перабале́ць, ‑ліць; зак.

Перанесці, зазнаць моцны боль. Пакуль збярэш [ураджай] — колькі мук вынесеш, колькі сэрца тваё перабаліць. Гартны. // Перастаць балець; супакоіцца, адбалець. [Пятро Сцяпанавіч:] — Усё гэта пройдзе, уляжацца, перабаліць. Палтаран. / у безас. ужыв. І бацька з цягам часу стаў адносіцца да мяне, як да таго адрэзанага пальца: адцяў, выкінуў, перабалела, і ўсё. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пераначава́ць, ‑чую, ‑чуеш, ‑чуе; зак.

Застацца дзе‑н. на начлег; правесці дзе‑н. ноч. Пераначаваць у лесе. □ — Ці нельга ў вас пераначаваць падарожнаму чалавеку? — запытаў жабрак і дадаў: — Вечар блізка, а вёскі нідзе не відаць... С. Александровіч. Маленькі балоты астравок, на якім мы збіраліся толькі пераначаваць, стаў нашым часовым лагерам. Казлоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перасвіста́ць, ‑свішчу, ‑свішчаш, ‑свішча; зак., каго-што.

Разм. Узяць верх над кім‑, чым‑н. у свісце. Выскачыў Свістун з балота і кажа Івану: — Хто каго перасвішча, таго і грошы. Якімовіч. Заганарыўся ён [Салавей], Адзіным стаў лічыць сябе на свеце, Спяваў, гуляў, І не прыкмеціў, Як нейкі там Жаўрук яго перасвістаў. Корбан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

расша́ркацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

1. Раскланяцца, шаркаючы нагой. Ён падышоў да яе, расшаркаўся, як самы далікатны кавалер, і стаў мармытаць кампліменты. Крапіва. [Максім:] — А перад Эмай, бач, як расшаркаўся і ручку пацалаваў, па прыкладу сваіх польскіх калег. Машара.

2. перан. Выказаць залішне пачціва-ветлівыя адносіны да каго‑н. Расшаркацца перад начальствам.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спахмурне́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Які зрабіўся хмурным, змрочным (пра з’явы прыроды). Я сядзеў ля адчыненага акна і з надзеяй пазіраў на спахмурнелае неба: хоць бы адзін прасвет. Шыловіч.

2. Які стаў панурым, сумным (пра чалавека). Спахмурнелы Турсевіч сядзеў і слухаў. Колас. Па раптам спахмурнелым.. [Алесевым] твары Нікіфаровіч здагадаўся, што нешта нядобра. Броўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сплю́шчаны 1, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад сплюшчыць ​1.

сплю́шчаны 2, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад сплюшчыць ​2.

2. у знач. прым. Які стаў пляскатым ад ціску, удару і пад. Дзе сосны — дзён яшчэ нядаўніх сведкі? Акопы... Дрот калючы... Сплюшчаная каска. Шушкевіч. // Прыплюснуты; пляскатай формы. Сплюшчаны нос.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цясля́рны, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і цяслярскі. Арцём, адпачыўшы, бярэцца за работу. Аполак у яго ўжо гатовы. Плоскім цяслярным алоўкам ён размячае яго на кавалкі. Ракітны. Потым жа, калі завялі пчол у калгасе, Тодар стаў пчалаводам, а Грысь хоць заўжды і дапамагаў яму ва ўсім, больш займаўся цяслярнай справай. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чадзі́ць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; незак.

1. Куродымець, курэць, вылучаць пры гарэнні чад (у 2 знач.). Чадзіў ліхтар «лятучая мыш», было душна, смярдзела прэлымі анучамі. Шамякін. Лямпы чадзілі, і шкло на абедзвюх было закуранае. Арабей.

2. Напускаць чаду куды‑н., дыміць чым‑н. [Васіль] дастаў цыгарэту, але не стаў чадзіць у вагоне. Гроднеў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ВІЗАНЦІНАЗНА́ЎСТВА, візанціністыка,

