ФІНА́НСАВЫЯ СІСТЭ́МЫ, у шырокім сэнсе — сукупнасць розных звёнаў фін. адносін, праз якія ў рамках той ці інш.сац.-эканам. сістэмы ажыццяўляецца стварэнне і выкарыстанне фондаў грашовых сродкаў. У вузкім сэнсе — сістэма фінансавых устаноў краіны, што ажыццяўляюць мабілізацыю грашовых сродкаў і іх размеркаванне ў працэсе фінансавання і крэдытавання, а таксама фінансавы кантроль. Унутры кожнай з буйных сфер вылучаюць звёны (групоўка фін. адносін ажыццяўляецца ў залежнасці ад характару дзейнасці суб’екта). Напр., у сферы фінансаў прадпрыемства вылучаюць звёны: фінансы прадпрыемстваў, якія функцыянуюць на камерцыйных пачатках, і фінансы прадпрыемстваў, што ажыццяўляюць некамерцыйную дзейнасць, а таксама фінансы грамадскіх арг-цый; у сферы страхавання — сац. страхаванне асабістае, маёмаснае і страхаванне прадпрымальніцкай рызыкі; у сферы дзярж. фінансаў — дзярж.бюджэт, пазабюджэтныя фонды і дзярж. крэдыт. Кожнае звяно ў Ф.с. можа падзяляцца на падзвёны або інш. элементы сістэмы, напр., фінансы прадпрыемстваў, што функцыянуюць на камерцыйных пачатках, могуць класіфікавацца па галінах накіраванасці і формах уласнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАХО́ДЫ ПРАДПРЫЕ́МСТВА,
грашовыя паступленні ад вытворчай і невытворчай дзейнасці за вылікам затрат на яе ажыццяўленне. Крыніца фарміравання даходаў — выручка ад рэалізацыі прадукцыі асн. вытв-сці, а таксама ад выканання работ і аказання паслуг паза вытв-сцю, якія аплачаны пакупніком і заказчыкам. Крыніцай пазарэалізацыйных даходаў служаць дывідэнды на ўкладзеныя паі, набытыя акцыі і інш. каштоўныя паперы, а таксама штрафы, атрыманыя ад контрагентаў, і інш. непланавыя даходы. Адрозніваюць таксама валавы і гасп.-разліковы Д.п. Валавы Д.п. вызначаецца як розніца паміж аб’ёмам выручкі ад рэалізацыі прадукцыі, выкананых работ і паслуг і велічынёй матэрыяльных і прыраўнаваных да іх затрат (амартызацыйных адлічэнняў і адлічэнняў органам сац. страхавання). Частка валавога даходу па ўстаноўленых нарматывах накіроўваецца ў дзярж.бюджэт, вышэйстаячай арг-цыі, банку у форме платы працэнтаў за карыстанне пазык. Астатняя частка выступае як гасп.-разліковы даход, г.зн. даход, які застаецца ў распараджэнні прадпрыемства. Гасп.-разліковы даход з’яўляецца крыніцай і паказчыкам для ўтварэння па вызначаных нарматывах фондаў развіцця вытв-сці, навукі, тэхнікі, фонду сац. развіцця і фонду аплаты працы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІНА́НСАВЫ КАНТРО́ЛЬ,
форма дзяржаўнага кантролю, які ажыццяўляецца ў працэсе ўтварэння, размеркавання і выкарыстання фондаў грашовых сродкаў у нар. гаспадарцы. Яго асн. прызначэнне: з дапамогай фін. форм і метадаў забяспечыць праверку законнасці і правільнасці, а таксама эфектыўнасці выкарыстання грашовых фондаў дзяржавы, прадпрыемстваў, арг-цый і ўстаноў. Ф.к. з’яўляецца адным з інструментаў гасп. механізма і выкарыстоўваецца ў ходзе складання і выканання фін. планаў і каштарысаў, праверкі эфектыўнасці выкарыстання ў кіраўніцтве эканомікай таварна-грашовых адносін і эканам. рычагоў (цана, прыбытак, бюджэт і інш.). Гал. прынцыпы Ф.к.: галоснасць, рэгулярнасць, усеагульнасць, рэзультатыўнасць. Па формах правядзення Ф.