МЕРЫНО́СЫ (ісп. merinos),

пароды танкарунных авечак з вельмі тонкай белай воўнаю найвышэйшай якасці. Радзіма — Зах. Азія (вядомы за некалькі стагоддзяў да н.э). Гадуюць у большасці краін свету, найб. у Аўстраліі. На Беларусь завезены ў канцы 18 ст.

Па памерах належаць да сярэдніх і буйных парод. Маса бараноў 80—100 (да 180) кг, матак 40—60 (да 100) кг. Скура са складкамі на шыі. У самцоў большасці М. добра развітыя рогі. Руно штапельнай будовы. Воўна аднародная, з мяккіх пуховых валокнаў таўшчынёй 15—25 мкм (60—80-й якасці) з характэрнай звілістасцю. Кірункі прадукцыйнасці: воўнавы (сучасныя высокапрадукцыйныя пароды: азербайджанскі горны мерынос, грозненская парода, стаўрапольская парода, сальская і інш.) і воўнава-мясны (асканійская парода, савецкі мерынос, алтайская, каўказская, якіх абмежавана гадуюць на Беларусі, і інш.).

т. 10, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІЛІКІ́Я (грэч. Kilikia),

старажытная вобласць на п-ве М. Азія (Пд сучаснай Цэнтр. Турцыі). Падзялялася на 2 часткі: «К. суровая» (горы Таўр) і «К. раўнінная» (узбярэжжа Міжземнага м.). У 2-м тыс. да н.э. ўваходзіла ў Хецкае царства, у 12—16 ст. да н.э. на яе тэр. існавала некалькі незалежных царстваў, з 6 ст. да н.э. ў складзе стараж.-перс. Ахеменідаў дзяржавы. У 333 да н.э. заваявана Аляксандрам Македонскім. У 297—190 у складзе дзяржавы Селеўкідаў. У 1 ст. да н.э. тут узнікла пірацкая дзяржава, разгромленая ў 67 да н.э. рым. палкаводцам Пампеем Вялікім. З 64 да н.э. К. — рым. правінцыя, з 5 ст. н.э. ў складзе Візантыі. У 1080—1375 тут існавала Кілікійская армянская дзяржава. У 1515 заваявана туркамі-асманамі.

В.​У.​Адзярыха.

т. 8, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Кашта́н дрэва сямейства букавых, якое дае плады ў выглядзе буйнога арэха; плод гэтага дрэва’ (ТСБМ, БРС, Касп.). Рус. кашта́н, укр. кашта́н ’тс’. Як сведчыць форма слова, непасрэдна кашта́н запазычана з польск. kasztan ’тс’ (параўн. Фасмер, 2, 215; Слаўскі, 2, 97–98; Шанскі, 2, К, 106). Для рус. мовы, як адзначае Фасмер, там жа, пасрэднікам запазычання, акрамя польск., магла быць і чэш. крыніца. Польск. і чэш. лексемы ўзяты з ням. kastāne, castane ’каштан’ (сёння Kastanie). У сваю чаргу ням. словы запазычаны з лац. castanea, якое паходзіць з грэч. κάστανον. Лічаць, што радзімай назвы каштана з’яўляецца Малая Азія (параўн. арм. kaskeni каштанавае дрэва’. Гл. яшчэ Брукнер. 222; Бернекер, 1, 492; Махэк₂, 245.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

БАНА́Н (Musa),

род кветкавых раслін сям. бананавых. Больш за 40 відаў. Радзіма — трапічная Азія, Акіянія, Паўн. Аўстралія. Пашыраны ў трапічных і субтрапічных краінах. На Беларусі вырошчваецца ў аранжарэі Цэнтр. бат. саду АН. Найб. вядомыя банан райскі (Musa paradisiaca), дэсертны (Musa sapientum), тэкстыльны, або абака (Musa textilis), японскі (Musa basjoo) і інш.

Шматгадовыя дрэвападобныя травяністыя расліны з магутным карэнішчам, пакарочаным сцяблом і несапраўдным трубчастым ствалом выш. да 15 м, які ўтвараюць похвы лістоў. Лісце даўж. да 6 м, суцэльнае. Кветкі звычайна аднаполыя, няправільныя, сабраныя ў звіслы складаны колас. Плады буйныя, рабрыстыя, падоўжаныя серпападобныя або кароткія авальныя ягады (ядомыя, маюць цукар, крухмал, бялкі, таніды і карацін), з іх гатуюць алкагольныя і кандытарскія вырабы, кансервы і інш. харч. прадукты, з лісця вырабляюць валакно — т.зв. манільскую пяньку. Лек. (у пладах і кветках ёсць антыбіётыкі; слабіцельны, страўнікавы, антыдыябетычны і антыгельмінтны сродак), кармавыя і дэкар. расліны.

