НАРЭ́ЙКА (Noreika) Віргіліюс-Кястуціс (н. 22.9.1935, г. Шаўляй, Літва),

літоўскі спявак (тэнар), педагог. Нар. арт. СССР (1970). Скончыў Вільнюскую кансерваторыю (1958, клас К.Пятраўскаса), з 1976 выкладае ў Літ. муз. акадэміі (з 1987 праф.). З 1957 саліст, у 1975—91 маст. кіраўнік і дырэктар Літоўскай оперы. Спявае ў буйнейшых т-рах свету. Валодае гнуткім голасам прыгожага тэмбру вял. дыяпазону, роўным ва ўсіх рэгістрах, яскравым артыстызмам. Сярод партый: Даніла, Андрус, Нагліс, Юлюс («Піленай», «Дачка», «Вайва», «Ave, vita» В.​Кловы), Скудуціс і Юргяліс («Даля» Б.​Дварыёнаса), Тадас («Птушкі, якія заблудзіліся» В.​Лаўрушаса), Альфрэд, Герцаг, Атэла («Травіята», «Рыгалета», «Атэла» Дж.​Вердзі), Хазэ («Кармэн» Ж.​Бізэ), Пінкертон, Каварадосі, Рудольф («Мадам Батэрфляй», «Тоска», «Багема» Дж.​Пучыні), Вертэр і дэ Грые («Вертэр» і «Манон» Ж.​Маснэ), Эдгар, Немерык («Лючыя ды Ламермур», «Любоўны напітак» Г.​Даніцэці), Ленскі («Яўген Анегін» П.​Чайкоўскага), Уладзімір Ігаравіч («Князь Ігар» А.​Барадзіна), Моцарт («Моцарт і Сальеры» М.​Рымскага-Корсакава), Прынц («Любоў да трох апельсінаў» С.​Пракоф’ева), Валодзя Гаўрылаў («Не толькі любоў» Р.​Шчадрына). Здымаецца ў кіно. Дзярж. прэміі Літвы 1960, 1970.

Літ.:

Гусев А., Хачатурова Н. Виргилиюс Норейка. М., 1982.

В.Нарэйка.

т. 11, с. 196

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІСЛЕ́Й (Sisley) Альфрэд (30.10.1839, Парыж —29.1.1899),

французскі жывапісец, адзін з вядучых майстроў імпрэсіянізму. Па паходжанні англічанін. Вучыўся ў майстэрні Ш.​Глейра ў Парыжы (1860—63). Зазнаў уплыў К.​Каро, К.​Манэ. Адлюстроўваў пераважна ваколіцы Парыжа, прыроду Іль-дэ-Франса. Адметныя рысы яго жывапісу — работа на пленэры, сціпласць матываў, вытанчаная гама светлых тонаў, кампазіцыйная завершанасць і манументальная раўнавага. Раннім пейзажам уласціва некаторая змрочнасць: «Вясковая вуліца ў Марлоце» (1866), «Від на Манмартр» (1869). Каля 1870 ён асвятляе палітру, пачынае супрацьпастаўляць мазкі, ва ўраўнаважаных і лёгкіх па фактуры творах значнае месца займае неба і выяўленне неабсяжнай прасторы: «Баржы на канале Сен-Мартэн» (1870), «Лувесьен.

Сеўрская дарога» (1873), «Кузня ў Марлі» (1875), «Паводка ў Пор-Марлі» (1876), «Снег у Лувесьене» (1878). Пасля 1880 фактура яго твораў стала больш пастознай: «Белы крыж у Сен-Маме» (1884), «Сен-Маме» (1885), «Мост у Марэ, эфект навальніцы» (1887), «Стагі сена ў Марэ, эфект раніцы» (1891), «Канал у Луэне» (1892), «Царква ў Марэ пасля дажджу» (1894).

Літ.:

Бродская Н. Картины Сислея в Эрмитаже. Л., 1963.

С.​У.​Пешын.

А.Сіслей. Паводка ў Пор-Марлі. 1876.

