мемарыяльны комплекс на брацкіх могілках 10 тыс. воінаў каля в. Рыленкі Дубровенскага р-на Віцебскай вобл. Адкрыты 3.7.1973 (скульпт. М.Рыжанкоў, арх. М.Ткачук) на ўшанаванне памяці воінаў 31-й арміі 3-га Бел. фронту, якія загінулі ў баях за вызваленне Беларусі ад ням.-фаш. захопнікаў у 1943—44. Комплекс — прасторавая арх.-скульпт. кампазіцыя з развітым сіметрычна-восевым планіровачным вырашэннем. Уваход у мемарыял утвораны 2 рознавялікімі апорнымі сценкамі, якія нясуць манум. рэльефны фрыз (3 × 15 м) з выявай твараў воінаў. Уздоўж дарогі, што вядзе да магіл, 4 бетонныя стэлы (2,6 × 4 м кожная) з урэзанымі ў іх сілумінавымі рэльефамі, якія адлюстроўваюць подзвігі ўдзельнікаў баёў — А.М.Васільева, Г.А.Нікандравай, Ю.В.Смірнова, лётчыкаў авіяпалка «Нармандыя — Нёман» С.М.Астахава і Б. дэ Фальтэна. Брацкія могілкі вырашаны ў выглядзе прамавугольных тэрас, па перыметрах якіх устаноўлены 170 надмагільных пліт з імёнамі тых, хто загінуў. На верхняй тэрасе — пліта-маналіт з надпісам «Подзвігі вашы неўміручыя», за ёй — маляўнічая група бяроз і елак. На пляцоўцы перад плітой — квадратная платформа, у гарэльефнай зорцы — Вечны агонь.
Л.Г.Лапцэвіч.
Мемарыяльны комплекс Рыленкі. Пліта-маналіт і надмагіллі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛА́ЎГАРАДСКАЯ ЦАРКВА́ РАСТВА́ БАГАРО́ДЗІЦЫ,
помнік архітэктуры класіцызму ў г. Слаўгарад Магілёўскай вобл. Пабудавана ў 1791—93 паводле праекта арх. М.Львова. У ансамбль з царквой уваходзяць: 2-ярусная званіца з невял. вежачкай у завяршэнні, 2 гасп. пабудовы, будынак царк.-прыходскай школы. З паўд. боку ад царквы — парк, які спускаецца да р. Сож. Царква — цагляны цэнтрычны крыжова-купальны храм. Асн. аб’ём у выглядзе роўнаканцовага крыжа, накрыты 2-схільнымі дахамі з трохвугольнымі франтонамі на тарцах. Дамінанта аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі — сферычны гранёны купал на 8-гранным светлавым барабане, грані якога Прарэзаны вял. аконнымі праёмамі-люнетамі. Паміж канцамі крыжа нізкія аб’ёмы (у плане чвэрць круга), перакрытыя сегментамі купала. Фасады маюць сім. кампазіцыю, вырашаны аднолькава, завершаны развітымі антаблементамі. Уваходны партал вылучаны 2 паўкруглымі калонамі тасканскага ордэра і акном-люнетай. На сценах і скляпеннях захаваліся фрэскавыя размалёўкі ў стылі класіцызму (канец 18 ст.; верагодна, пры ўдзеле маст. У.Баравікоўскага). Захаваліся 57 сюжэтных кампазіцый, найб. цікавыя з іх «Пакуты Хрыста» (у 1-м ярусе), «Цябе Бога хвалім» (на купале), выявы евангелістаў у прасценках барабана. У 1793—94 устаноўлены іканастас (не захаваўся). У 1980-я г. царква адрэстаўрыравана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ КАЛЬВАРЫ́ЙСКІ КАСЦЁЛ І БРА́МА,
помнік архітэктуры 19 ст. ў Мінску. Пабудаваны ў 1839—41 на Кальварыйскіх могілках (вядомы з 17 ст.) на месцы б. касцёла (разбураны ў 1830) у стылі неаготыкі і класіцызму. Мураваны 1-нефавы з невял. трансептам і прамавугольнай алтарнай апсідай храм накрыты высокім 2-схільным дахам. Гал. фасад вырашаны ў выглядзе вял. стральчатага партала. Над прытворам узвышаецца масіўная квадратная ў плане вежа, падзеленая на 2 ч. карнізам з сухарыкамі. У верхняй яе ч. 2 вузкія стральчатыя аконныя праёмы, над якімі круглая люкарна. Сцены гал. і бакавых фасадаў дэкарыраваны аркатурнымі паясамі, прарэзаны стральчатымі аконнымі праёмамі, аздоблены ліштвамі. Брама ў класіцыстычных формах прыбудавана ў 1830 на сродкі Ю.Кабылінскага ў гонар яго жонкі. Цаглянае прамавугольнае ў плане збудаванне з вял.цэнтр. і сіметрычна размешчанымі па баках меншымі паўцыркульнымі праёмамі. Падзелена карнізам на 2 ярусы. Ніжні — руставаны, над бакавымі праёмамі верхняга яруса — ляпная геральдыка. На могілках захаваліся пахавальныя капліцы Паўла Равы (1855, эклектыка), Віткевічаў (2-я пал. 19 ст., неаготыка), 2 эклектычныя капліцы 2-й пал. 19 ст.; некалькі мураваных капліц у паўразбураным стане.