Банан.

т. 2, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНІ́ЙСКІ СУЛТАНА́Т, Іканійскі султанат, Сельджукскі султанат,

дзяржава на п-ве М. Азія (цяпер тэр. Турцыі) у канцы 11 — пач. 14 ст. Сталіцы — гарады Нікея (да 1097) і Конья (адсюль назва). Утварыўся ў выніку заваявання туркамі-сульджукамі візант. зямель у М. Азіі (у араб. і перс. аўтараў наз. Рум) і распаду адзінай Сельджукаў дзяржавы. У выніку 1-га крыжовага паходу 1096—99 шэраг тэрыторый султаната, у т. л. Нікея, адышлі да Візантыі. Пазней ч. гэтых зямель адваявана, але ў процістаянні з Нікейскай імперыяй у пач. 13 ст. К.с. панёс новыя тэр. страты. Найб. росквіту дасягнуў пры султане Ала-ад-дзіне Кей Кубаду [1219—36]; цэнтрамі рамяства і гандлю былі гарады Конья, Кайсеры і інш. З 1243 султанат — васал манг. правіцеляў (ільханаў) Ірана. У 1307 распаўся на дробныя княствы, адно з якіх — бейлік (акруга) Асмана — з пач. 14 ст. стала ядром будучай Асманскай імперыі.

т. 7, с. 585

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛАМА́НДРАВЫЯ, саламандры сапраўдныя (Salamandridae),

сямейства хвастатых земнаводных. Каля 15 родаў, больш за 50 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Афрыцы і Паўн. Амерыцы. Жывуць у вільготных лясах, па берагах вадаёмаў, трапляюцца да выш. 3 тыс. м. Актыўныя ў прыцемку і ўначы. Найб. вядомыя роды — трытоны, уласна С. (Salamandra), С. даўгахвостыя (Mertensiella). З роду ўласна С. найб. пашырана (Цэнтр і Паўд. Еўропа, Паўн.-Зах. Афрыка, Паўд.-Зах. Азія) С. плямістая, або вогненная (S. salamandra).

Даўж. да 70 см. Пазванкі выгнутыя назад. Зубы на абодвух сківіцах. У дарослых С. жабраў няма, дыхаюць лёгкімі Сакрэт скурных залоз некат. С. (у т. л. С. плямістай) ядавіты. Апладненне ўнутранае. Адкладваюць ікру, ёсць яйцажывародныя і жывародныя. Кормяцца дробнымі беспазваночнымі. С. выкарыстоўваюць як лабараторных жывёл. С. наз. таксама некат. хвастатых земнаводных з інш. сям. (С. іспалінскія, С. бязлёгачныя, С. акулярныя).

А.​М.​Петрыкаў.

Да арт. Саламандравыя. Саламандры: 1 — плямістая; 2 — каўказская.

т. 14, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЕ́Р (Acorus),

род шматгадовых травяністых раслін сям. ароннікавых. 2 віды, пашыраныя ва ўмераных і субтрапічных зонах Еўразіі і Паўн. Амерыкі. На Беларусі аер звычайны (Acorus calamus; нар. назвы — ірны корань, шувар, касатар, явар, ярай, яір). Расце на балотах, водмелях рэк, азёр, сажалак, старыц, канаў. Радзіма Усх. Азія; у 13 ст. як лек. расліна завезена ў Польшчу, у 16 ст. яго пачалі разводзіць у Зах. Еўропе. Аер злакавы, або акурус (Acorus gramineus), асабліва пашыраны ў Японіі, на Беларусі вядомы як акварыумная расліна.

Расліны аеру звычайнага выш. 30—120 см маюць характэрны пах. Сцябло прамое, лісце даўж. да 1 м. Карэнішча тоўстае, доўгае, з бародаўчатай паверхняй. Кветкі дробныя, зеленавата-жоўтыя, у цыліндрычных зялёных катахах даўж. 6—8 см. Плод — маланасенная сухая ягада. Размнажаецца пераважна дзяленнем карэнішча. Настой з яго ўжываецца для ўзбуджэння апетыту, як танізоўны сродак, прэпараты — пры лячэнні язвавай хваробы, гастрыту. Эфірны алей выкарыстоўваецца ў лікёра-гарэлачнай і кандытарскай вытв-сці, парфумерыі.

Аер балотны.

