ІВАНО́Ў-КАЗЕ́ЛЬСКІ (сапр. Іваноў) Мітрафан Трафімавіч

(1850, Кіеўская губ.—27.1.1898),

расійскі акцёр. На сцэне з 1869 (Жытомір, Харкаўская трупа Н.​Дзюкава). З 1875 выступаў як акцёр-гастралёр у розных гарадах Расіі. Мастацтва вызначалася душэўнасцю, шчырасцю, прастатой. Раскрыў якасці рус. нац. характару ў ролях Жадава («Даходнае месца» А.​Астроўскага), Бялугіна («Жаніцьба Бялугіна» Астроўскага і М.​Салаўёва), Чацкага («Гора ад розуму» А.​Грыбаедава). Трагедыйны бок таленту выявіўся ў ролях Гамлета, Шэйлака («Гамлет», «Венецыянскі купец» У.​Шэкспіра), Кіна («Кін» А.​Дзюма-бацькі); тэма адзіноты «маленькага» чалавека ў ролях Ражнова («Гора-злашчаснасць» В.​Крылова), Сяргея Артамонава («Ал лёсу не схаваешся» Аркадзьева) і інш. Сярод вучняў П.М.Арленеў.

т. 7, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЧА́ЛАЎ (сапр. Шверубовіч) Васіль Іванавіч

(11.2.1875, Вільня — 30.9.1948),

расійскі акцёр. Нар. арт. СССР (1936). Беларус па паходжанні. З 1900 у трупе МХАТа. Акцёр шырокага творчага дыяпазону. Мастацтва К. вызначалася глыбокім трагізмам, майстэрствам пераўвасаблення, псіхал. і жыццёваю дакладнасцю. Сярод лепшых роляў: Трафімаў, Тузенбах («Вішнёвы сад», «Тры сястры» А.​Чэхава), Барон, Захар Бардзін («На дне», «Ворагі» М.​Горкага), Чацкі («Гора ад розуму» А.​Грыбаедава), Гамлет, Юлій Цэзар (аднайм. п’есы У.​Шэкспіра), Іван Карамазаў («Браты Карамазавы» паводле Ф.​Дастаеўскага), Вяршынін («Браняпоезд 14—69» У.​Іванава). Майстар маст. слова. Стварыў жанр эстр. выканання драм. твораў, т. зв. мантажы, дзе выканаў некалькі роляў. Дзярж. прэмія СССР 1943.

В.І.Качалаў.

т. 8, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́ДЗІНЬ, Радзіня (Radziņa; па мужу Шалконе,

Šalkone) Элза Янаўна (н. 10.2.1917, г. Харкаў, Украіна), латвійская актрыса. Нар. арт. СССР (1976). З 1936 у Елгаўскім, з 1953 у Валміерскім т-рах, з 1954 у Латвійскім т-ры драмы імя А.​Упіта (з 1989 Нац. т-р Латвіі). З 1949 здымалася ў кіно: «Райніс» (1949), «Гамлет» (1964), «Эдгар і Крысціна» (1966), «Кароль Лір» (1971), «Вей, ветрык!» (1974), «Насуперак лёсу» (1975), «Тэатр» (1978), «За шклянымі дзвярыма», «Інспектар Гул» (абодва 1979), «Сяргей Іванавіч ідзе на пенсію» (1981), «Тайна «Чорных драздоў» (1983), «Апошні візіт» (1984), «Фотаздымак з жанчынай і дзіком» (1987), «Мая і Пая» (1990) і інш.

Э.Я.Радзінь.

т. 13, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́СІ ((Rossi) Эрнеста) (27.3.1827, г. Ліворна, Італія —4.6.1896),

італьянскі акцёр. Вучань Г.​Модэны, у трупе якога працаваў з 1846. З 1855 пастаянна гастраліраваў у краінах Еўропы і Амерыкі, у 1877, 1878, 1890, 1895, 1896 — у Расіі. Сусв. вядомасць набыў выкананнем шэкспіраўскага трагедыйнага рэпертуару: Гамлет, кароль Лір, Атэла, Макбет, Рычард III (аднайм. трагедыі У.​Шэкспіра). Сярод інш. роляў: Дон Гуан, Барон («Каменны госць», «Скупы рыцар» А.​Пушкіна), Іаан Грозны («Смерць Іаана Грознага» А.​К.​Талстога), Паала («Франчэска да Рыміні» С.​Пеліка). Мастацтва Р. вызначалася праўдзівасцю пачуццяў, эмацыянальнасцю, паслядоўнасцю развіцця характараў, дасканалай акцёрскай тэхнікай. Аўтар тэатр. мемуараў «40 гадоў артыстычнага жыцця» (т. 1—3, 1887—89).