Літ.:
Rzymsko-katolicki cmentarz Kalwaryjski w Minsku na Bialorusi. Warszawa, 1996.
А.Ю.Пятросава, Т.І.Чарняўская.
Мінскі кальварыйскі касцёл і брама. Галоўны фасад касцёла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАТО́НДА (італьян. rotonda ад лац. rotundns круглы),
круглае ў плане цэнтрычнае збудаванне, звычайна завершанае купалам, з размешчанымі па перыметры калонамі. Вядома з часоў Стараж. Грэцыі і Рыма ў некат. храмах, маўзалеях, залах, паркавых павільёнах, альтанках і інш. (Рымскі пантэон). Сустракаліся ў культавых збудаваннях сярэдніх вякоў, эпохі Адраджэння, стылю класіцызму. На Беларусі вядома з 16 ст., найб. пашырана ў культавым дойлідстве стылю класіцызму (Чачэрская Спаса-Праабражэнская царква, Лідскі Іосіфаўскі касцёл піяраў, капліца-пахавальня ў в. Пральнікі Валожынскага р-на Мінскай вобл.). Форму Р. мелі ў сваіх завяршэннях некат. манум. збудаванні: Гродзенскі палац Тызенгаўза, ратушы ў Гродне, Мінску, г. Драгічын (Брэсцкая вобл.). У выглядзе Р. вырашаны альтанкі і павільёны ў рэгулярных і пейзажных парках сядзіб вёсак Станькава Дзяржынскага р-на Мінскай вобл., Варняны Астравецкага, Залессе Смаргонскага р-наў Гродзенскай вобл., Альбінскага палацава-паркавага ансамбля і інш. (18—19 ст.), альтанкі ў архітэктуры 1950-х г. (на набярэжнай р. Свіслач і каля гал. ўвахода ў Цэнтр дзіцячы парк імя М.Горкага ў Мінску).
С.А.Сергачоў.
Капліца-пахавальня ў форме ратонды ў в Пральнікі Валожынскага раёна Мінскай вобл. (цяпер Мікалаеўская царква). 2-я пал 19 ст. Фота 2000.Да арт.Ратонда. Царква-ратонда Святой Труны ў г. Кембрыдж (Вялікабрытанія). Каля 1101—30.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКІ КЛЯ́ШТАР БРЫГІ́ТАК,
помнік архітэктуры ранняга барока. Пабудаваны ў 1634—42 у Гродне па фундацыі К. і А.Весялоўскіх. Уключаў Благавешчанскі касцёл, жылы корпус, гасп. пабудовы (збярогся толькі лямус, гл. ў арт.Гродзенскія лямусы), мураваную агароджу з брамамі (захавалася часткова), сад, агарод, званіцу-капэлу (стаяла асобна, на другім баку вуліцы; знішчана ў 1960-я г.). Касцёл — аднанефавы 2-вежавы храм з паўцыркульнай апсідай. Гал. фасад мае стройную сіметрычную кампазіцыю з 3-часткавым дзяленнем па вертыкалі на цэнтр. плоскасць і 2 вуглавыя вежы. Ніжні ярус члянёны плоскімі пілястрамі з карынфскімі капітэлямі, прарэзаны дзвярным і аконным праёмамі. Над пілястрамі праходзіць антаблемент, фрыз якога аформлены манум.-дэкар. жывапісам у тэхніцы сграфіта. Гал. фасад завершаны аднолькавымі па вышыні атыкам, трохвугольным франтонам і 2-яруснымі дэкар. вежачкамі. Інтэр’ер вырашаны як адзіны аб’ём, перакрыты цыліндрычным скляпеннем на распалубках. Жылы корпус — прамавугольны ў плане 2-павярховы аб’ём з вял.унутр. дваром. На паўн. фасадзе захаваўся партал, аздоблены маст. тынкоўкай. Па перыметры будынка з боку двара праходзіць светлавы калідор з келлямі. Агароджа з брамай уяўляе сабой глухую цагляную атынкаваную сцяну, па вуглах якой былі невял. 6-гранныя вежы (захаваўся 1-ы ярус адной з іх). Агароджа мела 4 брамы (захаваліся 3 найб.манум. перад касцёлам). Зберагліся таксама брамы для пешага люду і праезная брама гасп. двара.
