КАМРАКО́Ў (Барыс Пятровіч) (н. 30.10.1948, г. Івана-Франкоўск, Украіна),

бел. матэматык. Д фіз.-матэм. н. (1991), праф. (1994). Скончыў БДУ (1971). З 1971 у Бел. н.-д. геолагаразведачным ін-це. У 1977—88 у БПІ. З 1991 у БДУ. З 1997 у НДІ матэматыкі і механікі (г. Казань). Навук. працы па геаметрыі аднародных прастораў, тэорыі груп і алгебраў Лі. Пабудаваў найб. кампактыфікацыю сіметрычных прастораў. Апісаў некат. інварыянтныя структуры на аднародных прасторах. Рашыў праблему С.​Лі. Медаль імя М.​І.​Лабачэўскага 1997.

Тв.:

Структуры на многообразиях и однородные пространства. Мн., 1978;

Примитивные действия и проблема Софуса Ли. Мн., 1991.

т. 7, с. 539

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАШКЕ́ВІЧ (Вячаслаў Іосіфавіч) (н. 15.4.1941, в. Дзякшняны Маладзечанскага р-на Мінскай вобл.),

бел. паэт. Скончыў БДУ (1965). Працаваў у прэсе, на Бел. тэлебачанні. З 1989 у Ін-це філасофіі і права Нац. АН Беларусі. Друкуецца з 1963. У вершах Д. — жыццё і праца, трывогі і клопаты сучаснікаў. Выступае як публіцыст. На бел. мову пераклаў п’есу Э.​Вільдэ «Няўлоўны цуд».

Тв.:

Загадка Атлантыды. Мн., 1983.

т. 6, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛУШАКО́Ў (Васіль Сяргеевіч) (н. 27.7.1924, в. Дзерабуж Смаленскай вобл., Расія),

бел. вучоны ў галіне аўтамабілетрактарабудавання. Д тэхн. н. (1990), праф. (1992). Скончыў Бел. політэхн. ін-т (1957). З 1957 на Мінскім трактарным з-дзе, з 1978 у Бел. аграрным тэхн. ун-це. Навук. працы па ўдасканаленні энергет. установак аўтатрактарнага тыпу і распрацоўцы аптымальных тэмпературных рэжымаў іх эксплуатацыі.

Тв.:

Тракторы и автомобили. М., 1985 (у сааўт.).

т. 5, с. 304

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРАМАТУРГІ́Я (грэч. dramaturgia),

сукупнасць драматычных твораў аднаго пісьменніка ці пэўнага народа, перыяду ці эпохі. Уключае прызначаныя для сцэн. ўвасаблення творы розных жанраў (трагедыя, драма, меладрама, камедыя, вадэвіль, фарс).

Вытокі бел. Д. — у фальклоры. Элементы драм. твораў былі ўжо ў нар. і культавых рытуалах, каляндарных і сямейна-бытавых абрадах, карагодах, тэатралізаваных гульнях (маналогі ці дыялогі). З фалькл. творчасці сфарміравалася ўласна нар. Д. школьнага тэатра, батлейкі, народнай драмы.

Новая бел. прафес. Д. ўзнікла ў пач. 1840-х г. Яе заснавальнікам стаў В.Дунін-Марцінкевіч. Важнае месца займаюць яго драм. творы «Сялянка», «Пінская шляхта» і «Залёты». У 19 ст. на бел. мове пісалі п’есы У.​Сыракомля, П.​Шпілеўскі, Ядвігін Ш., Г.​Марцінкевіч, А.​Вярыга-Дарэўскі; аднак большасць іх твораў была забаронена цэнзурай да друку і пастаноўкі. Адраджэнне бел. Д. адбылося ў пач. 20 ст. Пра тагачаснае жыццё і на гіст. тэмы пісалі п’есы К.​Вясёлы («Не розумам сцяміў, а сэрцам»), К.​Каганец («У іншым шчасці няшчасце схавана», «Двойчы прапілі», «Старажовы курган», «Сын Даніла», «Модны шляхцюк»). Пачынанні і набыткі К.​Каганца прадоўжыў і ўзбагаціў Я.​Купала. Яго Д. шматфарбная, разнастайная па жанрах: напачатку драм. паэмы (як подступ да ўласна драмы) «Адвечная песня», «Сон на кургане» і «На папасе», сцэн. жарт «Прымакі», камедыя «Паўлінка», рамант. драма «Раскіданае гняздо». Па яркасці, глыбіні раскрыцця характараў, жыццёвых праблем «Паўлінка» і «Раскіданае гняздо» — вяршыня ўсёй бел. Д.