т. 14, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СО́БІНАЎ Леанід Віталевіч (7.6.1872, г. Яраслаўль, Расія — 14.10.1934),

рускі спявак (лірычны тэнар), прадстаўнік рус. класічнай вак. школы. Нар. арт. Рэспублікі (1923). Скончыў юрыд. ф-т Маск. ун-та (1894), муз.-драм. вучылішча Маскоўскага філарманічнага т-ва (1897). З 1897 у Вял. т-ры ў Маскве (у 1917—18 і ў 1921 дырэктар). У дасканаласці валодаў мастацтвам італьян. бельканта. У аснове яго мастацтва высокая адухоўленасць, паэтызацыя муз. вобраза, адзінства бездакорнага вак. майстэрства і драм. асэнсаванай ігры. Адзін з лепшых выканаўцаў партый Ленскага («Яўген Анегін» П.​Чайкоўскага) і Лаэнгрына («Лаэнгрын» Р.​Вагнера) на сусв. сцэне. З інш. партый: Сінадал («Дэман» А.​Рубінштэйна), Берандзей, Ляўко («Снягурачка», «Майская ноч» М.​Рымскага-Корсакава), Рудольф («Багема» Дж.​Пучыні), Альфрэд, Герцаг («Травіята», «Рыгалета» Дж.​Вердзі). Вёў актыўную канцэртную дзейнасць. Прапагандыст рус. вак. лірыкі, тонкі інтэрпрэтатар класічнай камерна-вак. музыкі. Канцэртны рэпертуар складалі творы М.​Глінкі, Чайкоўскага, С.​Рахманінава, Л.​Бетховена, Р.​Шумана, Ф.​Шуберта, Ш.​Гуно.

Літ.:

Л.​В.​Собинов. Т. 1—2. М., 1970;

Владыкина-Бачинская Н.М. Л.​В.​Собинов. 3 изд. М., 1972;

Воспоминания о Л.​В.​Собинове. Ярославль, 1985.

Н.​В.​Сазановіч.

Л.В.Собінаў.

т. 15, с. 73

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ТЫГО́ДНІК ІЛЮСТРАВА́НЫ»

(«Tygodnik ilustrowany», «Ілюстраваны штотыднёвік»),

польскі ілюстраваны часопіс, прысвечаны л-ры, мастацтву і грамадскім праблемам. Выдаваўся ў 1859—1939 у Варшаве на польскай мове. Змяшчаў краязнаўчыя, гіст.-літ., фальклорна-этнагр. матэрыялы, у т. л. прысвечаныя Беларусі: «Адзенне сялян і мяшчан з ваколіц Брэста, Кобрына, Пружан» Ю.​Крашэўскага, «Пінск і Піншчына» А.​Бандзкевіча, «Пра паэтычныя ўяўленні літоўска-крывіцкага народа ў яго песнях» М.​Камінскага, «Канстанцін Тышкевіч», «Рамуальд Зянькевіч» і «Ігнат Дамейка» В.​Каратынскага, «Альфрэд Ромер» Я.​Карловіча, «Некалькі слоў пра творы фантазіі народа на Беларусі» і «Людвік Кандратовіч і яго паэзія» Ф.​Сурына, «Касцёл у Дзятлаве» А.​Багдановіча, «Над Нёманам» і «Успаміны з Пінскага павета» Э.​Ажэшкі, «Слядамі вешчуна» і «Францішак Багушэвіч» Н.​Роўбы, «Беларускі народ» С.​Горскага, «Польшча і Беларусь» Ф.​Гільхэна, «Літва» Сыракомлі», «На Літве і Белай Русі» і «Беларусь прабуджаецца...» Ч.​Янкоўскага і інш. Рэпрадуктаваў творы мастакоў М.​Андрыёлі, Н.​Орды, Ю.​Фалата, Ф.​Бжазоўскага, К.​Альхімовіча, Ф.​Рушчыца, Ю.​Бранта, А.​Ромера, Ю.​Косака.

А.​Ф.​Літвіновіч, І.​І.​Янушкевіч.

