ГАЛАГЕ́НЫ,

галоіды, хімічныя элементы галоўнай падгрупы VII групы перыядычнай сістэмы: фтор F, хлор Cl, бром Br, ёд І і астат At. У прыродзе трапляюцца толькі ў злучэннях (акрамя At).

Малекула галагенаў двухатамная. У звычайных умовах фтор і хлор — газы, бром — вадкасць, ёд і астат — цвёрдыя рэчывы. З павелічэннем ат. масы (ад F да At) павышаюцца т-ры плаўлення і кіпення. Галагены маюць найб. сярод усіх хім. элементаў роднасць да электрона, фтор самы электраадмоўны элемент. Моцныя акісляльнікі, непасрэдна рэагуюць з большасцю хім. элементаў. Рэакцыйная здольнасць у радзе F—Cl—Br—I памяншаецца. З вадародам галагены ўтвараюць галагенавадароды, з металамі і неметаламі — галагеніды, з кіслародам — аксіды (фтор — фтарыды кіслароду). Усе ядавітыя і маюць бактэрыцыдныя ўласцівасці.

І.В.Боднар.

т. 4, с. 446

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛЮЦЫНАГЕ́НЫ (ад галюцынацыі + ...ген(ы)], псіхатаміметыкі, дызлептыкі, прыродныя і сінт. рэчывы, здольныя выклікаць у людзей разнастайныя псіхічныя парушэнні, у т. л. галюцынацыі. Паводле хім. будовы падзяляюцца на вытворныя фенілэтыламіну (адрэнахром, адрэналюцін, мескалін); вытворныя крыптаміну (дыэтыламід лізергінавай кіслаты, псілацыбін, буфатэнін); вытворныя дыбензіпірану (канаблоіды, або гашыш, — прэпараты з індыйскіх канапель); інш. хім. рэчывы (серніл і інш.). Прыродныя галюцынагены маюць расліннае паходжанне. Іх здабываюць з некаторых мекс. грыбоў і спарынні, кактусаў, канапель, каранёў магільніку, саломкі і каробачак маку і інш.; шэраг такіх алкалоідаў належыць да наркатычных сродкаў. Найб. вывучана дзеянне мескаліну і дыэтыламіду лізергінавай кіслаты (выклікаюць выразныя псіхічныя парушэнні са зрокавымі галюцынацыямі). На Беларусі лек. і навук. выкарыстанне галюцынагенаў забаронена.

Ф.М.Гайдук.

т. 5, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРА́Д

(Arad),

горад на З Румыніі. Адм. ц. жудэца Арад. 191 тыс. ж. (1989). На р. Мурэш. Трансп. вузел. Машынабудаванне (вагона- і станкабудаванне), хім. (вытв-сць азотных угнаенняў), дрэваапр., тэкст., швейная, гарбарна-абутковая, харч. прам-сць. У час рэвалюцыі 1848—49 у Арадзе часова знаходзіўся ўрад Л.Кошута.

т. 1, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЧАКО́ВА Людміла Іванаўна

(н. 8.9.1936, Мінск),

бел. эмбрыёлаг і гістолаг. Д-р біял. н. (1993). Скончыла Мінскі мед. ін-т (1959). З 1959 у Ін-це фізіялогіі АН Беларусі. Навук. працы па структуры і хім. прыродзе цэнтр. і перыферычных кампанентаў вегетатыўнай нерв. сістэмы, рэцэпторных апаратах сімпатычных гангліяў.

т. 1, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АКСІДЭ́НТАЛ ПЕТРО́ЛЕУМ»

(Occidental Petroleum),

прамысловая манаполія ЗША. Засн. ў 1920. Дзейнічае ў нафтагазавай, харчасмакавай, хім., вугальнай і інш. галінах прам-сці. Здабывае нафту і газ у ЗША, Канадзе, брытанскім сектары Паўн. м., Перу, Балівіі і інш., праводзіць геолагаразведачныя работы на нафту і газ у 32 краінах (1985).

т. 1, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНЖЭ́РА-СУ́ДЖАНСК,

горад у Расіі, у Кемераўскай вобл. Засн. ў 1897. 104,8 тыс. ж. (1994). Чыг. станцыя (Анжэрская). Цэнтр вугальнай прам-сці Кузбаса. Машынабудаванне і металаапрацоўка (буд. машыны, горназдабыўное абсталяванне, трактарныя агрэгаты і інш.); хім.-фармацэўтычная, лёгкая, харч. прам-сць; вытв-сць буд. матэрыялаў (жалезабетонныя вырабы, шкло).

т. 1, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАДАЁМ,

натуральнае (возера) або штучнае (вадасховішча, сажалка, копанка) паглыбленне зямной паверхні, запоўненае бяссцёкавымі або з запаволеным сцёкам водамі. Бываюць пастаянныя або часовыя. Паводле хім. саставу і колькасці раствораных у вадзе соляў падзяляюцца на прэсныя і салёныя. У шырокім сэнсе пад вадаёмам разумеюць мора, акіян. Вывучае вадаёмы гідралогія.

т. 3, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́РГАМА

(Bergamo),

горад на Пн Італіі, каля падножжа Бергамскіх Альпаў. Адм. ц. правінцыі Бергама. 118 тыс. ж. (1990). Эл.-металургія; эл.-тэхн., хім., цэм., паліграф., тэкст., швейная, мэблевая прам-сць. Турызм. Ун-т. Арх. помнікі 12—18 ст. Акадэмія Карара з карціннай галерэяй. Музей кампазітара Г.Даніцэці.

т. 3, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУЗЭ́Ў

(Bužau),

горад на ПдУ Румыніі. Адм. ц. жудэца Бузэў. 145 тыс. ж. (1989). Вузел чыгунак, аўтадарог і нафтаправодаў. Нафтаперапрацоўка. Машынабудаванне (у т. л. с.-г.; вытв-сць чыгуначнага і прамысл. абсталявання), металаапрацоўка; хім., мэблевая, швейная, харч., шкларобная прам-сць. Арх. помнікі 16—19 ст. Музеі.

т. 3, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫСО́ЛЬВАННЕ,

тэхналагічны працэс выдзялення рэчыва з яго раствору шляхам прыбаўлення іншага рэчыва (найчасцей солі) з большай растваральнасцю. Пры высольванні рэчыва, якое высольваецца, утварае новую вадкую ці газавую фазу або цвёрды асадак. Выкарыстоўваюць у хім. тэхналогіі для вылучэння каштоўных рэчываў, у вытв-сці мыла, фарбавальнікаў і інш.

т. 4, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)