ЗЕ́МШЧЫНА,
частка тэр. Рус. дзяржавы, вылучаная Іванам IV Васілевічам у сувязі з апрычнінай. Цэнтр — Масква. Мела асобнае кіраванне (Баярскую думу, мясц. прыказы), войскі. У З. ўваходзілі пераважна ўскраінныя землі: пермскія, вяцкія, парубежныя і северскія гарады, Сярэдняе Паволжа, раёны Старадуба і Абаленска, вобласці Ноўгарада і Пскова, Разань, Вял. Лукі, Цвер, Уладзімір, часткова Масква. Пасля рэарганізацыі апрычніны (1572) З. і апрычныя землі паступова зліліся.
т. 7, с. 61
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́НЕЙ,
тонкі слой ледзяных крышталёў, якія ўтвараюцца на глебе, траве і наземных прадметах у халодныя, ясныя і ціхія ночы. Узнікае пры ахаладжэнні зямной паверхні ў выніку цеплавога выпрамянення ніжэй за 0 °C і сублімацыі вадзяной пары на паверхні прадметаў. І. адрозніваюць ад шэрані, якая ўтвараецца пры тумане, у мароз. На тэр. Беларусі І. назіраецца з вер. да мая, ад 50 да 80 сутак.
т. 7, с. 257
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЙЕ́ЛАЎСТАН (Yellowstone),
рака на ПнЗ ЗША, правы прыток р. Місуры. Даўж. каля 1200 км, пл. бас. 182,3 тыс. км² Пачынаецца ў Скалістых гарах, верхняе цячэнне на тэр. Йелаўстонскага нацыянальнага парку, дзе ўтварае глыбокія каньёны і вадаспады, у сярэднім і ніжнім цячэнні — раўнінная рака. Жыўленне снегавое і дажджавое, вясенне-летнія паводкі. Сярэдні гадавы расход вады 365 м³/с. Выкарыстоўваецца для арашэння.
т. 7, с. 372
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КАЗА́»,
«Козачка», «Казёл», бел. нар. танец. Муз. памер 2/4. Тэмп умерана хуткі. Верагодна, мае вытокі ў стараж. абрадавым хаджэнні з «казою» на каляды. У аснове харэаграфічнага малюнка — імітацыя розных рухаў і звычак коз (тупат, скачкі і інш.). Бытуе ў мностве варыянтаў амаль на ўсёй тэр. Беларусі. Некат. варыянты маюць элементы гумарыстычнага ігравога дзеяння, акрабатыкі. Выконваецца пад прыпеўкі.
Ю.М.Чурко.
т. 7, с. 411
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗЬЯ́НКАЎСКІ СКАРБ,
манетны скарб, знойдзены ў 1973 каля в. Казьянкі Полацкага р-на Віцебскай вобл. Адзін з буйнейшых грашовых дэпазітаў 10 ст., выяўленых на тэр. Усх. Еўропы. Ухаваны ў 940-я г. У бяросту загорнуты куфіцкія дырхемы Арабскага халіфата, якіх захавалася 7588 манет эміраў Саманідаў, Сафарыдаў, халіфаў Абасідаў, волжскай Балгарыі, імітацыі дырхемаў Абасідаў і Саманідаў. Зберагаецца ў Полацкім краязн. музеі.
т. 7, с. 436
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛІ́Н (Kallinos),
старажытнагрэчаскі паэт 1-й пал. 7 ст. да н.э.; заснавальнік элегіі. Нарадзіўся ў г. Эфес (тэр. сучаснай Турцыі). У час уварвання ў М. Азію кімерыйцаў звярнуўся да жыхароў Эфеса з элегіямі, у якіх заклікаў устаць на абарону горада. Зберагліся 4 фрагменты «Ваяўнічай элегіі» (самы вялікі — 21 верш). Аўтар гімна Зеўсу, вершаў на сюжэты нар. паданняў траянскага міфалагічнага цыкла.
т. 7, с. 466
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЕ́ННЫЯ МО́ГІЛЬНІКІ,
археалагічныя помнікі 11—17 ст., адметныя наяўнасцю каменных муровак над магіламі і каменных вымастак (да пач. 13 ст., знак пакланення Перуну). Належаць яцвягам. Асн. колькасць К.м. знаходзіцца на тэр. Гродзенскай вобл. Звычайна налічваюць 60—80 пахаванняў, характэрны сямейны прынцып. Пахавальны абрад — трупапалажэнне ў яме, трапляюцца трупаспаленні. З 16 ст. на камянях у галавах выбівалі крыжы, часам у спалучэнні з салярнымі знакамі.
т. 7, с. 516
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНА́ЛЫ МІЖНАРО́ДНЫЯ (у міжнар. праве),
штучныя марскія шляхі, якія звязваюць марскія прасторы і выкарыстоўваюцца для міжнар. суднаходства. Знаходзяцца пад суверэнітэтам той дзяржавы, на тэрыторыі якой размешчаны. Рэжым плавання праз К.м. рэгулюецца міжнар. пагадненнямі (напр., Панамскі, Суэцкі каналы) або толькі ўнутр. правам тэр. суверэна (Кільскі канал). Аднак ва ўсіх выпадках прававы рэжым канала, які прызнаны ў якасці міжнароднага, павінен улічваць інтарэсы міжнар. суднаходства.
т. 7, с. 569
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНТЫНЕНТА́ЛЬНЫ КЛІ́МАТ,
клімат, уласцівы ўнутр. раёнам мацерыкоў, у якіх пераважаюць кантынентальныя паветраныя масы; зрэдку можа адзначацца ў прыбярэжных частках акіянаў. Характарызуецца значнымі гадавымі і сутачнымі ваганнямі т-ры паветра, памяншэннем вільготнасці, воблачнасці і ападкаў, большай запыленасцю атмасферы ў параўнанні з марскім кліматам. У залежнасці ад далёкасці ад мора бывае ўмерана кантынентальны, кантынентальны і рэзка кантынентальны. На тэр. Беларусі клімат умерана кантынентальны.
т. 8, с. 7
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕНАТА́Ф (ад грэч. kenotaphos пустая магіла),
магіла без пахавання. К. рабілі многія народы свету (Стараж. Грэцыі, Рыма, Егіпта, Сярэдняй Азіі і інш.) у тым выпадку, калі нябожчыка (напр., памерлага на чужыне) нельга было пахаваць. Гэты звычай быў звязаны з уяўленнем, што душы памерлых, якія не маюць магіл, не знаходзяць супакаення. К. трапляюцца пры раскопках стараж. могільнікаў, у т. л. курганаў на тэр. Беларусі.
т. 8, с. 227
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)