навуковая дысцыпліна, у якой мова разглядаецца найперш як грамадская з’ява (у процілегласць падыходам прыродазнаўчым, гіст., псіхал.), як сацыяльна разгалінаваны сродак зносін людзей, што ў вял. ступені залежыць ад сац. стратыфікацыі саміх носьбітаў мовы (палажэнне ў грамадстве, характар заняткаў, адукаванасць, узрост, пол і інш.). Развіваецца на сумежжы мовазнаўства, сацыялогіі, псіхалогіі сацыяльнай і этнаграфіі. Распрацоўвае шырокі комплекс праблем сац. прыроды мовы, што раскрываецца ў грамадскіх функцыях розных моўных утварэнняў (этнамоў, кайнэ, літаратурных моў, сацыяльных дыялектаў і інш.), механізму ўздзеяння сац. фактараў на мову, дынамікі двухмоўя і шматмоўя, тыпалогіі моўных сітуацый, моўнай палітыкі дзяржавы, сувязей мовы і культуры і інш. На Беларусі вытокі сацыялінгвістычных даследаванняў у працах Я.Ф.Карскага і П.А.Бузука. Пытанні С. распрацоўвалі і распрацоўваюць А.І.Жураўскі, А.А.Лукашанец, В.У.Мартынаў, А.Я.Міхневіч, Н.Б.Мячкоўская, Б.Ю.Норман, А.Я.Супрун, П.П.Шуба, В.К.Шчэрбін і інш.
Літ.:
Новое в лингвистике. Вып. 7. Социолингвистика. М., 1975;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЦЫЯ́ЛЬНАЯ СТРАТЫФІКА́ЦЫЯ,
дыферэнцыяцыя людзей, іх груп на сацыяльна няроўныя страты (слаі) у залежнасці ад узроўню даходаў, адукацыі, прафесіі, прэстыжу, удзелу ва ўладных структурах і інш. Дазваляе праводзіць адрозненне паміж тыпамі і формамі сац. няроўнасці, увасобленай у класавай, каставай, саслоўнай структуры грамадства. Тэрмін «С.с.» увёў П.А.Сарокін. Адметныя асаблівасці С.с.: дыферэнцыяцыя людзей у іерархічна аформленыя групы, г.зн. вышэйшыя, сярэднія і ніжэйшыя класы, слаі, страты грамадства; падзел людзей на прывілеяваную меншасць (знаць, багатыя, паліт. эліта і інш.) і ўшчэмленую ў якіх-н. адносінах большасць (бедныя, што не маюць дачынення да ўладных структур і інш.). У працэсе жыццядзейнасці грамадства сац. страты ўвесь час мяняюцца і развіваюцца. У выніку ўзнікае мабільнасць сацыяльная, якая звязана са зменай індывідам ці групай месца ў сац. структуры грамадства, перамяшчэннем іх з аднаго сац. становішча ў іншае.
Літ.:
Бабосов ЕМ. Трансформация социальной структуры Беларуси в процессе становления ее государственности // Беларусь на шляху дэмакратызацыі. Мн., 1996;
Гидденс Э. Стратификаиия и классовая структура // Гидденс Э. Социология: Пер. с англ.М., 1999;
Сорокин П.А. Социальная стратификация // Сорокин П.А. Человек. Цивилизация. Общество. М., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЦЫЯМЕ́ТРЫЯ (ад лац. societas грамадства + ...метрыя),
эмпірычны кірунак у сацыялогіі і сац. псіхалогіі, які вывучае эмацыянальныя міжасобасныя адносіны ў малых сац. групах; сукупнасць метадаў даследавання малых сац. груп. Тэрмін «С.» ўзнік у канцы 19 ст. ў сувязі са спробамі матэм. вымярэння сац. уплываў паміж людзьмі. Тэарэт. абгрунтаванне С. як метаду пазнання і вымярэння сац. з’яў прапанаваў амер.сац. псіхолаг і псіхіятр Я.Л.Марэна. С. даследуе структуру і дынаміку нефармальных адносін паміж індывідамі ў малых сац. групах, фармулюе заканамернасці эмацыянальных адносін у групах і экстрапалюе вывады на грамадства ўвогуле. Метады С. дазваляюць апісаць абагульненую карціну сімпатый і антыпатый у групе (сацыяграма), вызначыць нефармальных лідэраў і «адрынутых», самаацэнку стану асобы ў групе і інш. Атрыманыя шляхам матэм. разлікаў сацыяметрычныя каэфіцыенты адлюстроўваюць ступень згуртаванасці і ўзаемадзеяння індывідаў у групе.
