кармі́цца, кармлюся, кормішся, корміцца; незак.
1. Прымаць ежу, корм; насычацца. [Вепр] ішоў павольна і пачынаў ужо корміцца. Самуйлёнак. Лось карміўся каля стога, Піў ваду, лядок пратоўк. Лужанін. [Дзіцятка] ляжала на руках маці і кармілася, прыпаўшы да адкрытых белых грудзей. Пестрак.
2. чым і без дап. Мець за сродак для існавання, пражыцця; харчавацца. Чапля корміцца рыбай. □ Стрыжы адлятаюць першымі таму, што кормяцца толькі тымі насякомымі, якіх яны могуць схапіць сваім шырокім ротам у паветры, у час палёту. В. Вольскі.
3. чым, з чаго, на што. Здабываць сродкі для існавання, пражыцця. Выпраўляў кульгавы Цыпрук хлопчыкаў да купца ў лес на заработкі. Гэтым кармілася сям’я. Бядуля. — [Марыля] хоча рабіць нешта, каб .. корміцца. Чыгрынаў.
4. Зал. да карміць.
•••
Карміцца акрыдамі — бедна харчавацца, галадаць (з евангельскага апавядання пра Іаана Хрысціцеля, які ў пустыні еў акрыды і дзікі мёд).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ко́ўзкі, ‑ая, ‑ае.
Разм.
1. Зусім гладкі, які не стварае трэння і на якім цяжка ўтрымацца або які цяжка ўтрымаць; слізкі. Коўзкі лёд. □ Усё цяжэй было трымаць раўнавагу на коўзкай ад гразі дарозе, усё горш упраўляліся замлелыя рукі з непаслухмяным рулём. Краўчанка. Зерне было сухое, коўзкае. Пянкрат. // перан. Ненадзейны, небяспечны, такі, што можа прывесці да непажаданых вынікаў (пра жыццёвы шлях, напрамак дзейнасці і пад.). Не блукалі сцежкай коўзкай — Спеў Купалы акрыляў, Арлянят-маладнякоўцаў У палёт благаслаўляў. А. Александровіч.
2. Які мае гладкую паверхню і рухаецца шляхам слізгання. Гэтай зімой, напрыклад, дзед змайстраваў такія саначкі, што лепшых і не прыдумаеш. Лёгенькія, прыгожыя. Кляновыя палазкі добра закручаныя, коўзкія. Рылько.
3. Плаўны, лёгкі (пра паходку, рух і пад.). Даганяем і бачым Жэньку, Сцяпанавага сына. Лыжы ў яго бацькавы, ідзе без палак, упэўнена, моцнымі і коўзкімі крокамі. Хомчанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
кро́пля, ‑і; Р мн. ‑пель; ж.
1. Маленькая круглая часцінка якой‑н. вадкасці; капля. Упалі першыя буйныя кроплі дажджу і, нібыта крупінкі жывога срэбра, задрыжалі і пакаціліся па дарожным пыле. Грахоўскі.
2. перан.; толькі адз., чаго. Самая малая колькасць чаго‑н. Я шчаслівы, што ўзяў для жыцця Хоць па кроплі малой ад цябе — Працавітасці шчырай тваёй, І сардэчнай любві, і спагады. Гілевіч.
•••
Да (апошняй) кроплі — усё без астатку (выпіць, расходаваць і пад.).
Да апошняй кроплі крыві — ахвяруючы ўсім, не шкадуючы жыцця (змагацца, біцца, абараняцца і пад.).
Кропля ў кроплю — абсалютна, поўнасцю (падобен, супадае і пад.).
Кропля ў моры — вельмі нязначная колькасць у параўнанні з чым‑н. вялікім.
Ні кроплі — нічуць, ніколькі.
Ні кроплі ў рот не браць гл. браць.
Як дзве кроплі вады — абсалютна, поўнасцю (падобны, супадае і пад.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зайсці́ся 1, зайдуся, зойдзешся, зойдзецца; пр. зайшоўся, ‑шлася, ‑шлося; заг. зайдзіся; зак.
Разм. Тое, што і зайсці (у 1 знач.). [Лабыш:] О, нешта ж нядобрае будзе: леснічыха на вяселле зайшлася. Козел.
зайсці́ся 2, зайдуся, зойдзешся, зойдзецца; пр. зайшоўся, ‑шлася, ‑лося; зак.
