НО́ВАЯ ВЕ́НСКАЯ ШКО́ЛА, нававенская школа, другая венская школа,
творчая садружнасць кампазітара А.Шонберга і яго венскіх вучняў. Склалася ў 1900-я г. Сярод найб. відных прадстаўнікоў А.Берг, А.Веберн. Творчасці кампазітараў школы ўласцівы тэндэнцыі экспрэсіянізму (манадрама «Чаканне» Шонберга), пафас трагедыі «маленькага чалавека», сац. спачуванне (опера «Воцак» Берга), антыфаш. пратэст (кантата «Уцалелы з Варшавы» Шонберга). Кампазітары школы прадоўжылі традыцыю позняга аўстра-ням. рамантызму, выявілі новае адчуванне муз. часу, унутр. рэарганізацыю муз. цэлага, што паўплывала на музыку 20 ст. Радыкальнае абнаўленне маст. мовы і стылю, звязанае з адмаўленнем ад мажору і мінору, ад традыц. танальных планаў і мадуляцыйнага развіцця, прывяло да ўзнікнення атанальнасці («Лірычная сюіта» і канцэрт для скрыпкі з арк. Берга, 3-і квартэт Шонберга, канцэрт для 9 інструментаў ор. 24 Веберна), метаду дадэкафоніі. Гістарычна Н.в.ш. — адзін з кірункаў «новай музыкі» (гл.Авангард, Мадэрнізм у музыцы).
Літ.:
Друскин М. Австрийский экспрессионизм // Друскин М. О западно-европейской музыке XX в. М, 1973;
Веберн А. Лекции о музыке. Письма: Пер. с нем. М., 1975;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́СТАВАНГАРД (ад пост... + авангард),
неаавангард, у музыцы ўмоўная назва розных плыней сучаснага зах.-еўрапейскага муз. мастацтва, для якіх характэрна адмаўленне ад эстэт. установак авангарда. Тэрмін зацвердзіўся ў канцы 1960-х г. Выявіўся ў змешванні розных стыляў (гл.Полістылістыка), тэхнік пісьма ў адным творы (напр., «Атмасферы» Дз.Лігеці). Разрыў паміж пераўскладненай авангарднай музыкай і ўспрыманнем яе публікай прывёў да ўзнікнення музыкі мінімалістаў з культам прастаты, звароту да традыц. музыкі ўсх. культур з іх запаволеным успрыманнем часу. Для П. характэрны пошук новых уласцівасцей гуку (у галіне санорыкі, мікрахраматыкі, электроннай музыкі), панаванне т.зв. афармальнай музыкі: «адкрытых» твораў, ці якія «развіваюцца» (усе віды алеаторыкі, «момантавая музыка», «жывая электронная музыка», «музыка дзеяння» і інш., у якіх муз. твор прадстаўлены не як вынік творчай дзейнасці, а як працэс). Яскравыя вынаходніцтвы П. — формульная, мультыформульная і суперформульная кампазіцыі. Рысы П. найб. уласцівы творчасці кампазітараў Л.Берыо, Г.Генцэ, К.Штокгаўзена, П.Булеза, Л.Нона. У бел. музыцы П. у чыстым выглядзе не знайшоў увасаблення, пэўныя яго прыёмы выкарыстоўваюць А.Сонін («Прысвячэнне Сапфо»), Дз.Смольскі («Актафонія») і інш.
Літ.:
Соколов А.С. Музыкальная композиция XX в.: Диалектика творчества. М., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУПРЭМАТЫ́ЗМ (ад лац. supremus найвышэйшы),
кірунак у авангардысцкім мастацтве сярэдзіны 1910—20-х г.; від геам. абстракцыі (гл.Абстракцыянізм). Засн. ў 1913 К.С.Малевічам. Тэорыя С., якая сцвярджала вяршэнства абстрактнай формы, зведзенай да квадрата, круга, трохвугольніка, прамавугольніка, крыжа, была выкладзена ў маніфесце Малевіча «Ад кубізму і футурызму да супрэматызму» (1916). Першыя свае супрэматычныя карціны Малевіч паказаў у 1915 на выстаўцы «0,10» у Петраградзе. Для С. характэрна падкрэсленая сімволіка колеру. Камбінацыі рознакаляровых плоскасцей увасаблялі абсалютныя, «вышэйшыя» пачаткі рэчаіснасці, спасцігнутыя інтуіцыяй мастака. У рэчышчы С. працавалі І.Клюн, І.Пуні, Эль Лісіцкі, М.Суэцін. С. увасобіўся ў жывапісе, графіцы, сцэнаграфіі, дэкар.-прыкладным мастацтве і інш., значна паўплываў на канструктывізм.
Літ.:
Шунейка Я. Супрэмус, або Творца беспрадметнага мастацтва // Мастацтва Беларусі. 1989. № 2;
Наков А. Русский авангард: Пер. с фр.М., 1991;
Сарабьянов Д.В., Шатских А.С. Казимир Малевич: Живопись. Теория. М., 1993.