т. 16, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІНЫ́ (Vigny) Альфрэд Віктор дэ (27.3.1797, г. Лош, Францыя — 17.9.1863),

французскі пісьменнік. Граф. Чл. Франц. акадэміі (1845). У 1814—27 служыў у каралеўскай арміі. Яго творчасць адна з вяршынь франц. рамантызму. Дэбютаваў як паэт у 1820. Аўтар зб-каў «Вершы» (1822), «Паэмы на старажытныя і новыя сюжэты» (1826). У рамане «Сен-Мар» (т. 1—2, 1826) адлюстраваў сутыкненне рамантычнай асобы з сац.-гіст. рэаліямі. Драмы Віны прысвечаны аналізу ключавых для яго творчасці антыномій — гісторыя і чалавек, які становіцца ахвярай яе паступовага руху («Жонка маршала д’Анкра», 1831), творчая асоба і грамадства («Чатэртон», 1835). У аповесці «Няволя і веліч салдата» (1835) раскрыў супярэчнасці паміж воінскім абавязкам і маральнымі прынцыпамі. Для яго сталай паэзіі характэрны трагічнае светаадчуванне (зб. «Лёсы», выд. 1864), гіст. і экзістэнцыяльны фаталізм, апяванне вернасці перакананням і мужнасці пад ударамі лёсу (паэма «Смерць ваўка», 1843, і інш.). Аўтар рамана «Дафна» (выд. 1913), «Дзённіка паэта» (выд. 1867).

Тв.:

Рус. пер. — Неволя и величие солдата. Л., 1968;

Избранное. М., 1987;

Сен-Мар, или Заговор во времена Людовика XIII;

Стелло, или «Синие дьяволы»: [Романы]. М., 1990.

Літ.. Соколова Т.В. Философская поэзия А. де Виньи. Л., 1981.

К.​М.​Міхееў.

т. 4, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗЛО́ЎСКІ Іван Сямёнавіч (24.3.1900, с. Мар’янаўка Васількоўскага р-на Кіеўскай вобл. — 21.12.1993),

расійскі і ўкраінскі спявак (лірычны тэнар). Нар. арт. СССР (1940). Герой Сац. Працы (1980). Вучыўся ў Кіеўскім муз.-драм. ін-це (1917—19). З 1924 у оперных т-рах Палтавы, Харкава, Свярдлоўска. У 1926—54 саліст Вял. т-ра ў Маскве. Высокае драм. дараванне, пеўчае майстэрства, эмацыянальная цеплыня і шчырасць выканання дазволілі яму стварыць вак.-сцэн. вобразы, якія ўвайшлі ў гісторыю опернага мастацтва: Юродзівы («Барыс Гадуноў» М.​Мусаргскага), Ленскі («Яўген Анегін» П.​Чайкоўскага), Берандзей («Снягурачка» М.​Рымскага-Корсакава), Лаэнгрын («Лаэнгрын» Р.​Вагнера), Альфрэд («Травіята» Дж.​Вердзі), Фауст, Рамэо («Фауст», «Рамэо і Джульета» Ш.​Гуно), Уладзімір («Князь Ігар» А.​Барадзіна), Андрэй («Запарожац за Дунаем» С.​Гулак-Арцямоўскага), Альмавіва («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні); выканаў партыі Ленскага, Альфрэда, Фауста, Андрэя і Альмавівы ў пастаноўках (усяго 11 спектакляў) Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі ў 1953. Арганізатар і кіраўнік (1938—41) канцэртнага ансамбля оперы. Дзярж. прэміі СССР 1941, 1949.

Літ.:

Кузнецова А.С. Народный артист Страницы жизни и творчества И.​С.​Козловского. М., 1964.

І.С.Казлоўскі.
І.Казлоўскі ў ролі Альмавівы з Т.​Ніжнікавай пасля спектакля.