У 1910-я г. дамінавала сац.-быт. драма з моцным грамадз. гучаннем, высокім драматызмам: «Блуднікі», «Пакрыўджаныя» Л.​Родзевіча, «Атрута», «Антон» М.​Гарэцкага, «Бутрым Няміра» Ф.​Аляхновіча, «Антось Лата» Я.​Коласа. Ствараліся п’есы рамант. кірунку («Кветка папараці», «Сягонняшнія і даўнейшыя» К.​Буйло), дасціпныя камедыі («Пісаравы імяніны» У.​Галубка). Інтэнсіўна развівалася Д. ў 1920-я г. Наследаваліся дэмакр., гуманіст. традыцыі, здабыткі папярэднікаў. Найб. дасягненне гэтага часу — «Няскончаная драма» і сакавітая камедыя «Пан міністр» Аляхновіча. Шмат і плённа пісаў Галубок: камедыі («Суд», «Ветрагоны», «Пінская мадонна») і меладрамы («Ганка», «Душагубы», «Плытагоны»). У Д. прыйшлі і новыя аўтары — Ц.​Гартны, М.​Грамыка, М.​Чарот, В.​Гарбацэвіч. У 1-й пал. 1920-х г. пашыраны фалькл. п’есы, у аснове якіх нар. легенды і паданні: «Машэка» і «Каваль-ваявода» Е.​Міровіча, «На Купалле» М.​Чарота, «Вяселле» Гарбацэвіча і інш. З’явіліся п’есы пра падзеі Кастр. рэв. і грамадз. вайны на Беларусі («Чырвоныя кветкі Беларусі» Гарбацэвіча, «Каля тэрасы» Грамыкі) і гіст. мінулага («Пан Сурынта» Галубка, «Кастусь Каліноўскі» Міровіча). У 2-й пал. 1920-х г. у бел. Д. распрацоўвалася тагачасная тэматыка («Кар’ера таварыша Брызгаліна» Міровіча, «На прадвесні» М.​Ільінскага), вядомасць атрымалі «Мост» Я.​Рамановіча, «Гута» Р.​Кобеца, «Міжбур’е» Дз.​Курдзіна.

У 1930-я г. асабліва поўна раскрыўся талент Я.​Коласа («Вайна вайне», «У пушчах Палесся») і К.​Чорнага («Бацькаўшчына», «Ірынка»). З’явіліся п’есы К.​Крапівы («Партызаны»), П.​Глебкі («Над Бярозай-ракой»), В.​Вольскага («Цудоўная дудка», «Несцерка»), М.​Клімковіча («Кацярына Жарнасек») і інш. У Айч. вайну ў галіне Д. працавалі К.​Крапіва, Рамановіч, А.​Кучар. З найб. значных набыткаў часу — псіхал. драма «Проба агнём» К.​Крапівы і асабліва яго сатыр. камедыя «Мілы чалавек». Падзеі вайны шырока адлюстроўваліся ў бел. Д. і ў наступныя дзесяцігоддзі: «Канстанцін Заслонаў» А.​Маўзона, «З народам», «Людзі і д’яблы» К.​Крапівы, «Гэта было ў Мінску» Кучара, «Брэсцкая крэпасць», «Першы ўрок» К.​Губарэвіча, «Гаўрошы Брэсцкай крэпасці» А.​Махнача, «Марат Казей» В.​Зуба і інш. П’есы першых пасляваен. гадоў пра тагачаснае жыццё напісаны ў рэчышчы «тэорыі бесканфліктнасці» («Алазанская даліна» Губарэвіча і І.​Дорскага, «Песня нашых сэрцаў» В.​Палескага, «Неспакойныя сэрцы» Кучара, «Зацікаўленая асоба», «Пяюць жаваранкі» К.​Крапівы). Першым у бел. Д. выступіў супраць схематызму, бесканфліктнасці п’ес А.​Макаёнак. У сатыр. камедыі «Выбачайце, калі ласка!» ён востра, з’едліва высмейваў паказуху і ашуканства. Значнае месца ў Д. 2-й пал. 1950-х г. займала тэма гіст. мінулага (п’есы П.​Глебкі, Маўзона, П.​Васілеўскага, І.​Мележа). Лепшай з іх была п’еса Губарэвіча «Галоўная стаўка», карысталася поспехам драма І.​Козела «Папараць-кветка».

