ПАЎЛЫ́ЧКА (Дзмітрый Васілевіч) (н. 28.9.1929, с. Стапчатаў Косаўскага р-на Івана-Франкоўскай вобл., Украіна),
украінскі пісьменнік, перакладчык, крытык. Скончыў Львоўскі ун-т (1953). Друкуецца з 1951. У паэт. зб-ках «Любоў і нянавісць» (1953), «Мая зямля» (1955), «Быстрыня» (1959), «Дзень» (1960), «На варце» (1961), «Хлеб і сцяг», «Гранаслоў» (абодва 1968), «Тайна твайго аблічча» (1974, «Спіраль» (1984) лірычныя вершы пра людзей Зах. Украіны, пра барацьбу за мір; у зб. «Накіраваны ў будучыню» (1986) вершы пра І.Франко. Аўтар кн. крытыкі «Магістралямі слова» (1977), «Над глыбінямі» (1983), сцэнарыяў кінафільмаў, твораў для дзяцей. Многія яго паэт. творы пакладзены на музыку. Беларусі прысвяціў вершы «Што звязана вякамі», «Вітанне Беларусі» і інш. На ўкр. мову перакладаў творы Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, А.Куляшова, П.Панчанкі, М.Танка і інш. На бел. мову асобныя вершы П. пераклалі Р.Барадулін, Я.Сіпакоў. Дзярж. прэмія Украіны імя Т.Шаўчэнкі 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎЛЮКО́ЎСКІ Уладзіслаў [1.5.1895, в. Ініца Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл. — 8.9 (паводле інш. звестак 8.11). 1955], бел. паэт, перакладчык, этнограф. Вучыўся ў Харкаўскім маст. вучылішчы. З сярэдзіны 1920-х г. жыў у Вільні. Супрацоўнічаў у газ. «Народная справа», час. «Авадзень», «Маланка». Як графік удзельнічаў у выданні календароў, падручнікаў, часопісаў. У 1926 зняволены ў турму «Лукішкі», у 1939 у Бяроза-Картузскі канцлагер. Пад псеўд. Улад.-Ініцкі друкаваў вершы пераважна пра цяжкое жыццё селяніна, перажыванні палітвязня. Пісаў апавяданні. У творах П. адчуваецца фалькл. ўплыў. У 1934 у час. «Шлях моладзі» апублікаваў серыю этнагр. эцюдаў, прысвечаных бел. земляробчаму календару (аграрныя абрады, звычаі, гадавыя святы разглядаў у кантэксце з культ. традыцыямі інш. народаў). Запісваў нар. песні і прыказкі. Пра зняволенне ў Бяроза-Картузскім канцлагеры ва ўспамінах «Арышты. Бяроза і воля» (1940). На бел. мову перакладаў творы Л.Талстога (зб-кі «Ці шмат чалавеку трэба зямлі...», 1928; «Ад чаго зло на свеце», 1929). З 1945 дырэктар Літ. музея імя А.С.Пушкіна ў Вільнюсе. У 1948 арыштаваны. Вярнуўся з лагера ў 1953.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАХУ́ЧЫЯ РЭ́ЧЫВЫ, пахкія рэчывы,
арганічныя злучэнні, якія маюць прыемны пах і выкарыстоўваюцца ў вытв-сці парфумерных і касметычных вырабаў, тавараў быт. хіміі, харч. прадуктаў. Пашыраны ў прыродзе: уваходзяць у састаў пахучых прадуктаў расліннага (эфірныя алеі, бальзамы, пахучыя смолы і інш.) і жывёльнага (амбра, мускус і інш.) паходжання. Паводле хім. прыроды большасць П.р. адносіцца да складаных эфіраў (напр., бутылацэтаты, бензіл- і ліпалілацэтат з кветкавым пахам), многія да альдэгідаў (напр., бензойны альдэгід, ванілін), спіртоў (напр., ліналаол).
Да 19 ст., калі былі атрыманы першыя сінт. аналагі прыродных П.р. (ванілін, 2-фенілэтанол з пахам ружы і інш.), адзінай крыніцай П.р. былі прыродныя прадукты. Распрацаваны метады сінтэзу амаль усіх П.р., што атрымлівалі з прыроднай сыравіны (напр., ментолу, цытралю), а таксама П.р., не знойдзеных у прыродзе (напр., фаліону э пахам фіялкі). Зроблена спроба вызначыць залежнасць паміж прыродай паху і будовай малекул П.р., аднак гэта не дае магчымасці прадказаць пах рэчыва.
