цэнтр, ‑а, м.

1. Спец. Пункт перасячэння якіх‑н. восей, ліній у фігуры, пункт з’асяроджання якіх‑н. адносін у целе. Цэнтр сіметрыі. Цэнтр акружнасці.

2. Сярэдзіна, сярэдняя частка чаго‑н. У самым цэнтры дубняку разгарнуліся ўшыр і ўвысь два волаты-дубы. Бядуля. Камандзірская зямлянка знаходзілася ў цэнтры лагера. Шамякін. // Частка, звычайна сярэдняя, горада, пасёлка і пад., дзе размешчаны асноўныя адміністрацыйныя ўстановы. Не даходзячы да цэнтра горада, Лабановіч ідзе глухім завулкам у бок прыстані. Колас. Цэнтра — некалі тут на ўзгорку стаяла царква — зусім не пазнаю: будынкі клуба, медпункта і калгаснай канцылярыі замыкаюць у сваім коле невялічкі скверык. Васілевіч.

3. Месца сканцэнтравання якой‑н. дзейнасці. Касмічны цэнтр. Цэнтр энергетыкі. Цэнтр міжнароднага рабочага руху. □ Масква, дзе знаходзіўся цэнтр абароны нашай Радзімы, .. перапраўляла нам цераз лінію фронту спецыяльна абучаныя групы і атрады для дыверсійнай і разведвальнай работы. «Звязда». // перан. Самае галоўнае, важнае, асноўнае. У цэнтры паэмы Максіма Танка стаяць адважныя савецкія патрыёты. Бугаёў. — Вось Янку Здольніка і трэба паставіць у цэнтры п’есы, — гаварыў Міровіч. Рамановіч. // Той (тое), вакол каго (чаго) групуецца, якому падпарадкоўваецца ўсё іншае. На гэтым сходзе .. [Міхась Чарот] цэнтр, гэта відаць і ў перапынках, калі яго тут жа акружае то адна, то другая група. Скрыган.

4. Горад, буйны населены пункт, які мае адміністрацыйнае, прамысловае, культурнае значэнне для якой‑н. мясцовасці, краіны. Раённы цэнтр. Абласны цэнтр.

5. Вышэйшы орган кіравання якой‑н. дзейнасцю. Загад цэнтра. Інструктар з цэнтра. □ Праменіцца сонца ў небе, Шуміць за сялом ураджай: Хоць рапарт кароткі аб хлебе У цэнтр, у ЦК, пасылай. Калачынскі. // У складзе назваў некаторых устаноў ці аддзяленняў, якія ведаюць чым‑н. На экранах тэлевізараў надпіс: «Гомельскі аматарскі тэлевізійны цэнтр». «Маладосць».

6. Спец. Група нервовых клетак, якая рэгулюе тую ці іншую функцыю арганізма.

7. У буржуазных парламентах — назва прамежкавых (паміж правымі і левымі) буржуазных партый, груп, груповак. Частка дэлегатаў, вядома, была неакрэсленай або хісталася па некаторых пытаннях, — так званы на парламенцкай мове «цэнтр», або «балота». Ленін.

8. Спец. Дэталь станка з конусным канцом, прызначаным для падтрымкі загатовак пры іх апрацоўцы.

•••

Гандлёвы цэнтр — будынак, у якім размяшчаюцца магазіны розных профіляў і розныя ўстановы бытавога абслугоўвання.

Тэлевізійны цэнтр — установа з тэхнічным абсталяваннем для тэлевізійнага вяшчання.

Цэнтр нападзення — асноўны ігрок групы нападзення ў футбольнай, хакейнай і пад. камандах.

Цэнтр цяжару — а) пункт цела, праз які праходзіць раўнадзейная сіла цяжару яго частак пры розных становішчах цела ў прасторы; б) самае асноўнае, галоўнае ў чым‑н.

(Быць) у цэнтры ўвагі — лічыцца галоўным, асноўным, выклікаць усеагульны інтарэс.

[Лац. centrum.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ча́паць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм. Ісці павольнай хадой, не спяшаючыся. [Лукаш:] — Наташачка, па бутэльцы піва яшчэ. Ну, давай, чапай. Лобан. [Сашка:] — Да зубнога дык гэта ж трэба чапаць аж у Глыбокае, больш трыццаці кіламетраў. Машара.

чапа́ць, а́ю, ‑а́еш, ‑а́е; незак., каго-што і чаго.