С.Г.Багласаў, Т.Р.Маліноўская.
Гродзенскі кляштар брыгітак. Галоўны фасад касцёла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯСВІ́ЖСКАЯ РА́ТУША І ГАНДЛЁВЫЯ РАДЫ́,
помнікі архітэктуры 16 ст. ў г. Нясвіж Мінскай вобл.Ратуша ўзведзена каля 1596 з цэглы на б. Рыначнай пл. Перабудавана ў 1752 у стылі позняга барока. Прамавугольны ў плане 2-павярховы будынак з 6-яруснай вежай (4 ніжнія чацверыкі, 2 верхнія васьмерыкі), завершанай гранёным купалам з ліхтаром. У 1836 пажарам знішчана завяршэнне вежы. У сярэдзіне 19 ст. чацверыкі накрыты пакатым шатровым дахам; асн. аб’ём — высокім кроквенным дахам з вальмай на паўд. тарцы. У 1990-я г. адноўлена ў першапач. выглядзе паводле праектнага плана канца 16 ст. і гравюры Т.Макоўскага 17 ст. Фасады амаль пазбаўлены дэкору. Узроўні ярусаў вежы і памяшканняў ратушы не супадаюць і злучаны драўлянымі ўсходамі. Гандлёвыя рады спачатку размяшчаліся сіметрычна абапал ратушы па даўжыні будынка. Паміж імі былі нешырокія праезды з арачнымі брамамі на тарцах. Ячэйкі-крамы былі адкрыты праёмамі ў бок праездаў; частка гандл. памяшканняў знаходзілася ў 1-м ярусе ратушы. У сярэдзіне 18 ст.гандл. рады перабудаваны: прадоўжаны за будынак ратушы, абкружылі яе з трох бакоў, утвараючы П-падобны ўнутр. замкнёны дворык; ячэйкі-крамы пераарыентаваны праёмамі да плошчы і прылеглых вуліц. Невысокія падоўжаныя карпусы гандл. радоў накрыты 1-схільнымі дахамі (са схілам у бок унутр. двара). Вулічныя фасады вырашаны ў выглядзе аркады, завершаны высокім атыкам. У дэкоры выкарыстаны прафіляваныя карнізы, абрамленні праёмаў, філянговыя нішы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯСВІ́ЖСКІ КАСЦЁЛ ЕЗУІ́ТАЎ, Нясвіжскі касцёл Божага Цела, Нясвіжскі фарны касцёл,
помнік архітэктуры барока ў г. Нясвіж Мінскай вобл. Пабудаваны ў 1584—93 (арх. Дж.Бернардоні) на ўзор гал. храма ордэна езуітаў Іль Джэзу ў Рыме.
