форма палавой разрадкі, якая заключаецца ў схільнасці да разглядання палавых органаў або палавога акта інш. асоб; від палавой ненармальнасці. Неадольнае жаданне ўбачыць забароненае падштурхоўвае візіяніста на падглядванне ў туалетах, інтэрнатах, бальніцах і інш. Назіраецца таксама ў чвэрці дзяцей дашкольнага ўзросту, ва ўзросце 7—11 гадоў выяўляецца ў кожнага трэцяга хлопчыка і прыкладна ў 6% дзяўчынак. Замацоўванню дзіцячага вуаерызму спрыяюць цяжкасці ў адносінах з равеснікамі, асабліва процілеглага полу, стойкая фіксацыя ў нясталай псіхіцы дзіцяці ўбачанай ім сцэны інтымнай блізкасці і г.д. Да разнавіднасцей вуаерызму можна аднесці захапленне стрыптызам, вар’етэ, эратычнымі шоу, фотаздымкамі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУЛКАНАГЕ́ННА-АСА́ДКАВЫЯ РАДО́ВІШЧЫ,
паклады карысных выкапняў, якія ўтварыліся пры асаджэнні мінер. прадуктаў вулканічных вывяржэнняў на дне стараж. мораў і акіянаў, на астравах, уздоўж берагоў. Вулканагенны матэрыял на плошчы асадканамнажэння можа паступаць у растворах газу і гарачых вод вулканічнага паходжання, у адсарбіраваным выглядзе на паверхні часцінак попелу, як кампанент вышчалочвання лаў і попелаў. Формы пакладаў — пліты, пласты, жаўлакі. Вядомы вулканагенна-асадкавыя радовішчы жалеза, марганцу, медзі, цынку, свінцу, баксітаў, фасфарытаў і інш. Мяркуюць, што намнажэнні жаўлаковых руд жалеза і марганцу на дне Ціхага, Атлантычнага і Індыйскага акіянаў (жалезамарганцавыя канкрэцыі) таксама ўтварыліся з прадуктаў падводных вывяржэнняў маладых вулканаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫКАНА́ЎЧЫ САКРАТАРЫЯ́Т СНД,
цэнтральны каардынацыйны орган Садружнасці Незалежных Дзяржаў (СНД). Створаны паводле рашэння Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД 14.5.1993 на базе Рабочай групы для арганізац.-тэхн. падрыхтоўкі і правядзення пасяджэнняў саветаў кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў. Знаходзіцца ў Мінску. Рыхтуе праекты дакументаў для разгляду статутнымі органамі СНД, арганізуе іх прававую экспертызу і ўзгадненне, абмен інфармацыяй паміж дзяржавамі СНД, фарміруе парадак дня сустрэч на вышэйшым узроўні, выдае інфармац. бюлетэнь СНД. У выканаўчы сакратарыят СНД уваходзяць выканаўчы сакратар (з 1993 І.М.Каратчэня), яго намеснікі, пастаянныя паўнамоцныя прадстаўнікі дзяржаў СНД. Мае ўпраўленні па розных кірунках дзейнасці, а таксама аддзелы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫЧАРПА́ЛЬНЫЯ ПРЫРО́ДНЫЯ РЭСУ́РСЫ,
прыродныя рэсурсы, паслядоўнае выкарыстанне якіх можа паменшыцца да ўзроўню, пры якім далейшая іх эксплуатацыя робіцца эканамічна немэтазгоднай або ўзнікае пагроза іх поўнага знікнення. Да вычарпальных прыродных рэсурсаў належаць багацці нетраў і экасістэм: карысныя выкапні (пераважна складаныя злучэнні элементаў, руды); жывёльны і раслінны свет; глебы. Выкарыстанне вычарпальных прыродных рэсурсаў павінна быць комплексным. Частка вычарпальных прыродных рэсурсаў здольная да аднаўлення (гл.Узнаўляльныя прыродныя рэсурсы), што магчыма пры ўмове выканання дапушчальных памераў выняцца рэсурсаў і ажыццяўлення захадаў да паскоранага іх аднаўлення, другая належыць да неўзнаўляльных прыродных рэсурсаў. Гл.таксамаНевычарпальныя прыродныя рэсурсы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫШЭ́ЙШЫ ГАСПАДА́РЧЫ СУД РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,
судовая ўстанова, якая вырашае ў межах сваіх паўнамоцтваў гасп. спрэчкі паміж прадпрыемствамі, установамі, арг-цыямі, калгасамі, сумеснымі прадпрыемствамі, дзярж. і інш. органамі, а таксама з’яўляецца нагляднай інстанцыяй за рашэннямі гасп. судоў ніжэйшых звёнаў. Створаны ў 1991. Складаецца з 16 суддзяў, якія назначаюцца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь па ўзгадненні з Саветам Рэспублікі Нац. сходу Рэспублікі Беларусь. Арганізацыя, парадак дзейнасці і кампетэнцыя суда вызначаны заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.
