РАВІ́НСКІ (Вікенцій Паўлавіч) (1786, Духаўшчынскі р-н Смаленскай вобл. Расія — 1855),
паэт і драматург, найб. верагодны аўтар бел. паэмы «Энеіда навыварат». Удзельнік войнаў з французамі 1805—07, 1812, паходу рус. арміі ў Зах. Еўропу. З 1816 у адстаўцы, палкоўнік. З 1826 на цывільнай службе ў Арэнбургскай губ., у Пензе, Кастраме. З 1833 на радзіме. Сістэматычнай адукацыі не атрымаў, але сам набыў разнастайныя веды: валодаў франц. і ням. мовамі, цікавіўся гісторыяй і л-рай. Поглядамі блізкі да дзекабрыстаў. «Энеіда навыварат» (захаваўся толькі пачатак) магла быць напісана ім у 1816—25 у вёсцы ці ў 1827—28, калі ён стажыраваўся ў Смаленскай удзельнай канторы. Аўтар вершаванай камедыі «Шлюб паняволі», сатыры на аракчэеўскія парадкі «Вялікі муж субардынацыі», вершаў, у якіх высмейваў самадурства паноў і апісваў камічныя эпізоды з жыцця памешчыкаў, нататкаў па гісторыі. Тэксты іх (распаўсюджваліся ў рукапісах) не выяўлены.
Літ.:
Кісялёў Г. Загадка беларускай «Энеіды». Мн., 1971;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАГАЧО́ЎСКАЯ ВО́ЛАСЦЬ, Рагачоўскае староства,
буйны дзярж. маёнтак у ВКЛ у 14—18 ст. У канцы 14 ст. належала кн. Ю.Талочку, пазней — вял.кн.ВКЛ Вітаўту. У 1397 з яго вылучана Бярэзінская зямля, у 1440-я г. — маёнткі Плесавічы і Ціхінічы. У 1456 воласць падаравана выхадцу з Масквы, удзельнаму кн. І.В.Яраславічу (Бароўскаму), потым яго сыну Ф.І.Яраславічу, які ў 1509 завяшчаў яе вял.кн. Жыгімонту I. Апошні ўступіў у валоданне Р.в. ў 1519 і падараваў яе сваёй жонцы Боне Сфорца. Кіравалі воласцю намеснікі Боны, з 1556 — дзярж. маёнтак (староства). Паводле адм.-тэр. рэформы 1565—66 уключана ў Рэчыцкі пав. У 1563 тром полацкім шляхціцам замест занятых рас. войскамі маёнткаў часова аддадзены са складу Р.в. сёлы Званец і Хлобін (сучасны Жлобін?). Паводле люстрацыі 1765, у складзе Р.в. мяст. Рагачоў і 27 вёсак (разам больш за 700 двароў), падзялялася на Задняпроўскае, Задруцкае і Рагачоўскае войтаўствы. У 1772 тэр. Р.в. на У ад рэк Друць і Дняпро адышла да Расійскай імперыі, рэшта воласці далучана да Расіі ў 1793.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЯЛО́ГІЯ МЕДЫЦЫ́НСКАЯ,
галіна медыцыны, якая вывучае дзеянне іанізавальнага выпрамянення на арганізм чалавека, распрацоўвае метады яго выкарыстання з дыягнастычнай і лячэбнай мэтамі, вырашае пытанні проціпрамянёвай аховы і радыегігіены. Уключае прамянёвую дыягностыку і прамянёвую тэрапію. Прамянёвая дыягностыка выкарыстоўвае выпрамяненні для даследавання будовы і функцый нармальных і паталагічна змененых органаў і сістэм чалавека. У яе ўваходзіць рэнтгенадыягностыка, радыенуклідная дыягностыка, ультрагукавая дыягностыка, магнітнарэзанансная візуалізацыя. Да прамянёвай дыягностыкі адносяцца таксама тэрмаграфія, ЗВЧ-тэрмаметрыя. Р.м. ўзнікла пасля адкрыцця рэнтгенаўскіх прамянёў і радыеактыўнасці. Пашырана ў анатоміі (прамянёвая нармальная і паталаг. анатомія), фізіялогіі (прамянёвая фізіялогія і патафізіялогія), біяхіміі (радыяцыйная біяхімія). На Беларусі пытаннямі Р.м. займаюцца ў НДІ анкалогіі і мед. радыялогіі (вядучая навук. ўстанова), на кафедрах радыялогіі (прамянёвай дыягностыкі) Мінскага мед. ін-та, Бел.мед. акадэміі паслядыпломнай адукацыі. Выдаецца час. «Новости лучевой диагностики».