к. падзяляецца на папярэдні, бягучы і Наступны. Папярэдні Ф.к. ажыццяўляецца перад афармленнем фінансава-гасп. аперацый і накіраваны на папярэджанне парушэнняў законаў і нерацыянальнага расходавання сродкаў. Бягучы Ф.к. праводзіцца ў час афармлення аперацый па паступленні даходаў, расходаванні грашовых сродкаў і матэрыяльных каштоўнасцей і інш.; наступны Ф.к. — пасля правядзення гасп.-фін. аперацый. Асн. метады Ф.к.: падліковыя праверкі бухгалтарскіх балансаў і справаздач, аналіз гасп. дзейнасці, сустрэчныя праверкі, інвентарызацыя таварна-матэрыяльных каштоўнасцей, рэвізіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФО́НДЫ ПРАДПРЫЕ́МСТВА,
грашовыя або матэрыяльныя сродкі, прызначаныя для падтрымання ўзнаўленчага працэсу, адаптацыі ў канкурэнтным асяроддзі, павышэння канкурэнтаздольнасці выпускаемай прадукцыі, абнаўлення тэхналогій, стымулявання працы работнікаў і інш. Ствараюцца ў працэсе размеркавання балансавага прыбытку ад рэалізацыі прадукцыі і паслуг. Прадпрыемства само размяркоўвае частку прыбытку, якая застаецца пасля абавязковых плацяжоў у бюджэт, але дзяржава можа ўплываць на размеркаванне праз стымуляванне падатковымі льготамі інвестыцыйнай і інавацыйнай дзейнасці, фінансавання прыродаахоўных і дабрачынных мерапрыемстваў і інш. Парадак размеркавання прыбытку на прадпрыемстве вызначаецца ў адпаведнасці з палажэннямі, распрацаванымі і зацверджанымі кіраўніцтвам прадпрыемства, Сярод Ф.п. асн. з’яўляюцца фонды: накаплення (ствараецца з мэтай набыцця асн. фондаў вытв. і невытв. прызначэння, будаўніцтва, доўгатэрміновых інвестыцый, фінансавання выдаткаў на н.-д. і канструктарскія работы, асваенне новай тэхнікі, мадэрнізацыю і інш.); заработнай платы (уключае аплату па тарыфных стаўках і акладах работнікаў, аплату чарговых водпускаў); спажывання (ствараецца з мэтай стымулявання работнікаў, пакрыцця выдаткаў на сац. патрэбы, аказання матэрыяльнай дапамогі, аплаты пуцёвак і інш.); рэзервовы (для пакрыцця непрадбачаных выдаткаў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
асво́іць, асвою, асвоіш, асвоіць; зак., што.
1. Навучыцца карыстацца чым‑н., авалодаць чым‑н. Асвоіць новую тэхніку. Асвоіць замежную мову.// Навучыцца вырабляць што‑н. Асвоіць вытворчасць новых станкоў.// Засвоіць, зразумець што‑н. Іван памагаў па матэматыцы — прагрэсіі, лагарыфмы, сінусы і косінусы Міця асвоіў як мае быць.Навуменка.
2. Уключыць у круг сваёй гаспадарчай дзейнасці; абжыць. Асвоіць цалінныя землі.// Выкарыстаць (грошы, сродкі і пад.). Асвоіць фонды. Асвоіць спадчыну. Асвоіць бюджэт.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
A balanced budget is of paramount importance. Збалансаваны бюджэт мае першараднае значэнне;
The interests of the consumer should be paramount. Інтарэсы спажыўца павінны ставіцца вышэй за ўсё.
Англійска-беларускі слоўнік (Т. Суша, 2013, актуальны правапіс)
zmniejszać
незак. змяншаць; памяншаць;
zmniejszać rozmiary — змяншаць памеры;
zmniejszać budżet — скарачаць бюджэт;
zmniejszać płacę — зніжаць зарплату
Польска-беларускі слоўнік (Я. Волкава, В. Авілава, 2004, правапіс да 2008 г.)
