ДАРО́ЖКА,

снасць для лоўлі драпежнай рыбы. Прадаўгаватая металічная пласціна з кручком або якарком на канцы, прымацаваная да доўгага шнура, што цягнуць за чаўном ці лодкай. Кручок (якарок) маскіруюць чырвонымі ніткамі ці тканінай. Шнур намотваюць на спец. калаўроцік (матавільца) або дошчачку. Д. вядома на Беларусі са старажытнасці, у наш час выкарыстоўваецца рыбаловамі-аматарамі.

І.М.Браім.

т. 6, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАЛЕ́ННЕ,

аперацыя падрыхтоўкі шкуры да дублення ў гарбарнай вытв-сці. Робяць воднымі суспензіямі гашанай вапны з сульфатам натрыю (радзей з інш. рэчывамі) у спец. апаратах (тыпу бетоназмяшальнікаў). У выніку З. раствараюцца волас і эпідэрміс ці аслабляецца іх сувязь з дэрмай, што дазваляе без пашкоджанняў ачысціць шкуру ад воласу. У выніку З. атрымліваюць паўфабрыкат — галлё.

т. 6, с. 512

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́СА (італьян. cassa ад лац. capsa ёмішча, скрыня),

1) грашовая наяўнасць прадпрыемства, арг-цыі, установы.

2) Рахунак бухгалтарскага ўліку, на якім адлюстроўваецца рух грашовых сродкаў.

3) Падраздзяленне банкаў, некаторых прадпрыемстваў і арг-цый, якія ажыццяўляюць аперацыі з наяўнымі грашамі і інш. каштоўнасцямі.

4) Крэдытныя ўстановы.

5) Спец. памяшканне для прыёму, захавання і выдачы грошай.

т. 8, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСТРАМІ́ЦКІ (Сяргей Міхайлавіч) (н. 26.11.1954, г. Харкаў, Украіна),

бел. вучоны ў галіне радыёлакацыі. Д-р тэхн. н., праф. (1993). Скончыў Мінскае вышэйшае інж. зенітнае ракетнае вучылішча ППА (1977), дзе і працаваў з 1979. З 1995 у Ваеннай акадэміі Беларусі. Навук. працы па антэнных сістэмах з апрацоўкай сігналаў, антэнных сістэмах радыёлакатараў спец. прызначэння, агульнай радыёлакацыі.

т. 8, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІСЦЕ́НЬ,

старажытная ўдарна-драбільная зброя. Складаўся з кароткай драўлянай ручкі, да аднаго канца якой на ланцугу ці рамяні падвешваўся цяжкі груз (камень, гіра, спец. шматгранная метал. адліўка), а да другога мацавалася пятля для надзявання на кісць рукі (адсюль назва). Быў пашыраны ў Стараж. Русі і многіх краінах Усходу.

Кісцень (1) і клявец (2).

т. 8, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЭ́ПАВЫЯ ТКАНІ́НЫ, крэп,

група тканін з дробнай шурпатасцю на паверхні. Вырабляюць з нітак вялікай (крэпавай) круткі палатняным, дробнаўзорыстым ці спец. (крэпавымі) перапляценнямі. Найб. пашыраны шаўковыя К.т. — крэпдэшын, крэп-шыфон, крэп-жаржэт, крэп-сацін. Бываюць таксама шарсцяныя, баваўняныя, са штучных і сінт. нітак. Крэп добра драпіруецца і мала змінаецца. Выкарыстоўваюць для шыцця жаночых сукенак і касцюмаў.

т. 8, с. 540

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕХАНІЗАВА́НЫЯ ВО́ЙСКІ,

войскі, якія складаюцца з механізаваных злучэнняў і часцей. Ва Узбр. Сілах СССР (1930—50) у склад М.в. уваходзілі матарызаваныя, мотастралк., танк., артыл., зенітна-артыл. злучэнні і часці, падраздзяленні спец. войск. Механізаваныя злучэнні, якія існуюць ва Узбр. Сілах Рэспублікі Беларусь, уключаюць мотастралк., танк. і інш. падраздзяленні (часці). Гл. таксама Мотастралковыя войскі, Танкавыя войскі.

т. 10, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ ЗАВО́Д «СПЕЦАЎТАМА́ТЫКА».

Засн. ў 1975 у Мінску. З 1996 адкрытае акц. т-ва. Асн. прадукцыя (1999): тэхн. сродкі пажарна-ахоўнай сігналізацыі, спец. тэхнал. аснастка (штампы, прэс-формы і інш.), тавары нар. ўжытку (помпы ручныя, эл. званкі і шчыткі і інш.). Выконвае работы па праектаванні, мантажу, наладцы, тэхн. абслугоўванні пажарна-ахоўнай сігналізацыі; грузаперавозкі.

т. 10, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАДЗВЫЧА́ЙНЫ БЮДЖЭ́Т,

зацверджаны ў заканадаўчым парадку каштарыс (роспіс) утварэння (даходаў) і выкарыстання (расходаў) грашовых сродкаў дзяржавы, што зацвярджаецца дадаткова да нармальнага бюджэту дзяржаўнага на пэўны час у выніку асаблівых акалічнасцей. Ва ўмовах глабальных крызісаў можа мець пастаянны характар. У некаторых краінах прымаецца ў выглядзе дадатковага бюджэту, а таксама спец. паступленняў (надзвычайных падаткаў) і расходаў.

У.Р.Залатагораў.

т. 11, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПАЛЁТ»,

савецкі ШСЗ для вывучэння касм. прасторы і манеўравання ў космасе. Абсталяваны спец. апаратурай і сістэмай рухальных установак, якія забяспечвалі змену вышыні і плоскасці арбіты ў палёце. На борце ШСЗ былі таксама ўстаноўлены: навук. апаратура, тэлеметрычная сістэма, радыёперадавальныя прыстасаванні. «П.—1» — першы манеўравальны ШСЗ; запушчаны 1.11.1963. У 1963—64 запушчаны 2 «П.».

т. 11, с. 554

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)