Я.Ф.Шунейка.
Да арт.Супрэматызм. К.Малевіч. Супрэматычная кампазіцыя. 1916.Да арт.Супрэматызм. М.Суэцін. Кубак і сподак з супрэматычнай размалёўкай. 1923.Да арт.Супрэматызм. Эль Лісіцкі. Пра 2 квадраты. Супрэматычная казка ў шасці карцінках. 1920.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІ́ТВА НА ВЯДРО́ШЫ 1500.
Адбылася ў ходзе вайны Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1500—03 на р. Вядроша 14.7.1500. З пачаткам вайны вясной 1500 баявыя дзеянні адбываліся ўздоўж усёй дзярж. мяжы. Вял. князь ВКЛ Аляксандр накіраваў войскі гетмана К.І.Астрожскага да Смаленска «стеречи границы», дзе да яго далучыўся гарнізон пад камандаю С.П.Кішкі. Пасля гэтага 4—5-тысячнае войска ВКЛ рушыла пад Дарагабуж, дзе стаяў маскоўскі ваявода Ю.Захар’іч з войскам у 20 тыс.чал. (паводле інш. звестак да 40 тыс.чал.). На пачатку бітвы Астрожскі разбіў авангард маск. войска на левым беразе р. Вядроша, пасля перайшоў раку і атакаваў гал. сілы праціўніка, якімі кіраваў Д.В.Шчэня. Зыход 6-гадзіннай бітвы прадвызначыла флангавая атака засаднага маск. палка. Харугвы Астрожскага пачалі адступаць і былі разбіты. Маск. воіны знішчылі мост цераз р. Трасна і дабівалі войска ВКЛ на яе левым беразе. Уцёкамі ўратаваўся толькі Кішка з чатырма ротмістрамі і з некалькімі сотнямі воінаў. Астрожскі з многімі князямі і воінамі трапіў у палон. У выніку бітвы ВКЛ страціла лепшае войска і апынулася ў цяжкім ваенна-паліт. становішчы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗГУРТАВА́ННЕ БЕЛАРУ́САЎ КАНА́ДЫ (ЗБК),
бел.арг-цыя ў эміграцыі. Засн. ў 1948 у г. Таронта, першы старшыня — К.Акула. Працай кіруе Гал. ўправа, існуюць таксама Наглядная рада і Сяброўскі суд. Дзейнічаюць аддзелы ў Гамільтане (з 1949), Манрэалі (з 1951, цяпер Згуртаванне беларусаў прав. Квебек), Лондане (1956), Садбуры (1957), Атаве. Асн. кірункі дзейнасці — захаванне і прапаганда бел.нац. і культ. спадчыны, дапамога членам ЗБК. У выніку расколу ЗБК (1952) засн.Беларускае нацыянальнае аб’яднанне. Пасля стварэння групы «Авангард Беларусі» (1952) удалося пераадолець крызіс і ажывіць работу згуртавання. Пры ЗБК працуе Згуртаванне беларускіх жанчын Канады (з 1965) і інш. ЗБК — чл.Каардынацыйнага камітэта беларусаў Канады (з 1966), Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Таронта (з 1967), Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына» (з 1990), удзельнік сустрэч беларусаў Паўн. Амерыкі (з 1952). ЗБК правяло святкаванні 450-годдзя бел. друку (1967), 1000-годдзя хрысціянства на Беларусі (1988), арганізоўвае выстаўкі выяўл. і нар. мастацтва, удзельнічае ў міжнац. фестывалях. Выдавала газ.«Беларускі эмігрант», з 1995 выдае квартальнік «Інфа ЗБК». У 1963—68 у газ.«Беларус (Нью-Йорк) змяшчала старонку «Весткі з Канады».
А.С.Ляднёва.
Да арт.Згуртаванне беларусаў Канады. Беларускі грамадскі цэнтр у г. Таронта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХЛЕ́БНІКАЎ Велімір (Віктар Уладзіміравіч; 9.11.1885, с. Малыя Дэрбеты, Калмыкія — 28.6.1922),
рускі пісьменнік; тэарэтык футурызму. Вучыўся ў Казанскім (з 1903) і Пецярбургскім (1908—11) ун-тах. Друкаваўся з 1908. З 1910 кіраўнік літ. групы «будзетлян» (рус. назва футурыстаў, належыць Х.), пасля — кубафутурыстаў. Удзельнік футурыстычных зб-каў «Садок суддзяў» (1909—13), «Аплявуха грамадскаму густу» (1913), «Рыкаючы Парнас» (1914). Рэфарматар паэт. мовы (эксперыменты ў галіне словатворчасці, мудрагельства, стварэнне «зорнай» мовы). Яго паэзіі ўласцівы філас. праблематыка, жанравыя новаўтварэнні, рыфматворчасць, шматгалоссе рытмаў. Аўтар пацыфісцкай паэмы пра 1-ю сусв. вайну «Вайна ў пастцы» (1919), рэв. паэм «Ладамір» (1920), «Ноч перад Саветамі» (1921), «звышаповесцей» «Драпіна па небе» (1920), «Зангезі» (1922), цыкла гіст.-матэм. арт. «Дошкі лёсу» (1922), прысвечаных прыродзе часу, апавяданняў, драм. Паўплываў на рус. і еўрап.авангард, у т. л. ў музыцы і жывапісе.