Літ.:
Морено Дж.Л. Социометрия: Эксперимент. метод и наука об обществе: Пер. с англ.М., 1958;
Коломинский Я.Л. Психология взаимоотношений в малых группах. Мн., 1976;
Антипина Г.С. Теоретико-методологические проблемы исследования малых социальных групп. Л., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЮ́З БЕЛАРУ́СКАЙ ДЭМАКРА́ТЫІ,
грамадска-палітычная арг-цыя заходнерусісцкага кірунку, якая дзейнічала ў Гомелі ў крас.—ліст. 1917. Ініцыятарам стварэння саюза выступіла група работнікаў асветы і дзярж. служачых, эвакуіраваных з Вільні. На сходзе «беларусаў-дэмакратаў» 23 крас. выказана думка пра стварэнне С.б.д. з-за нязгоды з пастановамі з’езда Бел.нац. арг-цый (25—27 сак.) і непрызнаннем Беларускага нацыянальнага камітэта ў Мінску ў якасці кіруючага цэнтра нац. руху. Сход пастанавіў стварыць «Часовы беларускі дэмакратычны камітэт» з 10 чал., старшынёй к-та выбраны П.В.Каранкевіч, яго намеснікамі — Д.Г.Гулевіч, і Ф.В.Шышко. Дзейнасць саюза выявілася ў выступленнях супраць заклікаў набыцця нац. аўтаноміі, нацыяналізацыі школы і інш. На выбарах ва Устаноўчы сход С.б.д. аб’яднаўся з Беларускай народнай грамадой, Беларускім нацыянальным камітэтам у Магілёве і Аршанскім бел. к-там. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 саюз спыніў сваю дзейнасць.
Літ.:
Сяменчык М.Я. Беларускія палітычныя арганізацыі краю і іх дзейнасць у сакавіку—чэрвені 1917 г. // Культурна-нацыянальныя працэсы на Беларусі ў другой палове XIX — пачатку XX стст.: Зб.навук.прац.Мн., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЯТЛАВО́Д,
святлапровад, хвалявод аптычны, закрытае ўстройства для накіраванай перадачы светлавой энергіі.
У адкрытай прасторы перадача светлавой энергіі магчыма толькі ў межах прамой бачнасці і звязана са стратамі, абумоўленымі пач. разыходнасцю выпрамянення, яго паглынаннем і рассеяннем у атмасферы. Выкарыстанне С. дае магчымасць значна зменшыць страты светлавой энергіі, а таксама перадаваць яе па крывалінейных трасах. Паводле канструкцыі адрозніваюць С. лінзавыя, валаконныя, планарныя, палоскавыя і інш. Лінзавыя С. — сістэма размешчаных у трубе лінзаў, якія служаць для перыядычнай карэкцыі хвалевага фронту светлавога пучка. Найб. распаўсюджаны валаконныя С. (гл.Валаконная оптыка). Для патрэб інтэгральнай оптыкі распрацаваны планарныя і палоскавыя С. — тонкая (парадку даўжыні светлавой хвалі) празрыстая святловядучая плёнка, нанесеная на аднародную падложку. Паказчык пераламлення плёнкі большы, чым паказчык пераламлення падложкі і асяроддзя над С. Светлавая хваля ў такім С. распаўсюджваецца ў працэсе шматкратнага поўнага адбіцця ад яго сценак. Палоскавыя С. адрозніваюцца ад планарных шырынёй (сувымерная з даўжынёй светлавой хвалі).