т. 13, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХА́ВА (Барыс Яўгенавіч) (24.5.1896, г. Паўлаград, Украіна — 25.11.1976),

расійскі акцёр, рэжысёр, педагог. Нар. арт. СССР (1967). Д-р мастацтвазнаўства (1964). З 1913 у Студэнцкай студыі пад кіраўніцтвам Я.​Вахтангава (з 1926 Тэатр імя Я.​Вахтангава). Сярод роляў: Доктар («Цуд святога Антонія» М.​Метэрлінка), хан Цімур («Прынцэса Турандот» К.​Гоцы). Сярод рэжысёрскіх работ: «Барсукі» Л.​Лявонава (1927), «Ягор Булычоў і іншыя» М.​Горкага (1932), «Арыстакраты» М.​Пагодзіна (1935), «Рэвізор» М.​Гогаля (1939), «Маладая гвардыя» паводле А.​Фадзеева (1947), «Гамлет» У.​Шэкспіра (1958). З 1925 кіраваў школай пры Тэатры Вахтангава (з 1939 Тэатр. вучылішча імя Б.​Шчукіна), з 1939 прафесар. Аўтар кніг па тэорыі акцёрскага і рэжысёрскага мастацтва, тэатр. педагогіцы. Дзярж. прэмія СССР 1952.

т. 7, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВА́ПІЛ ((Kvapil) Яраслаў) (25.9.1868, Худзеніцы каля г. Клатаві, Чэхія — 10.1.1950),

чэшскі пісьменнік і рэжысёр. Нар. арт. Чэхіі (1940). Скончыў Карлаў ун-т у Празе. У 1900—21 і з 1929 рэжысёр і кіраўнік драм. трупы Нац. т-ра ў Празе, у 1921—28 маст. кіраўнік Дзярж. т-ра на Вінаградах. Аўтар п’ес: «Змрок» (1895), «Вандроўны агеньчык» (1896), «Казка пра прынцэсу Дзьмухавец» (1899), «Аблокі» (1903), «Сірата» (1906), «Андэрсен» (1914) і інш. Сярод пастановак: «Фауст» І.​В.​Гётэ, «Валенштэйн» Ф.​Шылера, «Атэла», «Сон у летнюю ноч», «Макбет», «Гамлет», «Юлій Цэзар» і інш. У.​Шэкспіра, «Вайнарка», «Бацька», «Ліхтар», «Ян Гус» А.​Ірасека і інш. Аўтар лібрэта да опер А.​Дворжака і інш. Перакладаў асобныя п’есы Г.​Ібсена.

т. 8, с. 211

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЭГ, Крэйг (Craig) Эдуард Гордан (16.1.1872, г. Стывенідж, Вялікабрытанія — 29.7.1966), англійскі рэжысёр, мастак і тэарэтык т-ра; прадстаўнік сімвалісцкага т-ра. Сын Э.Тэры. На сцэне з 1889. У 1908—17 узначальваў т-р «Арэна Гальдоні» ў Фларэнцыі. Мастак і пастаноўшчык спектакляў у Лондане, Берліне, Нью-Йорку, Маскве («Гамлет» У.​Шэкспіра; 1911, МХАТ, з К.​Станіслаўскім і Л.​Суляржыцкім). Сцвярджаў ідэю рэжысёрскага т-ра, канцэпцыю «звышмарыянеткі», што патрабавала ад «акцёра-паэта» творчасці ў строгіх межах рэжысёрскай задумы. Пашырыў выразныя магчымасці т-ра новай сцэн. тэхнікай: стварыў сістэму шырмаў, якая лёгка трансфармавала прастору сцэны. Значна паўплываў на т-р Зах. Еўропы 20 ст. Тэарэт. погляды выклаў у кнігах «Сцэнічнае мастацтва» (1905), «Мастацтва тэатра» (1912).

