МАЦЕ́ВІЦКІ БОЙ 1943,
бой падраздзяленняў партыз. палкоў 208-га імя Сталіна, 277-га, брыгад 130-й «Помста», 120-й, 345-га атрада з ням.-фаш. захопнікамі ў в. Мацевічы Бярэзінскага р-на Мінскай вобл. 18 жн. ў Вял. Айч. вайну. 15 жн. батальён 700-га ахоўнага палка гітлераўцаў заняў вёску дзеля набыцця с.-г. прадукцыі. Ноччу 18 жн. партызаны акружылі вёску і раптоўным нападам знішчылі некалькі аўтамашын, шмат жывой сілы ворага; за 1 гадз бою захапілі зброю і амуніцыю акупантаў, 2 перасоўныя радыёстанцыі, каля 60 коней, боепрыпасы, нарабаванае ў насельніцтва харчаванне.
У.С.Пасэ.
т. 10, с. 229
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГУШЭ́ЎСКІ БОЙ 1941,
бой партыз. атрадаў Багушэўскага (камандзір А.К.Стэльмах), І.Ф.Бяляева і групы сав. ваеннаслужачых, якія трапілі ў акружэнне (камандзір П.С.Гапонцаў), з ням.-фаш. захопнікамі ў г.п. Багушэўск Віцебскай вобласці ў вер. 1941. У ноч на 4 вер. асн. група партызанаў закідала гранатамі памяшканне камендатуры варожага гарнізона ў пасёлку, разграміла раённую ўправу, знішчыла аўтамашыны, пам. ваеннага каменданта Віцебска, што прыехаў на нараду, захапіла трафеі і дакументы і вярнулася на базу. Група прыкрыцця з боку шашы Віцебск—Орша перашкодзіла прыбыццю дапамогі фаш. гарнізону. Акупац. газета «Витебский вестник» паведамляла, што на Багушэўск напаў атрад колькасцю 1000 чал., узброены танкамі, артылерыяй, мінамётамі і кулямётамі.
т. 2, с. 212
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЎГІ́НАЎСКІ БОЙ 1943,
бой партыз. брыгады «Жалязняк» (камандзір І.П.Ціткоў) па разгроме ням.-фаш. гарнізона 26 сак. ў г.п. Даўгінава Крывіцкага р-на Мінскай вобл. ў Вял. Айч. вайну. Гарнізон быў адным з апорных пунктаў, што прыкрывалі падыход да чыг. Маладзечна—Полацк, базай правядзення карных аперацый, захавання і перапрацоўкі нарабаванай сельгаспрадукцыі. Пасля Бягомльскай аперацыі 1942 і Докшыцкага бою 1943 знаходзіўся ў павышанай баявой гатоўнасці. Партызаны для прыкрыцця небяспечных напрамкаў стварылі засады. У 18 гадз пры падтрымцы гармат 3 атрады атакавалі Даўгінава, уварваліся ў цэнтр, знішчылі склады і прадпрыемствы праціўніка. Раніцай 27 сак. партызаны амаль без страт вярнуліся на зборны пункт.
т. 6, с. 66
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́ДРЫЦКІ БОЙ 1942,
бой паміж аб’яднанымі сіламі партыз. атрадаў 128-га, Г.Я.Сарокі, узвода 277-га атрада, групы партызан падпалк. Чырв. Арміі А.К.Спрогіса і гарнізонам ням.-фаш. захопнікаў 11 вер. ў в. Выдрыца Крупскага р-на Мінскай вобл. ў Вял. Айч. вайну. Выдрыцкі гарнізон уваходзіў у сістэму абароны праціўніка па забеспячэнні сплаву лесу па р. Бобр і бяспекі транспарту на чыг. участку Барысаў—Крупкі. Партызаны засадамі перакрылі дарогі на в. Вяляцічы і г.п. Крупкі, перайшлі ўброд раку за 2 км ад Выдрыцы і пад прыкрыццём шчыльнага агню атакавалі гарнізон. У час бою каля аднаго з дзотаў па-геройску загінула камандзір дыверсійнай групы А.Ф.Колесава.
т. 4, с. 307
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРУ́ПЧЫЦКІ БОЙ 1794.
бой паміж паўстанцамі і рас. войскам у час паўстання 1794. Адбыўся 17.9.1794 каля в. Крупчыцы Кобрынскага пав. (цяпер Жабінкаўскі р-н). З абодвух бакоў удзельнічала каля 20 тыс. чал. Паўстанцы пад камандаваннем К.Серакоўскага дзякуючы выгаднай стратэгічнай пазіцыі з дапамогай артылерыі (28 гармат) паспяхова стрымлівалі атакі кавалерыі і пяхоты праціўніка. Аднак пасля абходнага манеўра А.В.Суворава і вываду ім часткі войска цераз р. Трасцяніца ў фланг абароны паўстанцаў апошнія пачалі адыходзіць у напрамку Брэста. У час бою абодва бакі страцілі каля 300 чал. забітымі і параненымі. 19 вер. каля в. Цярэспаль Брэсцкага пав. рас. войскі разбілі паўстанцаў.
