БЕНЗАРАЗДА́ТАЧНАЯ КАЛО́НКА,

помпавая ўстаноўка для водпуску бензіну і інш. відаў вадкага аўтамаб. паліва на аўтазаправачных станцыях (АЗС). Злучаецца трубаправодам з паліўнымі рэзервуарамі; колькасць бензіну, што адпускаецца, адмерваецца аўтам. лічыльнікам.

Аўтаматызаваныя бензараздатачныя калонкі маюць высокапрадукцыйныя помпы з выбуховабяспечнымі электрарухавікамі, лічыльнікамі сумарнай і разавай выдачы, мех. або электрамех. дазатарамі. Сучасныя бензараздатачныя калонкі абсталяваны электроннымі прыстасаваннямі для падсумоўвання аб’ёму і кошту паліва, што адпускаецца на працягу пэўнага часу кожнаму кліенту, які мае спецыяльна закадзіраваны ключ, у гэтым выпадку запраўляць аўтамабіль можна ў любым месцы, дзе ёсць такія бензараздатачныя калонкі.

т. 3, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАЛАГІ́ЧНЫ ПОСТ, вадамерны пост,

пункт на водным аб’екце, абсталяваны для сістэматычных гідралагічных назіранняў. Падзяляюцца на рачныя, азёрныя, балотныя, на вадасховішчах, ледавіках і інш., па канструкцыі бываюць рэечныя, па́левыя, мяшаныя, перадатачныя, дыстанцыйныя, паводле тыпу ўстаноўкі самапісца ўзроўню вады — берагавыя і астраўныя. У аддаленых раёнах дзейнічаюць аўтаматычныя гідралагічныя пасты. Першыя гідралагічныя пасты на рэках Беларусі ўзніклі ў 19 ст.: на Зах. Дзвіне (1838, Віцебск), на Прыпяці (1843, Пінск, Тураў, Мазыр), на Дняпры (1844, Магілёў). У 1997 дзейнічалі 120 пастоў на 83 рэках, ручаях і каналах і 14 пастоў на 14 азёрах і вадасховішчах.

т. 5, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕДЛАВЫ́ ЦЯГА́Ч,

аўтамабіль без грузавой платформы (цягач), абсталяваны апорна-счапным прыстасаваннем (сядлом) для злучэння з рамай паўпрычэпаў. Мае павышаную магутнасць рухавіка, большыя перадатачныя адносіны ў сілавой перадачы, укарочаную базу. Выкарыстоўваюцца ў складзе аўтапаяздоў, у т. л. самазвальных. На Беларусі С.ц. выпускае Мінскі аўтамабільны завод (першы МАЗ-200В выпускаўся з 1952, мадэрнізаваныя 2- і 3-восевыя — з 1970-х г., 3-восевыя з сям’і МАЗ-6422 — з 1981). Мільённым аўтамабілем, выпушчаным з-дам у 1989, быў С.ц. МАЗ-64221. Гл. таксама МАЗ.

Седлавы цягач «Кенварт» (ЗША) са спальным адсекам.

т. 14, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

танк

(англ. tank)

1) баявая гусенічная бранявая машына;

2) спецыяльна абсталяваны бак, цыстэрна для захоўвання і транспарціроўкі вадкасцей.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПУЦЕЎКЛА́ДЧЫК,

камплект машын і абсталявання для транспартавання і ўкладкі рэйкава-шпальнай рашоткі чыгуначнага пуці пры яго буд-ве і рамонце. Выкарыстоўваюцца П. звёнавыя, якія дастаўляюць да месца работ гатовыя рэйкава-шпальныя рашоткі, і раздзельныя, што падвозяць асобныя неабходныя элементы для зборкі рашоткі на месцы.

Звёнавыя П. на рэйкавым хаду абсталяваны пуцеўкладачным кранам для транспартавання звёнаў уздоўж саставу. Пры буд-ве новых чыгунак выкарыстоўваюць пуцеўкладачныя краны на трактарным хаду, абсталяваныя лябёдкай, што захоплівае звёны на платформе, якая наязджае на ўкладзенае звяно.

І.​І.​Леановіч.

Пуцеўкладчыкі: 1 — на рэйкавым хаду (пуцеўкладачны кран); 2 — трактарны.

т. 13, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТРЭ́ЛЬБІШЧА,

спецыяльна абсталяваны ўчастак для правядзення стрэльбаў са стралковай зброі, гранатамётаў і інш. Падзяляюцца на вайсковыя і спартыўныя. Тэрыторыя вайсковага С. ўключае рубяжы адкрыцця і спынення агню, мішэннае поле, тылавы раён, пункты кіравання, выдачы боепрыпасаў і інш. На С. можа быць цір для праверкі зброі, прывядзення яе да нармальнага бою і інш. Спартыўнае С. — спец. збудаванне адкрытага тыпу для стральбы з вінтовак і пісталетаў. Складаецца з некалькіх ціраў, дзе вызначаны лініі агню (месца, з якога вядуць стральбу) і лініі мішэняў, абсталяванай бліндажамі, пад’ёмнымі ўстаноўкамі, механізмамі для кіравання і інш.