т. 8, с. 532

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЯ́Н (Давід Мелкумавіч) (17.4.1904—17.7.1976),

армянскі акцёр. Нар. арт. Арменіі (1942). Нар. арт. СССР (1974). Скончыў Арм. драм. студыю пад кіраўніцтвам А.​Бурджаляна ў Тбілісі (1923). З 1924 у Дзярж. т-ры Арменіі імя Г.​Сундукяна. Акцёр вял. ўнутр. драматызму. Яго творчасці ўласцівы лаканізм, дакладны адбор выразных сродкаў, глыбіня псіхал. характарыстык: Рустам («Намус» А.​Шырванзадэ), Тусян («Забіты голуб» Нар-Доса), Клаўдзій («Гамлет» У.​Шэкспіра), Паратаў («Беспасажніца» А.​Астроўскага), Лапахін («Вішнёвы сад» А.​Чэхава), Карэнін («Жывы труп» Л.​Талстога) і інш. Выступаў як рэжысёр. З 1926 здымаўся ў кіно: «Горны марш» (1939), «Асабіста вядомы» (1958), «Народжаныя жыць» (1961) і інш. Аўтар кн. «Людзі і сустрэчы» (1974). Дзярж. прэміі СССР 1950, 1952.

т. 10, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСКО́ЎСКІ ТЭА́ТР КО́РША,

буйнейшы прыватны драм. т-р у Маскве ў 1882—1932. Засн. тэатр. прадпрымальнікам Ф.​Коршам. У 1900—09 гал. рэжысёр М.​Сінельнікаў. У 1925—26 уключаны ў сетку дзярж. т-раў, называўся тэатрам «Камедыя» (б. Корш), Маскоўскім драм. т-рам. У рэпертуары пераважалі забаўляльныя п’есы, фарсы, меладрамы. Кожны тыдзень была прэм’ера. Сярод лепшых спектакляў «Іванаў» А.​Чэхава, «Навальніца» А.​Астроўскага, «Гора ад розуму» А.​Грыбаедава, «Маскарад» М.​Лермантава, «Дзеці Ванюшына» С.​Найдзёнава, «Дні нашага жыцця» Л.​Андрэева, «Гамлет» У.​Шэкспіра, «Тарцюф» Мальера. На сцэне ў розныя часы ігралі П.​Арленеў, А.​Астужаў, М.​Блюменталь-Тамарына, У.​Давыдаў, М.​Клімаў, А.​Ктораў, Л.​Леанідаў, І.​Масквін, М.​Радзін, В.​Тапаркоў і інш.

т. 10, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САБАЛЬШЧЫКО́Ў-САМА́РЫН (сапр Сабальшчыкоў) Мікалай Іванавіч

(9.4.1868, С.-Пецярбург — 20.7.1945),

расійскі рэжысёр, акцёр. Нар. арт. Расіі (1934). З 1892 акцёр, рэжысёр, перыядычна і антрэпрэнёр тэатраў, пераважна прыволжскіх гарадоў. Садзейнічаў стварэнню высокамаст. акцёрскіх ансамбляў, быў прапагандыстам драматургіі А.​Чэхава і М.​Горкага. З 1917 працаваў у Адэсе, з 1924 маст. кіраўнік, акцёр і рэжысёр т-ра ў Ніжнім Ноўгарадзе. Сярод пастановак: «Мяшчане» М.​Горкага (1927, 1-я пастаноўка 1903), «Гора ад розуму» А.​Грыбаедава, «Гамлет» У.​Шэкспіра, «Страх» А.​Афінагенава (усе 1932), «Байцы» Б.​Рамашова (1934) і інш. Сярод лепшых роляў: Акцёр і Сацін, Бяссеменаў і Цяцераў («На дне», «Мяшчане» М.​Горкага), Нязнамаў («Без віны вінаватыя» А.​Астроўскага), Рагожын («Ідыёт» паводле Ф.​Дастаеўскага).

т. 14, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)