паветра ў студз. ад -6,3 °C на ПдЗ да -8,2 °C на ПнУ, у ліп. ад 18,5 °C на З да 19,7 °C на У. Вегетац. перыяд 188—199 сутак. Гадавая колькасць ападкаў 510—670 мм. Каля 70% іх прыпадае на цёплую палавіну года (крас. — кастрычнік). Рэкі належаць да басейна Дняпра, што працякае па тэр. вобласці з Пн на Пд на працягу амаль 400 км. Найб. яго прытокі ў межах вобласці суднаходныя — Прыпяць, Бярэзіна (справа), Сож (злева). Найб. прытокі Прыпяці — Случ, Пціч, Трэмля, Іпа (злева), Сцвіга, Убарць, Славечна, Жалонь (справа), Сажа — Беседзь і Іпуць (злева). Самае вял. па плошчы воз. Чырвонае, у поймах рэк невял. азёры-старыцы. Густая сетка меліярац. каналаў. Глебы сельгасугоддзяў пераважна дзярнова-падзолістыя (31,6%) і дзярнова-падзолістыя забалочаныя (28,7%), тарфяна-балотныя (19,2%), поймавыя і інш. Паводле мех. складу пераважаюць супясчаныя (31,2%) і пясчаныя (30,8%), менш тарфяных (19,2%) і сугліністых (18,8%). Асушаныя землі займаюць каля 30% сельгасугоддзяў, найб. у Акцябрскім р-не — 50%, у Калінкавіцкім, Ельскім, Петрыкаўскім, Светлагорскім, Хойніцкім р-нах каля 40%. Пад лесам каля 44% тэр. вобласці. На хваёвыя лясы прыпадае 65%, бярозавыя — 14, чорнаальховыя — 9,5, дубовыя — 8%. Найб. лясістасць на З і Пд вобласці, у асобных раёнах больш за 50%. Пад лугамі 17,2%, каля 2/3 з іх нізінныя. Балоты, пераважна нізінныя, займаюць каля 13% тэр. вобласці, большасць іх асушана. На тэр. вобласці Прыпяцкі ландшафтна-гідралагічны запаведнік (з 1997 нац. парк), 11 біялагічных, 1 ландшафтны і інш. заказнікі, 35 помнікаў прыроды. У выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС 69,3% тэр. вобласці забруджана радыенуклідамі з працяглымі тэрмінамі паўраспаду, у т. л. зона са шчыльнасцю забруджвання па цэзію-137 больш як 5 Кі/км² займае 27,5% тэр. вобласці. У найб. забруджанай (шчыльнасць па цэзію-137 больш за 40 Кі/км²) паўд.ч. вобласці створаны Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік.
Насельніцтва. Асн. насельніцтва беларусы (84,4%), жывуць таксама рускія (9%), украінцы (3%), яўрэі (2,8%) і інш. Гарадскога насельніцтва 68,2%. Сярэдняя шчыльн. 40 чал. на 1 км², сельскага насельніцтва 12,7 чал. на 1 км². Найб. гарады (тыс.чал., 1995): Гомель (514), Мазыр (107), Светлагорск (76), Рэчыца (73), Жлобін (67), Калінкавічы (42), Рагачоў (37), Добруш (20). Пасля 1985 нараджальнасць і натуральны прырост зніжаюцца, расце смяротнасць, павялічваецца доля асоб, старэйшых за працаздольны ўзрост. З 1986 насельніцтва ў Нараўлянскім, Брагінскім і Хойніцкім р-нах (найб. пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС) паменшылася больш як на 50%.