1960-я г. — адзін з найменш плённых перыядаў у бел. Д. Слабы быў прыток маладых аўтараў. Звярнулі на сябе ўвагу п’есы «Лявоніха на арбіце» Макаёнка, «Над хвалямі Серабранкі» Козела, «Брэсцкі мір» Губарэвіча, «Пад адным небам» Маўзона, «Выгнанне блудніцы» І.​Шамякіна, «Любоў, Надзея, Вера» Васілеўскага. У гэты час Макаёнак напісаў трагікамедыю «Пагарэльцы», але надрукавана яна толькі ў 1980, а пастаўлена ў 1981. У 1970-я г. адбыўся новы ўздым у бел. Д. П’есы гэтага часу вызначаліся больш глыбокай змястоўнасцю, яркімі вобразамі, арыгінальнасцю, багаццем жанраў: «Брама неўміручасці» К.​Крапівы, «Трыбунал», «Зацюканы апостал», «Таблетку пад язык», «Святая прастата» Макаёнка, «Амністыя», «Апошняя інстанцыя» М.​Матукоўскага, «Экзамен на восень», «І змоўклі птушкі» Шамякіна, «Апошні шанц» В.​Быкава, «Злыдзень», «Укралі кодэкс», «Трывога» А.​Петрашкевіча. Распрацоўвалася гіст. тэматыка: «Званы Віцебска», «Кастусь Каліноўскі», «Маці ўрагану» У.​Караткевіча, «Напісанае застаецца» Петрашкевіча. У 1980-я г. па-ранейшаму ў Д. працавалі К.​Крапіва («На вастрыі»), Макаёнак («Дыхайце эканомна»), Я.​Шабан («Востраў Алены»), Караткевіч («Калыска чатырох чараўніц»), Петрашкевіч («Соль»), Матукоўскі («Мудрамер»). У Д. прыйшлі А.​Дзялендзік, А.​Асташонак, У.​Бутрамееў, Г.​Марчук, В.​Ткачоў, А.​Дудараў. П’есы апошняга «Вечар», «Парог» і асабліва «Радавыя» мелі значны поспех і пашырэнне на Беларусі і за яе межамі. У пач. 1990-х г. цікава заявіў пра сябе М.​Арахоўскі. Яго п’есы «Машэка» і «Ку-ку» адметныя жыццёвым матэрыялам і маст. формай. У Д. дэбютавалі маладыя драматургі С.​Кавалёў, З.​Дудзюк, І.​Сідарук, А.​Дыбча, У.​Сауліч, для іх творчасці характэрна разнастайнасць тэматыкі, розныя кірункі пошукаў.

З 1920-х г. праводзяцца конкурсы на лепшыя творы бел. Д. У 1981 у Мінску адкрыўся эксперыментальны т-р бел. Д. «Вольная сцэна», дзе ставяцца ў асн. п’есы маладых аўтараў.

