ЛІ (Lie) Тругве Хальвдан (16.7.1896, Осла — 30.12.1968),
нарвежскі паліт. і дзярж. дзеяч. Юрыст. Сакратар (1919—22), чл. праўлення (1926—46) Нарв. рабочай партыі. Міністр юстыцыі (1935—39), гандлю і суднаходства (1939—40). У перыяд ням.-фаш. акупацыі Нарвегіі (1940—45) міністр замежных спраў нарв. ўрада ў эміграцыі (Лондан). Першы ген. сакратар ААН (1946—53); падтрымаў узбр. ўмяшанне ЗША і інш. краін пад эгідай ААН у карэйскую вайну 1950—53 на баку Паўд. Карэі. У 1955—65 на адм., урадавых і дыпламат. пасадах у Нарвегіі.
т. 9, с. 233
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІЯКА́Т АЛІ́ ХАН (1.10.1895, Карнал, Індыя — 16.10.1951),
дзеяч інд. нац.-вызв. руху; адзін з заснавальнікаў дзяржавы Пакістан. Юрыст. Скончыў Алахабадскі (Індыя) і Оксфардскі (Вялікабрытанія) ун-ты. З 1923 дэп. Заканад. сходу ў Аб’яднаных правінцыях, потым Заканад. сходу Індыі. З 1923 чл. Мусульманскай лігі, у 1936—50 яе ген. сакратар, з 1950 прэзідэнт. У 1946—47 чл. Выканаўчага савета пры віцэ-каралі Індыі, са жн. 1946 чл. часовага урада Дж.Нэру. У 1947—51 першы прэм’ер-міністр Пакістана, атрымаў тытул «правадыра нацыі». Забіты мусульм. фанатыкам у час мітынгу ў г. Равалпіндзі.
т. 9, с. 330
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУК’Я́НАЎ Анатоль Іванавіч (н. 7.5.1930, г. Смаленск, Расія),
расійскі паліт. дзеяч. Д-р юрыд. н. Скончыў Маскоўскі ун-т (1953). З 1961 у апараце Прэзідыума Вярх. Савета СССР і ЦК КПСС. З 1989 1-ы нам., у 1990—91 старшыня Вярх. Савета СССР. Пасля жнівеньскіх падзей 1991 да снеж. 1992 знаходзіўся пад арыштам. З 1995 старшыня к-та Дзярж. думы Федэральнага сходу Рас. Федэрацыі па заканадаўстве і судова-прававой рэформе. Аўтар паэт. зборнікаў «Сугучча» (псеўданім — А.Осенеў), «Вершы з турмы», «Песня пратэсту». На яго вершы І.Лучанок напісаў цыкл песень.
т. 9, с. 367
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЬВОЎ Георгій Яўгенавіч (2.11.1861—7.3.1925),
расійскі грамадскі і дзярж. дзеяч. Князь. Буйны землеўладальнік Тульскай губ. Старшыня Тульскай губ. земскай управы (1902—05), арганізатар агульназемскай дапамогі параненым у рус.-яп. вайну 1904—05. З канца 1905 прымыкаў да кадэтаў. Дэп. 1-й Дзярж. думы (1906). У 1-ю сусв. вайну старшыня Усерас. земскага саюза, адзін з кіраўнікоў Земска-гарадскога саюза. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 у сак.—ліп. 1917 міністр-старшыня Часовага ўрада. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 эмігрыраваў. У 1918—20 узначальваў антыбальшавіцкую Рус. паліт. нараду ў Парыжы.
т. 9, с. 388
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКЕ́НЗІ КІНГ (Mackenzie King) Уільям Лаян (17.12.1874, г. Кітчэнер, Канада — 22.7.1950),
канадскі паліт. і дзярж. дзеяч. У 1909—11 міністр працы. У 1919—48 лідэр Ліберальнай партыі. У 1921—26, 1926—30 і 1935-48 прэм’ер-міністр Канады. У 2-ю сусв. вайну праводзіў курс на супрацоўніцтва Канады з дзяржавамі антыгітлераўскай кааліцыі, пасля вайны — на ажыццяўленне сац. рэформ у краіне, умацаванне яе міжнар. прэстыжу (у 1945 Канада была адной з дзяржаў-заснавальніц ААН) і адзінства кан. нацыі (у 1946 прыняты закон аб кан. грамадзянстве).