Літ.:
Унгер Х.-Г. Планарные и волоконные оптические волноводы: Пер. с англ.М., 1980;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕЙФУ́ЛІН (Сакен) (Садвакас; 12.6.1894, качавы аул у Джэзказганскай вобл., Казахстан — 25.2.1939),
казахскі пісьменнік, грамадскі дзеяч; пачынальнік новай каз. л-ры. Скончыў Омскую настаўніцкую семінарыю (1916). Настаўнічаў, у 1925—37 працаваў у перыяд. друку. Рэпрэсіраваны, рэабілітаваны пасмяротна. Друкаваўся з 1910. Асн. ў яго творчасці — тэма рэвалюцыі і буд-ва новага жыцця (паэт.зб-кі «Неўтаймаваны конь», 1922; «Домбра», 1924; «Экспрэс», 1926; «На хвалях жыцця», 1928; п’есы «Шлях да шчасця», нап. 1917; «Чырвоныя сокалы», нап. 1920). Лепшыя традыцыі нар. паэзіі развіваў у паэмах «Разлучаныя лебедзі» (1925), «Саветстан» (1926), «Какчэтаў» (1929), «Альбатрос» (1933). Аўтар гісторыка-мемуарнага рамана «Цяжкі шлях, нялёгкі пераход» (1927), аповесцей «Айша» (1922, перапрацавана ў 1935), «Землякопы» (1928), «Здабыткі» (1935) і інш. На бел. мову яго асобныя апавяданні пераклаў П.Місько.
Тв.:
Рус.пер. — Тернистый путь. Алма-Ата, 1964;
Хамит в погоне за бандитом: Рассказы. Алма-Ата, 1971;
Стихотворения и поэмы. Л., 1973 (разам з І.Джансугуравым).
Літ.:
Какишев Т. Сакен Сейфуллин. М., 1972;
Кирабаев С. Сакен Сейфуллин: Критико-биогр. очерк. М., 1973.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕКСТЫ́НА, сестына (позналац. sextina, італьян. sestina ад лац. sex шэсць),
верш ці страфа з 6 радкоў, аб’яднаных дзвюма рыфмамі:
Не золатаздабытчык і не бос —
Дваццатым векам вызвалены атам,
Жылплошчу пазычаю я ў нябёс,
Каб быць для іх таварышам і братам.
Але і гэта не апошні лёс,
Які мне векам суджаны дваццатым.
(А.Куляшоў. «Мне кожны год, нібы жыццём другім...)
Сустракаюцца С. з інш. рыфмоўкай: аааабб, аабааб, аббааа. У сучасным літ.-знаўстве змест паняцця «С.» пашыраны — так называюць 6-радкоўі, якія складаюцца з 4-радкоўя з перакрыжаванай рыфмоўкай і 2-радкоўя з сумежнай рыфмай («Белыя яблыні» П.Панчанкі). Часам С. лічаць 6-радкоўе ўвогуле. С. пішацца звычайна 5- або 6-стопным ямбам. Аднак могуць выкарыстоўвацца і інш. памеры, напр., харэй («Партызанская песня» Я.Коласа). У еўрап. і рус. л-рах вядома складаная С. (уключае 6 шасцірадкоўяў, радкі у якіх рыфмуюцца ў дакладна вытрыманай паслядоўнасці). У рус. л-ры складаныя С. пісалі Л.Мей, В.Брусаў. Вядома і ў бел. паэзіі («На сконе дзён» Р.Суніцы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕМА́НТЫКА (франц. sémantique ад грэч. sēmantikos які абазначае) у мовазнаўстве, 1) увесь змест, інфармацыя, якія перадаюцца мовай ці якой-н. яе адзінкай (словам, граматычнай формай слова, словазлучэннем, сказам).