Літ.:

Семяновіч А.А. Беларуская драматургія (дакастрычніцкі перыяд). Мн., 1961;

Яго ж. Гісторыя беларускай савецкай драматургіі, 1917—1955 гг. Мн., 1990;

Сабалеўскі А. Беларуская савецкая драма. Кн. 1—2. Мн., 1969—72;

Усікаў Я. Беларуская камедыя: (Ля вытокаў жанру). Мн., 1964;

Яго ж. Беларуская камедыя. Мн., 1973;

Лаўшук С.С. Сучасная беларуская драматургія. Мн., 1977;

Яго ж. Станаўленне беларускай савецкай драматургіі (20-я — пачатак 30-х гадоў). Мн., 1984;

Шаўлоўская М.Ф. Беларуская драматургія. Мн., 1981;

Пятрова Л.І. Рамантыкі пранікнёнае святло: Беларуская драматургія 20-х — 30-х гадоў. Мн., 1987;

Васючэнка П.В. Драматургія і час. Мн., 1991;

Ватацы Н.Б. Беларуская савецкая драматургія: Бібліягр. Мн., 1967.

А.​В.​Сабалеўскі.

т. 6, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛУ́ШЧАНКА (Георгій Сямёнавіч) (5.5.1922, г. Растоў-на-Доне, Расія — 22.9.1994),

бел. музыказнавец. Засл. работнік вышэйшай школы Беларусі (1983). Д мастацтвазнаўства (1985). Праф. (1980). Скончыў Муз.-пед. ін-т імя Гнесіных у Маскве (гіст.-тэарэт. ф-т, 1953) і Горкаўскую кансерваторыю (клас скрыпкі, 1954). З 1957 выкладаў у Бел. кансерваторыі (з 1992 Бел. акадэмія музыкі). Навук. працы па гісторыі рус. і бел. музыкі, муз. крытыкі і эстэтыкі. Удзельнічаў у стварэнні падручнікаў па гісторыі бел. музыкі і бел. муз. л-ры. Рэдактар шматлікіх выданняў па пытаннях нац. муз. мастацтва.

Тв.:

Н.​Д.​Кашкин и русская опера. Мн., 1960;

В.​Ф.​Одоевский и русская народная песня. Мн., 1966;

Гісторыя беларускай савецкай музыкі. Мн., 1971 (у сааўт.);

Беларуская сімфанічная музыка 50—60-х г. (разам з К.​Сцепанцэвіч) // Музыка нашых дзён. Мн., 1974;

История белорусской музыки. М., 1976 (у сааўт.);

Белорусская советская музыкальная литература. 2 изд. Мн., 1981 (разам з К.​І.​Сцепанцэвіч);

Очерки по истории русской музыкальной критики конца XIX — начала XX в. Мн., 1983.

Р.​М.​Аладава.

т. 5, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯЛО́Ў (Георгій Дзмітрыевіч) (н. 11.1.1922, г. Арысь Чымкенцкай вобл., Казахстан),

бел. вучоны ў галіне земляробства. Д с.-г. н. (1971). Скончыў Разанскі с.-г. ін-т (1952). З 1958 у Бел. НДІ земляробства і кармоў. Навук. працы па пытаннях апрацоўкі глеб і тэхналогіі вырошчвання с.-г. культур камбінаванымі машынамі.

т. 3, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯЛЯЕ́ВА (Людміла Міхайлаўна) (н. 20.6.1948, г.п. Узда Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне педыятрыі. Д мед. н. (1990), праф. (1993). Скончыла Мінскі мед. ін-т (1972). З 1979 у Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў. Навук. працы па праблемах дзіцячай кардыярэўматалогіі.

Тв.:

Основы кардиологии детского возраста: Справ. Мн., 1991 (у сааўт.).

т. 3, с. 404

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРТКЕ́ВІЧ (Уладзімір Сяргеевіч) (н. 21.10.1937, в. Паперня Мінскага р-на),

бел. вучоны-эпідэміёлаг. Д мед. н. (1987). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1962). З 1963 у Бел. НДІ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі. Даследуе прыродна-ачаговыя вірусныя інфекцыі, асаблівасці фактарыяльна-эпідэмічнага працэсу пры тэхнагеннай радыяцыі, выкарыстанне матэм. мадэліравання пры вывучэнні вірусных інфекцый.