т. 1, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЭ́ЦКІ АРЭ́Х, валоскі арэх (Juglans regia),

від кветкавых раслін з роду арэх. Радзіма — Сярэдняя і Паўн.-Усх. Азія. Пашыраны ва ўмераным і субтрапічным паясах. Вырошчваецца ў многіх краінах Еўропы, Азіі і Паўн. Амерыкі. На Беларусі трапляецца як інтрадукаваная расліна ў бат. садах, парках і скверах, вырошчваецца садаводамі-аматарамі.

Лістападнае дрэва выш. да 35 м і дыям. да 2 м. Крона густая, раскідзістая. Лісце няпарнаперыстаскладанае, пахучае (мае эфірны алей). Кветкі дробныя, зеленаватыя, аднаполыя. Плады — буйныя несапраўдныя шарападобныя касцянкі («арэхі»). Ядро арэхаў ядомае, мае да 70% тлушчаў, 26% бялкоў, вітаміны B1, E і правітамін A, выкарыстоўваецца ў кандытарскай і кулінарнай вытв-ці, недаспелыя арэхі багатыя вітамінам C, з іх вырабляюць варэнне. З арэхаў атрымліваюць арэхавы алей, які ідзе ў ежу, на выраб лакаў, высакаякаснага мыла, тушы. Грэцкі арэх жыве да 400 гадоў. Харч., тэхн., кармавая, лек., меданосная і дэкар. расліна. Мае каштоўную драўніну. З лісця, кары, зялёнай лупіны пладоў атрымліваюць дубільнікі і карычневую фарбу.

Г.​У.​Вынаеў.

Грэцкі арэх.

т. 5, с. 496

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕЎРА́ЗІЯ,

самы вялікі мацярык Зямлі. Размешчаны ў Паўн. паўшар’і (ч. астравоў у Паўд. паўшар’і). У Е. ўваходзяць дзве часткі свету — Еўропа і Азія. Тэрмін увёў у 19 ст. аўстр. геолаг Э.​Зюс, абгрунтоўваючы яго адсутнасцю выразнай структурнай мяжы паміж Еўропай і Азіяй. Абмываецца на Пн Паўн. Ледавітым, на З Атлантычным, на У Ціхім, на Пд Індыйскім ак. і іх морамі. З 3 на У распасціраецца на 16 тыс. км, з Пн на Пд — на 8 тыс. км. Пл. 54,9 млн. км², з астравамі 57,7 млн. км², або больш за ​1/3 паверхні сушы. Нас. 4,1 млрд. чал. (1993). Е. аб’ядноўваюць неперарыўнасць сушы, сучасная тэктанічная кансалідаванасць мацерыка, адзінства многіх кліматычных працэсаў. Тут прадстаўлены ўсе геагр. паясы Паўн. паўшар’я, ад арктычнага да экватарыяльнага. Умоўная мяжа паміж Еўропай і Азіяй пралягае па ўсх. падножжы Уральскіх гор, р. Эмба, паўн. ч. Каспійскага м., Кума-Маныцкай упадзіне, паўн. мяжы Каўказскіх гор, Азоўскім і Чорным м. і пралівах паміж Чорным і Міжземным м.

т. 6, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́ДЛАЎ (Васіль Васілевіч) (Фрыдрых Вільгельм 5.1.1837, Берлін — 12.5.1918),

расійскі ўсходазнавец-цюрколаг, этнограф і археолаг, прадстаўнік казанскай лінгвістычнай школы. Акад. Пецярбургскай АН (1884). Скончыў Берлінскі ун-т (1858). З 1858 у Расіі. У 1885—90 дырэктар Азіяцкага музея, з 1894 Музея антрапалогіі і этнаграфіі АН. Адзін з ініцыятараў стварэння і старшыня Рус. к-та па вывучэнні Сярэдняй і Усх. Азіі (1903—18). У 1860—70 у экспедыцыях па Алтаі, Сібіры, Казахстане і Сярэдняй Азіі сабраў матэрыял па мовах, фальклоры, этнаграфіі і археалогіі цюркскіх народаў. У 1891 кіраваў Архонскай экспедыцыяй АН (Манголія), у 1898 арганізаваў Турфанскую экспедыцыю (Цэнтр. Азія). Дэшыфраваў (адначасова з В.​Томсенам) мову архона-енісейскіх надпісаў. Адзін з заснавальнікаў параўнальна-гіст. вывучэння цюркскіх моў. Аўтар фундаментальнай працы «Спроба слоўніка цюркскіх гаворак» (т. 1—4, 1882—1909), а таксама «Параўнальная граматыка паўночных цюркскіх моў» (т. 1, 1882), «Старажытнацюркскія надпісы Манголіі» (1894—95), «Уступныя думкі да апісання марфалогіі цюркскіх моў» (1911) і інш.

Літ.:

Тюркологический сборник, 1971. М., 1972.

т. 13, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)