С.​А.​Фамін, І.​А.​Шор.

т. 15, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАМБАРДЗІРО́ЎШЧЫК,

баявы самалёт, прызначаны для паражэння наземных і марскіх аб’ектаў праціўніка бомбамі ці ракетамі. Першыя бамбардзіроўшчыкі створаны напярэдадні 1-й сусв. вайны, у Расіі першы бамбардзіроўшчык — «Ілья Мурамец» (1913). Найб. тыповыя бамбардзіроўшчыкі на пач. 2-й сусв. вайны: сав. Пе-2, ням. Ю-87, англ. «Галіфакс», амер. «Ліберэйтар» і інш. Паводле канструкцыі сучасны бамбардзіроўшчык — суцэльнаметалічны манаплан (часам з крылом зменнай стрэлападобнасці), мае 2—8 рэактыўных рухавікоў. Палётная маса 35—227 т, скорасць больш за 1000 км/гадз, далёкасць палёту без дазапраўкі да 18 тыс. км. Узбраенне: пушкі, да 20 ракет, бомбы да 23 т. Абсталяваны дапаможнымі сістэмамі і прыстасаваннямі для жыццезабеспячэння і выратавання экіпажа ў аварыйных умовах.

т. 2, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПТУШКАФА́БРЫКА,

буйное вузкаспецыялізаванае прадпрыемства птушкагадоўлі па вытворчасці яец і мяса на прамысл. аснове. Тэхнал. працэс вытв-сці харчовых яец, акрамя штучнай інкубацыі, уключае гадоўлю маладняку, утрыманне бацькоўскага і прамысл. статка. Цэхі гадоўлі маладняку і ўтрымання курэй-нясушак на П. (выкарыстоўваюцца сістэмы падлогавага, клетачнага і на сеткавай падлозе ўтрымання) абсталяваны клетачнымі батарэямі з аўтам. падачай вады, мех. раздачай кармоў, уборкай гною, зборам яец. У яйцасховішчах працуюць машыны па сартаванні, ачыстцы і ўкладцы яец, у забойных цэхах — канвееры для перапрацоўкі птушкі, у кормапрыгатавальных цэхах — машыны для прыгатавання камбікармоў. Буйныя П. працуюць у ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі, Венгрыі, Чэхіі, Польшчы, Балгарыі і інш. краінах. На Беларусі 39 П. і 3 племзаводы (2000).

Г.​С.​Смалякоў.

т. 13, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СПАРТЫ́ЎНА-СТРАЛКО́ВЫ КО́МПЛЕКС імя маршала Сав. Саюза С.​К.​Цімашэнкі, спартыўнага камітэта Міністэрства Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, асноўная база падрыхтоўкі нац. зборных каманд па стралк. спорце. Пабудаваны ў Мінску ў 1972 (рэканструяваны ў 1978); пл. 12 га.

Мае гал. павільён для стральбы з 4 закрытымі цірамі (10-, 25- і 50-метровыя, 10-метровы «бягучы дзік») і адкрытыя ціры (25-, 50- і 300-метровыя, 4 асобныя 50-метровыя «бягучы дзік», цір для стэндавай стральбы з 2 круглымі і 1 траншэйным стэндамі). Ціры абсталяваны для стральбы з усіх відаў спарт. стралк. зброі. Маюць мех. і электронныя ўстаноўкі з дыстанцыйным кіраваннем. Інфармацыя пра вынікі стральбы выдаецца на электроннае табло. Праводзяцца міжнар. і рэсп. спаборніцтвы.

т. 15, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭСКАЛА́ТАР (англ. escalator ад лац. scala лесвіца),

падымальна-транспартная канструкцыя ў выглядзе лесвіцы з рухомымі прыступкамі для перамяшчэння людзей з аднаго ўзроўню на другі. Прыступкі лесвіцы прымацаваны да бясконцага ланцуга і рухаюцца на роліках па накіравальнай раме. Э. абсталяваны парэнчамі, што рухаюцца сінхронна з лесвічным палатном. На верхняй станцыі размяшчаецца прывод, на ніжняй — нацяжное прыстасаванне для ланцугоў. Скорасць руху лесвічнага палатна 0,5—1 м/с, вугал нахілу 30—35°. Выкарыстоўваецца на станцыях метрапалітэна (тунэльны Э.) і ў шматпавярховых грамадскіх будынках (магазінах, тэатрах, вакзалах).

Схема эскалатара: 1 — парэнчы; 2 — электрарухавік; 3 і 6 — верхняя і ніжняя абаротныя зорачкі; 4 і 5 — унутраная і знешняя рэйкі; 7 — ніжняя пліта з грэбенем.

т. 18, кн. 1, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)