галіна гістарыяграфіі сярэдніх вякоў; комплекс Навук. якія займаюцца вывучэннем гісторыі, права, мовы і культуры Візантыі. Як асобная галіна аформілася ў 2-й пал. 19 ст., калі ў навуцы ўсталяваўся і сам тэрмін «Візантыя». Цікавасць да Візантыі выявілася яшчэ ў раннім сярэднявеччы ў Арменіі, Грузіі, паўд.-слав. краінах і Стараж. Русі, гіст. лёсы якіх былі цесна звязаны з імперыяй. Ужо ў 10—11 ст. ў паўд. і зах. славян з’явіліся пераклады візант. хронік. У Зах. Еўропе сістэм. вывучэнне гісторыі Візантыі пачалося ў эпоху Адраджэння. У Францыі з сярэдзіны 17 да пач. 18 ст. выдадзены т.зв. Парыжскі шматтомны корпус візант. апавядальных помнікаў. Заснавальнікам навук. візанціназнаўства ў Вялікабрытаніі быў Э.​Гібан. У Германіі з 1828 стаў выходзіць т.зв. Бонскі корпус — «Збор аўтараў па візантыйскай гісторыі» (у 1897 — 50-ы том). У 1892 ням. філолаг і літаратуразнавец К.​Крумбахер заснаваў спец. час.-штогоднік «Byzantinische Zeitschrift» («Візантыйскі часопіс»), які стаў важнейшым арганізуючым цэнтрам міжнар. візанціназнаўства. У Рас. імперыі станаўленне візанціназнаўства завяршылася ў 2-й пал. 19 ст. Асн. ролю ў ім адыграў В.​Р.​Васільеўскі. Ён у 1894 заснаваў час.-штогоднік «Византийский временник», які таксама стаў арганізуючым цэнтрам міжнар. візанціназнаўства. Значны ўклад у развіццё візанціназнаўства зрабілі Ф.​І.​Успенскі, М.​А.​Скабалановіч, Б.​А.​Панчанка, К.​М.​Успенскі і інш. Вял. ролю адыгралі працы Н.​П.​Кандакова па мастацтве Візантыі. Асабліва значнага развіцця дасягнула візанціназнаўства ў перыяд паміж 1-й і 2-й сусв. войнамі і пасля 1945. Узніклі новыя навук. цэнтры і школы візанціназнаўства, у Францыі, ЗША, Аўстрыі і інш. выйшлі новыя спец. выданні [час. А.​Грэгуара, «Byzantion» («Візантыя») у Бельгіі і інш.]. Буйны цэнтр візанціназнаўства склаўся ў ЗША, у ФРГ створана філолага-крыніцазнаўчая школа Ф.​Дзёльгера, Г.​А.​Астрагорскі ў Югаславіі напісаў першы поўны курс візант. гісторыі. У СССР у 1930-я г. буйны арганізац. навук. цэнтр візанціназнаўства пад кіраўніцтвам М.​В.​Леўчанкі створаны ў Ленінградзе, а пасля вайны і ў Маскве (у Ін-це гісторыі АН СССР група візанціназнаўства пад кіраўніцтвам Я.​А.​Касмінскага). Значны ўклад у развіццё візанціназнаўства зрабілі сав. вучоныя З.​В.​Удальцова, Г.​Л.​Курбатаў, Г.​Г.​Літаўрын, В.​М.​Лазараў, В.​Дз.​Ліхачова і інш. Важнейшыя навук. цэнтры сучаснага візанціназнаўства дзейнічаюць пры ун-тах і АН Аўстрыі, Балгарыі, Вялікабрытаніі, Германіі, Грэцыі, ЗША, Італіі, Расіі, Францыі і інш. На Беларусі пытанні візанціназнаўства распрацоўваюцца ў БДУ.

Літ.:

История Византии. Т. 1—3. М., 1967;

Удальцова З.В. Советское византиноведение за 50 лет. М., 1969.

т. 4, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕЎРАЗІ́ЙСТВА,

ідэйна-палітычная і філас. плынь у рас. эміграцыі 1920—30-х г. Пачаткам руху стаў выхад зб. «Выйсце да Усходу» (Сафія, 1921) групы маладых рус. вучоных-эмігрантаў. Гіст.-філас. і геапаліт. дактрына Е., услед за ідэямі позніх славянафілаў, ва ўсім супрацьпастаўляла гіст. лёсы, задачы і інтарэсы Расіі і Захаду і трактавала Расію як «Еўразію». Асн. тэарэтыкі — М.С.Трубяцкой, Г.​В.​Флароўскі, Л.П.Карсавін, П.​М.​Савіцкі, Г.У.Вярнадскі. Мэта Е. — стварыць новую ідэалогію, здольную асэнсаваць тое, што адбылося з Расіяй пасля Кастр. рэвалюцыі 1917, і абгрунтаваць метады дзеяння «для адраджэння Айчыны» на аснове трывалага Саюза ўсходнеславянскіх народаў — рускіх, украінцаў, беларусаў. Тэрыторыю Расіі (СССР) еўразійцы разумелі як непаўторную гіст. і геагр. індывідуальнасць, адметны свет, які не належыць ні да Еўропы, ні да Азіі. Агульнаметадалагічным іх прынцыпам стаў поліцэнтрызм: Еўразія не супрацьпастаўляецца ўсяму «астатняму свету», яна — не якісьці міфічны цэнтр, што дамінуе ў свеце, а адзін з сусв. цэнтраў. Асн. ідэі Е.: самабытнасць культуры (на базе велікарускай), панаванне ідэалогіі (стрыжань — праваслаўе), агульнанац. інтарэс; канцэпцыя ўлады прадугледжвала кіруючую партыю (пераемніцу бальшавікоў) як дзярж.-ідэалаг. саюз, які не супадае з дзярж. апаратам. На 1-м этапе еўразійцы ажыццявілі шэраг плённых гіст.-культ. распрацовак, але потым Е. пачало набываць усё больш паліт. афарбоўку: левае яго крыло прызнавала заканамернасць рас. рэвалюцыі і апраўдвала бальшавізм, што выклікала пратэст другой часткі еўразійцаў. У выніку некалькіх расколаў у сярэдзіне 1930-х г. Е. як арганізаваны рух спыніла сваё існаванне. У апошнія гады інтарэс да яго ідэй аднавіўся.

Літ.:

Люкс Л. Евразийство: Пер. с нем. // Вопр. философии. 1993. № 6.

В.​А.​Ярмоленка.

т. 6, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)