1. Страціць пачуццё, замерці, знямець. А зірнуў бы сюды [у бібліятэку] пан Баркоўскі цяпер — напэўна зайшоўся б ад злосці. Брыль. // Разм. Памерці. Сухотлівая сястра без догляду зайшлася. Чорны. // Анямець, страціць адчувальнасць (ад холаду, марозу). Пальцы зайшліся ад холаду. Зубы зайшліся ад халоднай вады. // (у спалучэнні са словамі «душа», «сэрца»). Сціснуцца, замерці, перастаць адчувацца. «Няўжо заўважылі?» — ад трывогі ў Сашы зайшлося сэрца. Новікаў.
2. Пачаць нястрымна плакаць, смяяцца, кашляць і пад. Зайсціся ад смеху. □ [Сабакі] кінуліся к дзвярам, адчынілі іх і ўжо на дварэ зайшліся брэхам. Чорны. Дзіця аж зайшлося ад болю. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
глыта́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што і без дап.
1. Пры дапамозе мышцаў горла праштурхоўваць што‑н. у стрававод і страўнік. Глытаць ежу. Глытаць пілюлі. // Уцягваць у сябе паветра, дым, пыл і інш. Глытаць паветра. □ Усё роўна, дзе грудзьмі глытаць Марскі ахрыплы вецер. Танк. // перан. Паглынаць, усмоктваць (пра багну і пад.). Краіна мая, Ты фашыстаў сустрэла Агнём і сякерай, Гранатай і стрэлам, Калола іх хвояй, Глытала дрыгвою. Панчанка.
2. Разм. Есці, піць з прагнасцю, вялікімі глыткамі. Удовін сын з сябрамі шклянкамі п’юць, а Вадапой — цэлымі бочкамі глытае. Якімовіч. // перан. З прагнасцю чытаць; прагна слухаць. Глытаць кнігі. □ Я глытаю кожнае дзедава слова. Бядуля.
•••
Глытаць слёзы — старацца стрымаць слёзы.
Глытаць сліну (слінку) — з зайздрасцю, з прагнасцю глядзець на што‑н. смачнае, прывабнае, але недаступнае.
Глытаць словы — гаварыць неразборліва, невыразна; не дагаворваць слоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
далажы́ць 1, ‑лажу, ‑ложыш, ‑ложыць; зак., што і без дап.
1. Афіцыйна паведаміць, зрабіць даклад 1 (у 2 знач.). — Таварышы, — звярнуўся Гуга да сходу: — да нас прыехаў наш таварыш і зямляк. .. У яго ёсць план работы, аб якім ён і даложыць вам. Колас. // Зрабіць данясенне, давесці да ведама. Пагранічнік далажыў начальніку заставы Мікалаю Іванавічу Свірыну пра здарэнне. Пальчэўскі. Келер пастроіў салдат і далажыў лейтэнанту, што скончылі аперацыю. Мележ. // Разм. Расказаць, паведаміць аб чым‑н. — А вас, панічыку, пыталася паненка, — далажыла бабка настаўніку, як толькі ён вярнуўся з гасцей. Колас.
2. Паведаміць начальніку, гаспадару аб прыходзе наведвальніка. Сакратар(к)а далажыла, і .. дырэктар згадзіўся прыняць наведвальніка. Шахавец.
•••
Далажыць па камандзе — далажыць вышэйшаму па рангу камандзіру.
далажы́ць 2, ‑лажу, ‑ложыш, ‑ложыць; зак., што і чаго.
Палажыць дадаткова; дадаць, дакласці. Далажыць у сподак варэння. Далажыць грошай на пакупку.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дарма́ і да́рма, прысл.
1. Бескарысна, дарэмна, марна. Сцёпка сваё вядзе: чытае, піша, думае, разважае. Ні адзін вечар вольны не прападаў дарма. Колас. // Без дастатковых падстаў, беспрычынна. [Вярхоўскі:] Дарма, грамадзянін, злуяцеся. Маўзон.
2. Бясплатна, за нішто. У Ксавэра Блецькі цяпер толькі клопату ў галаве, каб Антон не еў дарма хлеба. Чорны. // Незаслужана, беспадстаўна. Наш сябра тытул атрымаў. Ну што ж, насі, такая справа. Ці па заслугах, ці дарма — Не так, прызнацца, і цікава. Гілевіч.