Гаспадарка. Прамысловасць пераважае ў гаспадарчым комплексе. У ёй занята 30% усіх працуючых. Тэмпы развіцця і структура яе ў 1990-я г. нестабільныя. У 1991—95 для прам-сці вобласці характэрна зніжэнне аб’ёмаў вытв-сці і рост беспрацоўя. Вобласць спецыялізуецца на здабычы нафты, кухоннай солі, вытв-сці сталі і пракату, асобных галінах машынабудавання, хім., лясной, лёгкай і харч. прам-сці. У вобласці вырабляюць (у % да рэсп. вытв-сці): нафты і кухоннай солі (здабыча) — 100%, прадуктаў нафтаперапрацоўкі — 50, сталі — 81,5, сернай кіслаты — 49,3, фосфарных угнаенняў — 100, кормаўборачных камбайнаў — 100, падшыпнікаў качэння — 34, металарэзных станкоў — 20, аконнага шкла — 100, паперы — 29, кардону — 44, шпалераў — 58, драўняна-стружкавых пліт — 34, кандытарскіх вырабаў — 29, кансерваў — 21, туалетнага мыла — 100, гасп. мыла — 91%. Самыя вял. прадпрыемствы ў Гомелі, Мазыры, Светлагорску, Жлобіне, Рэчыцы, дзе сканцэнтравана каля 80% прамысл. патэнцыялу вобласці. У Рагачове малочнакансервавы камбінат і прадпрыемствы машынабудавання, у Рэчыцкім р-не асн. здабыча нафты краіны, у Добрушы папяровая ф-ка «Герой працы», фарфоравы з-д. На тэр. вобласці больш за 10 буйных прадпрыемстваў дрэваапр. прам-сці. У раённых цэнтрах і гар. пасёлках працуюць прадпрыемствы па перапрацоўцы с.-г. прадукцыі (агародніны, мяса, малака), лясной, дрэваапр., лёгкай прам-сці, па вытв-сці будматэрыялаў. Сельская гаспадарка большасці раёнаў спецыялізуецца на мяса-малочнай жывёлагадоўлі, вырошчванні збожжавых, бульбы, у прыгарадных гаспадарках таксама на птушкагадоўлі, вырошчванні агародніны і пладаводстве. У сельскай гаспадарцы занята 17,5% усіх працуючых. Галіна перажывае негатыўныя вынікі катастрофы на Чарнобыльскай АЭС: паменшылася плошча сельгасугоддзяў (асабліва ворыва), змянілася структура пасеваў, скарацілася пагалоўе жывёлы і інш. У цэлым роля вобласці ў с.-г. вытв-сці рэспублікі пасля Чарнобыльскай катастрофы паменшылася. Сельгасугоддзі займаюць 36,3% тэр. вобласці, у т. л. лугі і паша — каля 13%, ворыва — 21,5%. Найб. асвоены Буда-Кашалёўскі, Кармянскі, Добрушскі р-ны, дзе пад сельгасугоддзямі больш за 60% тэр. У структуры пасяўных плошчаў пераважаюць збожжавыя і зернебабовыя, а таксама кармавыя культуры (гл.табл. 1).
Сярод збожжавых найб. плошчы пад жытам і ячменем. У 1995 пры долі пасяўных плошчаў 14,3% (ад пасяўных плошчаў па рэспубліцы) атрымана 14,3% збожжа, 15,5% бульбы, 16,6% агародніны ад вытв-сці па рэспубліцы. На 433 фермерскія гаспадаркі (1996) прыпадае 8,3 тыс.га сельгасугоддзяў (у т. л. 6,7 тыс.га ворыва), што складае 0,6% ад усіх сельгасугоддзяў вобласці і 0,7% ворыва. Павышаецца доля фермерскіх і асабістых дапаможных гаспадарак у валавых зборах бульбы (83,6% у 1995), агародніны (80,9%), пладоў і ягад (96,4%). Жывёлагадоўля мяса-малочнага кірунку, развіты свінагадоўля і птушкагадоўля. Дынаміка пагалоўя на 1990 была дадатная, у апошнія гады адзначаецца тэндэнцыя да скарачэння пагалоўя і вытв-сці асн. прадуктаў жывёлагадоўлі (гл.табл. 2).
У апошнія гады павышаецца доля асабістых дапаможных гаспадарак у вытв-сці жывёлагадоўчай прадукцыі. Найб. колькасць жывёлы і птушкі (у жывой вазе) рэалізуецца калгасамі, саўгасамі і міжгасамі Гомельскага, Добрушскага, Жлобінскага р-наў, малака — Акцябрскага, Гомельскага, Калінкавіцкага, яец — Гомельскага р-на.
Транспарт. Агульная даўж. чыгункі 903 км. Праходзяць важныя міжнар. магістралі: С.-Пецярбург—Жлобін—Адэса, Вільнюс—Мінск—Жлобін—Корасцень—Кіеў, Брэст—Гомель. Удзельная вага чыг. транспарту ў агульным грузаабароце вобласці складае больш за 90%, у пасажыраабароце — 50% (1995). Буйныя чыг. вузлы Гомель, Жлобін, Калінкавічы. Аўтамаб. транспарт займае 2-е месца пасля чыгуначнага па груза- і пасажыраабароце. Даўж. аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 7,9 тыс.км (1994). Асн. магістралі С.-Пецярбург—Віцебск—Гомель—Кіеў, Мінск—Гомель, Бранск—Гомель—Пінск—Брэст. Суднаходства па Дняпры, Прыпяці, Бярэзіне, Сажы. Па тэр. вобласці праходзіць магістральны нафтаправод «Дружба», газаправоды Гомель—Мінск, Шчорс—Гомель. Сетка нафтаправодаў злучае нафтапромыслы з нафтаправодам «Дружба». У Гомелі аэрапорт.