т. 7, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯТРА́ЎСКАС (Petrauskas) Кіпрас (22.12.1882, с. Цэйкіняй Уценскага пав., Літва — 17.1.1968),

літоўскі спявак (лірыка-драм. тэнар), муз. дзеяч. Брат М.Пятраўскаса. Нар. арт. СССР (1950). Скончыў Пецярбургскую кансерваторыю (1911). У 1898—1901 разам з братам працаваў арганістам у в. Гервяты (Астравецкі р-н Гродзенскай вобл.). Як саліст дэбютаваў у 1906 у оперы «Бірутэ» М.​Пятраўскаса ў Вільні. З 1911 саліст Марыінскага т-ра. З 1920 адзін з арганізатараў і саліст першага літ. опернага т-ра (г. Каўнас). У 1925—28 з Ф.​Шаляпіным гастраліраваў у Германіі, Іспаніі, Францыі, Італіі. У 1944—58 саліст Літ. т-ра оперы і балета, з 1949 адначасова выкладаў у Літ. кансерваторыі (з 1951 праф.). Выканаў каля 80 партый, сярод іх: Альфрэд («Травіята» Дж.​Вердзі), Герман («Пікавая дама» П.​Чайкоўскага), Грышка («Паданне пра нябачны горад Кіцеж» М.​Рымскага-Корсакава), Каніо («Паяцы» Р.​Леанкавала), Тангейзер («Тангейзер» Р.​Вагнера), Іонтак («Галька» С.​Манюшкі), Рудольф («Багема» Дж.​Пучыні), Дзмітрый («Барыс Гадуноў» М.​Мусаргскага), Лютаўрас, Іонушас («Гражына», «Радвіла Пяркунас» Ю.​Карнавічуса), Жыльвінас («Эгле — каралева вужоў» Пятраўскаса і І.​Дамбраўскаса). Сярод вучняў В.Нарэйка, В.​Адамкявічус, Э.​Саўлявічутэ. Дзярж. прэмія СССР 1951.

А.​А.​Карпілава.

т. 13, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛАВЕ́Й Алесь (сапр. Радзюк Альфрэд Васілевіч; 1.5.1922, в. Крысава Дзяржынскага р-на Мінскай вобл. — 22.1.1978),

бел. паэт, празаік, перакладчык. Вучыўся ў Мінскім пед. вучылішчы (1938—40). Працаваў у газ. «Чырвоная Лагойшчына». У Вял. Айч. вайну вярстальшчык «Менскай газэты», сакратар час. «Новы шлях» (Рыга). З 1944 за мяжой; у 1945—49 у г. Зальцбург (Аўстрыя), з 1949 у Аўстраліі, дзе працаваў на фабрыцы. Друкаваўся з 1937. Аўтар зб-каў паэзіі «Мае песні» (1944), «Сіла гневу» (1948), паэм «На хуткіх крыллях вольнага Пегаса» (1943), «Звіняць званы святой Сафіі» (1946), «Домік у Менску» (1948), «Сын» (1949), у якіх раскрываюцца тэмы радзімы, яе гісторыі і прыроды, жыцця народа, кахання. У некат. творах уплыў М.​Багдановіча. Пісаў апавяданні, фельетоны, вершы для дзяцей, вянкі санетаў, трыялеты, санеты, актавы, рандо, александрыны і інш. цвёрдыя строфы. На бел. мову пераклаў паасобныя творы А.​Міцкевіча, Р.​М.​Рыльке, Т.​Шаўчэнкі і інш.

Тв.:

Нятускная краса. Ню-Ёрк;

Мельбурн, 1982;

У кн.: Туга па Радзіме. Мн. 1992.

Літ.:

Грамадчанка Т. «За любоў да цябе я пакутаваць мушу...»: Алесь Салавей, 1922—1978 // Вяртання маўклівая споведзь. Мн., 1994;

Булгакаў В. Алесь Салавей і паэзія беларускай эміграцыі // Крыніца. 1997. № 6;

Кадняк З. Успаміны пра Алеся Салаўя // Беларуская мемуарыстыка на эміграцыі. Нью-Ёрк, 1999.

Л.​С.​Савік.