3. у знач. часціцы. Хай, так і быць. Не хопіць ці хлеба, ці бульбы? — Дарма! Дадасі яшчэ бобу. Дубоўка.
4. у знач. вык. Дробязь, не мае значэння. Баіцца — будзе ёй адплата — Чакаць дабра з таго дарма. Колас.
•••
Дарма што (уступальны злучнік) — хоць; нягледзячы на тое, што. Сядзіць Андрэйка з татам. Добра так умасціўся, дарма што трасе трохі. Юрэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дроб 1, ‑у, м.
Разм. Кавалачак чаго‑н.; драбок. Дроб цукру. □ Ганька паспешна снедае. Паспешна кладзе ў сваю торбачку, поруч з букваром, загорнуты ў капусны ліст дроб сыру з хлебам. Васілевіч. [Яніна] адрэзваг ладны дроб сала. Мурашка.
дроб 2, ‑у; мн. дробы, ‑аў; м.
Лік, які складаецца з пэўнай колькасці роўных частак адзінкі. Вывучаць дровы. Множанне дробаў.
•••
Бесканечны дзесятковы дроб — дроб з неабмежаванай колькасцю дзесятковых знакаў.
Дзесятковы дроб — дроб, назоўнік якога ёсць цэлая ступень ліку 10 (такі дроб запісваюць без назоўніка, аддзяляючы ў лічніку справа коскай столькі лічбаў, колькі нулёў у назоўніку).
Няправільны дроб — дроб, у якім лічнік большы за назоўнік.
Перыядычны дроб — бесканечны дзесятковы дроб, у якім адна або некалькі лічбаў нязменна паўтараюцца ў адной і той жа паслядоўнасці.
Правільны дроб — дроб, у якім лічнік меншы за назоўнік.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адвалі́ць, ‑валю, ‑валіш, ‑валіць; зак.
1. што. Адвярнуць што‑н. цяжкае ад чаго‑н., што было прывалена ім ці перашкаджала чаму‑н. Адваліць каменную глыбу. // Зняць заваду ў дзвярах, варотах. Прытрымліваючы рукою крысы кажуха, да брамы падышоў гаспадар, не спяшаючыся адваліў завалу і адчыніў веснічкі. Пальчэўскі.
2. што. Аддзяліць, выдзеліць, адрэзаць каму‑н. значную частку чаго‑н. Адваліць лусту хлеба. / у іран. ужыв. Выхапіў.. [начальнік] з рук Паранькі паперы і, як бы для адчэпнага, піша — выдаць два рулоны. Во, колькі адваліў! Ракітны.
3. ад чаго і без дап. Адысці, адплысці, адляцець (пра судна, самалёт і пад.). Параход плаўна адваліў ад прыстані. Даніленка. Нарэшце пікіроўшчыкі адвалілі. Я думаў, што на палянцы сапраўды не асталося нічога жывога. Сабаленка. // Адысці, паменшаць колькасна, разысціся. У паўзе, калі пакупнікі адвалілі, Аксана разгарнула ілюстраваны часопіс. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
запа́сці, ‑паду, ‑падзеш, ‑падзе; пр. запаў, ‑ла; зак.
1. Увайсці, заскочыць унутр. Выходзячы, [Пракоп] хацеў бразнуць дзвярамі, але запаў слясак у дзвярах. Баранавых.
2. Разм. Падаючы, трапіць куды‑н. У вока запала парушынка.
3. Уваліцца, стаць запалым. У вязня і грудзі запалі і шчокі, Румянец пачаў на іх хворы гарэць. Зарыцкі. Пасля таго, як нарадзілася дзіця, Ірына схуднела. Вочы яе запалі, скулы завастрыліся. Новікаў.
4. перан. Глыбока замацавацца, захавацца (у сэрцы, памяці і пад.). Бывае ж так: скажа хто часам, без ніякага намеру, а цябе словы яго крануць за жывое, западуць глыбока ў памяць. Пальчэўскі. Асабліва мне запала ў галаву тое, што мы з дзядзькам Пракопам пойдзем у нядзелю ў Верамеевічы і ён мяне завядзе на сход камсамольскай ячэйкі. Сабаленка.
5. Разм. Аслабець, заняпасці. А ў горле ў мяне суха, і голас запаў. Гарэцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)