Л.В.Казлоўская.
Табліца 1 Пасяўныя плошчы вобласці
Плошча (тыс.га)
Гады
1990
1994
Уся пасяўная плошча
880,5
855,2
Збожжавыя і зернебабовыя
379,7
407,8
Бульба
112,1
101,8
Лён
6,0
5,0
Агародніна
6,8
12,0
Плады і ягады
25,2
24,1
Кармавыя культуры
367,1
321,3
Табліца 2 Пагалоўе жывёлы і птушкі ў гаспадарках вобласці
Пагалоўе (тыс. галоў)
Гады
1981
1991
1996
Буйная рагатая жывёла
1221
1160,3
776,2
у т.л. каровы
504
368,4
324,7
Свінні
652
686,3
556,4
Авечкі і козы
88
13,6
19,0
Птушка
7132
8274,5
5122,0
Да арт.Гомельская вобласць. Балота ў Рэчыцкім раёне (уверсе). На рацэ Сож у Гомелі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КОТ-Д’ІВУА́Р (Côte d’Ivoire),
Рэспубліка Кот-д’Івуар (République de Côte d’Ivoire), дзяржава на ПдЗах. Афрыкі, на ўзбярэжжы Гвінейскага заліва. Мяжуе на З з Ліберыяй і Гвінеяй, на Пн з Малі і Буркіна-Фасо, на У з Ганай. Пл. 322,5 тыс.км². Нас. 14,3 млн.чал. (1997). Дзярж. мова — французская. Афіцыйная сталіца — г.Ямусукра, рэзідэнцыя прэзідэнта і ўрада — г.Абіджан. Краіна падзяляецца на 50 дэпартаментаў. Нац. свята — Дзень незалежнасці (7 жн.).
Дзяржаўны лад. К.-д’І. — рэспубліка. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, якога выбірае насельніцтва тэрмінам на 5 гадоў. Вышэйшы заканад. і прадстаўнічы орган — аднапалатная Нац. асамблея (175 дэпутатаў, выбіраюцца насельніцтвам на 5 гадоў). Прэзідэнт назначае прэм’ер-міністра і Савет Міністраў, які выконвае функцыі ўрада дзяржавы. Суд. сістэму ўзначальвае Вярх. суд.
Прырода. Паверхня пераважна раўнінная. Асобныя невысокія горныя масівы і плато на Пн і З; на стыку граніц Ліберыі, Гвінеі і К.-д’І. — г. Німба (1752 м). Узбярэжжа нізіннае. Ёсць невял. паклады жал., марганцавай, нікелевай, тытанавай, алавянай руд, золата, алмазаў, баксітаў. На шэльфе — радовішчы нафты. Клімат на Пд экватарыяльны, на Пн субэкватарыяльны. Т-ра паветра ў ліп. 28—34 °C, у студз. каля 24 °C. На Пд ападкаў за год 1300—2400 мм, на Пн — каля 1000 мм; ёсць сухі перыяд (ліст.—люты). Найб. рэкі Кавалі, Сасандра, Бандама, Комаэ. На Пд вечназялёныя экватарыяльныя лясы на чырвона-жоўтых фералітавых глебах. На Пн лесасаванна з галерэйнымі лясамі, высакатраўная саванна на чырвоных фералітавых глебах. Пад лесам 10,9 млн.га. Жывёльны свет: слон, малпы, бегемоты, леапарды, гіены, шакалы, антылопы, кракадзілы; з насякомых — муха цэцэ (на Пд). Нац. паркі — Комаэ, Марахуэ, Таі, запаведнік Німба; некалькі рэзерватаў.
