НО́ВЫ ДВОР,

вёска ў Пінскім р-не Брэсцкай вобл., на зах. беразе вадасх. Пагост. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 30 км на ПнУ ад г. Пінск, 210 км ад Брэста, 18 км ад чыг. ст. Парахонск. 1063 ж., 412 двароў (2000). Базавая школа, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Свята-Успенская царква, капліца, малітоўныя дамы хрысціян веры евангельскай і абшчыны адвентыстаў сёмага дня. Каля вёскі стаянкі эпохі мезаліту (9—5-е тыс. да н.э.) і неаліту (3-е тыс. да н.э.).

т. 11, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЬЮ-ХЕ́ЙВЕН (New Haven),

горад на ПнУ ЗША, у штаце Канектыкут. Засн. ў 1638. 124,7 тыс. ж., з гарадамі Мерыдэн, Уэст-Хейвен і агульнымі прыгарадамі каля 550 тыс. ж. (1997). Порт у праліве Лонг-Айленд. Прамысл., гандл.-фін. і культ. цэнтр Новай Англіі. Прам-сць: вытв-сць авіяц. рухавікоў, дэталей і вузлоў, стралковай зброі, рэнтгенаўскай апаратуры і мед. інструменту, гадзіннікаў, станкоў і прамысл. абсталявання, сродкаў сувязі, чорная і каляровая металургія, металаапр., хім., гумавая, паліграфічная. Ун-ты, у т. л. Іельскі універсітэт. Музеі. Маст. галерэя Іельскага ун-та. Гар. і універсітэцкія будынкі 17—19 ст.

т. 11, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯПАРНАКАПЫ́ТНЫЯ, няпарнапальцыя (Perissodactyla),

атрад расліннаедных млекакормячых. Вядомы з эацэну (каля 60 млн. г. назад). 9 выкапнёвых і 3 сучасныя сям.: коневыя, насарогавыя, тапіравыя. 6 родаў, 16 відаў. Дзікія віды пашыраны ў Азіі, Афрыцы, Паўд. Амерыцы, свойскія (коневыя) — на ўсёй сушы. Жывуць у розных ландшафтах, паасобна або невял. статкамі. 12 відаў і 4 падвіды занесены ў Чырв. кнігу МСАП.

Даўж. 1,8—5 м, маса ад 180 кг да 5 т. На нагах 1 або 3 пальцы (на пярэдніх зрэдку 4). Найб. развіты 3-і, сярэдні, палец, які заканчваецца капытом. Палігамы. Нараджаюць звычайна 1 дзіцяня.

Э.​Р.​Самусенка.

т. 11, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О’КО́НЕЛ ((O’Connell) Даніэл) (6.8.1775, каля Карсівіна, Ірландыя — 15.5.1847),

дзеяч ірл. нац.-вызв. руху. Адвакат. У 1823 заснаваў ірл. «Каталіцкую асацыяцыю», якая дамаглася прыняцця брыт. парламентам (1829) біля аб «эмансіпацыі католікаў» (наданне ірл. католікам паліт. правоў, у т. л. пасіўнага выбарчага права). З 1828 дэп. палаты абшчын брыт. парламента, дзе ўзначальваў «ірл. брыгаду» (фракцыю дэпутатаў-ірландцаў). З 1832 выступаў за «рыпіл» (разрыў) англа-ірландскай уніі 1801, для прапаганды чаго заснаваў Асацыяцыю рыпілераў (1840). З 1842 лорд-мэр Дубліна. У 1844 асуджаны брыт. ўладамі на 6 месяцаў турмы за ўдзел у змове «супраць англ. каралевы» і «за заклік да мяцяжу».

т. 11, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ГУАШСКІ РУХ,

міжнародны рух вучоных за мір, ядз. раззбраенне і навук. супрацоўніцтва ўсіх краін. Каля яго вытокаў стаялі вядомыя вучоныя, у т. л. А.Эйнштэйн, Ф.Жаліо-Кюры, Б.Расел і інш., якія ў 1955-заклікалі вучоных усіх краін выступіць супраць выкарыстання ядз. энергіі ў ваен. мэтах. У ліп. 1957 у канадскім г. Пагуаш (адсюль назва) адбылася 1-я Пагуашская канферэнцыя. Тады ж быў утвораны пастаянны Пагуашскі к-т са штаб-кватэрай у Лондане. З таго часу рэгулярна праводзяцца канферэнцыі П.р., на якіх абмяркоўваюцца пытанні захавання міру і ролі ў гэтым вучоных. Нобелеўская прэмія міру 1995 (разам з Дж.Ротблатам).