Літ.:
Михайлов А.Н. Рентгеносемиотика и диагностика болезней человека. Мн., 1989;
Яго ж. Лучевая диагностика в гастроэнтерологии. Мн. 1994;
Resnik D., Pettersson H. A skeletal radiology. Oslo, 1992;
Pettersson H. A global textbook of radiology. Oslo, 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЁННЫ СУД,
асноўнае звяно сістэмы агульных судоў у Рэспубліцы Беларусь. Уведзены Законам «Аб судаўладкаванні і статусе суддзяў у Рэспубліцы Беларусь» ад 14.2.1995. Утвараецца ў раёне, горадзе абл. падпарадкавання, які не мае раённага падзелу, раёне ў горадзе. Складаецца са старшыні суда, суддзяў і суддзяў па адм. справах і выканаўчых вядзеннях. Пры наяўнасці 5 і больш суддзяў уводзіцца і пасада намесніка старшыні гэтага суда. Колькасць суддзяў для кожнага Р.с. ўстанаўліваецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь па сумесным прадстаўленні міністра юстыцыі і старшыні Вярх. Суда Рэспублікі Беларусь. Р.с. разглядае ўсе цывільныя, крымінальныя і адм. справы, за выключэннем спраў, што аднесены заканадаўствам да кампетэнцыі інш. судоў. У выпадках, прадугледжаных заканад. актамі рэспублікі, Р.с. разглядае матэрыялы аб выкананні рашэнняў, прыгавораў, пастаноў і вызначэнняў, вывучае і абагульняе суд. практыку, а таксама ажыццяўляе інш. паўнамоцтвы ў адпаведнасці з заканад. актамі. Старшыня Р.с. назначаецца Прэзідэнтам рэспублікі па сумесным прадстаўленні міністра юстыцыі і старшыні Вярх. Суда тэрмінам на 7 гадоў. Правы і абавязкі старшыні Р.с. і яго намесніка вызначаны заканадаўствам. Да ўтварэння Р.с. яго функцыі ў 1917—94 выконвалі нар. суды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ЙЦАЎСКІ КАСЦЁЛ,
помнік архітэктуры 19 ст. ў в. Райца Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. Пабудаваны ў 1817 з цэглы на сродкі ўладальніка сядзібы Ф.Раецкага, прызначаўся для родавай пахавальні. Пасля 1863 касцёл ператвораны ў правасл. Спаса-Праабражэнскую царкву. Прамавугольны ў плане будынак. На гал. фасадзе ўзвышаецца магутная 4-гранная вежа з зубчастым крэмальерным парапетам і аркатурным фрызам. Над вежай гіпсавая скульптура Маці Божай, на франтальнай грані быў гадзіннік-куранты. Гал. ўваход у выглядзе стральчатай аркі і такой жа формы акно хораў над ім аб’яднаны агульным высокім стральчатым парталам. Вышэй размешчаны акно-ружа і арачны праём яруса-звона, аформлены гатычнай аркай. Сцены выкладзены з бутавага каменю і абпаленай цэглы. Бакавыя фасады расчлянёны ступеньчатымі контрфорсамі, выкладзенымі з бутавых валуноў. Вылучаюцца пабеленыя элементы арх. дэкору: стральчатыя нішы, аркатурныя паясы, парталы ўваходаў. Пад храмам крыпта, у якой знаходзіліся пахаванні фундатара і членаў яго сям’і. Каля касцёла стаяла стараж. медная гармата. Непадалёк ад яго мураваная 2-павярховая плябанія з брамай у выглядзе стральчатай аркі (адлюстравана на акварэлі Н.Орды 1864—67).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́ЛІС ((Rullis) Талрыд) (н. 29.12.1940, г. Вентспілс, Латвія),