Насельніцтва. На Пд і ў цэнтры краіны жывуць народы гвінейскай групы (анья, баўле, кру, т.зв. лагунныя плямёны, 55% насельніцтва), на ПнЗ народы групы мандынга (малінке, бамбара, дан, квені, 21%), на Пн і ПнУ народы групы гур (сенуфа, лобі, куланга, 23%). На Пн ёсць народы фульбе і хаўса. У краіне працуе каля 2 млн. эмігрантаў з Буркіна-Фасо, Малі і Ганы. У вял. гарадах невял. групы ліванцаў і французаў. 63% вернікаў прытрымліваюцца мясц. традыцыйных вераванняў, мусульман 23% (пераважна на Пн), хрысціян — 14% (пераважна ў гарадах на Пд). Сярэднегадавы прырост каля 2,5%. Сярэдняя шчыльн. каля 44 чал. на 1 км². Найб. шчыльна (да 100 чал. на 1 км²) заселены асобныя раёны на ўзбярэжжы і ў цэнтры. У гарадах жыве 46% насельніцтва (1996). Найб. гарады (тыс.ж., 1996): Абіджан — 2800, Бваке — 330, Ямусукра — 120. У сельскай і лясной гаспадарках занята каля 40% працаздольных, у прам-сці — каля 30%.
Гісторыя. Стараж. гісторыя краіны вывучана слаба. У сярэднія вякі яе паўн.ч. па чарзе ўваходзіла ў сферу ўплыву дзяржаў Зах. Судана — Ганы, Малі, Сангаі, а г. Конг (засн., верагодна, у 11 ст.) да 19 ст. заставаўся важным гандл, цэнтрам. У канцы 15 ст. на гэтай тэрыторыі з’явіліся партугальцы і інш. еўрапейцы, якія вывозілі з краіны рабоў, слановую косць і інш. Экспансія французаў, што пачалася з заснавання ў пач. 18 ст. форта ў Асіні і факторыі ў Гран-Басаме, прывяла да завалодання значнымі яе тэрыторыямі ў 1842—84 шляхам захопаў і заключэння дагавораў. З 1893 К.-д’І. — франц. калонія (з 1904 у складзе Франц.Зах. Афрыкі). Моцнае супраціўленне мясц. насельніцтва, асабліва паўн.ч. краіны, што ўваходзіла ў склад дзяржавы Самары Турэ, было зломлена толькі ў 1915. Калан. эканоміка К.-д’І. базіравалася пераважна на эксплуатацыі прыродных багаццяў (золата, алмазы) і стварэнні плантацыйнай гаспадаркі (кава, какава).
Пасля 2-й сусв. вайны пачаўся ўздым нац.-вызв. руху, які ўзначаліла Дэмакр. партыя К.-д’І. (засн. ў 1946). У 1946 К.-д’І. атрымаў статус заморскай тэрыторыі, а паводле вынікаў рэферэндуму 1958 стаў аўт. рэспублікай у складзе Франц. супольнасці. 7.8.1960 абвешчаны незалежнай дзяржавай (да 1986 назва краіны К.-д’І. перакладалася як Бераг Слановай Косці). Першым прэзідэнтам і кіраўніком урада стаў заснавальнік і кіраўнік Дэмакр. партыі Ф.Уфуэ-Буаньі, які выбраў для К.-д’І. капіталіст. шлях развіцця. К.-д’І. — адна з найб. стабільных і багатых краін Афрыкі, але з 1980-х г. перажывае крызіс, выкліканы паступовым зніжэннем экспартных цэн на сыравіну і працяглай засухай. У дзяржаве, дзе з 1960 аўтарытарна правіў прэзідэнт Уфуэ-Буаньі (перавыбіраўся ў 1965, 1970, 1975, 1980, 1985), да 1990 адзінай легальнай партыяй была Дэмакр. партыя К.-д’І., падпарадкаваная прэзідэнту. У 1990 пад націскам апазіцыі прыняты папраўкі да канстытуцыі, якія легалізавалі шматпарт. сістэму. Пасля смерці Уфуэ-Буаньі (1993) пасаду прэзідэнта і кіраўніка Дэмакр. партыі заняў А.Канан-Бедзье, які перамог і на выбарах 1995. К.-д’І. — чл.ААН (з 1960). Дзейнічаюць Дэмакр. партыя К.-д’І., Івуарскі нар. фронт, Аб’яднанне рэспубліканцаў, Усеагульны саюз працоўных К.-д’І. і інш. грамадскія арг-цыі.
