КА́БАТ, Кабота (Cabot, Caboto),

італьянскія мараплаўцы, бацька і сын. Джон (Джавані) (паміж 1450—55, г Генуя — 1499?), з 1490 быў на англ. службе. У 1497 у пошуках зах. марскога шляху ў Кітай дасягнуў в-ва Ньюфаўндленд (адкрыў, магчыма паўторна, Вял. Ньюфаўндлендскую банку). У 1498 дасягнуў берагоў Паўн. Амерыкі і прасачыў значную ч. ўсх. узбярэжжа. Себасцьян (каля 1475, г. Венецыя — 1557), сын Джона. удзельнік экспедыцый бацькі ў 1497 і 1498. У 1526—30 на ісп. службе. На чале ісп. флатыліі даследаваў заліў Атлантычнага ак. Ла-Плата, ніжняе цячэнне р. Парана, адкрыў ніжняе цячэнне р. Парагвай.

т. 7, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАВАЛЁЎ (Піліп Іванавіч) (27.11.1916, в. Гойкаў Чэрыкаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 17.3.1944),

удзельнік партыз. руху на тэр. Гомельскай і Магілёўскай абл. у Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1944). Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. З чэрв. 1941 на фронце, з чэрв. 1942 у тыле ворага ў дыверсійнай групе, з ліп. 1943 камандзір групы падрыўнікоў 255-га партыз. атрада, потым — партыз. палка 255-га. Падрыхтаваў 13 дыверсійных груп, пусціў пад адхон 19 эшалонаў, падарваў 30 аўтамашын з жывой сілай і тэхнікай ворага. Загінуў у баі каля в. Перунава Кіраўскага р-на.

П.І.Кавалёў.

т. 7, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗАЧЭ́НКА (Мікалай Міхайлавіч) (1.1.1916, в. Бярозаўка Чэрвеньскага р-на Мінскай вобл. — 21.3.1977),

Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў Рэсп. парт. школу пры ЦК К.П(б)Б (1949). Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 на Зах., Паўд.Зах., Паўн.-Каўказскім, Сцяпным, 3-м Укр., 1-м Бел. франтах. Вызначыўся пры фарсіраванні Дняпра каля Ніжнедняпроўска (Украіна); у ноч на 3.10.1943 байцы аддзялення на чале са ст. сяржантам К. пад агнём праціўніка збудавалі прыстань на правым беразе ракі і пераправілі на пароме 1700 воінаў, 60 павозак з боепрыпасамі, 120 коней.

М.М.Казачэнка.

т. 7, с. 425

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗЕ́Й (Марат Іванавіч) (10.10.1929, в. Станькава Дзяржынскага р-на Мінскай вобл. — 11.5.1944),

піянер-партызан.

Герой Сав. Саюза (1965). У Вял. Айч. вайну з ліст. 1942 у партыз. атрадзе «25 год Кастрычніка», са жн. 1943 разведчык штаба 200-й партыз. брыгады імя К.​К.​Ракасоўскага Мінскай вобл. У снеж. 1943 здабыў ваен. карты і планы камандавання праціўніка. 11.5.1944 пры выкананні баявога задання каля в. Хароміцкія Уздзенскага р-на К. быў акружаны карнікамі. Адстрэльваўся да апошняга патрона, потым гранатай падарваў сябе і гітлераўцаў, якія наблізіліся да яго. Пахаваны на радзіме, дзе ў 1987 створаны мемарыял. У Мінску К. пастаўлены помнік.

М.І.Казей.

т. 7, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛА́Н, камчацкі бабёр,

марская выдра (Enhydra lutris),

млекакормячае сям. куніцавых. Адзін від роду, 2 падвіды. Пашыраны ў паўн. ч. Ціхага ак. (узбярэжжы Паўн. Амерыкі і Азіі). Жыве ў прыбярэжнай зоне, каля скал.

Даўж. да 1,5 м, маса да 40 кг. Футра густое, шаўкавістае, цёмна-бурае ці амаль чорнае. Ногі кароткія, заднія накшталт ластаў. Самка раз у 2 гады нараджае 1—2 дзіцяняці Па сушы перамяшчаецца з цяжкасцю, выдатна плавае і нырае, пад вадой можа быць да 45 мін. Корміцца марскімі вожыкамі, малюскамі, крабамі, рыбай. У Расіі промысел забаронены, ахоўваецца.

З.​Р.​Самусенка.

Калан.

т. 7, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛАСНЯ́К (Leymus),

род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 50 відаў. Пашыраны ў нетрапічных краінах Паўн. паўшар’я і Паўд. Амерыкі, часткова ў гарах тропікаў. На Беларусі расце К. пясчаны (L. arenarius). Рэдкі заносны від. Трапляецца пераважна ў паўд.-зах. раёнах на пясках у хвойніках, населеных пунктах і інш.