1. Дакранацца, датыкацца да каго‑, чаго‑н. Калі хлопец чапае яго .. босаю нагою, кот абараняецца лапаю і бурчыць. Крапіва. Нязвыкла слухаць, як плугі чапаюць каменне. Пташнікаў. // (звычайна з адмоўем «не»). Браць што‑н., карыстацца чым‑н. (звычайна чужым, без дазволу). [Бацька:] — От я ж цябе [Юрку] зараз адвучу, як чапаць тое, што да цябе не належыць. Чорны. Усіх сялян моцна збілі бізунамі, а Ягору адсеклі правую руку, каб другі раз не чапаў панскага дабра. Скрыпка. // Закранаць, турбаваць каго‑н.; крыўдзіць. [Кастусь:] — Волечка, не чапай мамы. Няхай спіць! Нікановіч. «Прайду моўчкі, — вырашыў Васіль, — дый толькі таго, не буду чапаць яе [цёткі], то, можа, і яна мяне не закране». Кулакоўскі. // перан. Хваляваць, расчульваць. Стары так думаў, а музыка вярэдзіла яго сэрца, глыбока чапала яго, і слёзы, дзіўныя, неадчувальныя слёзы цяклі самі сабою з сухіх выцвілых вачэй. Кірэенка. // (звычайна з адмоўем «не»). Апрацоўваць што‑н., карыстацца чым‑н., брацца за што‑н. На старанна паголеных [дзедавых] шчоках.. — заўтра нядзеля! — свіцілася кволая ружовасць, а абвіслыя вусы, якія наўрад ці чапалі калі нажніцы, хавалі добрую ўсмешку. Кудравец. Бохан белага хлеба, што .. [Барашкін] прывёз, .. [маці] не чапала, толькі патрымала ў руках, зноў паклала на месца. Савіцкі. // (звычайна з адмоўем «не»). Нападаць на каго‑, што‑н. — Тут — спакой: воўк і той Не чапае авец Бліз бярлогі сваёй. Куляшоў. [Іван:] — Удар павінен быць хуткі і рашучы. Калі будзе больш за дзве машыны, — не чапаць. Новікаў.

2. (звычайна з адмоўем «не»). Знішчаць, вынішчаць; прыносіць шкоду каму‑, чаму‑н. Калі ўбачыш часам іх [баброў], Не чапай Звяркоў рачных. Дзеружынскі. Выявілася, што тут нічога складанага няма. Трэба вырываць усю лішнюю траву і не чапаць жыта. Якімовіч. / у перан. ужыв. Хвала зямлі, дзе ворагаў няма, Дзе не адна ў снягі лягла навала. А рускіх наша руская зіма Яшчэ ў жыцці ніколі не чапала. Сербантовіч.

3. перан. (звычайна з адмоўем «не»). Кранаць, цікавіць. [Гаруе:] — Ты .. цікавішся гэтаю справаю, а мне стараешся паказаць, што цябе нічога гэта не чапае. Чорны.

4. перан. (звычайна з адмоўем «не»). Успамінаць што‑н., закранаць у размове што‑н. (часцей крытыкуючы). — Не чапай ты ўжо лепш медыцыны: нічога ты ў ёй не разумееш, — заступіўся фельчар за сваю прафесію. Колас. [Дзед Сымон:] — Ты майго, браце, рамяства не чапай. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чужы́, ‑ая, ‑ое.

1. Які належыць каму‑н. іншаму (іншым), з’яўляецца ўласнасцю другога (другіх). Адам Блецька мог ні тое, што чужое пісьмо прачытаць, а нават і чужых пару коней з чужога хлява вывесці. Чорны. Лягчэй дастаць птушынае малако, як гараж пабудаваць.. На сваім двары месца няма, а на чужы хто цябе пусціць? Корбан. // Утвораны, зроблены, перажыты кім‑н. іншым. Выправіць чужыя памылкі. Чужое гора. □ [Тапурыя] выпісалі са шпіталя ў той жа дзень, як толькі ён здолеў хадзіць без чужой дапамогі. Самуйлёнак. // Непрывычны, незнаёмы каму‑н. іншаму; нязвыклы. — Маму забілі, — ціха сказала .. [Люба] нейкім чужым ахрыплым голасам. Шамякін. Вастраверхія будынкі былі як пазалочаныя і не такія ўжо чужыя ў сваёй канструкцыі, а больш зразумелыя і блізкія. Шыцік. Вагранка, ля якой завіхаліся мантажнікі, стаяла халодная, чужая. Карпаў.

2. у знач. наз. чужо́е, ‑ога, н. Тое, што належыць каму‑н. іншаму (іншым), уласціва другому (другім). Выдаваць чужое за сваё. □ Даніла нагнуўся над пратокаю, працягнуў да каша рукі і не асмельваўся ўзяцца за яго — бы браў чужое. Капыловіч.