Гаспадарка. К.-д’І. — агр. краіна. Штогадовы Даход на 1 чал. каля 800 дол. ЗША. Сельская гаспадарка дае каля 36% валавога нац. прадукту, прам-сць — каля 26%. Найб. развіта раслінаводства экспартнага кірунку. Ворных зямель 2,4 млн.га, шматгадовых насаджэнняў 1,3 млн.га, пад натуральнымі пашамі каля 13 млн.га. Захоўваецца абшчыннае землекарыстанне. На значных плошчах выкарыстоўваецца традыцыйная агратэхніка і лядна-агнявая сістэма земляробства. Гал. экспартныя культуры: какава (штогадовы збор 500—800 тыс.т, 1-е месца ў свеце), кава (каля 150—200 тыс.т, 5—8-е месца ў свеце), алейная пальма (штогадовы экспарт пальмавага алею больш за 300 тыс.т), бананы (больш за 200 тыс.т), ананасы, гевея, какосавая пальма, цытрусавыя. С.-г. культуры экспартнага значэння вырошчваюць на Пд краіны (какава і кава займаюць больш за 90% плошчаў пад экспартнымі культурамі). На ўласныя патрэбы вырошчваюць рыс (больш за 1 млн.т штогод), ямс і маніёк (збор разам каля 4 млн.т), тара, мучністыя бананы, кукурузу, сорга, некаторыя тэхн. культуры, у т. л.цукр. трыснёг, бавоўнік, тытунь, арахіс. Рыс вырошчваюць пераважна на З, ямс і кукурузу — у цэнтры і на Пн, маніёк — усюды, акрамя Пн. Жывёлагадоўля развіта на натуральных пашах у зоне саваннаў. Пагалоўе (млн. галоў, 1996): буйн. раг. жывёлы — 1,3, авечак і коз — 2,4, свіней — 0,3. Птушкагадоўля. Марское і рачное рыбалоўства (70,2 тыс.т, 1993). Развіты лясныя промыслы, у т. л. збор пладоў дзікарослай алейнай пальмы, арэхаў кола і інш.; паляванне ў лясах і саваннах. К.-д’І. — буйнейшы вытворца піламатэрыялаў з дрэў каштоўных трапічных парод. Аб’ём лесанарыхтовак каля 4 млн. за год. У прамысловасцінайб. развіты перапрацоўчыя галіны (каля 700 прадпрыемстваў, большасць у Абіджане). У 1990-я г. павялічылася здабыча нафты (да 2 млн.т штогод) з радовішчаў на марскім шэльфе. Невял. здабыча алмазаў (каля г. Сегела), марганцавай руды (каля г. Гран-Лаху), золата. Электраэнергію выпрацоўваюць пераважна ГЭС на рэках Бія, Бандама, Сасандра і інш.ЦЭС у Абіджане. У 1996 атрымана 1,9 млрд.кВт∙гадз электраэнергіі. Разнастайная харч. і харчасмакавая прам-сць, у т. л. мукамольная і хлебабулачная, перапрацоўка кавы, какавы, тытуню, арахісу, цукр. трыснягу, фруктова- і рыбакансервавая, алейная, піваварная, рысаачышчальная; вытв-сць растваральнай кавы, шакаладу, шакаладнага алею. Працуюць 3 тэкст. камбінаты (у Бваке, Дымбокра, Агбавілі), тэкст. ф-кі (Абіджан). Гал. цэнтры дрэваапрацоўкі і вытв-сці піламатэрыялаў: Гран-Басам, Уме, Вавуа, Ганьёа, Сан-Педра. Развіты швейная і гарбарна-абутковая прам-сць. Новыя галіны прам-сці: нафтаперапрацоўка (Абіджан), хім., гумавая і пластмасавая (Абіджан, Агбавіль), аўтазборачная, электратэхн., чорная металургія (Абіджан), суднабудаванне і суднарамонт. Разнастайную прадукцыю выпускае прам-сцьбуд. матэрыялаў, у т. л. 2 цэм. з-ды. Транспартаўтамаб., чыг., марскі. Аўтадарог 55 тыс.км, у т. л. асфальтаваных 5,5 тыс.км. У краіне 250 тыс. аўтамашын. Чыгунак 1314 км, у т. л. чыгунка Абіджан—Уагадугу (Буркіна-Фасо) — 665 км на тэр. К.-д’І. Праз К.-д’І. праходзіць амаль увесь гандаль Буркіна-Фасо. Знешнія сувязі пераважна марскім транспартам на суднах замежных краін. Гал. марскія парты Абіджан (амаль увесь імпарт, экспарт кавы і какавы) і Сан-Педра (экспарт драўніны, піламатэрыялаў, бананаў). У Абіджане і Ямусукры — міжнар. аэрапорты. К.-д’І. — адна з нямногіх афр. краін, якая мае актыўны гандл. баланс. У 1994 экспарт склаў 2,7 млрд.дол. ЗША, імпарт — 1,6 млрд.дол. К.-д’І. экспартуе какаву, каву, драўніну і піламатэрыялы (разам 75% кошту), пальмавы алей, бананы, ананасы, алмазы, марганец і інш. У імпарце пераважаюць тавары шырокага ўжытку, машыны і абсталяванне, паліва. Гал.гандл. партнёры: Францыя (16% экспарту, 28% імпарту), Нігерыя (27% імпарту), Германія (10% экспарту), Нідэрланды, ЗША, Японія. Грашовая адзінка — афр. франк.