Яго асн. задачы: абарона правоў і інтарэсаў арг-цый, захаванне законнасці ў эканам. адносінах; забеспячэнне аднолькавага і правільнага выкарыстання заканадаўства пры вырашэнні гасп. спрэчак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯРНІГАРА́, Вярнігор, Гара-Гаравік, Гарыня,
Гаравы, персанаж усх.-слав. чарадзейных казак, памочнік героя-асілка (Кацігарошка, Івашкі — Мядзведжага Вушка, Ваські Папялышкі і інш.). Мае вял. сілу; можа пераносіць горы, руйнаваць іх і раўняць зямлю. Сустрэўшы героя-асілка, Вярнігара разам з інш. волатамі памагае яму перамагчы страшных крыважэрных істот, пакараць зло і ліквідаваць несправядлівасць, хоць часам перараджаецца маральна і здраджвае герою. Сустракаецца таксама ў рус. і ўкр. фальклоры.
Літ.:
Новиков Н.В. Образы восточнославянской волшебной сказки. Л., 1974. С. 146—152;
Беларуская народна-паэтычная творчасць. Мн., 1979. С. 258—260;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯРО́ЎСКІ ((Werowski) Ігнацы Юзаф) (13.7.1783, Вільня — 8.8.1841),
польскі акцёр. Дэбютаваў у 1802 у Мінску ў групе М.Кажынскага, у якой і працаваў да 1812, выступаў таксама ў Гродне і Віцебску. З 1812 у Вільні, з 1815 у Варшаве. Акцёр высокай прафес. культуры, імкнуўся ў творчасці да гіст. канкрэтнасці і жыццёвай верагоднасці сцэн. вобразаў, да натуральнасці ў паказе на сцэне чалавечых пачуццяў. Выконваў ролі трагедыйныя (Атэла — «Атэла» У.Шэкспіра; Сід — «Сід» П.Карнеля; Замора — «Альзіра» Вальтэра), камічныя (Брындус — «Уяўны цуд, або Кракаўцы і горцы» В.Багуслаўскага), герояў і палюбоўнікаў у класічным і рамантычным рэпертуары, меладраматычных ліхадзеяў, спяваў у оперы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯРХО́ВАЕ БАЛО́ТА, алігатрофнае балота,
тып балота, якое жывіцца толькі атм. ападкамі; беднае мінер. рэчывамі. Утвараецца ва ўмовах застою паверхневых вод на плоскіх паніжэннях водападзелаў; не мае сувязі з падземнымі водамі. На вярховым балоце намнажаецца торф магутнасцю 2—10 м, ступень распаду якога каля 50%. Паверхня балота пукатая да цэнтра, дзе найб. інтэнсіўна растуць асн. торфаўтваральнікі — сфагнавыя мхі. Відавы склад вышэйшых раслін бедны (балотныя формы хвоі і лістоўніцы, карлікавая бяроза, багун, балотны мірт, верас, буякі, журавіны, падвей похвенны, расіца круглалістая, марошка і інш.). На Беларусі вярховыя балоты найб. пашыраны ў Віцебскай і на Пн Мінскай абласцей (гл.таксамаБалота).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАБРЫЧЭ́ЎСКІ (Георгій Нарбертавіч) (23.2.1860, Масква — 5.4.1907),
рускі мікрабіёлаг і эпідэміёлаг, заснавальнік навук. школы бактэрыёлагаў і Рас. бактэрыялагічнага т-ва. Скончыў Маскоўскі ун-т (1884). У 1889—91 працаваў у І.І.Мечнікава, Р.Коха, П.П.Э.Ру, П.Эрліха. У 1891 заснаваў бактэрыял. лабараторыю ў Маскоўскім ун-це, з 1895 — Бактэрыялагічны ін-т (узначальваў да 1907). Навук. працы па этыялогіі і лячэнні дыфтэрыі, шкарлятыны, зваротнага тыфу, чумы. Разам з Н.Ф.Філатавым упершыню ў Расіі ўвёў у практыку сываратачнае лячэнне дыфтэрыі (1894), арганізаваў таксамавытв-сць лекавых сываратак. Яго імем названы Бактэрыял.ін-т Маскоўскага ун-та.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГАЗ»,
марка грузавых аўтамабіляў. Выпускаецца акц. аб’яднаннем «ГАЗ» (г. Ніжні Ноўгарад, Расія) з 1932. Мае алюмініевы блок цыліндраў, гіпоідную гал. перадачу, гідравакуумны ўзмацняльнік тармазоў, самаблакіравальны дыферэнцыял. З 1996 выпускаюцца бартавыя аўтамабілі з магутнасцю рухавіка 73,5—102 кВт, грузападымальнасцю 4—5,5 т, найб. скорасцю 80—90 км/гадз, а таксама поўнапрыводная мадэль ГАЗ-66-12-010 (88,3 кВт; 2 т; 90 км/гадз); з 1994 — «Газель» ГАЗ-3302 (73,5 кВт; 1650 кг; 115 км/гадз); з 1995 — яе мадыфікацыі, у т. л. 12-месцавы мікрааўтобус ГАЗ-3221.