падбаро́дак, ‑дна, м.
1. Месца паміж барадой і шыяй; падбароддзе. Галаву [Лізавета Назараўна] прыкрыла танюткай квяцістай хусцінкай, завязанай пад падбародак. Корбан. Яна падцягнула да сябе сваю чарку, прыкусіла дрыжачую губу, нервова развязваючы пад сухім падбародкам вузел святочнай хусцінкі. Дуброўскі.
2. Тое, што і барада (у 1 знач.). Свірын злёгку падняў за падбародак Грышаву галаву і зірнуў у яго вільготныя вочы. Пальчэўскі. Як раней, так і цяпер, быў пажылы мужчына з шырокім зухаватым тварам, з глыбока запалымі вачамі, з выступаючым уперад вострым падбародкам. Радкевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пло́скасць, ‑і, ж.
1. Уласцівасць плоскага.
2. Роўная, гладкая паверхня. // У геаметрыі — паверхня, якая мае толькі два вымярэнні і характарызуецца тым, што прамая лінія, праведзеная паміж любымі дзвюма кропкамі яе, поўнасцю сальецца з гэтай паверхняй.
3. перан. Пэўны погляд на рэчы, адносіны; пункт погляду, падыходу. Пытанне, па сутнасці, магло ставіцца ў дзвюх розных плоскасцях: ёсць ці няма наогул пралетарскай літаратуры. Перкін.
4. Спец. Крыло самалёта. [Ярохін] залез пад самалёт і, хаваючыся ад дажджу пад яго плоскасцямі, пачаў капаць нажом зямлю. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ра́дыё, нескл., н.
1. Спосаб перадачы і прыёму без правадоў электрамагнітных хваль для ўстанаўлення сувязі, вяшчання, тэлебачання і пад. Вынаходца радыё. Звязацца па радыё.
2. Тое, што і радыёперадача (у 2 знач.). Слухаць радыё.
3. Разм. Тое, што і радыёпрыёмнік; рэпрадуктар. Уключыць радыё. □ У маленькім пакойчыку, на самаробным століку было.. радыё. Чорны.
4. Ужываецца замест некаторых складаных слоў, першай састаўной часткай якіх з’яўляецца «радыё...» (радыёвяшчанне, радыёкропка, радыёсувязь, радыётэхніка і пад.). Працаваць на радыё. □ У радыё [Валодзя] таксама не надта разбіраецца. Шамякін.
[Ад лац. radio — выпраменьваю.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
разраўня́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак., што.
Зрабіць роўным, згладзіўшы складкі, згібы, няроўнасці. [Штаны] моршчацца гармонікамі, і ніякай сілай іх не разраўняеш. Адцягне Пецька рукамі штаніну ўніз — роўна, толькі за другую возьмецца, а першая — пстрык! — і зноў гармонікам. Сяркоў. У Глыбаве разраўнялі палетак вакол клуба, абнеслі прыгожым парканам. Кірэйчык. // Зняць, расправіць (складкі, няроўнасці і пад.). Разраўняць зморшчкі на спадніцы. // Зрабіць раўнамерным, аднолькавым слой чаго‑н. Верка перакінула салому цераз перагародку, перагнулася, каб яе там разраўняць. Гаўрылкін. Трэба было разраўняць грунт, утрамбаваць, падвесці пад ровень. Гроднеў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
рамантава́цца 1, ‑туюся, ‑туешся, ‑туецца; незак.
1. Знаходзіцца ў рамонце. Прыбыткоўскаму штосьці не падабалася ў тым, што каля яго хаты бадай штодзень рамантуецца аўтобус. Чорны. // Разм. Займацца рамонтам свайго жылля, машыны, гаспадарчых прылад і пад. [Леаніда Пятроўна:] — А чаму б гэтае пытанне не абмеркаваць нам на агульным сходзе? Пагаварыць пра тое, што нашы трактарысты працуюць якіх шэсць-сем месяцаў, а ўвесь астатні час рамантуюцца альбо прастойваюць пад навесам? Паслядовіч.