Etat[e'ta:]m -s, -s
1) (дзяржа́ўны) бюджэ́т; каштары́с
2) штат, асабо́вы склад;
den ~ überschréiten* перавы́сіць шта́тны раскла́д
Нямецка-беларускі слоўнік (М. Кур'янка, 2006, правапіс да 2008 г.)
ПАДАТКО́ВАЯ ПАЛІ́ТЫКА,
сукупнасць мерапрыемстваў адпаведных органаў дзярж. улады і дзярж. кіравання ў галіне падаткаў і падаткаабкладання; частка агульнай фінансавай палітыкі дзяржавы. П.п. вынікае з сутнасці і функцыі падатку і заключаецца ў спагнанні дзяржавай часткі сукупнага грамадскага прадукту на агульнадзярж. патрэбы, у мабілізацыі гэтых сродкаў і пераразмеркаванні іх праз бюджэт. П.п. рэалізуецца праз падатковы механізм, які ўяўляе сабой сукупнасць арганізац.-прававых норм, метадаў і форм дзярж. кіравання падаткаабкладаннем праз сістэму розных надбудовачных інструментаў (падатковыя стаўкі, падатковыя льготы, спосабы абкладання і інш.). Функцыянаванне падатковага механізму забяспечваецца праз арганізац. структуры, прававое рэгуляванне і рэгламентаванне, планаванне (прагназіраванне), рыначнае рэгуляванне, кіраванне. На Беларусі гал. суб’ектам П.п. з’яўляецца дзяржава, а яе асновай — адносіны паміж дзяржавай і гасп. суб’ектамі. Вылучаюць 3 тыпы П.п.: палітыка максімальных падаткаў, калі існуе верагоднасць таго, што іх павышэнне вядзе да зніжэння матывацыі дзейнасці і не суправаджаецца прыростам дзярж. даходаў; палітыка аптымальных падаткаў, якая садзейнічае развіццю прадпрымальніцтва і малога бізнесу, забяспечвае ім спрыяльны падатковы клімат; П.п., якая прадугледжвае даволі высокі ўзровень абкладання, але пры значнай дзярж.сац. абароне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАЦЯЖЫ́,
разліковыя аперацыі па аплаце грашовых сум, іх унясенні, а таксама сумы, якія павінны быць выплачаны. Бываюць П. наяўныя, калі прызнаюцца выкананымі пры паступленні (атрыманні) наяўных грошай, і безнаяўныя, што ажыццяўляюцца без удзелу наяўных грошай, праз пералічэнне пэўных сум з рахункаў плацельшчыка ў банку на рахунак атрымальніка або праз залік узаемных патрабаванняў. Усе безнаяўныя П. ажыццяўляюцца праз крэдытныя ўстановы або пад іх кантролем. Такія П. ажыццяўляюцца і ўнутры краіны і ў сферы міжнар.эканам. адносін. Асн. віды разліковых дакументаў: плацежныя запатрабаванні і даручэнні, чэкі (гл.Плацежны сродак), акрэдытывы. Адрозніваюць: П. ў бюджэт — узносы і адлічэнні фіз. і юрыд. асоб, якія складаюць даходы дзярж. бюджэту; П. авансавыя — у аплату паслуг, сродкаў або матэрыялаў для іх атрымання або выкарыстання; П. дзяржаўныя трансфертныя — выплаты па сац. страхаванні, дапамозе па беспрацоўі, пенсіі і інш. (гэтыя выплаты і іх атрымальнікі не ўносяць якога-н. укладу ў вытворчасць); П. накладныя — спосаб разлікаў пры адпраўцы тавараў невялікімі партыямі на нязначныя сумы (прадугледжвае адрасную выдачу грузу пры ўмове аплаты вызначанай грузаадпраўшчыкам сумы безнаяўным або наяўным разлікам; П. насельніцтва, якія ажыццяўляюцца наяўным і безнаяўным шляхам (П. за камунальныя паслугі, узносы за тавары, купленыя ў крэдыт, і інш.).