МІРО́НАЎ (Валерый Паўлавіч) (н. 7.4.1927, г. Гагарын Смаленскай вобл., Расія),
бел. артыст балета. Нар.арт. Беларусі (1966). Скончыў клас удасканалення Маскоўскага харэаграфічнага вучылішча (1947). У 1947—69 адзін з вядучых салістаў Дзярж.т-раоперы і балета Беларусі. У 1949—78 адначасова педагог Бел. харэаграфічнага вучылішча. Танцоўшчык пераважна лірычнага плана, з рамант. накіраванасцю. Яго мастацтва вызначалі пераканальнасць у раскрыцці ўнутр. свету персанажаў, чысціня і лёгкасць выканання, высокая тэхніка дуэтнага танца. У нац. балетах стварыў рэльефныя вобразы Васіля («Князь-возера» В.Залатарова), Алеся («Святло і цені» Г.Вагнера). Да значных творчых дасягненняў М. належаць таксама партыі Зігфрыда, Дэзірэ, Прынца («Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня» і «Шчаўкунок» П.Чайкоўскага), Вацлава («Бахчысарайскі фантан» Б.Асаф’ева), Гармодыя («Спартак» А.Хачатурана), Базіля, Салора («Дон Кіхот», «Баядэрка» Л.Мінкуса), Елісея («Казка пра мёртвую царэўну» У.Дзешавова на тэмы А.Лядава).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУРАДЭ́ЛІ (Вано Ільіч) (6.4.1908, г. Горы, Грузія — 14.8.1970),
грузінскі і расійскі кампазітар. Нар.арт. Расіі (1957). Нар.арт.СССР (1968). Скончыў Тбіліскую кансерваторыю (1931). Вучань С.Бархударана, М.Мяскоўскага і інш. У 1931—34 у драм. т-рах Грузіі. У 1938—39 адказны сакратар Саюза кампазітараў СССР. У 1942—44 начальнік і маст. кіраўнік Цэнтр. ансамбля ВМФСССР. Для яго творчасці былі характэрны грамадз. накіраванасць, публіцыстычная завостранасць, увага да праблем сучаснасці. Сярод твораў: оперы «Вялікая дружба» (паст. 1947), «Кастрычнік» (паст. 1964), аперэты «Дзяўчына з блакітнымі вачыма» (паст. 1966), «Масква—Парыж—Масква» (паст. 1968), кантаты; 2 сімфоніі (1938, 1945), «Грузінскі сімфанічны танец» (1936); хары, песні (больш за 100); рамансы на вершы А.Пушкіна, апрацоўкі нар. песень, музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў. Аўтар мемуараў «З майго жыцця» (1970). Дзярж. прэміі СССР 1946, 1951.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІКО́ЛЬСКІ (Барыс Веньямінавіч) (н. 14.12.1918, г. Валгаград, Расія),
бел. спявак (драм. тэнар). Засл. арт. Беларусі (1962). Скончыў Муз. вучылішча імя Гнесіных у Маскве (1951). У 1951—73 саліст Дзярж.т-раоперы і балета Беларусі. Валодае гучным прыгожым голасам вял. дыяпазону, роўным ва ўсіх рэгістрах. Яго творчай індывідуальнасці найб. адпавядалі ролі героіка-драм. плана. Сярод партый у операх бел. кампазітараў: Міхась («Міхась Падгорны» Я.Цікоцкага), Мікола («Яснае світанне» А.Туранкова), Палонскі («Надзея Дурава» А.Багатырова); у класічных творах — Герман, Андрэй, княжыч Юрый («Пікавая дама», «Мазепа», «Чарадзейка» П.Чайкоўскага), Князь («Русалка» А.Даргамыжскага), Сабінін («Іван Сусанін» М.Глінкі), Садко («Садко» М.Рымскага-Корсакава), Атэла, Радамес, Рычард («Атэла», «Аіда», «Баль-маскарад» Дж.Вердзі), Энца («Джаконда» А.Панк’елі), Каварадосі («Тоска» Дж.Пучыні), Хазэ («Кармэн» Ж.Бізэ). У 1962 выконваў партыі Радамеса і Сабініна ў спектаклях Вял.т-ра ў Маскве.
чэхаславацкі кампазітар, педагог; адзін з заснавальнікаў нац.муз. педагогікі. Нар.арт. Чэхаславакіі (1945). У 1889—96 вучыўся ў Пражскай кансерваторыі (у А.Дворжака і інш.), з 1908 выкладаў у ёй (у 1909—39 праф., у 1919—22 дырэктар). Для яго музыкі характэрны апора на чэш., славацкі і мараўскі фальклор, строгая канструктыўная логіка, часам уплыў імпрэсіянізму. Сярод твораў: оперы «Звікоўскі дамавік» (1915), «Карлштэйн» (1916), «Ліхтар» (1923; паст. ўсе ў Празе), «Завяшчанне дзеда» (паст. 1926), балеты-пантамімы «Сіньёрына маладосць» і «Нікаціна» (абодва паст. 1930); кантаты; 2 сімфоніі (1934, 1943), сімф. паэмы, уверцюры, сюіты і інш. для арк.; камерна-інстр. ансамблі; творы для фп., рамансы, хары на нар. тэксты, песні, апрацоўкі нар. песень (7 сшыткаў) і інш. Аўтар кн. «Пра сябе і іншых» (т. 1—2, 1940—70).