У 1510 у Нясвіжы па фундацыі П.Кішкі пабудаваны драўляны касцёл, у 1555 М.Радзівіл Чорны перадаў яго кальвіністам. У 1581 яго сын М.К.Радзівіл Сіротка пачаў будаваць мураваны касцёл, прызначаны для езуітаў. Будынак храма ў выглядзе грэч. крыжа ў плане (захаваўся чарцёж канца 16 ст.) не задавальняў езуітаў і ў 1586 па ініцыятыве віленскага біскупа Ю.Радзівіла быў разбураны. На месцы разбуранага пастаўлены новы мураваны касцёл — 3-нефавая крыжова-купальная базіліка з паўцыркульнай апсідай, па баках якой размешчаны 2-павярховыя прамавугольныя ў плане сакрысціі, і з 2 сіметрычна размешчанымі гранёнымі капліцамі, прыбудаванымі побач з крыламі трансепта. Бязвежавы гал. фасад вырашаны як самаст. сценка-шырма, завершаны трохвугольным франтонам. Інтэр’ер багата дэкарыраваны размалёўкай у тэхніцы грызайль. Фрэскі выкананы ў 1750—70-я г. з удзелам мастака К.Д.Гескага. У касцёле надмагіллі 17—19 ст. і фамільная пахавальня кн. Радзівілаў. Касцёл пабудаваны ў ансамблі з Нясвіжскай замкавай вежай, Нясвіжскім езуіцкім калегіумам. У 1747 у двары касцёла асобна пастаўлена капліца (арх. М.Педэці).
Т.В.Габрусь, У.А.Чантурыя.
Нясвіжскі касцёл езуітаў і Замкавая вежа (злева).Нясвіжскі касцёл езуітаў. Інтэр’ер.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСТЫТУ́Т МАТЭМА́ТЫКІНацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Засн. ў 1959 у Мінску на базе матэм. лабараторый Ін-та фізікі і матэматыкі АН Беларусі (існаваў у 1955—59). Да 1965 наз.Ін-т матэматыкі і выліч. тэхнікі. У ін-це 13 аддзелаў, аспірантура, дактарантура, саветы па абароне канд. і доктарскіх дысертацый.
Асн. кірункі навук. даследаванняў: алгебра, алгебраічная геаметрыя і тэорыя лікаў; дыферэнцыяльныя ўраўненні і тэорыя ўстойлівасці; выліч матэматыка і матэм. мадэляванне, матэм. кібернетыка і стахастычны аналіз; нелінейны аналіз і тэорыя працэсаў кіравання. Распрацаваны: тэорыя вырашальных і нільпатэнтных лінейных груп і груп падстановак; прыведзеная К-тэорыя, яе унітарны і спінарны варыянты; эфектыўныя метады рашэння дыяфантавых ураўненняў; метрычная тэорыя трансцэндэнтных лікаў, у якой вырашана Малера праблема; тэорыя характарыстычных паказчыкаў Ляпунова дыферэнцыяльных сістэм з малымі адхіленнямі; тэорыя ўраўненняў у поўных вытворных; лікавыя метады і праграмныя сродкі рашэння шматмерных задач матэм. фізікі; тэорыя набліжанага функцыянальнага інтэгравання; тэорыя пабудовы паралельных алгарытмаў, адэкватных шматпрацэсарным выліч. сістэмам; алгарытмы і метады рашэння задач камбінаторнай аптымізацыі і выліч. геаметрыі; тэорыя поліэдральнага квазідыферэнцыравання нягладкіх адлюстраванняў і мультыадлюстраванняў; аператарныя метады даследавання шматпараметрычных дыскрэтных сістэм кіравання; якасная тэорыя аптымальнага кіравання і канструктыўныя метады рашэння экстрэмальных задач. Вырашаны праблемы апраксімацыі і максімальнасці ў арыфм. групах. Даследаваны ўласцівасці рашэнняў дыферэнцыяльных ураўненняў Пенлеве і сістэм Пфафа. Ін-т выдае міжнар.час. «Дифференциальные уравнения». У ін-це працавалі акад.АН Беларусі М.П.Яругін, Дз.А.Супруненка, У.І.Крылоў, Я.А.Барбашын, С.А.Чуніхін, У.Г.Спрынджук, У.П.Платонаў, чл.-кар. Э.І.Груда, А.Я.Залескі, працуюць акад. Нац АН Беларусі І.В.Гайшун (дырэктар з 1992), М.А.Ізобаў, чл.-кар. Ф.М.Кірылава, Л.А.Яновіч.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЙДАНАЎСКІЯ СЯДЗІ́БЫ,
тры сядзібныя комплексы, якія існавалі ў 17—19 ст. у мястэчку Койданава (цяпер г.Дзяржынск Мінскай вобл.).