т. 11, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДАЛІ́РЫЙ (Iphiclides podalirius, або Papilio podalirius),

дзённы матыль сям. паруснікаў. Пашыраны ў Еўропе, Азіі, Паўн. Афрыцы. Трапляецца на лясных палянах, у зарасніках цёрну. На Беларусі вельмі рэдкі (адзначаны ў Брэсцкай, Гродзенскай і Магілёўскай абл.). Занесены ў Чырв. кнігу.

Размах крылаў да 8 см. Афарбоўка бледна-жоўтая, на пярэдніх чорныя клінападобныя палосы, заднія з чорна-блакітнай аблямоўкай. Каля асновы задніх крылаў пляма, на канцы хвосцікі даўж. да 20 мм. Дарослыя кормяцца нектарам кветак, вусені — лісцем цёрну, вішні і інш. раслін, пераважна з сям. ружавых. 1—2 пакаленні за год.

Падалірый: 1 — імага; 2 — вусень; 3 — кукалка.

т. 11, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПАДСЕ́ЧКА»,

бел. нар. гульня. На прасторнай пляцоўцы збіраюцца 8—15 чал. і выбіраюць вядучага — «рыбака», які прысядае і кладзе перад сабой мячык. Астатнія становяцца паўкругам каля мяча. «Рыбак» гаворыць некалькі разоў: «Клюе...» — і нечакана называе імя аднаго з гульцоў. Усе уцякаюць, а той, каго ён назваў, павінен схапіць мяч і кінуць у каго-небудзь з гульцоў, калі пападзе («падсячэ»), той выбывае з гульні, а калі не — выбывае з гульні сам. Апошні гулец падкідае мяч уверх і ўцякае. «Рыбак» імкнецца злавіць мяч і пацэліць ім у гульца, які ўцякае. Калі пападзе, то «рыбаком» становіцца апошні «непадсечаны» гулец.

Я.​Р.​Вількін.

т. 11, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЖЫ́ХАРСКАЕ РАДО́ВІШЧА НА́ФТЫ.

У Светлагорскім р-не Гомельскай вобл., каля в. Пажыхар. Размешчана ў Прыпяцкім нафтагазаносным басейне. Адкрыта ў 1987, распрацоўваецца з 1990. Паклады нафты пл. 3,3 км² прымеркаваны да верхнедэвонскіх міжсалявых адкладаў паўн. ч. Прыпяцкага прагіну ў межах цэнтр. ч. Рэчыцка-Вішанскай зоны падняццяў. Глыб. залягання нафтаноснага пакладу 2725—2820 м. Пароды-калектары трэшчынаватыя порава-кавернозныя вапнякі і даламіты. Нафта лёгкая, малавязкая, маласярністая, смалістая, парафіністая, з вял. колькасцю светлых фракцый (40—45%) і газанасычанасцю спадарожным газам (129—135 м³/т). Разведаныя запасы 1244 тыс. т, перспектыўныя 710 тыс. т.

А.​П.​Шчураў.

т. 11, с. 515

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛАНЕ́ЙЧЫК (Апанас Кузьміч) (1900, в. Радуцічы Асіповіцкага р-на Магілёўскай вобл. — 1921),

удзельнік партыз. руху на Беларусі ў час польскай інтэрвенцыі. З 1919 вёў падп. работу ў Слуцкім і Бабруйскім пав. Вясной 1920 у раёне Старых Дарог арганізаваў некалькі партыз. атрадаў, якія разбурылі чыг. ст. Дараганава, мост цераз Пціч, пусцілі пад адхон варожы эшалон, перадавалі камандаванню Чырв. Арміі звесткі разведкі, вялі агітац. работу сярод сялян. У чэрв. 1920 партыз. атрад П. разам з Чырв. Арміяй удзельнічаў у фарсіраванні Бярэзіны каля мяст. Ялізава і вызваленні Асіповіч. З ліп. 1920 на парт. рабоце. Забіты бандытамі.

т. 11, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛТА́ВА,

горад, цэнтр Палтаўскай вобл. на Украіне, на р. Ворскла (левы прыток р. Дняпро). Упершыню ўпамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1174 як «Лтава» (назва да 1430). 320 тыс. ж. (1991). Чыг. вузел, аэрапорт. Прам-сць: маш.-буд. (з-ды аўтаагрэгатны, турбамех., «Хіммаш», газаразрадных лямпаў, штучных алмазаў і алмазнага абсталявання, мед. шкла, фарфоравы і інш.), лёгкая (баваўняная, трыкат., абутковая і інш.), харч., ф-ка муз. інструментаў. 5 ВНУ. 2 тэатры. Музеі: маст., краязн., музей-запаведнік «Поле Палтаўскай бітвы», літ.-мемар. І.​П.​Катлярэўскага, Панаса Мірнага, У.​Г.​Караленкі. Каля П. адбылася Палтаўская бітва 1709.

т. 12, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)