АЛЬТФА́ТЭР Васіль Міхайлавіч (4.1.1883, Варшава — 20.4.1919),
расійскі ваенна-марскі дзеяч, контр-адмірал (1917). Скончыў Марскую акадэмію (1908). Служыў на Балт. флоце, у Марскім ген. штабе. Удзельнік рус.-яп. вайны 1904—05. У 1-ю сусв. вайну прадстаўнік ВМФ, нач. Ваенна-марскога ўпраўлення пры галоўнакамандуючым Паўн. фронтам. Быў экспертам на перагаворах аб міры ў Брэсце. З 1918 на камандных пасадах у сав.ВМФ, у т. л.чл.РВС і першы камандуючы Марскімі сіламі Рэспублікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САКО́ЛЬСКІ Канстанцін Іванавіч (28.5.1902, г. Брэст — 6.12.1969),
інжынер-контр-адмірал (1944). Скончыў ваенна-марское вучылішча (1925), Спец. курсы камсаставу ВМС (1927), Ваенна-марскую акадэмію імя Варашылава (1934). У Чырв. Арміі з 1918, з 1921 у ВМФ. Удзельнік грамадз. вайны 1918—20. У Вял.Айч. вайну нам. начальніка мінна-тарпеднага ўпраўлення ВМФ на Балтыцы, р. Волга, Дунай, у час вайны з Японіяй 1945 на Амурскай флатыліі. Да 1957 на кіруючых пасадах у ВМФ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
У́ЛАФ V (Olaf V, Olav; 2.7.1903, каля Сандрынгхема, Вялікабрытанія — 17.1.1991),
кароль Нарвегіі ў 1957—91. Генерал і адмірал (1939). З дынастыі Глюксбургаў. Сын нарв. караля Хокана VII. Скончыў Нарв.ваен. акадэмію і Бейліёл-каледж Оксфардскага ун-та (Вялікабрытанія). У 2-ю сусв. вайну ў эміграцыі ў Вялікабрытаніі (Лондан, 1940—45); у ліп. 1944 — ліп. 1945 вярх. галоўнакамандуючы ўзбр. сіламі Нарвегіі. У 1955—57 рэгент пры хворым бацьку, пасля яго смерці кароль Нарвегіі (з 21.9.1957).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПРА́КСІН Фёдар Мацвеевіч (1661—10.11.1728),
расійскі ген.-адмірал (1708), адзін са стваральнікаў рас. флоту. З 1682 стольнік Пятра I, у 1693—96 дзвінскі ваявода і губернатар Архангельска. З 1700 гал. начальнік Адміралцейскага прыказа і азоўскі губернатар. У час Паўн. вайны 1700—21 атрымаў на моры шэраг перамог над шведамі. У 1712—23 кіраваў Эстляндыяй, Інгерманландыяй і Карэліяй. З 1718 прэзідэнт Адміралцействаў-калегіі. У час Перс. паходаў (1722—23) камандаваў Каспійскай флатыліяй, у 1723—26 — Балт. флотам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХО́ЛАД Валянцін Васілевіч (н. 25.8.1936, в. Пятровічы Смалявіцкага р-на Мінскай вобл.),
Герой Сав. Саюза (1982), контр-адмірал (1988). Скончыў Першае вышэйшае ваенна-марское вучылішча падводнага плавання (1958), Ваенна-марскую акадэмію імя М.Г.Кузняцова (1988). У 1958—92 на падводных лодках Паўн. флоту: камандзір групы, старшы пам. камандзіра лодкі, камандзір атамнага падводнага крэйсера, нам. камандзіра злучэння падводных лодак. Капітан 1-га рангу Х. вызначыўся ў працяглым выпрабавальным пераходзе пад ільдамі Арктыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́ПЦЕЎ Дзмітрый Якаўлевіч (1701—1767),