Тв.:
Стихотворения. Поэмы. Драмы. Проза. М., 1986;
Творения. М., 1986.
Літ.:
Степанов Н. Велимир Хлебников: Жизнь и творчество. М., 1975;
Григорьев В.П. Грамматика идиостиля: В.Хлебников. М., 1983;
Леннквист Б. Мироздание в слове: Поэтика Велимира Хлебникова: Пер. с англ. СПб., 1999;
Мир Велимира Хлебникова: Статьи. Исслед., 1911—1998. М., 2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЭСМЕ́НСКІ БОЙ 1770,
марская бітва паміж рас. і тур. эскадрамі 7.7.1770 у бухце Чэсма (Чэшме) у Хіяскім праліве Эгейскага м. ў рус.-тур. вайну 1768—74 (гл.Архіпелагскія экспедыцыі рускага флоту). Рас. эскадра (9 лінкораў, 3 фрэгаты, 1 бамбардзірскі карабель) пад камандаваннем А.Р.Арлова (фактычна камандаваў адм. Р.А.Спірыдаў) 5 ліп. атакавала каля Чэсмы тур. флот (16 лінкораў, 6 фрэгатаў, 6 шэбек, 13 галер, 32 галіёты; каманд. капудан-паша Хасанбей) і патапіла флагманскі тур. карабель (разам з ім узарваўся рас. лінкор «Яўстафій»). Тур. караблі спешна адплылі ў Чэсменскую бухту, дзе былі заблакіраваны. Ноччу 7 ліп. да ўваходу ў бухту падышоў рас.авангард на чале з контр-адм. С.К.Грэйгам (4 лінкоры, 2 фрэгаты, 1 бамбардзірскі карабель), уварваўся ў бухту і артыл. агнём знішчыў тур. флот (ацалелыя 1 лінкор і 5 галер трапілі ў палон). Туркі страцілі больш за 10 тыс.чал., расіяне — 11 чал. забітымі. У выніку гэтай перамогі рас.ВМФ запанаваў у Эгейскім м., а граф Арлоў атрымаў тытул Чэсменскага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
czołówka
ж.
1. галава калоны; авангард;
2. першая паласа газеты; перадавіца; цітры ў пачатку фільма;
w ~ce — на чале; наперадзе; у авангардзе
Польска-беларускі слоўнік (Я. Волкава, В. Авілава, 2004, правапіс да 2008 г.)
straż
м. ахова; варта;
straż ogniowa — пажарная каманда;
straż przednia — авангард;
straż tylna — ар’ергард;
na ~y — на варце;
pod ~ą — пад вартай
Польска-беларускі слоўнік (Я. Волкава, В. Авілава, 2004, правапіс да 2008 г.)
ЖДАН Яўген Іванавіч (н. 15.12.1937, в. Тарэйкі Нясвіжскага р-на Мінскай вобл.),
бел. мастак. Засл. работнік культуры Беларусі (1982). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1967). Працаваў у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі, Рэсп. дырэкцыі эстрадна-цыркавога мастацтва (гал. мастак з 1987), з 1994 гал. мастак Дзярж.т-рамуз. камедыі Беларусі. Аформіў спектаклі: у т-ры оперы і балета — «Пасля балю» Г.Вагнера (1971), «Іаланта» П.Чайкоўскага (1975), «Рыгалета» Дж.Вердзі (1982); у т-ры муз. камедыі — «Паненка і хуліган» на музыку Дз.Шастаковіча (1982), «Капялюш Напалеона» О.Штрауса (1996), «Цыганскі барон» І.Штрауса (1997); у т-ры оперы і балета ў Ніжнім Ноўгарадзе (Расія) — «Аіда» Вердзі (1978), «Дэман» А.Рубінштэйна (1979) і інш. Працуе таксама ў жывапісе: цыклы «Жыціе беларускіх святых» (1989—94), «Жыццё славянскіх асветнікаў-гуманістаў» (1991), станковыя работы «Чарнобыль» (1987—93), «Апафеоз Ф.Скарыны» (1990), «Гімн жыццю» (1997), пейзажы «Песня маёй радзімы», «Вясна. Сноў» (абодва 1990-я г.). Сярод графічных работ «Кожны чацвёрты» (1967), «Курапаты» (1986). У творчасці рэаліст. вобразнасць спалучае з сімволікай і метафарычнасцю, некаторым работам уласцівы класічны авангард з філасофскім кірункам. Іл.гл. таксама да арт.Афармленчае мастацтва.