латышскі перакладчык. Вучыўся ў Латв. ун-це (1959—64, 1969—72). У 1967—84 працаваў у друку, у Латв.Сав. Энцыклапедыі, у выд-ве «Ліесма». Друкуецца з 1962. Асобнымі выданнямі ў яго перакладзе выйшлі раманы і аповесці К.Чорнага «Трэцяе пакаленне» (1971), І.Пташнікава «Тартак» (1972), І.Сяркова «Мы з Санькам у тыле ворага» (1973), А.Кудраўца «Раданіца» (1974), В.Быкава «Сотнікаў. Абеліск. Дажыць да світання» (1976), «Жураўліны крык. Пайсці і не вярнуцца» (1984), «Знак бяды» (1986), З.Бядулі «Салавей» (1977), М.Гарэцкага «На імперыялістычнай вайне. Віленскія камунары» (1978), І.Чыгрынава «Плач перапёлкі» (1980), Я.Коласа «На ростанях» (1982), В.Казько «Суд у Слабадзе» (1982), А.Масарэнкі «На бабровых тонях» (1983), У.Караткевіча «Дзікае паляванне караля Стаха» (1985) і інш. У перыяд. выданнях надрукаваны ў яго перакладзе творы В.Адамчыка, Быкава, Кудраўца, Я.Скрыгана, пераклаў паасобныя творы Я.Брыля, В.Віткі, В.Карамазава, В.Іпатавай, а таксама рус., укр. і літ. пісьменнікаў. Піша артыкулы пра бел. л-ру і праблемы перакладу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́ЙТАН Тадэвуш [1742 ?, в Грушаўка Ляхавіцкага р-на Брэсцкай вобл. (ахрышчаны 20.8.1742 у г. Ляхавічы) —8.8.1780], палітычны дзеяч Рэчы Паспалітай. Паходзіў са шляхецкага роду — уладальнікаў Грушаўкі. Вучыўся ў піярскай школе і Калегіуме Нобіліум у Варшаве. Служыў у войску. Паводле некат. звестак, удзельнік Барскай канфедэрацыі. Быў абраны паслом ад Навагрудскага пав. на сойм 1773—75, дзе планавалася зацвердзіць 1-ы падзел Рэчы Паспалітай. Разам з пасламі ад Навагрудскага пав. С.Корсакам і ад Мінскага пав. С.Багушэвічам рашуча супрацьдзейнічаў гэтай анексіі, перашкаджаў утварэнню на сойме канфедэрацыі, якая б зацвердзіла такі падзел. Але большасць паслоў сойма, падкупленая замежнымі дзяржавамі, не падтрымала яго. 1.12.1773 Р. склаў маніфест, дзе канстатаваў нелегітымнасць канфедэрацыі і трактатаў пра падзел Рэчы Паспалітай. Страціў розум і вывезены ў Грушаўку. Скончыў самагубствам. Яшчэ сучаснікі лічылі Р. нац. героем, Чатырохгадовы сойм 1788—92 абвясціў Р. «вартым нац. жалобы», а яго дзеянні — «узорам для пераймання». Р. прысвечаны шматлікія маст. творы, у т. л. карціна Я.Матэйкі. У сярэдзіне 19 ст. ў Грушаўцы быў устаноўлены бюст Р. (цяпер у Нац. музеі ў Кракаве), у 1993 — мемарыяльны знак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́УТ (Газдава-Рэут) Вінцэнты
(Вікенцій Уладзіслававіч; 1812? — не пазней 1883),
польскі і бел. пісьменнік; прадстаўнік рамантызму. Жыў у маёнтку Мосар у Полацкім пав. У 1827—34 чыноўнік у Віцебску. У 1839—42 полацкі павятовы прадвадзіцель дваранства (маршалак). Друкаваўся ў альманахах «Niezabudka» («Незабудка»), «Rocznik literacki» («Літаратурны штогоднік»), «Rubon» («Рубон»), Збіраў і публікаваў бел. фальклор, шырока выкарыстаў яго ў вершаванай аповесці «Жонка» (1844). У паэме «Летуценнік» (1849) выказаў сімпатыі да вызв. барацьбы грэч. народа. У публіцыст. артыкулах заклікаў развіваць на Беларусі прамысловасць. Прыхільна ставіўся да паўстання 1863—64, прыцягваўся да следства, быў пад наглядам паліцыі. Зрабіў запіс у «Альбоме» А.І.Вярыгі-Дарэўскага. У пісьме да І.Легатовіча расказаў пра сувязі беларусаў, якія жылі ў Пецярбургу, з Т.Шаўчэнкам.
