прасе́яць, ‑сею, ‑сееш, ‑сее; зак., што і чаго.
1. Прапусціць праз сіта, рэшата і пад. для ачысткі ад пабочных прымесей. Старая Лукашыха, Аўгеня, прыйшла да свае суседкі Югасі пазычыць падсітак прасеяць мукі. Колас. Нідзе, здаецца, няма столькі пяску, як на гэтай дарозе. Белы, чысты, сыпучы, як прысак. Яго нібы прасеялі праз сіта. Ракітны. / у перан. ужыв. Час потым прасеяў усё, паставіў усё на сваё месца. Мележ. Паэту не заўсёды ўдавалася так прасеяць моўны матэрыял, каб ачысціць яго ад слоў вузкаабласной лексікі, русізмаў, паланізмаў. Ярош.
2. і без дап. Сеяць некаторы час.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
папусці́цца, ‑пушчуся, ‑пусцішся, ‑пусціцца; зак.
1. Уступіць у чым‑н., адступіць, адмовіцца ад чаго‑н. Ведаў [Казік], што ўсё адно маці не папусціцца, настаіць на сваім, і ён ляжа спаць, як заўсёды, роўна ў дзевяць. Шыловіч.
2. Даць сябе ў крыўду. — Не будзе гнаць [ляснічы] цябе за слова: Няма прычын. А папусціся, Тады ідзі ды хоць тапіся. Колас. У крыўду ніхто цябе не дапусціць, дый сам ты не папусцішся. Шынклер.
3. Разм. Дапусціць, дазволіць што‑н. Сёння .. [Васіль] да спадобы Галіне. Можа, таму яна і папусцілася, калі ён у Ваўкаўні папраўляў у яе лыжы. Пташнікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пасу́дзіна, ‑ы, ж.
1. Асобны прадмет посуду, у які можна наліць, насыпаць ці пакласці што‑н. І раптам цешча перамянілася. Міску з крупнікам не сунула на стол, як заўсёды, а наадварот — паставіла яе беражліва, бы надзвычай крохкую дарагую пасудзіну. Б. Стральцоў. // Шкляны выраб, ёмістасць для хімічных рэчываў, лякарства і пад.
2. Разм. Судна, лодка, карабель. Лодка зрабіла імклівы наўкруг, вынеслася на сярэдзіну ракі. Я любаваўся, як увішна ўпраўляўся з пасудзінай рыбак. Чыгрынаў. Сілівону з цямна да цямна даводзілася вадзіць цераз раку старую сваю пасудзіну, збітую з дошак. Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
па́сынак, ‑нка, м.
1. Няродны сын для мужа ці жонкі ў сямі (родны аднаго з іх). Раіна разумела, што Лёнік не сваё дзіця Антосю, пасынак. Марціновіч. [Мачыха] адчувала холад, якім заўсёды веяла на яе ад падчарыцы і пасынка, аднак гэта яе вельмі не абыходзіла. Васілевіч. // перан. Пра таго, хто пераносіць якія‑н. нягоды, пра каго мала клапоцяцца, каму мала ўдзяляюць належнай увагі. Узняўся гоман пратэсту: чаму гэта ў раёне ёсць сынкі і пасынкі? Дуброўскі.
2. Бакавы парастак, атожылак у расліны. Вакол свежага зрэзу вярба выкінула цесны круг крывава-зялёных пасынкаў. Гарбук.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
перапусці́ць, ‑пушчу́, ‑пу́сціш, ‑пу́сціць; зак.
Разм.
1. што. Паступова перасыпаць, пераліць з аднаго сховішча ў другое. Перапусціць віно з бочкі ў бочку.
2. што. Ачысціць, сыплючы цераз што‑н. Перапусціць насенне цераз арфу.
3. што. Расплавіўшы, ператварыць у іншы стан, зрабіць прыгодным для чаго‑н.; ператапіць. Перапусціць воск. Перапусціць тлушч.
4. што, чаго і без дап. Добраахвотна адмовіцца ад чаго‑н., уступіць што‑н. каму‑н. Ён свайго не перапусціць. □ Людзі скарэй згодны былі .. [Грамабою] перапусціць, як мелі займацца з гэтакім. Крапіва. — Сваркі паміж нас ніколі не было, бо я заўсёды перапушчу. В. Вольскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
кра́йні, ‑яя, ‑яе.