Асн. колькасць П.р., што маюць прамысл. значэнне (больш за 500), атрымліваюць сінтэтычна, некаторыя вылучаюць з эфірных алеяў. Выкарыстоўваюць у выглядзе парфумерных кампазіцый. Гл. таксама Парфумерыя, Парфумерна-касметычная прамысловасць.
Літ.:
Братус И.Н. Химия душистых веществ. 2 изд. М., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЧО́БУТ-АДЛЯНІ́ЦКІ (Марцін) (30.9. 1728, в. Саломенка Гродзенскага р-на — 20.2.1810),
бел. астраном і асветнік. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1771), чл.-кар. Парыжскай АН (1778). Вучыўся ў Гродзенскім і Полацкім езуіцкіх калегіумах і Слуцкай пед. семінарыі. У 1754—56 і 1761—64 удасканальваў адукацыю ў Рыме, Генуі, Вене і інш. Адзін з арганізатараў і дырэктар (1765—1807) Віленскай астранамічнай абсерваторыі. З 1764 праф. Віленскай акадэміі, адначасова ў 1781—1803 рэктар Гал. школы ВКЛ. Вёў сістэматычныя назіранні зорак, планет і астэроідаў, выявіў невядомае сузор’е (журналы астр. назіранняў П. за 1772—1806 склалі 34 т.). Вызначыў (разам з інш. астраномамі) геагр. каардынаты Вільні, Гродна і інш. гарадоў. Зрабіў значны ўклад у развіццё асветы, папулярызацыю прыродазнаўчых і матэм. ведаў, актыўна працаваў у Адукацыйнай камісіі. Яго імем названы адзін з кратэраў на адваротным баку Месяца.
Тв.:
Опыт исследования, сколь далеко простирается древность Зодиака, найденного в Дендераге или в Тинтирисе // Северный вестн. 1804. Ч. 2, № 5.
Літ.:
Bieliński J. Uniwersytet Wileński (1579—1831). Kraków, 1899—1900. T. 3. С. 39—47;
Матудайтите С.П. Возникновение и первые 5 десятилетий деятельности Вильнюсской астрономической обсерватории // Тр.АН Литовской ССР. Сер. А. 1969. Т. 2(30).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАШЭ́ННАЯ (Вера Мікалаеўна) (19.9. 1887, Масква — 28.10.1962),
расійская актрыса, педагог. Нар.арт.СССР (1937). Дачка М.П.Рошчына-Інсарава. Скончыла Маск. тэатр. вучылішча (1907). З 1907 з перапынкам працавала ў Малым т-ры, у 1921—28 у Муз. студыі МХАТ, т-ры Корша і інш., у 1922—23 удзельнічала ў замежных гастролях МХАТ. З 1914 вяла пед. работу ў студыі Малога т-ра (з 1945 Тэатр. вучылішча імя М.Шчэпкіна; з 1941 праф.). Яе мастацтву ўласцівы тэмперамент, рамант. прыўзнятасць пры псіхалагічна-быт. дакладнасці. Сярод роляў: Кацярына, Ларыса, Яўгенія, Ганна Паўлаўна, Мурзавецкая («Навальніца», «Беспасажніца», «На бойкім месцы», «Жартаўнікі», «Ваўкі і авечкі» А.Астроўскага), Ліза («Гора ад розуму» А.Грыбаедава), Васа Жалязнова (аднайм. п’еса М.Горкага), Любоў Яравая, Поля Сямёнава («Любоў Яравая», «На беразе Нявы» К.Транёва), міс Кір’якулі («Востраў Афрадыты» А.Парніса, Старая гаспадыня Ніскавуоры («Каменнае гняздо» Х.Вуаліёкі) і інш. У 1962 паставіла п’есу «Навальніца» Астроўскага (з М.Гладковым) і выканала ў ёй ролю Кабаніхі. Дзярж. прэмія СССР 1943. Ленінская прэмія 1961.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
П’ЕЗАЭЛЕКТРЫ́ЧНАСЦЬ (ад грэч. piezō цісну, + электрычнасць),
сукупнасць з’яў у некаторых дыэлектрычных крышталях, абумоўленых узаемасувяззю паміж іх палярызацыяй (гл.Палярызацыя дыэлектрыкаў) і мех. дэфармацыяй. Пры дэфармацыі прамавугольнай пласцінкі з п’езаэл. крышталя на яе процілеглых гранях узнікаюць эл. зарады рознага знака (прамы п’езаэл. эфект — ПЭЭ) і наадварот — пад уздзеяннем знешняга эл. поля ў пласцінцы ўзнікаюць дэфармацыі расцяжэння, сціскання ці зруху (адваротны ПЭЭ). П. адкрыў у 1817 франц. вучоны Р.Ж.Гаюі, даследавалі ў 1880 на крышталях кварцу браты Ж. і П. Кюры.