Г.С.Смалякоў (прырода, насельніцтва, гаспадарка).
Герб і сцяг Кот-д’Івуара.Да арт.Кот-д’Івуар. ГЭС Косу на р. Бандама.Да арт.Кот-д’Івуар. Краявід у саванне на поўначы краіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САВЕ́ЦКА-ПО́ЛЬСКАЯ ВАЙНА́ 1920,
вайна сав. дзяржавы з Польшчай у крас.—кастр. 1920; частка польска-сав. вайны 1919—20, выкліканай экспансіяй Польшчы пры падтрымцы яе дзяржавамі Антанты і ЗША. У перыяд адраджэння польск. дзяржавы (канец 1918 — пач. 1919) краіны Антанты і ЗША, зацікаўленыя выкарыстаць яе ў барацьбе супраць сав. рэспублік — РСФСР, Літоўска-Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (Літбел) і УССР, падтрымлівалі заваёўніцкія планы кіруючых польск. колаў. Пры іх падтрымцы польск. армія была даведзена да 545 тыс.чал. У 1-й пал. 1919 Польшча атрымала ад ЗША на 60 млн.дол. зброі і на 51,6 млн.дол. харчавання. Значнымі былі ваен. пастаўкі з Францыі, на яе тэр. было сфарміравана 5 польскіх дывізій. У пач. 1919 польск. камандаванне стала канцэнтраваць свае войскі каля граніцсав. рэспублік. На сав. прапановы аб перамір’і польскі ўрад не адказаў. Ён выступіў супраць устанаўлення сав. улады ў Беларусі і Літве, не прызнаў абвяшчэння суверэннай Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (БССР), а потым і стварэння Літбела. У 1-й пал.лют. 1919 Польшча пачала ваен. дзеянні супраць сав. рэспублік. Паўн. група польск. войск наступала ў напрамку Вільні і Ліда—Маладзечна, паўд. — на Баранавічы—Мінск і Кобрын—Пінск; разгортваліся ваен. дзеянні і на тэр. Украіны. Для адпору інтэрвенцыі ў лют. 1919 створаны сав.Заходні фронт 1919—24. 8.4.1919 Літбел аб’яўлена на ваен. становішчы, але спыніць польск. войскі не ўдалося. Урады РСФСР і Літбела звярталіся да польск. ўрада з прапановамі мірна вырашыць спрэчныя пытанні, але польскі бок адхіліў іх. 22.4.1919 захоплена сталіца Літ.-Бел. ССР Вільня. У гэты перыяд у польск. друку і грамадскай думцы адносна Беларусі вызначыліся 2 тэндэнцыі. Адна выражала інтарэсы кіруючых колаў: далучыць землі былога ВКЛ (Беларусь і Літву) да Польшчы. Другая адлюстроўвала думку польскіх дэмакр сіл, якія разглядалі Беларусь, Літву і Украіну як самаст. дзяржавы, звязаныя з Польшчай уніяй (т.зв. «федэралістычная канцэпцыя»). З ёй спачатку вымушана лічыўся і нач. польскай дзяржавы Ю.Пілсудскі. Але неўзабаве ён ад яе адмовіўся. Віленская дэкларацыя (прынята польск. сеймам 2.5.1919) нават сцвярджала, што «бацькаўшчына Касцюшкі, Міцкевіча і Траўгута належыць да Польшчы, як частка непадзельная». Фактычна Пілсудскі адмовіўся ад «федэралістычнай канцэпцыі і ўзяў на ўзбраенне іншы план — захапіць Літву з Вільняй, Беларусь з Мінскам, Украіну з Кіевам». Сутнасць палітыкі Польшчы адносна Беларусі была выкладзена ў памятнай запісцы кіраўніцтва «Стражы крэсовай» — далучэнне да Польшчы «крэсаў усходніх» (бел., літ. і ўкр. зямель). У сак.—крас. 1919 польскія войскі занялі Брэст, Ваўкавыск, Слонім, Скідзель, Шчучын, Пінск, Баранавічы. Урад РСФСР заявіў пратэст ураду Польшчы і прапанаваў мірна ўрэгуляваць усе спрэчныя пытанні. Важнае значэнне мелі пастановы ЦВК Украіны, Літвы і Беларусі (прыняты ў маі 1919) аб неабходнасці заключэння ваен.-паліт. саюзу. На іх аснове ЦВК Расіі прыняў 1.6.1919 пастанову аб аб’яднанні ваен. сіл сав. рэспублік. Але праціўнік меў значную перавагу (яго сілы амаль падвоіліся, калі з Францыі была перакінута добра ўзбр. армія). 1.7.1919 польск. войскі разгарнулі наступленне на Зах. фронце, а 8 жн. занялі Мінск. У сярэдзіне жніўня яны занялі практычна ўсю тэр.Літ.-Бел. ССР і шэраг раёнаў Украіны.