У.П.Емяльянчык.
т. 8, с. 488
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУПА́ВАЦКІ БОЙ 1942,
бой паміж партызанамі брыгады К.Заслонава і фаш. карнай экспедыцыяй у в. Купаваць Сенненскага р-на Віцебскай вобл. ў Вял. Айч. вайну. Раніцай 14 ліст. буйныя сілы ням. карнікаў пачалі наступаць у раён в. Смаляны Аршанскага р-на і в. Купаваць, дзе размяшчаўся штаб партыз. брыгады і частка партыз. падраздзяленняў Яны скрытна падышлі да вёскі і раптоўна атакавалі. У час жорсткіх баёў загінулі камандзір брыгады Заслонаў і яшчэ 4 партызаны; партызаны з боем адступілі ў лес. Карнікі падпалілі вёску. Партызан, што загінулі ў баі, пахавалі каля вёскі. У 1947 астанкі Заслонава і яго ад’ютанта Я.Коржаня перапахавалі на чыг. ст. Орша.
т. 9, с. 24
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́РЫНСКІ БОЙ 1942,
бой партызан атрада Д.Ф.Райцава і А.П.Дзіка супраць ням.-фаш. захопнікаў у раёне вёсак Курына, Платы і р.п. Ноўка Суражскага р-на Віцебскай вобл. 28 сак. ў Вял. Айч. вайну. Пасля разгрому 27 сак. партызанамі М.Ф.Сільніцкім і М.І.Купчанкам групы гітлераўцаў, якія рабавалі насельніцтва ў в. Вусава, атрад карнікаў (каля 350 чал.) на наступны дзень з гарматамі і мінамётамі накіраваўся супраць партызан. У час бою партызаны прычынілі ворагу значныя страты, але да фашыстаў падаспела падмацаванне (200 чал.), і партызаны былі вымушаны адысці. У в. Курына на магілах загінуўшых партызан І.С.Лапікава і Сільніцкага помнікі.
т. 9, с. 56
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫГА́НІНСКІ БОЙ 1943,
бой партызан Шклоўскай ваенна-аператыўнай групы па разгроме ням. гарнізона ў в. Прыгані Круглянскага р-на Магілёўскай вобл. 3.10.1943 у Вял. Айч. вайну. Гарнізон (каля 90 чал.), узброены мінамётам, кулямётамі, аўтаматамі, вінтоўкамі, меў 4 дзоты, падыходы да якіх былі перакрыты загародамі з калючага дроту. Група партызан (80 чал.) на чале з Р.М.Севасцьянавым, пераапранутых у ням. форму, з абозам увайшла ў вёску і захапіла 3 дзоты, 4-ы быў узяты пасля жорсткай схваткі. У выніку гарнізон быў поўнасцю разгромлены, захоплена ўсё ўзбраенне, склады з боепрыпасамі і харчаваннем, статак кароў, нарабаваных акупантамі ў навакольных вёсках. Партызаны страцілі 4 чал.
У.С.Пасэ.
т. 13, с. 59
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЧЫ́НСКІ БОЙ 1942,
бой партызан атрада 61-й партыз. брыгады супраць карнай экспедыцыі ням.-фаш. войск у Кучынскім лесе на мяжы Быхаўскага і Магілёўскага р-наў 9 жн. ў Вял. Айч. вайну. Група партызан (20 чал.) пад камандаваннем Я.Ф.Каўшыркі 26 ліп. разграміла валасную ўправу ў в. Кучын. Блакада карнікамі клічаўскіх і бялыніцкіх лясоў вымусіла партызан спыніцца ў лесе за 3 км на ПнУ ад вёскі. Раніцай 9 жн. гітлераўцы (каля 3 тыс. карнікаў з артылерыяй, танкеткамі і бронемашынамі) занялі навакольныя вёскі і акружылі партызан. У выніку 3-гадзіннага бою партызаны нанеслі вял. страты ворагу ў жывой сіле, збілі самалёт, але самі амаль усе загінулі. На месцы бою пастаўлена стэла.
т. 9, с. 66
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАТЫ́ГАЛЬСКІ БОЙ 1943,
бой паміж 2-м батальёнам Смаленскага партыз. палка і ням.-фаш. захопнікамі ў в. Латыгаль Сенненскага р-на Віцебскай вобл. 25 крас. ў Вял. Айч. вайну. Партыз. полк пасля жорсткіх баёў з намнога большымі сіламі карнікаў перамяшчаўся на новую базу; на шляху перадыслакацыі, у в. Латыгаль, знаходзіўся варожы гарнізон, знішчыць які было даручана 2-му батальёну. Партызаны ноччу асн. сіламі атакавалі гарнізон, гранатамі падавілі яго дзоты, і пасля 3-гадзіннага бою разграмілі ворага. Падмацаванне ворагу з г. Сянно было спынена партыз. засадай. У выніку бою ў сістэме ням.-фаш. гарнізонаў утварыўся разрыў, што дало магчымасць партыз. дыверсійным групам больш кароткім шляхам выходзіць да чыг. Орша—Віцебск.
т. 9, с. 155
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)