т. 9, с. 536
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНІ́Н (Manin) Даніэле (13.5.1804, г. Венецыя, Італія — 22.9.1857),
дзеяч італьян. нац.-вызв. руху ў перыяд Рысарджымента. Адвакат. Вучыўся ў Падуанскім ун-це. У 1846—47 кіраўнік ліберальнага руху за аўтаномію Венецыі ў складзе Аўстр. імперыі. У снеж. 1847 арыштаваны. У пачатку рэвалюцыі 1848—49 у Італіі ўзначаліў нар. паўстанне ў Венецыі (вызвалены паўстанцамі з турмы) супраць аўстр. панавання. 22.3.1848 абвясціў Венецыю незалежнай рэспублікай і 23 сак. выбраны яе прэзідэнтам (з жн. 1848 дыктатар). Пасля задушэння рэспублікі аўстр. войскамі (жн. 1849) эмігрыраваў у Францыю. З 1854 прыхільнік аб’яднання Італіі вакол Сардзінскага каралеўства.
т. 10, с. 81
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАТЭО́ЦІ (Matteotti) Джакома (22.5.1885, Фрата-Палясіне, прав. Равіго, Італія — 10.6.1924),
італьянскі паліт. дзеяч, герой антыфаш. супраціўлення. Юрыст. Адзін з лідэраў Італьян. сацыяліст. партыі. У 1-ю сусв. вайну за антываен. дзейнасць быў зняволены ў турму. У 1919—24 дэп. парламента. У 1922 за рэфармісцкую дзейнасць выключаны з Сацыяліст. партыі. Адзін з заснавальнікаў і паліт. сакратар (з 1922) Унітарнай сацыяліст. партыі. 30.5.1924 у палаце дэпутатаў публічна выкрыў перадвыбарныя махінацыі і злоўжыванні фаш. партыі. Выкрадзены і забіты фашыстамі. Выступленне і забойства М. выклікалі востры паліт. крызіс фаш. рэжыму ў Італіі — т.зв. «М. крызіс».
т. 10, с. 214
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЎРАКАРДА́ТАС (Maurokardatos) Аляксандрас (11.12.1791, г. Стамбул, Турцыя — 18.8.1865),
дзяржаўны і паліт. дзеяч Грэцыі; адзін з кіраўнікоў Грэчаскай нацыянальна-вызваленчай рэвалюцыі 1821—29. У студз. 1822 прэзідэнт Нац. сходу ў Эпідаўры, які абвясціў незалежнасць Грэцыі і выбраў М. яе прэзідэнтам (1822—23). Імкнуўся цэнтралізаваць кіраванне краінай, арыентаваўся на Вялікабрытанію. У сувязі з абвастрэннем супярэчнасцей паміж кіраўнікамі паўстання адмовіўся ад пасады прэзідэнта. У 1827—31 быў у апазіцыі да І.Кападыстрыі. Пры каралю Атоне I займаў урадавыя і дыпламат. пасады, у 1844 і 1854—55 прэм’ер-міністр.
т. 10, с. 218
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА ЮА́НЬ, Цыньшань (канец 12 ст., прав. Шаньсі, Кітай — 1-я пал. 13 ст.),
кітайскі жывапісец. Дзеяч акадэміі жывапісу ў Ханчжоў. Паслядоўнік Лі Тана. Ствараў манахромныя з тонкай падфарбоўкай пейзажы («Адзінокі рыбак на рацэ ў халодны час») і кампазіцыі жанру «птушкі-кветкі» («Кветкі слівы, камяні і дзікія качкі ў горным патоку»), якія вызначаюцца філасофска-сузіральным ладам, абагульненасцю форм, манерай пісьма рэзкімі шырокімі мазкамі, новай для кіт. жывапісу асіметрычнасцю кампазіцыі.
Літ.:
Николаева Н.С. Художник, поэт, философ: Ма Юань и его время. М., 1968.
Я.Ф.Шунейка.
т. 10, с. 241
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТАКСА́С (Metaxas) Іааніс (12.4.1871, в-аў Ітака, Грэцыя — 29.1.1941),
грэчаскі ваен., паліт. і дзярж. дзеяч. З 1913 нач. Генштаба. У 1917—20 у эміграцыі. У 1921 заснаваў манархічную Партыю свабодамысных. У 1935 ваен. міністр і віцэ-прэм’ер-міністр; садзейнічаў вяртанню на прастол караля Георга II (гл. Георг, грэч. каралі). З 1936 прэм’ер-міністр і міністр замежных спраў; у выніку дзярж. перавароту 4.8.1936 устанавіў у краіне рэжым асабістай дыктатуры. Пры ім умацавана мяжа Грэцыі з Балгарыяй (лінія М.), Грэцыя адхіліла італьян. ультыматум ад 28.10.1940 і адбіла ўварванне войск фаш. Італіі.
т. 10, с. 303
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)