Літ.:
Бэлза Й. В.Новак. М., 1957.
Васкрасенскі сабор Новаіерусалімскага манастыра. Фота да 1941.
чэшскі скрыпач, педагог, кампазітар. Вучыўся ў Пражскай (1873—76) і Парыжскай (1877—79) кансерваторыях у А.Беневіца і Л.Ж.Масара. У 1879—81 саліст аркестра Ж.Э.Падлу ў Парыжы. З 1909 выкладчык, з 1912 дырэктар заснаванай ім Новай венскай кансерваторыі, з 1919 кіраўнік скрыпічнага класа Школы майстэрства пры Пражскай кансерваторыі. Яго выкананне вылучалася віртуознасцю, чысцінёй інтанавання, адточанасцю дэталей і эмацыянальнасцю. Аўтар твораў для скрыпкі і фп., у т. л. «Фантазіі на тэмы оперы «Іван Сусанін» Глінкі» (1889), «Чэшскай рапсодыі» (1906), танцаў і інш. п’ес, кадэнцый да скрыпічных канцэртаў Н.Паганіні, І.Брамса, В.А.Моцарта і інш. Напісаў (разам з С.Мітэльманам) метадычную працу «Новы метад навучання вышэйшай тэхніцы скрыпічнай ігры...» (1909; з дадаткам — 15 маст. эцюдаў для скрыпкі сола).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЗО́НІ ((Busoni) Феруча Бенвенута) (1.4.1866, г. Эмпалі, Італія — 27.7.1924),
італьянскі піяніст, кампазітар, дырыжор, педагог, музыказнавец. Чл. Балонскай філарманічнай акадэміі (1881), доктар Цюрыхскага ун-та (1919), праф. Берлінскай акадэміі мастацтваў (з 1920). Адзін з тэарэтыкаў неакласіцызму. Тонкі інтэрпрэтатар музыкі І.С.Баха, Л.Бетховена, Ф.Ліста. Канцэртаваў у многіх краінах. Вядомыя яго транскрыпцыі для фп. твораў Баха, Ліста, В.А.Моцарта і інш. Выступаў як дырыжор («Бузоніеўскія аркестравыя вечары», Берлін, 1902—09). Сярод муз. твораў: 4 оперы, у т. л. «Турандот» (1917), санаты і п’есы для аркестра, канцэрты для фп. і інш. інструментаў з арк.; камерна-інстр. ансамблі, фп. п’есы, песні і інш. Прэмія па кампазіцыі на 1-м Міжнар. конкурсе піяністаў імя А.Рубінштэйна (Пецярбург, 1890). Зрабіў вял. ўплыў на развіццё піяністычнага мастацтва. Сярод яго вучняў А.Гнесіна. З 1949 у г. Бальцана (Італія) штогод праводзіцца Міжнар. конкурс піяністаў імя Бузоні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́ЖНІК (Леанід Фёдаравіч) (17.4.1917, в. Маскаленкі Белапольскага р-на Сумскай вобл., Украіна — 16.4.1992),
бел. спявак (бас). Нар.арт. Беларусі (1959). Скончыў Муз.-пед.ін-т імя Гнесіных у Маскве (1955). У 1952—66 саліст Дзярж.т-раоперы і балета Беларусі. З 1964 выкладаў у Бел. кансерваторыі. Дасканала валодаў вак. тэхнікай, майстэрствам пераўвасаблення; яму былі ўласцівыя натуральнасць сцэн. паводзін, завершанасць пластычнага малюнка роляў. Шмат спяваў у нац. операх: Даніла, Анішчук («Дзяўчына з Палесся», «Міхась Падгорны» Я.Цікоцкага), Дураў («Надзея Дурава» А.Багатырова), Гадлеўскі («Яснае світанне» А.Туранкова), Якуб («Марынка» Р.Пукста). Сярод партый класічнага рэпертуару: Млынар («Русалка» А.Даргамыжскага), Грэмін («Яўген Анегін» П.Чайкоўскага), Карась («Запарожац за Дунаем» С.Гулак-Арцямоўскага), Галіцкі («Князь Ігар» А.Барадзіна), Пімен, Варлаам («Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага), Мефістофель («Фауст» Ш.Гуно), Дон Базіліо («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні). Выступаў як камерны спявак. Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу на лепшае выкананне твораў Мусаргскага (1956).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛУ́ШКІНА (Лідзія Іванаўна) (н. 15.6.1923, г. Іванава, Расія),