т. 2, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІРКУ́ЦКАЕ ТАВАРЫ́СТВА БЕЛАРУ́СКАЙ КУЛЬТУ́РЫ імя Я.​Д.​Чэрскага.

Засн. 31.5.1996 на 1-м з’ездзе беларусаў Іркуцкай вобл. Расіі. Кіруючы орган — рада. Аб’ядноўвае каля 150 чал. Асн. мэты: аб’яднанне беларусаў Усх. Сібіры, захаванне бел. этн. свядомасці, мовы і культ. традыцый, пашырэнне ведаў пра Беларусь. Пры т-ве працуе бел. нядзельная школа, маладзёжны клуб, дзіцячы ансамбль «Пралескі». У цэнтр. гар. б-цы Іркуцка адкрыты бел. аддзел. Т-ва праводзіць культ.-асв. работу, адзначае бел. нац. святы, юбілеі бел. пісьменнікаў і грамадскіх дзеячаў; выдае газ. «Маланка».

А.​С.​Ляднёва.

т. 7, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭРМАТАЛО́ГІЯ (ад дэрмата... + ...логія),

раздзел клінічнай медыцыны, які вывучае функцыі і структуру скуры ў норме і пры паталогіі, распрацоўвае метады дыягностыкі, лячэння і прафілактыкі хвароб скуры. Адрозніваюць агульную (вывучае анатомію, гісталогію, фізіялогію, біяхімію здаровай і хворай скуры, агульныя заканамернасці развіцця скурных хвароб) і прыватную Д. (даследуе асобныя дэрматозы). Цесна звязана з інш. галінамі клінічнай медыцыны, асабліва з венералогіяй.

Захворванні скуры са старажытнасці вядомы народам Егіпта, Кітая, Індыі, Грэцыі, Рыма. Аднак Д. як навука сфарміравалася ў 2-й пал. 18 — пач. 19 ст., пасля стварэння аўстр. ўрачом І.​Пленкам і пазней англ. урачом Р.​Уіленам першапачатковай класіфікацыі хвароб скуры, заснаванай на марфал. прынцыпе (паводле знешніх праяўленняў хвароб). Пачалі фарміравацца дэрматалагічныя школы. У 2-й пал. 19 ст. Д. аб’ядналася з венералогіяй у адну мед. дысцыпліну — дэрматавенералогію. Заснавальнікі Д. ў Расіі — А.​Г.​Палацебнаў, Ц.​П.​Паўлаў, А.​І.​Паспелаў, П.​В.​Нікольскі — развівалі фізіял. кірунак у Д., зыходзячы з уяўленняў аб цеснай сувязі скуры з цэласным арганізмам.

На Беларусі даследаванні па Д. пачаліся ў 19 ст. Станаўленне і развіццё Д. як навукі звязана з заснаваннем кафедры дэрматавенералогіі на мед. ф-це БДУ (1923) і дзейнасцю кафедраў у Віцебскім і Гродзенскім мед. ін-тах, бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў, стварэннем скурна-венералагічнага НДІ (1932—88). Даследаванні па Д. вядуцца ва ўсіх мед. ВНУ краіны, у рэсп. кансультацыйна-дыягнастычным цэнтры па Д. і венералогіі пры Мінскім скурна-венералагічным дыспансеры. Поспехі айчыннай Д. ў дыягностыцы, лячэнні і прафілактыцы піядэрмітаў, каросты, псарыязу і інш. дэрматозаў звязаны з імёнамі А.Я.Пракапчука, А.Ц.Сасноўскага, Л.І.Гакінаевай, А.П.Комава, Я.​С.​Пеўзнера, Л.І.Багдановіча, М.З.Ягоўдзіка, Л.Г.Барабанава і інш. бел. вучоных.

Літ.:

Скрипкин Ю.К. Кожные и венерические болезни. М., 1980;

Дифференциальная диагностика кожных болезней. М., 1983.

Л.​Г.​Барабанаў.

т. 6, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)