КРЫ́ШНА (санскр., літар. цёмны, чорны),

у індуізме і індуісцкай міфалогіі бажаство, восьмае ўвасабленне (аватара) бога Вішну. У эпічных легендах К. — мудры і мужны воін, часам вераломны да ворагаў, пазней, у сярэднія вякі, — боскі пастух-асілак (увасабленне сіл прыроды і кахання). Культ К. адыгрывае значную ролю ў індуізме. Легенды пра каханне К. да пастушак і яго подзвігі (забойства дэманаў і цара-тырана Кансу, узніманне над галавой гары, каб выратаваць ад дажджу людзей і іх статкі і інш.) здаўна выкарыстоўваюцца інд. л-рай і мастацтвам. На выявах К. — мужчына з цёмным (часцей цёмна-сінім або цёмна-ліловым) колерам скуры, ад якога і паходзіць яго імя.

т. 8, с. 527

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУДЗІ́НАЎ (Уладзімір Георгіевіч) (27.5.1935, г. Бранск, Расія — 21.8.1990),

бел. пісьменнік. Скончыў Маскоўскі горны ін-т (1958). У 1967—90 працаваў у час. «Неман». Друкаваўся з 1961. Пісаў на рус. мове. Аўтар зборнікаў аповесцей і апавяданняў «Раздзяленне радасці» (1968), «Прадчуванне перамен» (1972), «Сполахі» (1978), у якіх свет прыроды знітаваны са светам чалавечых адносін. Шмат пісаў пра бел. вёску. У аповесці «Альхавацкая гісторыя» (1979) маральныя праблемы, звязаныя з выхаваннем моладзі. Пісаў нарысы. На рус. мову пераклаў раман І.​Пташнікава «Мсціжы» (1977), асобныя творы В.​Адамчыка, В.​Карамазава, А.​Карпюка, П.​Місько, А.​Савіцкага і інш.

Тв.:

Ольховатская история: Повести. Мн., 1984;

Первоосень: Рассказы и повести. Мн., 1987.

т. 8, с. 557

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАГАДЭ́ХСКІ ЗАПАВЕ́ДНІК,

у Грузіі, у бас. р. Алазані, на Паўд. схілах усх. ч. Гал. Каўказскага хр. Засн. ў 1912 для аховы горных біягеацэнозаў. Пл. каля 18 тыс. га. Горы, цясніны, вадаспады, азёры, серныя крыніцы. Рэзка выяўленая верт. занальнасць расліннасці. Дубова-грабавыя, букавыя лясы, горныя лугі. У флоры 1400 відаў кветкавых раслін, у т. л. 12 эндэмічных. У фауне 38 відаў млекакормячых, у т. л. каўказскі алень, дагестанскі тур, казуля, серна, мядзведзь, ліс, воўк, шакал, рысь; 120 відаў птушак, у т. л. каўказскі цецярук, улар, фазан і інш. Больш за 1 тыс. відаў цвердакрылых і 800 відаў матылькоў. Занесены ў спіс Помнікаў прыроды ЮНЕСКА.

т. 9, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУКІ́НСКАЯ ГРАДА́,

геалагічны помнік прыроды на Беларусі (з 1997). На паўд.-зах. беразе воз. Мядзел, ва ўрочышчы Лука, на ПнУ ад в. Скары Мядзельскага р-на Мінскай вобл. Града даўж. 2,2 км, шыр. 50—100 м, выш. да 10 м, стромкасць схілаў да 10—12°, у зах. ч. да 30—60°. Выцягнута з ПнЗ на ПдУ, месцамі апускаецца пад ваду воз. Мядзел, утварае ланцуг выспаў (даўж. ад 200 м да 375 м). Града (оз) складаецца з пяску, жвіру, марэннага супеску і валуноў. Утварылася каля 15—20 тыс. г. назад у выніку назапашвання матэрыялу ў шчылінах ледавіка. Л.г. — эталонная форма рэльефу водналедавіковага паходжання.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 9, с. 364

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́РЦІН-КА́МЕНЬ БРАСЛА́ЎСКІ,

геалагічны помнік прыроды Беларусі (з 1992). За 1,5 км на ПнЗ ад в. Лайбуны Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. Валун граніту рапаківі са шматлікімі крышталямі палявых шпатаў у выглядзе авоідаў (ад 2 да 7 см у папярочніку) і таблічак (2 × 2 см). Даўж. 4,1 м, шыр. 3,3 м, выш. 0.8 м, у абводзе 10,7 м, аб’ём 10,8 м³, маса каля 28 т. Прынесены ледавіком каля 14 тыс. г. назад з паўд.-зах. Фінляндыі. На паверхні каменя ёсць 2 паглыбленні (у папярочніку 10 см, глыб. 5 см), высечаныя чалавекам 1,5—2 тыс. гадоў назад. Меў культавае значэнне.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 10, с. 147

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАБО́ЕЎСКІ ВЯЛІ́КІ КА́МЕНЬ З Я́МКАМІ,

геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1997). За 1,6 км на З ад в. Мілявічы Мастоўскага р-на Гродзенскай вобл., ва ўрочышчы Пабоева. Валун парфірападобнага граніту з крышталямі палявога шпату ў выглядзе таблічак і з зернямі ружовага кварцу. Даўж. 2,4 м, шыр. 1,7 м, выш. 0,8 м, у абводзе 6,3 м, аб’ём 1,9 м³, маса каля 4,9 т. Прынесены ледавіком каля 220—150 тыс. г. назад са Скандынавіі. Формаю нагадвае вял. прас. На верхняй пляцоўцы захаваліся 12 паўсферычных выемак (глыб. 0,3—0,5 см, у папярочніку 3—5 см), якія высечаны чалавекам 2—2,5 тыс. г. назад. Меў культавае значэнне.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 11, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ШАВІЦКІ КА́МЕНЬ З Я́МКАМІ,

геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1992). За 1 км на Пн ад в. Пашавічы Браслаўскага р-на Віцебскай вобл., каля воз. Дрысвяты. Валун сярэднезярністага граніту рапаківі з уключэннямі крышталёў палявога шпату. Даўж. 1,4 м, шыр. 1 м, выш. 0,4 м, у абводзе 4,3 м, аб’ём 0,3 м³, маса каля 0,8 т. Прынесены ледавіком каля 20—18 тыс. гадоў назад з ПдУ Фінляндыі. Мае цэглападобную форму. На верхняй пляцоўцы захаваліся 11 выемак (глыб. да 3 см, у папярочніку да 5 см), якія высечаны чалавекам 2—2,5 тыс. гадоў назад. У старажытнасці меў культавае значэнне.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 12, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІ́РСАН ((Pearson) Карл) (27.3.1857, Лондан — 17.4.1936),

матэматык і біёлаг, філосаф-пазітывіст, адзін з заснавальнікаў сучаснай статыстыкі. Вучыўся ў Кембрыджы, Гайдэльбергу і Берліне. З 1884 праф. Лонданскага ун-та. Працы ў галіне матэм. тэорыі статыстыкі і яе выкарыстання ў біялогіі (біяметрыя). Асн. філас. праца «Граматыка навукі» (1892) прысвечана пытанням метадалогіі навукі. Задача навукі, паводле П., не тлумачыць, а класіфікаваць і апісваць факты. П. лічыў матэрыяльныя рэчы толькі групамі пачуццёвых успрыманняў, а законы прыроды, прастору і час — прадуктамі чалавечага розуму. Адхіляючы хрысц. мараль як заснаваную на сляпых рэліг. пачуццях, П. меркаваў, што маральныя паводзіны і набліжэнне да маральнага ідэалу магчымы толькі на аснове навук. пазнання і інтэлектуальнага прагрэсу.

т. 12, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІСА́РЫК (Алесь) (сапр. Пісарчык Аляксандр Уладзіміравіч; н. 9.4.1954, Мінск),

бел. паэт. Вучыўся ў БДУ (1977—80). У 1976—85 працаваў на МТЗ. Друкуецца з 1973. Піша на бел. і рус. мовах. У паэт. зб-ках «Белы май» (1983), «Дажджы яравыя» (1990), «Пакуль гарыць мая зара» (1995), «Ноч дзявочай касы» (1996), «Журба вяргіні» (1997), «Пара медазбору» (1999) і інш. услаўленне прыгажосці роднай прыроды, кахання, асэнсаванне мінулага і сучаснага, тэмы афганскай вайны, чарнобыльскай трагедыі. Многія яго вершы пакладзены на музыку.

Тв.:

Ліставір // Нашчадкі. Мн., 1979;

Откровение незабудки. Мн., 1998;

Глазами любви. Мн., 1998;

На востраве чароўнай Амазонкі. Мн., 2000.

Л.​С.​Савік.

т. 12, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАСКУ́РАЎ (Васіль Фёдаравіч) (25.8.1926, в. Негаціна Дубровенскага р-на Віцебскай вобл. — 22.5.1987),

бел. пісьменнік, публіцыст. Засл. дз. культ. Беларусі (1968). Скончыў БДУ (1963). У 1957—62 у ганцавіцкай раённай газеце, з 1966 яе рэдактар; у 1962—66 у ляхавіцкай раённай газеце. Друкаваўся з 1950. Аўтар зб-каў нарысаў «Святая сівізна» (1966), «Трое з-за Лані» (1967), «Людзі-суседзі» (1974), «Пакажы чалавеку дарогу» (1979), «Пакланіся зямлі-карміцельцы» (1982), «Чорны хлеб» (1984; за апошнія дзве Дзярж. прэмія Беларусі 1986), асн. тэмы якіх — духоўнае жыццё і праца сучасніка, ахова прыроды, галерэя партрэтаў жыхароў Палескага краю.

Тв.:

Наўсцяж вясковай вуліцы. Брэст, 1995.

Б.​В.​Стральцоў.

В.Ф.Праскураў.

т. 13, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)