3. Не звязаны сваяцкімі ці блізкімі адносінамі, агульнай працай і пад. Асташонак ведае гэты асабняк даўно, быў тут сваім чалавекам, але толькі цяпер чамусьці адчуў сябе чужым. Ваданосаў. // Незнаёмы, нетутэйшы. [Хадорка:] — Макарка-ляснік натрапіў, адубелага ў сяло прынёс. Чужы нейкі, не крышыцкі... Кандрусевіч. / у знач. наз. чужы́, ‑ога, м.; чужа́я, ‑ой, ж. Пападала .. [Цімошку] ад чужых, пападала і ад сваіх. Колас.

4. Які не з’яўляецца месцам пастаяннага жыхарства, радзімай для каго‑н. На чужой зямлі.. [вораг] трывожыцца, азіраецца, усяго баіцца. Пальчэўскі. Хата чужая — як свякруха ліхая. Прыказка. // Які мае адносіны да іншай дзяржавы, краіны; замежны. Не раз па мне [дарозе] зямель чужых сыны Цягнулі волакам купецкія чаўны: З Дзвіны ў Дняпро тут шлях стары ляжаў. Зуёнак.

5. Далёкі па сваіх поглядах, інтарэсах ад чаго‑н. [Жанчына] не магла дараваць сабе памылкі, што звязала свой лёс з другім, чужым ёй па душы. Скрыган. // Не ўласцівы, не характэрны каму‑, чаму‑н. Як фальш, як эмацыянальнае ўбоства — чужыя паэзіі Таўлая рыторыка, аптымізм раўнадушнасці. «Полымя».

•••

Без чужой ласкі гл. ласка.

Выехаць на чужой шыі (спіне) гл. выехаць.

Есці чужы хлеб гл. есці.

Жыць чужым розумам гл. жыць.

Заглядаць у чужы гаршчок гл. заглядаць.

З чужых плячэй гл. плячо.

З чужых слоў гл. слова.

Лазіць па чужых кішэнях гл. лазіць.

Сядзець на чужым хлебе гл. сядзець.

Чужую хату пільнаваць гл. пільнаваць.

Чужымі рукамі гл. рука.

Чужымі рукамі жар заграбаць гл. заграбаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

глу́пасць

1. Глухое месца, глуш (Сал., Слаўг.).

2. Апаўночы (Сал., Ст.-дар.); сярэдзіна ночы, позні час (Жытк., Слуцк. Сержп. Грам. 48, Стол.). Тое ж глу́пась (Сал.), глупа́сь (Ст.-дар.).

в. Глу́пікі (1654; в. Мі́рная з 1964) Мсцісл.

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

зарэ́чча Вялікая прастора за ракой, рэчкай; месца па той бок ракі (БРС). Тое ж зарэчышча, заряччэўе, зарякоўе, зараковічча, заряковішча (Слаўг.).

ур. Зарэчча (балоцісты стэп ад Пінска да Нобеля Серб. 1912, 93), в. Зарэчча (частка в. Зімніца) Слаўг.

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

ку́пнік

1. Месца на сухадоле, у балоце, багатае купінамі (Краснап. Бяльк., каля р. Пціч Серб. 1915, 6, Слаўг.). Тое ж купні́к (Лёзн., Сур. Касп.), купня́к, ку́пні́на́ (Слаўг.).

2. Наточаныя кратом кучкі зямлі (Слаўг.). Тое ж купіннік (Слаўг.).

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

падсо́чка

1. Сасновы лес, у якім робіцца падсочванне дрэў на корані для збірання смалы-жывіцы (БРС). Тое ж падсе́чка (Слаўг.), падра́ска, падра́сіна (Вілен.).

2. Месца, дзе высечаны падсочны лес (Слаўг.).

ур. Падсочка (лес) каля в Шаламы Слаўг.

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

паўдзён

1. Абгароджанае месца для жывёлы ў полі або ў лесе (Докш., Круп.).

2. Паўднёвая частка свету, поўдзень (Грыг. 1838—1840, Слаўг.). Тое ж паўдня́ (Слаўг.).

3. Паўднёвы, сонечны схіл гары (Слаўг.). Тое ж паўдзе́нне, паўдзёнак (Слаўг.).

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

перахо́д

1. Месца, зручнае для пераходу, цераз раку, з аднаго лесу ў другі (БРС).

2. Частка шляху, якую можна прайсці, не адпачываючы (БРС).

ур. Пераходы (вузкая палоска зямлі паміж узгоркамі) каля в. Чарсвяны Уш., в. Пераходцы Леп.

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

плес

1. Глыбокае месца на балоце, дзе заўсёды знаходзіцца вада (Сядл. губ. Бес., 310).

2. Прырэчная сенажаць, якая заліваецца вадой у час разводдзя (Глуск. Янк.).

3. Забалочаныя берагі азёр (Палессе Талст.).

в. Плесы каля Гомеля (К. 1838).

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)