КЕМБЛ ((Kemble) Джон Філіп) (1.2.1757, г. Прэскат, Вялікабрытанія — 26.2.1823),
англійскі акцёр і драматург. Выступаў у Лондане ў т-рах «Друры-Лейн», «Ковент-Гардэн» (некаторы час яго ўзначальваў), кіраваў т-рам у Дубліне. Акцёр класіцысцкага кірунку, майстар маналога. Сярод ролей: Гамлет, Атэла, Брут («Гамлет», «Атэла», «Юлій Цэзар» У.Шэкспіра), Марла («Яна прыніжаецца, каб перамагчы» О.Голдсміта) і інш. Аўтар трагедыі «Велізарый», фарса «Жанчына-афіцэр» і інш.
т. 8, с. 225
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРХА́НАЎ (Шукур) (5.12.1910, Ташкент — 1987),
узбекскі акцёр. Нар. арт. СССР (1959). З 1927 у т-ры імя Хамзы (Ташкент). Ствараў яркія, тэмпераментныя, псіхалагічна складаныя характары: Гафур («Бай і батрак» Хамзы), Фархад («Легенда пра каханне» Назыма Хікмета), Гамлет, Брут («Гамлет», «Юлій Цэзар» У.Шэкспіра), Эдып («Цар Эдып» Сафокла), Вайніцкі («Дзядзька Ваня» А.Чэхава) і інш. З 1940 здымаўся ў кіно: «Тахір і Зухра», «Зорка Улугбека», «Гібель чорнага консула» і інш. Дзярж. прэмія Узбекістана імя Хамзы 1964.
т. 3, с. 354
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГНЯ́НАЎ ((Огнянов) Сава Петраў) (24.5.1876, г. Канстанца, Румынія — 22.3.1933),
балгарскі акцёр. На сцэне з 1902. З 1904 у Нар. т-ры (Сафія). У 1911—12 вывучаў мастацтва Маскоўскага маст. т-ра. Сярод роляў: Дынка («Вампір» А.Страшымірава), Рад Лупу, цар Іван Асен («Над безданню», «Барыслаў» І.Вазава), Рагожын («Ідыёт» паводле Ф.Дастаеўскага), Гамлет («Гамлет» У.Шэкспіра), доктар Ранк («Нора» Г.Ібсена), Цэзар («Цэзар і Клеапатра» Б.Шоу) і інш. Здымаўся ў кіно.
т. 1, с. 78
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́РКАЎ (Васіл) (15.5.1870, г. Карлава, Балгарыя — 28.11.1931),
балгарскі акцёр, прадстаўнік рамантызму. У 1892—1926 у т-ры «Сляза і смех» у Сафіі (з 1904 Нар. т-р). Адзін з першых праф. акцёраў Балгарыі. Выконваў пераважна ролі рамант. герояў: Гамлет («Гамлет» У.Шэкспіра), Фердынанд («Каварства і любоў» І.Ф.Шылера), Няхлюдаў («Уваскрэсенне» паводле Л.Талстога); а таксама ролі ў нац. спектаклях: Хрыстафораў («Ля падножжа Віташы» П.Яварава), Іванка («Іванка» В.Друмева), Барыслаў («Барыслаў» І.Вазава).
т. 8, с. 279
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЙНЦ ((Kainz) Іозеф) (2.1.1858, г. Мошанмадзьяравар, Венгрыя —20.9.1910),
аўстрыйскі акцёр. На сцэне з 1875. У 1883—89 у Нямецкім т-ры ў Берліне, у 1899—19 10 у «Бургтэатры» ў Вене. Творчасці ўласцівы тонкі псіхалагічны аналіз, эмацыянальная адухоўленасць, вытанчаная пластыка, паэтычнасць. Вядомы як выканаўца роляў маладых герояў (трагедыі «Каварства і любоў», «Дон Карлас» Ф.Шылера, «Рамэо і Джульета» У.Шэкспіра), камед. і сатырычных («Тарцюф» Мальера і інш.). Сярод лепшых роляў: Гамлет («Гамлет» Шэкспіра), Освальд («Прывіды» Г.Ібсена), Іаганес («Адзінокія» Г.Гаўптмана).
т. 7, с. 441
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПАЗЯ́Н (Ваграм Камеравіч) (18.1.1888, г. Стамбул, Турцыя —5.6.1968),
армянскі акцёр. Нар. арт. СССР (1956). Сцэн. адукацыю атрымаў у Італіі. З 1907 (з перапынкамі) працаваў у арм. т-рах Стамбула, у 1922—53 іграў у арм. і рус. трупах Ерэвана, Тбілісі, Баку, Ленінграда, з 1954 у Арм. т-ры імя Г.Сундукяна ў Ерэване. Творчасці ўласцівы дасканаласць выканаўчай тэхнікі, бліскучы артыстызм. Выступаў пераважна ў п’есах У.Шэкспіра: Атэла, Гамлет, Рамэо, Макбет («Атэла», «Гамлет», «Рамэо і Джульета», «Макбет»). Сярод інш. роляў: Пратасаў («Жывы труп» Л.Талстога), Арбенін («Маскарад» М.Лермантава).
