ГАРБАЧО́Ў (Уладзімір Васілевіч) (н. 10.1.1926, г. Талачын Віцебскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне кардыялогіі. Д-рмед.н. (1969), праф. (1972). Засл. дз. нав.Беларусі (1991). Скончыў Віцебскі мед.ін-т (1952). З 1958 у Мінскім мед. ін-це, з 1970 у Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў (у 1972—84 прарэктар). Навук. працы па патагенезе, дыягностыцы і лячэнні каранарнага атэрасклерозу і ішэмічнай хваробы сэрца.
Тв.:
Трудности и ошибки в диагностике некоторых заболеваний сердечно-сосудистой системы Мн., 1978;
Диагностика кардиологических заболеваний: Справ. пособие. Мн., 1990 (у сааўт.);
Дислипидемии. Мн., 1996 (разам з А.Г.Мрочакам);
Практическая кардиология. Т. 1—2. Мн., 1997 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРЛЮ́ХА, гарчак жоўты (Picris),
род кветкавых раслін сям. астравых. Каля 40 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Азіі, Міжземнамор’і і Паўн. Афрыцы. На Беларусі зрэдку ў лясах, хмызняках, на лугах, як пустазелле на палях трапляецца гарлюха ястрабковая (P. hieracioides) і як рэдкая занесеная расліна каля дарог — гарлюха цвёрдая (P. rigita).
Адна-, двух-, радзей шматгадовыя апушаныя травяністыя расліны з прамастойным галінастым сцяблом выш. Да 1 м. Лісце цэльнае, чаргаванае, падоўжана- або эліпсоідна-ланцэтнае, зубчастае. Кветкі язычковыя, жоўтыя, у кошыках, сабраных на канцы сцябла ў парасона- ці шчыткападобныя мяцёлкі Плод — сямянка з чубком. Лек. (мачагонны, жаўцягонны, крыху слабіцельны і болепатольны сродак) і меданосныя расліны; некат. віды — пустазелле.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРШНЭ́П (Lymnocryptes minimus),
птушка сям. сяўцовых атр. сеўцападобных. Пашыраны ў тундры, лесатундры, на травяністых і сфагнавых балотах паўн.ч. Еўразіі. Селіцца на адкрытых багнах з невял. травастоем, на глеістых берагах азёр, балотах, якія параслі хвашчом, асакой ці чаротам. На Беларусі нешматлікі від, трапляецца пераважна на пралётах, у паўн. раёнах зрэдку гняздуецца; занесены ў Чырв. кнігу.
Даўж. каля 20 см, маса да 80 г. Спіна карычнявата-бурая з зеленаватым металічным адлівам і вохрыстымі падоўжнымі палоскамі па баках. Над вачамі белыя палосы, брушка белае з рыжаватымі плямкамі. Дзюба доўгая, тонкая, прамая; ногі кароткія. Выседжвае 3—4 птушанят. Корміцца насякомымі, іх лічынкамі, чарвямі і малюскамі. Аб’ект спарт. палявання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРЫЗАНТА́ЛІ, ізагіпсы,
лініі (ізалініі) на картах, якія злучаюць аднолькавыя абсалютныя вышыні рэльефу Зямлі, Месяца і інш. планет. З’яўляюцца асн. спосабам адлюстравання рэльефу на тапагр., агульнагеагр., фіз. і гіпсаметрычных картах. Уяўляюць сабой праекцыі сячэння рэльефу ўзроўневымі паверхнямі, праведзенымі праз зададзены для карты інтэрвал (асноўныя гарызанталі), які наз. вышынёй сячэння рэльефу. Для больш падрабязнага адлюстравання паверхні гарызанталі наносяць праз палавіну (або чвэрць) асн. сячэння (дадатковыя гарызанталі). На Зямлі гарызанталі праводзяцца звычайна адносна ўзроўню Сусветнага ак. (на Беларусі ад узроўню Балтыйскага м. па футштоку ў Кранштаце). Выкарыстоўваюцца для вызначэння абс. і адносных вышынь, стромкасці схілаў, расчлянення і інш. марфалагічных характарыстык рэльефу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГАРЫЗО́НТ»,
вытворчае аб’яднанне ў Беларусі. Да 1996 Мінскае вытв. аб’яднанне «Гарызонт». Створана ў 1972 на базе Мінскага радыёзавода (Засн. ў 1950), з-да радыё- і тэлевізійных футаралаў (1963) і спец.КБ. Галаўным прадпрыемствам з’яўляецца Дзярж. прадпрыемства «Завод «Гарызонт». Уключае: з-д «Альмагор» (створаны ў 1992 на базе з-да радыё- і тэлевізійных футаралаў), навук.-вытв. комплекс «Сігнал» (арганізаваны ў 1989 на базе з-да «Сенсар»), НДІ лічбавага тэлебачання (1991), спецыялізаванае прадпрыемства кабельнага і спадарожнікавага тэлебачання (1991), Гандл. дом «Гарызонт» (1996) — усе ў Мінску; з-д «Беліт» (г. Паставы, 1992). Асн. прадукцыя: каляровыя і чорна-белыя тэлевізары, радыёпрыёмнікі, сістэмы кабельнага і спадарожнікавага тэлебачання і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРЫ́ЧКАВАЧКА (Gentianella),
род кветкавых раслін сям. гарычкавых. Больш за 120 відаў. Пашыраны ў нетрапічных краінах зямнога шара. На Беларусі зрэдку трапляюцца гарычкавачка гаркаватая (G. amarella), гарычкавачка язычковая (G. lingulata) і гарычкавачка багнавая (G. uliginosa). Растуць на сухіх і вільготных лугах, лясных палянах, у поймах і па берагах рэк.