У Беларусі лінія фронту праходзіла па р. Бярэзіна, на Украіне — па р. Славечна — г. Наваград-Валынскі — г. Магілёў-Падольскі. Польскі ўрад адхіліў чарговыя мірныя прапановы сав. ўрада (22.12.1919, 28.1 і 2.2.1920). 25.4.1920 войскі Польшчы (агульная колькасць узбр. сіл 740 тыс.чал.) пачалі наступаць: у Беларусі — 1-я, 4-я, 7-я арміі (79 тыс. штыкоў і шабляў, камандуючы ген. С.Шаптыцкі); на Украіне — 2-я, 3-я, 6-я (65 тыс. штыкоў і шабляў, камандуючы Пілсудскі). У Беларусі ім процістаялі войскі Зах. фронту [180 тыс. штыкоў і шабляў, камандуючыя У.М.Гіціс (з 7.7.1919), М.М.Тухачэўскі (з 29.4.1920)]; на Украіне — войскі Паўд.-Зах. фронту [120 тыс. штыкоў і шабляў, камандуючы А.І.Ягораў (10.1—31.12.1920), чл.РВС: Р.І.Берзін (10.1—18.12.1920), Х.Г.Ракоўскі (6.2—9.10.1920), І.В.Сталін (10.1—1.9.1920), С.І.Гусеў (29.8—14.10.1920), С.І.Аралаў (1—31.12.1920)]. У сак. 1920 польскія войскі занялі Мазыр, Калінкавічы, Оўруч, перарэзалі чыгункі паміж Зах. і Паўд.-Зах. франтамі; у крас. 1920 пры падтрымцы ўкр. палкоў С.Пятлюры захапілі Корасцень, Жытомір, Казацін, 6 мая — Кіеў (гл.Грамадзянская вайна і ваенная інтэрвенцыя 1918—22).
12.5.1920 у сав. дзяржаве абвешчана ваен. становішча, у тэзісах «Польскі фронт і нашы задачы» (апубл. 23.5.1920) ЦК РКП(б) заклікаў працоўных на барацьбу з інтэрвентамі, на польскі фронт накіравана больш за 24 тыс. камуністаў. З Беларусі па парт. мабілізацыі на Зах. фронт з 1.1 да 1.10.1920 накіравана 1116 камуністаў. Паводле няпоўных звестак у дзеючых часцях Чырв. Арміі ў перыяд вайны было больш за 100 тыс. ураджэнцаў Беларусі. У Беларусі фарміравалася Запасная армія Зах. фронту, якая ў маі 1920 мела да 40 тыс.чал. (камандуючы П.А.Пятраеў). 13 курсаў і школ рыхтавалі камандзіраў Чырв. Арміі. 28.4.1920 Палітбюро ЦК РКП(б) ухваліла план наступлення, распрацаваны Гал. камандаваннем Чырв. Арміі. Гал. ўдар наносіў Зах. фронт праз Беларусь на Варшаву; часці Паўд.-Зах. фронту пасля вызвалення Кіева павінны былі наступаць праз Роўна на Брэст. На ўмацаванне Зах. фронту накіраваны 10-я стралк. і 2-я кав. дывізіі, на Паўд.-Зах. — 1-я Конная армія (камандуючы С.М.Будзённы) і 25-я стралк. дывізія. 14.5.1920, не дачакаўшыся рэзерваў, Зах. фронт пачаў наступаць. 16-я армія фарсіравала Бярэзіну паміж прытокамі Бобр і Клява і наступала ў напрамку Мінска. Польск. камандаванне падцягнула рэзервы з літ. граніцы і контрударам прымусіла сав. войскі адысці на зыходныя рубяжы. Наступленне польск. войск на Украіне было затрымана. Паўд.-Зах. фронт, падмацаваны 1-й Коннай арміяй, нанёс паражэнне 3-й і 6-й польск. арміям і 12.6.1920 вызваліў Кіеў.