2. Зал. да рамантаваць 1.
рамантава́цца 2, ‑туецца; незак.
Зал. да рамантаваць 2.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
растапы́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак., што.
Разм.
1. Няўклюдна расставіць, развесці, рассунуць у бакі (рукі, ногі і пад.). Стафанковіч.. шырока растапырыў ногі і ўзліў сабе на галаву ражку цёплай вады. Чорны. [Ілонка] падняла ўверх свае рукі і растапырыла пальцы. Хомчанка. Качаня растапырыла кволенькія крыльцы і наўскасяк зляцела ў кусты. Пальчэўскі. // Раздзьмуць, адтапырыць. Стаенны прыгажун захроп, шырока растапырыўшы ноздры, павёў вушамі і пачаў грабці нагою зямлю. Кулакоўскі. // перан. Раскінуць, распасцерці ў бакі (вецце, галіны і пад.). А затое елка, нібы сваха, Лапы растапырыла свае. Лойка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
рашэ́нне, ‑я, ж.
1. Дзеянне паводле дзеясл. рашаць — рашыць (у 1–3 знач.).
2. Заключэнне, вывад, намер зрабіць што‑н. і пад., да якога прыходзяць пасля абдумвання, абмеркавання. Камандзір прыняў смелае рашэнне... — Зняць аўтаматчыкаў! Ісці да вёскі лесам. Шамякін. Не маладушнічаць, а памерці з высока ўзнятай галавой, як і належыць савецкаму чалавеку, — прыйшло выразнае і канчатковае рашэнне. Шчарбатаў.
3. Пастанова. Рашэнне суда. Рашэнні з’езда.
4. Адказ да задачы, красворда і пад.
•••
Саламонава рашэнне — мудрае рашэнне якога‑н. спрэчнага, складанага пытання.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
руча́йка, ‑і, ДМ ‑айцы; Р мн. ‑аек; ж.
1. Верацяно з наматанымі на яго ніткамі. Маці ўздыхнула, наматала на ручайку апошнюю нітку і ўстала з-за прасніцы. Пестрак. Белы, з серабрыстым адлівам кужаль пад яе рукамі ўмомант наматваўся ніткай на ручайку. Паўлаў.
2. Абл. Жменя лёну (валакна). За паклонамі б’юць церніцы паклон, За ручайкаю ручайку — грызуць лён, А з-пад церніцаў кастрыца — быццам снег. Крапіва. Яе русыя валасы, заплеценыя ў слабую касу, адразу кідаліся ў вочы: былі, як ачэсаная ручайка льну. Пташнікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
рэ́йка, ‑і, ДМ рэйцы; Р мн. рэек; ж.
1. Вузкі стальны брус, які замацоўваецца на шпалах (у два рады) для руху паяздоў, ваганетак і пад. У два рады між палёў Роўна рэйкі ляглі. Колас. Па рэйках тых бягуць цягнікі. Лынькоў. Павольна стукаюць на рэйках колы цягніка. Ставер.
2. Вузкая і тонкая драўляная дошка ці брусок. Мы прыладзілі да.. [карты] тоненькія рэйкі, старанна яе падклейвалі. Даніленка.
3. Драўляны брусок з дзяленнямі для вымярэння ўзроўню вады і пад. Вадамерная рэйка. Снегамерная рэйка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
тру́бны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да трубы (у 1 знач.). Трубны дым. // Які звязаны з вытворчасцю труб. Трубны завод. Трубны цэх.
2. Які ўтвараецца трубой (у 2 знач.). Трубныя гукі. // Які па сіле, тэмбру і пад. нагадвае гукі трубы. Як толькі чытанне рэзалюцыі было скончана, Бабека, як арол, акінуў вачамі залу і трубным голасам аддаў загад: — Асуджанага Лабановіча Андрэя Пятровіча зараз жа ўзяць пад варту! Колас. Над галавой, дзесьці высока ў небе, чуваць трубныя крыкі адлётных жураўлёў... Краўчанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)