Адна- і двухгадовыя травяністыя расліны з голым пустым прамастойным сцяблом. Лісце суцэльнае, супраціўнае, шырокаэліптычнае або лінейнае, ніжняе часта ў разетцы Кветкі сіняватыя або блакітныя, радзей жаўтавата-белыя і светла-жоўтыя, 4—5-членныя, сабраныя ў гронка- ці мяцёлкападобныя суквецці, радзей адзіночныя. Плод — каробачка. Лек. (выкарыстоўваюцца ў медыцыне і ветэрынарыі), фарбавальныя, кармавыя, меданосныя і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАТА́ЛЬСКАЯ (Людміла Мікалаеўна) (дзявочае Драздова; н. 13.8.1953, в. Дзям’янкі Добрушскага р-на Гомельскай вобл.),
бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыла Бел.тэатр.-маст.ін-т (1976). Працавала на Добрушскім фарфоравым з-дзе (гал. мастак у 1985—91). Сярод твораў: сервізы і наборы для чаю і кавы «Вячоркі» (1979), «Паўлінка» (1984), «Пяшчота» (1991); дэкар. вазы «Палескія ўзоры» (1982), «Слуцкія матывы» (1988); наборы дэкаратыўныя — «Сузор’е» (1985), «Гарады Беларусі» (1986), «Свята» (1987), «Шляхам Скарыны» (1989), «Казка» (1995), «Дыванок» (1996) і інш. У творах — нац. каларыт, адухоўленасць вобразаў, лірызм, тактоўная спроба прычыніцца да тэмы бел. мінуўшчыны.
Т.Р.Ермаковіч.
Л.Гатальская. Дэкаратыўны набор для квасу «Свята». 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЎРЫ́ЛЬЧЫК (Аляксандр Пятровіч) (н. 25.12.1935, в. Чырвонабярэжская Слабодка Жлобінскага р-на Гомельскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне тэхналогіі вытворчасці і фізікахіміі торфу. Д-ртэхн.н. (1987). Акад.Міжнар.АН Еўразіі (1996). Скончыў Бел.політэхн.ін-т (1959). З 1962 у Ін-це праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі Нац.АНБеларусі. Навук. працы па вывучэнні фіз.-хім. уласцівасцей торфу і метадах яго рацыянальнага выкарыстання з атрыманнем новых прадуктаў.
Тв.:
Превращения торфа и его компонентов в процессе саморазогревания при хранении. Мн., 1972 (у сааўт.);
Повышение качества торфа как удобрения. Мн., 1978 (у сааўт.);
Превращения торфа при добыче и переработке. Мн., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЎРЫЛЮ́К (Вера Ільінічна) (15.7.1904, в. Старасельцы Беластоцкага ваяв., Польшча — 5.12.1986),
майстар маст. саломапляцення; ініцыятар адраджэння традыцый саломкі мастацкай на Беларусі. Працавала на Брэсцкай ф-цы сувеніраў (з 1964). Заснавала там промысел па вырабе маст. і ўжытковых рэчаў з саломкі. Для масавай вытв-сці стварыла шэраг узораў-эталонаў утылітарна-дэкар. вырабаў у спалучэнні з чаротам, ніткамі, дрэвам, скурай (сурвэткі, сумкі, куфэркі і інш.), а таксама дробнай саламянай пластыкі сувенірнага і маст. характару (фігуркі людзей, птушак, жывёл, жанравыя сцэны і інш.). Прадаўжальнікі яе справы — дачка Т.Агафоненка і ўнучка Т.Паўлоўская. Творы захоўваюцца ў бел. і замежных музеях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАБАТАНІ́ЧНАЕ РАЯНАВА́ННЕ,
падзел тэрыторыі сушы на рэгіёны, адносна аднародныя паводле складу і структуры расліннасці і глебава-араграфічных умоў: вобласць, зона, падзона, акруга, раён. Тэр.Беларусі знаходзіцца ў зоне спалучэння 2 геабат. абласцей (зон) галарктычнага дамініёна: Еўразійскай таежнай хвойна-лясной і Еўрапейскай шыракаліста-лясной. У межах абласцей вылучаны 3 геабат. падзоны, якія вызначаюць шыротна-кліматычную занальнасць расліннага покрыва: паўночная (дубова-цемнахвойныя, або шыракаліста-яловыя, лясы); цэнтральная (грабава-дубова-цемнахвойныя лясы, або ялова-грабавыя дубровы); паўднёвая (шыракаліста-хваёвыя лясы, або грабавыя дубровы); 7 геабат. акруг, якія адлюстроўваюць унутрызанальныя адрозненні расліннасці: Аршанска-Магілёўская, Ашмянска-Мінская, Бугска-Палеская, Бярэзінска-Перадпалеская, Заходнядзвінская, Нёманска-Перадпалеская, Палеска-Прыдняпроўская; 25 геабат. раёнаў.