Летам 1920 на Зах. фронце было больш за 100 тыс.чал., 2573 кулямёты, 598 гармат. 4.7.1920 ударная група фронту (3-і кав. корпус Г.Дз.Гая, 4-я, 15-я і 3-я арміі) разбіла польск. войскі каля Полацка і рушыла да Вільні і Маладзечна, 16-я армія фарсіравала Бярэзіну і 11.7.1920 вызваліла Мінск. Мазырская група (57-я стралк. дывізія і зводны атрад) наступала ўздоўж чыгункі Мазыр—Брэст. 14 ліпеня войскі Зах. фронту занялі Вільню, 19 ліп. фарсіравалі Нёман, Шчару і выйшлі на тэр. Польшчы (гл.Майская аперацыя 1920, Ліпеньская аперацыя 1920). На Украіне Чырв. Армія разбіла польск. войскі пад Роўнам, 11 ліп. заняла Сарны, Роўна, Камянец-Падольскі. У канцы ліп. ў Беластоку створаны Польскі рэвалюцыйны камітэт (Польрэўком). У сав. тыле фарміравалася 1-я Польская Чырв. Армія, якая на восень 1920 мела 22 вайск. часці (2507 чал.). Да сярэдзіны жн. 1920 сав. войскі падышлі да Варшавы і Львова. Але стомленасць войск, іх адарванасць ад баз забеспячэння далі магчымасць польск. арміі, якой дапамагала зброяй Антанта, прыпыніць наступленне Чырв. Арміі ў Варшаўскай аперацыі 1920 і прымусіць яе адысці.
Паражэнне Чырв. Арміі ў Варшаўскай аперацыі было абумоўлена найперш пераацэнкай гатоўнасці рабочых і сялян Польшчы падтрымаць наступленне сав. войск (ідэя сусв.сацыяліст. рэвалюцыі). Абмежаваныя матэрыяльныя рэсурсы сав. краіны не далі магчымасці забяспечыць усім неабходным войскі фронту. Сав. камандаванне зрабіла стратэгічныя і тактычныя памылкі. Недастатковая ўвага аддавалася аператыўнаму забеспячэнню баявых дзеянняў. Змена камандаваннем Паўд.-Зах. фронту напрамку гал. ўдару з Брэсцкага на Львоўскі парушыла ўзаемадзеянне франтоў, што і прадвызначыла канчатковы вынік аперацыі. Да таго ж Чырв. Армія была вымушана весці баявыя дзеянні на інш. франтах. У сувязі з гэтым польскія войскі выкарысталі ініцыятыву і ў вер.—кастр. 1920 прасунуліся на У, захапіўшы Мінск. Крыху пазней яны зноў адступілі. 12.10.1920 у Рызе падпісаны дагавор аб перамір’і і прэлімінарных умовах міру, а 18.3.1921 — Рыжскі мірны дагавор 1921, паводле якога ў складзе Польшчы засталіся занятыя яе войскамі Заходняя Беларусь і Заходняя Украіна. У час вайны ў баявых дзеяннях удзельнічалі таксама савецкія Дняпроўская ваенная флатылія, Заходнядзвінская ваенная флатылія, Прыпяцкая ваенная флатылія і польская Пінская флатылія (гл. ў арт.Пінская ваенная флатылія).
Літ.:
Директивы Главного командования Красной Армии (1917—1920 гг.): Сб. док. М., 1969;
Сташкевич Н.С. Приговор революции: Крушение антисов. движения в Белоруссии, 191.7—1925. Мн., 1985;
Польско-советская война, 1919—1920: (Ранее не опубл. док. и материалы). Ч. 1—2. М., 1994;
Маль К. Вайна 1920 г. і Беларусь: Вызваленне ці акупацыя? // Бел.гіст. агляд. 1997. Т. 4, сш. 1—2 (6—7);