баранава́ць, ‑ную, ‑нуеш, ‑нуе; незак., што.

1. Разрыхляць бараной зямлю. Прыйдзе вясна, трэба баранаваць, культываваць зябліва. Пестрак. // Апрацоўваць пры дапамозе бараны ўсходы пасеянага, пасаджанага. Яшчэ зусім нядаўна Коля працаваў на гэтых палетках: выбіраў і ссыпаў у капцы бульбу, а пасля і жыта баранаваў. Якімовіч.

2. Разм. Пакідаць баразну, след (пра што‑н., што можа драпаць). Жэрдка баранавала зямлю. □ Антось Байбак нават пайшоў у скокі і баранаваў пясок на вуліцы старымі ботамі. Колас.

•••

Баранаваць нагамі — валачыць ногі (пра п’янага).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́валіць 1, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак., каго-што.

1. Пераварочваючы, прымусіць выпасці, упасці. Вываліць седакоў з саней.

2. што. Разм. Выйсці, выехаць натоўпам. Тры суседнія вёскі: Некрашы, Баркі і Міцькі, як згаварыўшыся, вывалілі ў лес. Лобан.

3. што. Вылажыць, высылаць што‑н. адкуль‑н. Вываліць на стол усё, што было ў кішэнях. // перан. Расказаць пра што‑н. з усімі падрабязнасцямі.

4. што. Разм. Высунуць. Вываліць язык.

вы́валіць 2, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак., што.

Зрабіць шляхам валення (пра сукно).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ду́ма 1, ‑ы, ж.

1. Мысль, разважанне, роздум. Думы і развагі пра зямлю, пра лепшае жыццё не давалі спакою ні майму бацьку, ні ўсёй астатняй тутэйшай беднаце. Кулакоўскі. У самотнай цішы перад сном Думы думае маці. Гілевіч.

2. Жанр гістарычнага народнага ўкраінскага эпасу, а таксама творы гэтага жанру. // Род вершаў на грамадзянскія, палітычныя тэмы ў рускай паэзіі пачатку 19 ст.

ду́ма 2, ‑ы, ж.

Выбарны орган цэнтральнай або мясцовага кіравання ў дарэвалюцыйнай Расіі. Баярская дума. Дзяржаўная дума. Гарадская дума.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ка́тарга, ‑і, ДМ ‑рзе, ж.

1. Уст. Від пакарання засуджаных, які заключаецца ў зняволенні і цяжкіх прымусовых работах, а таксама месца прымусовых работ для ссыльных злачынцаў. Па шырокіх дарогах, закутыя ў ланцугі, ішлі па катаргу людзі і спявалі.. да болю сумныя песні пра Свабоду. Каваль.

2. перан. Пра цяжкую працу, невыноснае жыццё. [Арандатар] уводзіць новыя працоўныя павіннасці, зрабіўшы гэтым самым жыццё сялян яшчэ больш невыноснай катаргай. «Весці».

3. Даўнейшае вёсельнае судна, род галеры, на якім грабцамі былі засуджаныя.

[Ад грэч. katergon — галера.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ко́зыр, ‑а, м.

1. Карта той масці, якая лічыцца старшай і б’е любую карту другіх масцей. Біць козырам. Хадзіць з козыра.

2. Пра тое, што можа даць у неабходны момант перавагу ў чым‑н. Мадэрністы, калі іх лаюць за гвалт над здаровым сэнсам, любяць выстаўляць адзін козыр: гэта арыгінальна! У. Калеснік.

•••

Козыр біты чыйпра чый‑н. пройгрыш, правал.

Усе козыры ў руках у каго — хто‑н. мае ўсё неабходнае для ажыццяўлення пастаўленай мэты.

Хадзіць козырам гл. хадзіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ко́нчаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад кончыць.

2. ко́нчана; безас. у знач. вык., звычайна з кім-чым. Пра заканчэнне, спыненне чаго‑н. (адносін, справы і пад.). Кончана з панам, пан не ўваскрэсне, У край наш не знойдзе дарог. Колас.

3. у знач. прым. Вырашаны, скончаны. Кончаная справа.

4. у знач. прым. Адпеты, непапраўны ў сваіх паводзінах, імкненнях і пад. (пра чалавека). Кончаны п’яніца.

•••

І кончана — рашэнне канчатковае, далей размоў не можа быць.

Усё кончана гл. усё.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паве́даміць, ‑млю, ‑міш, ‑міць; зак., каму (зрэдку каго-што), што, аб чым, пра што, з дадан. сказам і без дап.

Давесці да ведама. Паведаміць начальству аб здарэнні. Яна паведаміла, што не прыйдзе на работу. □ Трэба так ці сяк паведаміць дзеда Талаша ці каго-небудзь з яго сяброў. Колас. Роўным і як быццам спакойным голасам паведаміла радыстка пра сігналы з эсмінца. Кулакоўскі. // Расказаць, сказаць. Мой тата прыехаў, сур’ёзна паведаміла Марынка. Васілевіч. // Даваць якія‑н. звесткі. Паведаміць міліцыі. Паведаміць суду.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ру́сы, ‑ая, ‑ае.

Светла-карычневы з шараватым ці жаўтаватым адценнем (пра валасы). Русыя вусы. Русая барада. □ [Веньяміну] робіцца весела: у русых валасах дзяўчыны заблыталася травінка. Навуменка. Дзве русыя тоўстыя касы звісалі ніжэй паясніцы. Гурскі. // Які мае валасы такога колеру (пра чалавека). Ад бессані, ад звону гарадскога ў край буслоў, калін і медуніц, да яснавокіх русых маладзіц мяне вяртае самы юны спогад. Федзюковіч. У непрагляднай завірусе Цябе прыкмечу я здалёк — Сярод чарнявых, белых, русых Ты ўся гарыш, як вугалёк. Дайнека.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спахмурне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Зрабіцца хмурным, змрочным (пра з’явы прыроды). Неба спахмурнела. □ Дзень, які радаваў святлом і сонцам, к паўдню спахмурнеў. Якімовіч. Дзвіна ў момант спахмурнела. Хадкевіч. / у безас. ужыв. А за варотамі раптам спахмурнела. Васілевіч.

2. Стаць хмурным, панурым, сумным (пра чалавека). Яшчэ ўдзень.. [Алена] заўважыла, як спахмурнела Марына Міхайлаўна, чытаючы запіску. Паслядовіч. Алена раптам зрабілася задумлівай, твар яе спахмурнеў. Сабаленка. Нечакана я заўважыў, як спахмурнелі яго [Дзянісава] вочы. Гамолка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ссо́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. ссох, ‑ла; зак.

1. Высахнуць, завянуць, загінуць ад неспрыяльных умоў (пра расліны). Трава ссохла. □ Яблыні вунь як даглядае гаспадар і то возьмуць часам і ссохнуць. Пальчэўскі.

2. перан. Разм. Знудзіцца, стаць худым ад перажыванняў, турбот і пад.; зачахнуць. Цяпер-то я [Андрэй] зразумеў, што Міша любіць Таню і любіць шчырэй, чым я. Хлопец зусім ссох па ёй. Чарнышэвіч.

3. Страціць свежасць; сасмягнуць (пра губы). [Сымон:] — Ты [Ганна] стамілася, галубка, Ссохлі губкі. Ты ў агні. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)