т. 12, с. 60
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАГАРША́Н (сапр. Пагасян) Вагарш Багданавіч
(14.2.1894, г. Шуша, Нагорны Карабах — 6.5.1959),
армянскі акцёр, рэжысёр, драматург. Нар. арт. СССР (1954). З 1923 у армянскім т-ры імя Г.Сундукяна (Ерэван). Праф. Ерэванскага тэатр. ін-та (з 1946). Акцёр шырокага творчага дыяпазону, майстар пераўвасаблення. З роляў: Гагік («Краіна родная» Д.Дэмірчана), Арбенін («Маскарад» М.Лермантава), Хлестакоў («Рэвізор» М.Гогаля), Гамлет («Гамлет» У.Шэкспіра). Сярод пастановак: «Дасцігаеў і іншыя» (1934) і «Васа Жалязнова» (1937) М.Горкага, «Каварства і каханне» Ф.Шылера (1938). Аўтар п’ес «У кальцы» (1930), «Давід Сасунскі» (1940) і інш. Дзярж. прэміі СССР 1941, 1952.
т. 3, с. 429
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРУ́НДГЕНС ((Gründgens) Густаў) (22.12.1899, г. Дзюсельдорф, Германія — 7.10.1963),
нямецкі акцёр, рэжысёр. Скончыў школу пры Дзюсельдорфскім драм. т-ры (1920). Працаваў у т-рах Гамбурга, Берліна. У 1955—63 кіраўнік Ням. драм. т-ра ў Гамбургу. Вядомы як пастаноўшчык класічных спектакляў «Кароль Лір» (1934) і «Дванаццатая ноч» (1937, іграў ролю Мальволіо) У.Шэкспіра, «Чайка» А.Чэхава (1948; роля Трыгорына) і інш. Сярод роляў: Гамлет («Гамлет» Шэкспіра), Фауст («Фауст» І.В.Гётэ), Франц Моар, Валенштайн («Разбойнікі», «Смерць Валенштайна» Ф.Шылера). Паставіў некалькі оперных спектакляў. Здымаўся ў кіно, ставіў фільмы. Жыццё і творчасць Грундгенса ляглі ў аснову рамана К.Мана «Мефістофель» (экранізаваны ў 1981).
т. 5, с. 464
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ЕПІНЬШ ((Liepińš) Харый) (н. 15.12. 1927, Тэрнейская воласць, Латвія),
латышскі акцёр. Нар. арт. Латвіі (1978). Нар. арт. СССР (1988). Скончыў драм. студыю пры Дзярж. маст. т-ры Латвіі імя Я.Райніса (1949), з 1947 акцёр гэтага т-ра (з 1989 т-р Дайлес). Мастацтва акцёра вызначаецца высокім прафес. майстэрствам, дынамізмам, глыбокім псіхалагізмам у трактоўцы вобразаў. Сярод роляў: Рамэо, Гамлет («Рамэо і Джульета», «Гамлет» У.Шэкспіра), Тот («Гуляў я, скакаў» Я.Райніса), Эдгар («У агні» Р.Блаўмана), Бранд («Бранд» Г.Ібсена), Едыгей («І больш века доўжыцца дзень» паводле Ч.Айтматава). Здымаецца ў кіно.
Літ.:
Dzene L. Dialogs ar Hariju Liepińšu. Riga, 1977.
т. 9, с. 254
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ІСІ ((Moissi) Аляксандр) (Сандра) (2.4.1880, г. Трыест, Італія — 23.3.1935),
нямецкі акцёр. Па нацыянальнасці албанец. З 1898 вучыўся ў Венскай кансерваторыі (барытон), быў статыстам, пазней акцёрам «Бургтэатра». З 1904 працаваў пад кіраўніцтвам М.Райнгарта, у 1905—33 у Ням. т-ры і «Камершпіле» (Берлін). Акцёр шырокага дыяпазону. Творчасць вызначалася адухоўленасцю, эмацыянальнасцю, мяккай вытанчанасцю пластыкі, імкненнем да перадачы вобразаў высакародных герояў, якія пакутуюць ад сутыкнення з жорсткасцю і несправядлівасцю жыцця. Сярод роляў: Освальд («Прывіды» Г.Ібсена), Гамлет, Рамэо («Гамлет», «Рамэо і Джульета» У.Шэкспіра), маркіз ды Поза, Франц («Дон Карлас», «Разбойнікі» Ф.Шылера), Мефістофель («Фауст» І.В.Гётэ), Пратасаў («Жывы труп» Л.Талстога), Іванаў («Іванаў» А.Чэхава) і інш.
т. 10, с. 513
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)