т. 14, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭКНАДЫЁСАЎ Уладзімір Сяргеевіч (н. 8.5.1947, с. Аляксееўка Мацвеева-Курганскага р-на Растоўскай вобл., Расія),

бел. артыст оперы (лірыка-драм. тэнар). Нар. арт. Беларусі (1990). Скончыў Уральскую кансерваторыю (г. Екацярынбург, 1973). З 1972 артыст Свярдлоўскага і Краснаярскага т-раў муз. камедыі. У 1978—95 саліст Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. З 2002 рэжысёр Нац. акад. т-ра оперы Беларусі. Для творчасці характэрны эмацыянальнасць, рамант. тэмперамент, арганічнасць сцэн. інтэрпрэтацыі, спалучэнне вак. і акцёрскага майстэрства. Сярод партый: Раман («Сівая легенда» Дз.​Смольскага), Ціханаў, Кудраўцаў («Сцежкаю жыцця» Г.​Вагнера), Джардана Бруна (аднайм. опера С.​Картэса), Дубатоўк («Дзікае паляванне караля Стаха» У.​Солтана), Войшалк — Васіль («Князь Наваградскі» А.​Бандарэнкі), П’ер Бязухаў («Вайна і мір» С.​Пракоф’ева), Герман, Ленскі, Вадэмон («Пікавая дама», «Яўген Анегін», «Іаланта» П.​Чайкоўскага), Гофман («Казкі Гофмана» Ж.​Афенбаха), Дон Карлас, Радамес, Альфрэд, Манрыка, Герцаг («Дон Карлас», «Аіда», «Травіята», «Трубадур», «Рыгалета» Дж.​Вердзі), граф Альмавіва («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні), Фауст («Фауст» Ш.​Гуно), Эрнеста («Дон Паскуале» Г.​Даніцэці), Самазванец («Барыс Гадуноў» М.​Мусаргскага), Сабінін («Іван Сусанін» М.​Глінкі), Сяргей («Лэдзі Макбет Мцэнскага павета» Дз.​Шастаковіча). Лаўрэат 8-га Усесаюзнага конкурсу вакалістаў імя М.​Глінкі (1977). Дзярж. прэмія Беларусі 1990.

І.​В.​Глушакоў.

У.С.Экнадыёсаў.
У.Экнадыёсаў у ролі Дубатоўка.

т. 18, кн. 1, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́МЕР Альфрэд Ізідар (16.4.1832, Вільня — 24.1.1897),

жывапісец, графік, медальер, мастацтвазнавец. З роду Ромераў. Творчасць звязана з маст. жыццём Беларусі і Літвы. Першапачатковую адукацыю атрымаў у К.​І.​Русецкага; вучыўся ў Парыжы ў Л.​Бана і ў Мюнхене ў А. фон Рамберга (1869—74). З канца 1850-х г. жыў у маёнтку Крэўна (цяпер Уценскі пав. Літвы). За ўдзел у паўстанні 1863—64 на Беларусі зняволены. Пасля вызвалення працаваў у Мюнхене, Кракаве, Парыжы. З 1874 у маёнтку Каралінова (цяпер Пастаўскі р-н Віцебскай вобл.), з 1884 у Кракаве. Пісаў партрэты, пейзажы, тэматычныя кампазіцыі з жыцця народа і на рэліг. сюжэты. Творам уласцівы дакладны выразны малюнак, свабода і натуральнасць кампазіцыі. Сярод работ: партрэты маці (1872), бацькі, жонкі, Э.​Ромера (1873), партрэт паўстанца 1863 года (1870-я г.), К.​Русецкага, К.​Эстрэйхера, Ф.​Даноўскага, У.​Лушчкевіча, скульпт. Яцунскага, жывапісца Швайніцкага і яго жонкі, М.​Ромера, аўтапартрэты і інш.; бронз. медальёны з партрэтнымі выявамі, гравюры з выявамі сялян, арх. помнікаў, карыкатуры. Гіст. і маст. каштоўнасць маюць этнагр. замалёўкі сялянскага побыту беларусаў: кампазіцыі «Сялянская хата», «Сялянская дзяўчынка», «Каля карчмы», «Сялянскі двор», «Перад вакзалам», малюнкі нар. касцюмаў. Выканаў шэраг размалёвак у правасл. і каталіцкіх храмах у в. Камаі Пастаўскага р-на і Пінску. Вывучаў нар. прыкладное мастацтва Беларусі, падрыхтаваў навук. публікацыю пра слуцкія паясы.

Літ.:

Дробов Л.Н. Живопись Белоруссии XIX — начала XX в. Мн., 1974.

Р.​Р.​Бадзін.

А.Ромер. Партрэт паўстанца 1863 года. 1870-я г.

т. 13, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)