расійскі даследчык Арктыкі. Віцэ-адмірал (1762). На флоце з 1718. З 1736 кіраваў адным з паўн. атрадаў Другой Камчацкай экспедыцыі. У 1739—42 даследаваў узбярэжжа паміж вусцем р. Лена і мысам Вял. Баранаў, у 1741—42 правёў здымку рэк Вял. Анюй і Анадыр. Па заканчэнні экспедыцыі да 1762 служыў на Балт. флоце. Імем Л. названы мыс у дэльце р. Лена, праліў (гл.Лапцева Дзмітрыя праліў); у гонар Дз.Я. і Х.П.Лапцевых названа Лапцевых мора.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІЦРО́Й (Fitzroy) Роберт (5.7.1805, Амптан-Хол, Вялікабрытанія — 30.4.1865),
англійскі гідрограф і метэаролаг. Віцэ-адмірал. У 1828—30 праводзіў даследаванні каля паўд. ўзбярэжжа Паўд. Амерыкі. У 1831—36 кіраваў кругасветнай акіянаграфічнай экспедыцыяй на судне «Бігл», у якой прымаў удзел Ч.Р.Дарвін. У час экспедыцыі праведзена здымка берагоў Патагоніі, Вогненнай Зямлі і Магеланава праліва. У 1854 узначальваў метэаралагічны дэпартамент, арганізаваў рэгулярную метэаралаг. службу ў Вялікабрытаніі. Імем Ф. названа рака на ПнЗ Аўстраліі.
Літ.:
Магидович И.П. История открытия и исследования Центральной и Южной Америки. М., 1965.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЛА́ГМАН (нідэрл. vlagman ад vlag флаг + man чалавек),
1) камандуючы флотам або камандзір злучэння ваен. караблёў. Ф. бываюць старшыя — камандуючыя (камандзіры) злучанымі сіламі флоту і малодшыя — камандзіры падначаленых злучэнняў.
2) Скарочаная назва флагманскага карабля, з якога камандуючы ажыццяўляе кіраўніцтва сіламі флоту і на якім узняты адпаведны службовы флаг.
3) Воінскае званне асоб вышэйшага начальніцкага саставу ВМФСССР у 1935—40 (Ф. флоту 1-га і 2-га рангу, Ф. 1-га і 2-га рангу). У 1940 заменены адміральскімі званнямі (гл.Адмірал).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУТАКО́Ў Аляксей Іванавіч (19.2.1816, г. Кранштат, Расія — 10.7.1869),
расійскі гідрограф. Контр-адмірал. Член Рус.геагр.т-ва (з 1848), ганаровы чл.Геагр.т-ва ў Берліне (1853). Скончыў Марскі корпус у Пецярбургу. Служыў на Балт. флоце. У 1840—42 удзельнічаў у кругасветным падарожжы на судне «АБА» (апісаў яго ў 1843—44). Выканаў гідраграфічныя даследаванні Аральскага м. (1848—49), адкрыў в-аў Адраджэння і інш. Па матэрыялах даследаванняў у 1850 надрукавана першая карта Аральскага м. Абследаваў нізоўі р. Сырдар’я (1855), дэльту р. Амудар’я (1859), у 1861—63 апісаў сярэднюю ч. Сырдар’і.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНЖУ́ Пётр Фёдаравіч (15.2.1796, Вышні Валачок, Расія — 12.10.1869),
даследчык Арктыкі, адміралрус. флоту. У 1821—23 з памочнікамі апісаў паўн. берагі і а-вы паміж рэкамі Алянёк і Індыгірка, склаў карту Новасібірскіх а-воў. У 1825—26 удзельнічаў у апісанні паўн.-ўсх. берага Каспійскага м. і зах. берага Аральскага м. У 1827 вызначыўся ў Наварынскай бітве руска-англа-франц. флоту з тур.-егіп. флотам на лінейным караблі «Гангут». Займаў камандныя пасады ў марскім ведамстве. Імем Анжу названа паўн. група Новасібірскіх а-воў.