Шматгадовыя травяністыя расліны выш. 80—120 см з доўгім паўзучым карэнішчам. Сцёблы прамыя, моцныя, тоўстыя, аблісцелыя. Лісце цвёрдае, буйное, шырокалінейнае з шызым налётам. Суквецце — густы колас. Каласкі ланцэтныя, 4—6-кветныя, безасцюковыя. Цвіце ў чэрв.—ліпені. Плод — падоўжаная жалабатая зярняўка. Кармавая, харч., дэкар. расліна.

Каласняк галінасты.

т. 7, с. 454

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛДЫЧЭ́ЎСКІ ЛА́ГЕР СМЕ́РЦІ Створаны ням.-фаш. захопнікамі ў 1942 каля в. Калдычэва Баранавіцкага р-на Гродзенскай вобл. ў Вял. Айч. вайну. На абнесенай дротам тэрыторыі лагера вязняў марылі голадам, непасільнай працай на торфараспрацоўках, катавалі і забівалі. Тут існавала 12 турэмных камер і спец. камера для катаванняў. У ноч на 30.6.1944 перад падыходам Чырв. Арміі гітлераўцы расстралялі вязняў, узарвалі памяшканні, зраўнавалі з зямлёй пахаванні і засеялі травой. У лагеры за час яго існавання закатавана больш за 22 тыс. чал. На месцы лагера помнік ахвярам фаш. тэрору.

Літ.:

Шерман Б.П. Барановичское гетто;

Колдычевский лагерь смерти... Барановичи, 1997.

т. 7, с. 457

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЕ́НІКАЎ (Іван Емяльянавіч) (1911.1912, г. Гомель — 14.8.1969),

Герой Сав. Саюза (1944). Працаваў на паравозарамонтным з-дзе ў Гомелі. Скончыў Саратаўскае бранятанк. вучылішча (1937), Акадэмічныя курсы пры Ваен. акадэміі бранятанк. войск (1944). У Чырв. Арміі з 1933. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 на Зах., Калінінскім, Варонежскім, Бранскім, 1-м і 2-м Укр франтах. У час Лепельскага контрудару 1941 удзельнік баёў каля г. Сянно Віцебскай вобл. Нам. камандзіра танк. брыгады маёр К. вызначыўся ў баях на Кіеўскім напрамку ў 1943. Да 1957 у Сав. Арміі, палкоўнік.

І.Е Каленікаў.

т. 7, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛІНО́ЎСКІ (Канстанцін Браніслававіч) (13.10.1897, г. Смаленск — 12.7.1931),

ваенны дзеяч, удзельнік грамадз. вайны ў Беларусі. Скончыў Вышэйшую ваен. аўтабранявую школу РСЧА (1919), Ваен. акадэмію РСЧА у Маскве (1925). Удзельнік 1-й сусв. вайны. У Чырв. Арміі з чэрв. 1918, удзельнік баёў на Паўн. фронце. Са снеж. 1919 на Зах. фронце, камандзір і ваенком браняпоезда. За баі каля ст. Зябкі чыг. Полацк—Маладзечна (ліп. 1920), у раёне г. Пінск і пры абароне пераправы цераз р. Ясельда (вер.) узнаг. 2 ордэнамі Чырв. Сцяга (1920, 1921). З 1925 ваен. саветнік рэв. войск у Кітаі, інспектар бранявых сіл РСЧА. Загінуў пры выкананні службовых абавязкаў.

т. 7, с. 470

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛУМБІ́ЙСКАЕ ПЛАТО́ (Columbia Plateau),

лававае плато ў Кардыльерах Паўн. Амерыкі, на ПнЗ ЗША. Размешчана паміж Скалістымі і Каскаднымі гарамі. Пл. каля 500 тыс. км². Выш. 700—1000 м. Складзена з крышт. і асадкавых парод палеазою і мезазою, перакрытых вулканічнымі базальтамі неагену. Паверхня плоская або хвалістая, укрыта лёсамі, на Пн марэнай, зрэзана каньёнамі рэк Калумбія (да глыб. 900 м), Снейк (да 1500 м) і інш.; ёсць і сухія каньёны, утвораныя ў антрапагенавы час (найб. Гранд-Кулі). На рэках шмат вадаспадаў, парогаў. ГЭС. Большая ч. плато ўкрыта дзярніста-злакавым стэпам, значная ч. тэрыторыі разарана пад збожжавыя культуры.

т. 7, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)