Комплекс 1-й пал. 17 ст. ўключаў палац, 3 жылыя будынкі і гасп. пабудовы. Цэнтрам яго кампазіцыі быў 3-павярховы драўляны крыжовы ў плане палац з элементамі стылю рэнесансу, завершаны 4 латуннымі пазалочанымі купаламі. У памяшканнях былі дубовыя разныя і размаляваныя дзверы, грубкі і каміны, абліцаваныя белай і каляровай кафляй, сцены абабіты ўзорыстымі апонамі, каберцамі, чырвоным сукном. У сталовай вісела вял. латунная люстра ў выглядзе галавы аленя. Жылы будынак (з рысамі стылю рэнесансу) — 2-павярховы, прамавугольны ў плане, накрыты гонтавым дахам, ашаляваны дошкамі; 2 іншыя вырашаны ў традыцыях нар. дойлідства. У буд-ве ўдзельнічалі нар. дойліды Ж.Матусовіч, Я.Пялецкі. Комплекс знішчаны ў вайну 1654—67.
У 2-й пал. 17 ст. пабудавана новая сядзіба. Злева і справа ад уязной брамы размяшчаліся гал. жылы будынак з алькежамі і гасп. пабудовы. У 1680-я г. пастаўлены новы драўляны жылы дом. Комплекс быў абнесены астрогам. Не захаваўся.
Цэнтрам кампазіцыі сядзібы, створанай у 2-й пал. 18 — пач. 19 ст., быў 1-павярховы прамавугольны ў плане драўляны палац (уключаў 13 жылых і гасп. пакояў і капліцу) з мезанінам. Гал. яго фасад быў вылучаны 4-слуповым ганкам. Палац з 2 бакоў фланкіравалі флігелі, за ім размяшчаліся мураваная скарбніца са склепам, гасп. пабудовы. Двор абкружаў італьян. сад з ліпавымі шпалерамі. Комплекс не захаваўся.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУДАЎНІ́ЧАЯ МЕХА́НІКА,
навука аб прынцыпах і метадах разліку збудаванняў на трываласць, жорсткасць, устойлівасць і ваганні; раздзел прыкладной механікі.
Асновы будаўнічай механікі выкладзены ў 18—19 ст. у працах Л.Эйлера, Ж.Лагранжа, Дз.І.Жураўскага, У.Р.Шухава і інш. На розных этапах развіцця будаўнічай механікі метады разліку збудаванняў вызначаліся ўзроўнем развіцця матэматыкі, механікі, супраціўлення матэрыялаў і інш. У 2-й пал. 20 ст. выкарыстанне ЭВМ дало магчымасць укараніць эфектыўныя метады разлікаў; статыстычных выпрабаванняў, канечных элементаў, варыяцыйна-рознаснага і інш. Вельмі важныя даныя будаўнічай механікі пры ўзвядзенні сейсмаўстойлівых і вышынных будынкаў.
На Беларусі даследаванні па пытаннях будаўнічай механікі праводзіліся ў 1920-я г. ў БСГА А.А.Краўцовым, у 1935—41 у БПІ М.В.Венядзіктавым, І.Р.Прытыкіным, у 1938—41 у Бел. лесатэхн. Ін-це М.М.Рудзіцыным, вядуцца ў Бел.політэхн. акадэміі, Бел.тэхнал. ун-це, Брэсцкім політэхн. ін-це, Полацкім ун-це, Бел. ун-це транспарту, НДІбуд-ва і архітэктуры. Удасканалены метады і алгарытмы аптымізацыі расходу матэрыялаў на шарнірна-стрыжнёвыя, вісячыя і камбінаваныя сістэмы (Л.І.Коршун, П.У.Аляўдзін, Р.І.Фурунжыеў, І.С.Сыраквашка). Даследаваны пытанні статыкі і дынамікі нелінейна дэфармаваных шарнірна-стрыжнёвых і вісячых сістэм (Я.М.Сідаровіч), устойлівасці стрыжнёвых сістэм (А.Ф.Анішчанка, С.С.Макарэвіч, Л.С.Турышчаў). Праведзены статычныя разлікі рамаў, пласцін, абалонак, труб (А.А.Краўцоў, А.А.Кручкоў, Л.Ф.Беразоўскі, Г.А.Герашчанка, А.А.Чэча). Вырашаны шэраг кантактавых задач прыкладной тэорыі пругкасці (С.М.Ягалкоўскі, С.В.Басакоў), прапанаваны метады электроннага мадэлявання нелінейных задач будаўнічай механікі і прыкладной тэорыі пругкасці (У.М.Аўсянка).