П. характэрна для анізатропных дыэлектрыкаў з дакладнай крышталічнай структурай, якая не мае цэнтра сіметрыі. Дыэлектрыкі, якім уласціва П., наз.п’езаэлектрыкамі. З іх найб. пашыраны: монакрышталічныя — кварц (п’езакварц), сегнетава соль, п’езакерамічныя — палярызаваныя сегнетаэлектрыкі і інш.п’езаэлектрычныя матэрыялы. ПЭЭ выяўляюцца і ў некаторых высакаомных паўправадніках, якія наз. п’езапаўправаднікамі. Эфекты пераўтварэння эл. энергіі ў пругкую мех. энергію і наадварот выкарыстоўваюць для генерацыі, стабілізацыі частаты і фільтрацыі эл. сігналаў, выпрамянення і прыёму акустычных хваль у розных п’езаэлектронных, акустаэлектронных і інш. прыстасаваннях.
Літ.:
Рез И.С., Поплавко Ю.М. Диэлектрики: Основные свойства и применения в электронике. М., 1989;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАСВЕ́ТАЎ Іван Сямёнавіч, пісьменнік-публіцыст ВКЛ і Русі, ідэолаг дваранства сярэдзіны 16 ст. Паходзіў з бел. шляхецкага роду, гаспадарскі дваранін. У канцы 1520-х г. у складзе атрада Ф.Сапегі на службе ў венг. караля Яна Запальі, потым у чэш. караля Фердынанда I. З сярэдзіны 1530-х г. у ВКЛ. У канцы 1538 ці пач. 1539 пераехаў у Маскву. У 1549 перадаў Івану IV Грознаму свае творы: «Казанне пра кнігі», «Казанне пра Магмет-Салтана», «Першае прадказанне філосафаў і дактароў», «Казанне пра цара Канстанціна» і інш. (захаваліся ў складзе 2 рукапісных зборнікаў 17 ст.). Выступаў супраць баярства, за задавальненне асн. патрабаванняў «воиников» (дваран). Лічыў неабходным стварэнне пастаяннага войска стральцоў колькасцю 300 тыс.чал. Заклікаў цара да стварэння «судовых кніг», наступальнай палітыкі ў адносінах да Казанскага ханства. Яго праграма дзярж. рэформ у асноўным супадала з палітыкай Выбранай рады. Асуджаў халопства, усякае «закабаленне» і занявольванне людзей, выступаў за агульную роўнасць. Ставіў праўду вышэй за веру. Верагодна, з-за сваіх поглядаў у сярэдзіне 16 ст. стаў ахвярай рэпрэсій. Яго творы напісаны простай мовай, пазбаўленай царкоўнаславянізмаў, блізкай да фальклору.
Тв.:
Соч.М.; Л., 1956.
Літ.:
Замалеев АФ. Философская мысль в средневековой Руси (XI—XVI вв.). Л., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАСЛА́ЎЛЬ-ЗАЛЕ́СКІ,
горад, раённы цэнтр у Яраслаўскай вобл., на воз. Пляшчэева, у вусці р. Трубеж. Засн. ў 1152. Нас. 44,8 тыс.ж. (1996). Чыг. станцыя. Прам-сць: хім. (вытв-сць магнітнай стужкі, фотапаперы), харч., лёгкая. Аўтаматорны і цагельны з-ды, мэблевая ф-ка.