1. Які знаходзіцца з краю, на краі. У канцы вёскі хлопчык звярнуў у крайні двор і пастукаў у шыбу. Сіняўскі. // Найбольш аддалены (у якім‑н. напрамку). Крайняя поўнач. Крайні населены пункт на поўдні.
2. Надзвычайны, выключны. Крайняя неабходнасць. Прыняць крайнія меры.
3. Найбольш радыкальны, рашучы, непрымірымы (пра погляды, напрамкі, палітычныя групоўкі і пад.). Крайні левы. Крайні правы. Крайнія супярэчнасці. Крайні лібералізм. □ Мікола, які заўсёды выказваў самыя крайнія погляды, насупліваўся і змаўкаў. Навуменка.
4. Які далей нельга адкладваць, пераносіць; апошні (пераважна пра час). Крайні тэрмін.
•••
У крайнім выпадку гл. выпадак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
заду́ма, ‑ы, ж.
1. Тое, што задумана, намечана зрабіць; намеры, план. Здзяйсненне задумы заўсёды радуе, хвалюе. Дадзіёмаў. — Ёсць у мяне сякія-такія задумы, як палепшыць работу цэха, — Булай загаварыў ужо спакойным дзелавым тонам. Шыцік.
2. Асноўная думка, ідэя мастацкага твора; замысел. У байцы «Варона і чыж» .. няма ніводнай дэталі, якая не служыла б вырашэнню аўтарскай задумы — высмеяць пустую ганарыстасць і ліслівую ўгодлівасць. Казека. [Герой твора] часта выступае як носьбіт пэўнай ідэі, задумы пісьменніка. Арабей.
3. Задуменнасць, заклапочанасць. Дзед ляжаў у глыбокай задуме, маўчаў. Лынькоў. Канцавы павярнуў галаву і, як быццам устрапянуўшыся ад задумы, паглядзеў на мяне. Брыль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
гла́дкі, ‑ая, ‑ае; ‑дак, ‑дка.
1. Роўны, без упадзін і выступаў. Гладкі асфальт. Гладкая пляцоўка. □ Аэрадром займаў вялізнае гладкае поле. Бядуля. Калёсы .. затарабанілі па роўнай гладкай дарозе. Скрыган. // Не шурпаты, слізкі, прыемны на дотык. Гладкае шкло. Гладкая папера. // Прамы, не завіты (пра валасы). Гладкая прычоска.
2. перан. Складны, плаўны, лёгкі для разумення (пра мову, верш, думкі і пад.). Суседкі слухалі, слёзы выціралі і дзівіліся, адкуль такі гладкі язык у заўсёды маўклівай Аўдоцця. Бядуля.
3. Разм. Сыты, адкормлены. Рыхтуючыся да суровай зімы, .. [мядзведзіца] зрабілася тлустай і гладкай. В. Вольскі. У сваёй маткі ўсе дзеткі гладкі. Прыказка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
запрато́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак., каго-што.
Пакласці, падзець невядома куды. — У вас, гаспадыні, заўсёды так: як дзе што запраторыце, дык са свечкай не знойдзеш. Сабаленка. // Схаваць, прыбраць куды‑н. так, каб цяжка было знайсці. — Пашанцавала мне тады ў аднаго чалавека выменяць на сала аж чатыры пуды солі. Схаваў я яе, як сцямнела, — два пуды ў дровах, а два пад сена запраторыў. Паслядовіч. // перан. Заслаць, выслаць, пасадзіць куды‑н., адкуль цяжка выбрацца. Абуджаў калісь местачковых абывацеляў саматужны рэдактар Бухберг, але яго запраторылі ў вар’яцкі дом, хоць ён вар’ятам, можа, і не быў. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
псі́на, ‑ы, ж.
1. Пра сабаку, звычайна вялікага. Негрусь лічыў сваёй патрэбай заўсёды пабрахаць на .. [Лабановіча] і наогул быў смешнаю псінаю. Колас. // Пра пах сабакі, яго поўсці. Смярдзець псінай.
2. Груб. зневаж. Пра чалавека, які выклікае агіду, абурэнне. Мяне папярэдзілі ў Мінску, каб я асцерагалася і ненарокам каб не наступіла на лапу ці на хвост якой-небудзь псіне. Мядзёлка. Для прадажнай псіны кол з асіны. Прыказка. // звычайна з азначэннем. Разм. Ужываецца як лаянкавае слова. — А князеў хлеб дарэмна есці Не будзеш, псіна ты старая! — З апошніх слоў «Памдзея» лае. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)