замусо́ліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак., што.
Разм. Забрудзіць частымі дотыкамі тлустых ці насліненых пальцаў; зашмальцаваць. Замусоліць кнігу. Замусоліць фартух. // перан. Доўга і часта ўжываючы, апошліць, зацягаць (пра слова, выраз і пад.). — Чым, інжынер чалавечых душ, думаеш парадаваць у бліжэйшы час? — Кірыла не любіў ні гэтага звароту, які замусолілі да агіднасці, ні гэтага шаблоннага пытання. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
здо́ба, ‑ы, ж.
1. Прыправа ў цеста (масла, яйцы, малако і пад.). Дабавіць здобы ў цеста.
2. зб. Булкі са здобнага цеста. Усталі нявесткі З кляновага ўслону, Пшанічную здобу Прынеслі з паклонам. Броўка. За касой паходзіш, і ў дастатку Апетыту — хоць вала нясі. Нават чэрствы хлеб усухамятку Лепш, чым здобу на мяду, з’ясі. Ляпёшкін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
здра́днік, ‑а, м.
Той, хто здрадзіў каму‑, чаму‑н., прадаў каго‑, што‑н. У кабінеце начальніка ўправы.. [Маруся] пазнавала здраднікаў і наймітаў, якія прыходзілі сюды з даносам на патрыётаў. Брыль. Нейкі здраднік данёс фашыстам, што настаўнік Дулеба пайшоў у партызаны, і над яго сям’ёю навісла небяспека. Шчарбатаў. // Той, хто парушыў вернасць каму‑н., у чым‑н.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
знітава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак., каго-што.
1. Зак. да нітаваць.
2. Пераплесці, злучыць чым‑н. Ломяць галіны. Эх, быў бы тапор — Работа пайшла б весялей і спарней. Плюшчом знітавалі насілкі з галін. А. Вольскі. Сані знітаваў вязамі [Мядзведзіч]. Бялевіч.
3. перан. Звязаць, з’яднаць. Для ўсіх брыгада — так знітаваў Пётр Блахін падначаленых — была родным домам. Мыслівец.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ля́па, ‑ы, ж.
1. Рот звера, рыбы; пашча. Перапалоханы галасамі людзей, .. [звер] уцякаў з адкрытай ляпай, высунуўшы доўгі язык. «Звязда». // Груб. Пра рот чалавека. — Чаго яна [Старавойціха] ляпу сваю разявіла? — .. сказаў Харытон. Баранавых.
2. перан. Цёмнае, адкрытае паглыбленне ў чым‑н. Наверсе стары Тодарчык ці сама Волька Янкава кідаюць снапы ў барабан — у чорную ляпу малатарні. Пташнікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
за́ткала, ‑а, н.
Разм. Тое, чым затыкаюць якую‑н. адтуліну; затычка. Побач ляжала Шпурава біклага.., але без заткала. Чыгрынаў. Хата новая, аканіцы фарбаваныя, а замест шыбы — заткала. Рылько. // Уст. Скрутак з ануч, пакулля, якім затыкалі комін, пячную трубу (калі не было яшчэ юшак). Бегучы да дзвярэй, [Мікола] вырваў з коміна заткала і выскачыў на двор. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
захо́ўвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да захавацца.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Знаходзіцца, змяшчацца дзе‑н., у чым‑н. Да 1941 года чучала.. [зубра] захоўвалася ў заалагічным музеі ў Белавежы. В. Вольскі. Частка.. [ранніх твораў Бядулі] не друкавалася і захоўваецца ў рукапісным аддзеле цэнтральнай бібліятэкі Акадэміі навук Літоўскай ССР. Каваленка.
3. Зал. да захоўваць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
звя́заны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад звязаць. // Які цягне за сабой што‑н., абумоўлівае што‑н. Работа рэвізора звязана з раз’ездамі.
2. у знач. прым. Пазбаўлены свабоды, лёгкасці, натуральнасці. Звязаныя рухі.
3. у знач. прым. Злучаны з чым‑н., не свабодны. Звязаны азот. Звязаны кісларод. // Які знаходзіцца ў скрытым, патэнцыяльным стане. Звязаная энергія.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
добразычлі́вы, ‑ая, ‑ае.
Які жадае людзям дабра, прыхільна, спагадліва адносіцца да іншых. Добразычлівы чалавек. □ — Сядайце тут. Куды вы пойдзеце, — таксама запрашала .. [правадніца] Ніну з гасціннасцю добразычлівай гаспадыні. Сіўцоў. // Які выражае прыхільнасць, спагаду. Добразычлівыя адносіны. □ Упэўненасць ішла, мабыць, ад добразычлівых позіркаў, якія крадком кідалі на .. [старшыню] людзі. Навуменка. Лагоднае, добразычлівае слова больш дае сілы чалавеку, чым лаянка. Мележ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
до́гляд і (разм.) дагля́д, ‑у, М ‑дзе, м.
Дзеянне паводле дзеясл. даглядаць (у 3 знач.); нагляд, клопат. Догляд пасеваў. Догляд жывёлы. □ — Маленькі палетак можа даць большы ўраджай пры ўмелым доглядзе, чым вялікі без догляду. Пальчэўскі. Ася Арцёмава кожны дзень трывожыцца за мужа-франтавіка, за маленькую дачку, што засталася дома хворая без неабходнага догляду. Арабей.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)