У цэнтры горада захаваліся земляныя валы стараж. ўмацавання, 4-стаўповы 1-купальны Спаса-Праабражэнскі сабор (1152—60), шатровая царква Пятра Мітрапаліта на Гасударавым двары (1585), барочныя 5-купальныя цэрквы Уладзімірская (1745) і Аляксандра Неўскага (1746), класіцыстычныя асабняк Цямерыных (2-я пал. 18 ст.), мемар. сядзіба «Боцік» (1803) з абеліскам у гонар Пятра I і будынкам музея. Ансамблі манастыроў: Троіца-Данілаў (16—18 ст.; сабор 1530—32, размалёўкі 17 ст.), Нікіцкі (16—19 ст., сабор 1561—64, галерэі 17 ст.), Фёдараўскі (16—19 ст.; сабор 16 ст.), Горыцкі (17—18 ст.; праезныя Святыя вароты 17 ст.). Помнік Аляксандру Неўскаму (1958, скульпт. С.Арлоў, арх. Л.Капіца). Гіст.-мастацкі музей. Каля П.-З. — Шаляпінка, сядзіба Ф.І.Шаляпіна. Турызм.
Літ.:
Иванов К.И., Пуришев И.Б. Переславль-Залесский: Путеводитель по городу и окрестностям. Ярославль, 1986;
Переславль-Залесский: Путеводитель по ист. и архит. памятникам. М., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРГА́М (грэч. Pergamos),
старажытны горад у М. Азіі (цяпер г. Бергама, Турцыя). У 283—133 да н.э. сталіца Пергамскага царства. Пры цару Атале I стаў культ. цэнтрам М. Азіі, тут была буйнейшая (пасля Александрыйскай) б-ка (200 тыс. скруткаў). Каля 180 да н.э. ў П. ўпершыню пачалі выкарыстоўваць пергамент замест папірусу. Горад быў вядомы сваёй мед. школай. У 133 да н.э. падпарадкаваны Рыму. У 713 да н.э. разбураны арабамі. Адбудаваны візантыйцамі, але страціў былое значэнне. З 1330 пад уладай Турцыі.
Эліністычны горад быў абнесены магутнымі сценамі з т.зв. варотамі Эўмена. Размяшчаўся тэрасамі на гары, вяршыню якой займаў акропаль. Сярод помнікаў акропаля: свяцілішча Афіны Нікефоры (4—3 ст. да н.э.) з храмам і будынкам б-кі, руіны т-ра (2 ст. да н.э.), фундаменты Вял. алтара Зеўса (каля 181—159 да н.э.; рэканструкцыя і ант. скульптура ў Ант. зборы, Берлін), сцены якога былі аздоблены вялікім (сцэны барацьбы багоў з гігантамі) і малым (міф пра Тэлефа) мармуровымі рэльефнымі фрызамі.
Літ.:
Белов Г.Д. Алтарь Зевса в Пергаме. Л., 1957.
Я.Ф.Шунейка (архітэктура).
Пергам. Руіны тэатра. 2 ст. да н.э.Пергам. Вялікі алтар Зеўса. Рэканструкцыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРНІКА́РСТВА,
выраб фігурных пернікаў; від народных мастацкіх промыслаў. Пернікі здаўна адыгрывалі значную ролю на вяселлі, хрэсьбінах, памінках і інш. абрадах многіх народаў. На Беларусі ў 16—18 ст. П. пераважала ў гарадах і мястэчках (Дуброўна, Копысь, Мінск, Орша, магчыма, Смаргонь), у 19 ст. пашырана і ў вёсках. Прадукцыю збывалі на мясц. рынках і кірмашах. Пернікі выраблялі з мукі вышэйшага гатунку, у цеста дадавалі харч. фарбавальнікі, мёд, прыправы. Фармавалі іх у выглядзе розных фігур антрапаморфнага, зааморфнага, геам. характару (лялька, певень, конь, казёл, рыба, сэрца, ромб і інш.). Трактоўка фігур моцна стылізаваная, абагульненая; выбар сюжэтаў адлюстроўваў іх стараж. сімвалічны сэнс. Існавалі розныя тэхнікі фармоўкі вырабаў: узор атрымлівалі з дапамогаю спец. драўлянай дошкі, на якой выразалася адпаведная фігура, выціскалі бляшанымі штампамі з плоска раскачанага кавалка цеста, фармавалі ўручную. Пасля выпечкі пернікі аздаблялі каляровымі крэмамі, харч. фарбавальнікамі, глазуравалі расплаўленым цукрам. У сярэдзіне 20 ст. промысел заняпаў. У наш час фігурныя пернікі з аздабленнем выпускаюць прадпрыемствы харч. прам-сці.
Літ.:
Нікольскі Н.М. Жывёлы ў звычаях, абрадах і вераньнях беларускага сялянства. Мн., 1933;
Сахута Я. Абрадавая пластыка // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1982. №2.