апе́ка, ‑і, ДМ апецы, ж.
1. Мерапрыемствы па ахове правоў і інтарэсаў асоб, якія не могуць самі весці сваіх спраў. Устанавіць апеку над малалетнім. // Нагляд над дзяржавай (ахова яе правоў, клопаты пра яе развіццё і пад.), які ператвараецца капіталістычнымі краінамі ў эксплуатацыю і аграбленне падапечных дзяржаў. Міжнародная апека.
2. Нагляд, кантроль над чыёй‑н. дзейнасцю. Выйсці з-пад апёкі.
3. Асобы, установы, арганізацыі, якія ажыццяўляюць апеку.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
вызво́ньваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што і без дап.
1. Выконваць звонам што‑н.; званіць. Званы ў гарадку кожны дзень вызвоньвалі сваё. Чорны. На Спаскай вежы куранты вызвоньваюць поўнач. Брыль. // Адзывацца звонам, звінець. Прыемна было слухаць, як вызвоньваюць малаткі, бачыць, як паддаецца чалавеку жалеза. Даніленка. Пад вузкімі кладкамі вызвоньвала вада. Савіцкі.
2. Спяваць, звінець (пра птушак, насякомых і пад.). Высока ў небе вызвоньвалі свае песні жаваранкі. Даніленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
вы́лузацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
1. Выпасці са шкарлупіння, з цвёрдай абалонкі. // Вызваліцца з чаго‑н., з-пад чаго‑н. Грудок гэты толькі што вылузаўся з-пад снегу і яшчэ ўвесь чорны. Лужанін.
2. перан. Разм. Вырвацца, выкруціцца. Вылузацца з дужых рук. □ Мурашкі так абляпілі гадзюку, што яна... ніяк не магла ад іх вылузацца. Гурскі. // Выйсці з цяжкага, непрыемнага становішча, выкруціцца. Вылузацца з бяды.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
агіна́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
Ухіляцца ад непасрэднага ўдзелу ў працы; туляцца, гультаяваць. Усе працуюць старанна, ніхто не агінаецца. Чарнышэвіч. — Раз! Два! Узялі! — чуваць голас Марынчука. Хто пяўся з усяе сілы, а хто агінаўся, а каму проста нельга было даступіцца. С. Александровіч. // Ухіляцца ад адказу, гутаркі, кампаніі і пад. Дзверы на работу замкнуты, падтрымкі няма, кожны агінаецца пры сустрэчы, каб і самому не падпасці пад падазрэнне. Лужанін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
іміта́цыя, ‑і, ж.
1. Майстэрскае перайманне каго‑, чаго‑н., дакладнае ўзнаўленне, падробна чаго‑н. Імітацыя чужога голасу. □ Капітану стала ясна — забітага неслі ад дарогі, бой — звычайная імітацыя, інсцэніроўка... Ваданосаў.
2. Падробна чаго‑н. пад што‑н.; рэч, выкананая з матэрыялу-заменніка. Імітацыя пад арэх. Імітацыя мармуру.
3. Паўтарэнне музычнага матыву (мелодыі) у другім голасе (хору, аркестра, інструмента) на які‑н. інтэрвал вышэй або ніжэй.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ледзяні́ць, ‑ніць; незак., каго-што.
1. Ператвараць у лёд; замарожваць. Браўся і мароз — ды на суткі, не болей, ледзяніў толькі снег, не выйсці, не высунуцца на дарогу. Пташнікаў. // Пранізваць холадам. Холад настойліва забіраўся пад майкі і ледзяніў цела. Карпаў.
2. перан. (звычайна ў спалучэнні са словамі «кроў», «сэрца», «душу» і пад.). Даводзіць да стану здранцвення, жаху. Думкі, адна страшнейшая за другую, ледзянілі душу. Сіняўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
драбі́ць, драблю, дробіш, дробіць; незак., што.
1. Разбіваць, дзяліць, крышыць на дробныя часткі. Драбіць камень. □ Звінела стальное зубіла Пад чорным цяжкім малатком, Замшэлую глыбу драбіла, І падаў кусок за куском. Гаўрусёў. // перан. Расчляняць, раз’ядноўваць на асобныя часткі. Драбіць сілы.
2. і без дап. Рабіць што‑н. (іграць, гаварыць і пад.) у залішне паскораным тэмпе. Адзін барабанчык.. шумеў званочкамі і драбіў пераборам — ну, як заўсёды, хвацка. Брыль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ду́ля, ‑і, ж.
1. Летні сорт ігруш з вялікімі і салодкімі пладамі.
2. Плод гэтай ігрушы. На грушы каля ганку Вісяць цяжкія дулі. Калачынскі.
3. Разм. груб. Кукіш, фіга. [Халуста] паказаў Настулі кулак, а яна яму дулю, і гутарка на гэтым кончылася. Чарнышэвіч.
•••
Даць (паднесці, паказаць) дулю гл. даць.
Дулю з’есці гл. з’есці.
Дулю табе (яму, ім і пад.) пад нос — лаянкавы выраз для катэгарычнага аднаўлення або нязгоды.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
кашо́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.
Разм. Плецены выраб з лучыны, лазы і пад. для захоўвання і пераноскі чаго‑н. Сплесці кашолку. Накапаць кашолку бульбы. Збіраць грыбы ў кашолку. □ Пад акном, відаць з базару, прайшла з кашолкай Альбіна Сільвестраўна. Ракітны. Федзя, абняўшы левай рукою вялікі букет кветак і трымаючы ў правай добра наладаваную малдаўскую кашолку з чароту, кіраваўся да сваёй машыны. Карпаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
е́лачка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.
1. Памянш.-ласк. да елка.
2. у знач. прысл. е́лачкай, у е́лачку. Пра узор у форме прамой лініі з паралельнымі рысачкамі, якія адыходзяць ад яе пад вуглом. Вышываць елачкай. □ Грузавік паскорыў ход, пакідаючы на пясчанай пыльнай дарозе дзве роўныя ў елачку сцяжынкі. Гамолка.
3. Пра адну са стадый развіцця лёну, хвашчу і пад., калі паяўляюцца бакавыя адросткі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)