бел. спявачка (мецца-сапрана), педагог. Нар.арт. Беларусі (1963). Скончыла Маскоўскую кансерваторыю (1950, клас Ф.Пятровай). У 1951—81 салістка Дзярж.т-раоперы і балета Беларусі. З 1974 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі. Валодае яркім прыгожым голасам, вял. эмацыянальнасцю, майстэрствам сцэн. пераўвасаблення. Найб. блізкія ёй партыі гераінь з моцнымі характарамі, драм. і трагічным лёсам. Сярод партый у бел. операх: Надзея Дурава (аднайм. опера А.Багатырова), Алеся, Ганка («Алеся» і «Міхась Падгорны» Я.Цікоцкага), Марына («Яснае світанне» А.Туранкова), Вераніка («Зорка Венера» Ю.Семянякі, Удава кнігагандлёўца («Джардана Бруна» С.Картэса); у класічным рэпертуары — Любаша, Амелфа («Царская нявеста», «Залаты пеўнік» М.Рымскага-Корсакава), Марына Мнішак, Марфа («Барыс Гадуноў», «Хаваншчына» М.Мусаргскага), Клітэмнестра («Арэстэя» С.Танеева), Кармэн («Кармэн» Ж.Бізэ), Амнерыс, Азучэна, Ульрыка («Аіда», «Трубадур», «Баль-маскарад» Дж.Вердзі), Клара («Заручыны ў манастыры» С.Пракоф’ева). Выканальніца многіх камерных твораў бел. кампазітараў.
А.Я.Ракава.
Л.І.Галушкіна.Л.Галушкіна ў ролях Марыны (уверсе) і Клары.
рускі паэт. Вучыўся ў Пецярбургскім ун-це. Адзін з арганізатараў «Цэха паэтаў» (гл.Акмеізм). Скразныя тэмы паэзіі Гарадзецкага — роздум пра лёс радзімы на розных гіст. этапах, рамантыка барацьбы за шчасце народа, цікавасць да простых працаўнікоў горада і вёскі, інтэрнац. салідарнасць. Аўтар зб. вершаў «Яр» (1907, тэмы і вобразы рус. фальклору), «Пярун» (1907), «Русь» (1910), «Серп» (1921), «З цемры да святла» (1926), «Грань» (1929), «Думы» (1942), «Паўночнае ззянне» (апубл. 1968), раманаў «Пунсовы смерч» (1927, пра падзеі 1-й сусв. вайны на Каўказе) і «Сады Семіраміды» (апубл. 1971, пра трагічныя падзеі ў Зах. Арменіі ў канцы 1916), аповесцей «Сутулаўскае гняздоўе» (1915), «Помнік паўстання» (1928), «Чорны шаль» (1929), паэм «Чырвоны Піцер» (1922), «Тры сыны» (1956) і інш., новага лібрэта да оперы М.Глінкі «Іван Сусанін» (1937—44). Перакладчык вершаў і паэм Я.Купалы («Над ракою Арэсай») і Я.Коласа («Новая зямля», «Рыбакова хата», з Б.Ірыніным і П.Сямыніным).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАЗДО́ЎСКІЯ,
польскія, бел. і рускія акцёры 19 ст., бацька і дачка.
Войцех (?—1850), камедыйны акцёр, рэжысёр і антрэпрэнёр. З 1840 працаваў у Мінску (трупа Я.Хелмікоўскага), у 1842 выступаў у Гродне ў трупе пад кіраўніцтвам Шмідкафа; іграў на польскай і рус. мовах. З 1847 трымаў уласную антрэпрызу (працавала пераважна ў Мінску), дзе ў 1848—50 паставіў больш за 40 п’ес, у т. л. ўпершыню на Беларусі камедыі «Рэвізор» і «Жаніцьба» М.Гогаля, таксама п’есы Р.Квіткі-Аснаўяненкі, П.Каратыгіна, Ф.Коні, П.Грыгор’ева. У рэпертуары яго трупы былі оперы («Аскольдава магіла» А.Вярстоўскага, «Сарока-зладзейка» Дж.Расіні), муз.-драм. творы («Наталха-Палтаўка» І.Катлярэўскага), аперэты і вадэвілі.
Марыя (?—?), драм. актрыса і спявачка (мецца-сапрана). У 1847—63 выступала ў Мінску. Выканаўца вадэвільнага рэпертуару. Для яе кампазітар Ф.Міладоўскі напісаў аперэту «Канкурэнты» (тэкст М.Лапіцкага і У.Сыракомлі). У канцэртным рэпертуары актрысы творы А.Варламава, М.Глінкі, нар. песні.