Літ.:
Зямкевіч Р. Тарас Шаўчэнка і беларусы // Тарас Шаўчэнка і беларуская літаратура. Мн., 1964;
Кісялёў Г. Загадка беларускай «Энеіды». Мн., 1971;
Яго ж. Радаводнае дрэва. Мн., 1994;
Пачынальнікі. Мн., 1977;
IngIot M. Polskie czasopisma literackie ziem litewsko-mskich w latach 1832—1851. Warszawa, 1966.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СААДЗІ́ (сапр.Мусліх-ад-дзін Абу Мухамед Абдалах ібн-Мушрыф ібн-Мусліх ібн-Мушрыф Саадзі Шыразі; паміж 1203 і 1210, г. Шыраз, Іран — 9.12.1292),
персідскі пісьменнік, класік персідскай і таджыкскай літаратур. Пісаў і на араб. мове. Вучыўся ў Багдадзе. Вандраваў па краінах Блізкага і Сярэдняга Усходу. У 1256 вярнуўся ў Шыраз. С. лічаць пачынальнікам «чыстай» газелі. Яго газелі вылучаюцца прастатой і яснасцю вобразаў, натуральнасцю пачуццяў, даступнасцю мовы, музыкальнасцю, глыбокім зместам і вытанчанай маст. формаю. Найб. значныя творы — паэма «Бустан» (1257) і зб. прытчаў у прозе і вершах «Гулістан» (1258), якія ахопліваюць розныя бакі рэчаіснасці і кодэкса маралі, апяваюць душэўную прыгажосць чалавека. «Гулістан» — першы помнік перс. л-ры пра жыццё і побыт сярэдневяковага ўсх. горада. Многія афарызмы С. сталі нар. прымаўкамі. Асобныя яго вершы на бел. мову пераклаў С.Грахоўскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САРТАКО́Ў (Сяргей Венядзіктавіч) (н. 26.3.1908, г. Омск, Расія),
рускі пісьменнік. Герой Сац. Працы (1984). Друкуецца з 1934. Першы зб. апавяданняў — «Аляксей Худаногаў» (1945). Асваенне прыродных багаццяў Сібіры, прац. подзвігі людзей у аповесці «Каменны фундамент» (1938—49), раманах «Ледзяны скарб» (1961—62), «Філасофскі камень» (кн. 1—2, 1966—71), трылогіі «Барбінскія аповесці» («Горны вецер», 1957; «Не аддавай каралеву», 1960; «Павольны гавот», 1967; Дзярж. прэмія СССР 1970) і інш. У рамане «Хрыбты Саянскія» (кн. 1—3, 1940—48, канчатковая рэд. 1954—55) працэс фарміравання рабочага класа Сібіры, яго ўдзел у рэвалюцыі 1905. Аўтар аўтабіягр. аповесці «Над чыстым лістом» (1978), аповесцей для дзяцей «Па Чунскіх парогах» (1946), «Плыт ідзе на Поўнач» (1949), раманаў «Свінцовы манумент» (1980), «Вечная песня — калыханка» (1983), зб-каў апавяд. «Садок пад вокнамі» (1959), «Першая сустрэча» (1967), п’ес і інш. Асобныя яго апавяданні на бел. мову пераклалі А.Жук, Л.Салавей, У.Шахавец.