2) Раздзел семіётыкі і тыпалагічнай лінгвістыкі, які разглядае знакі паводле іх значэння і тэксты паводле іх сэнсу. Апісвае зместавую сістэму мовы, спосабы перадачы сэнсу пры дапамозе зместавых адзінак (асобных слоў). Словы ў сваю чаргу вызначаюцца паслядоўнасцю марфем і фанем. Фанемы не маюць самастойнага значэння, але дазваляюць яго абнавіць для слова праз камбінаторыку фанем, бо іх сукупнасць утварае лексему як лексічнае значэнне слова. Паслядоўнасць лексем складае сказ, але сказ не складаецца з лексем. Яго сінтакс. характарыстыкі ўплываюць на змены ў значэнні, таму мы адрозніваем сэнс тэксту ад сумы значэнняў яго састаўляючых. У Гэтым асн. роля С. Семантычныя адзінкі характарызуюцца рознымі тыпамі адносін: сінтанімічнымі, антанімічнымі, аманімічнымі.
Літ.:
Апресян Ю.Д. Лексическая семантика. М., 1974;
Міхневіч А.Я. Праблемы семантыка-сінтаксічнага даследавання беларускай мовы. Мн., 1976;
Мартынов В.В. Категории языка: Семиол. аспект. М., 1982;
Плотников Б.А. Основы семасиологии. Мн., 1984;
Вежбицкая А Семантические универсалии и описание языков: Пер. с англ.М., 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕНАЎБО́РАЧНЫЯ МАШЫ́НЫ,
с.-г. машыны для ўборкі травы, нарыхтоўкі сена і сенажу.
У залежнасці ад спосабу сенаўборкі выкарыстоўваюцца: для скошвання травы — рознага тыпу касілкі; варушэння яе з мэтай больш хуткага высыхання — варушылкі (звычайна механічныя з шарнірнымі лемяшамі); зграбання сена ў валкі — граблі, падборкі сена з валкоў у копы — падборшчыкі, валакушы; транспарціроўкі копаў да месца сціртавання — капавозы (1 або 2 навясныя грабельныя рашоткі з механізмамі падымання і апускання, устаноўленыя на колавым трактары); укладкі сена ў стог і копаў на трансп. сродкі — стагакіды, прасавання сена ў цюкі (стандартныя, кароткамерныя, буйнагабарытныя) — прэс-падборшчыкі, падборшчыкі-ўкладчыкі цюкоў; загатоўкі здробненага сена — самаходныя і прычапныя камбайны, здробненае сена ад якіх дастаўляецца да месца дасушвання і захоўвання; прыгатавання травяной мукі, гранул і брыкетаў з зялёнай масы, што прывозіцца з поля — спец. памолачныя агрэгаты, гранулятары, брыкетавальнікі, інш.кормапрыгатавальныя машыны і спец. стацыянарныя тэхнал. лініі.
Літ.:
Практикум по сельскохозяйственным машинам. Мн., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́ЧАНАЎ (Іван Міхайлавіч) (13.8.1829, с. Сечанава Ніжагародскай вобл., Расія — 15.11.1905),
расійскі фізіёлаг; заснавальнік расійскай фізіял. школы. Ганаровы акад. Пецярбургскай АН (1904, чл.-кар. 1869). Скончыў Маскоўскі ун-т (1856). У 1860—70 праф. Медыка-хірург. акадэміі ў Пецярбургу, з 1871 — Новарасійскага ў Адэсе, у 1876—88 Пецярбургскага, у 1891—1901 Маскоўскага ун-таў. Асн. працы па фізіялогіі нерв. дзейнасці. Адкрыў існаванне цэнтр. тармажэння ў нерв. сістэме (сечанаўскае тармажэнне), абгрунтаваў адзінства псіхічных і фізіял. з’яў, рэфлекторны характар складаных псіхічных рэакцый, падуладнасць псіхікі аб’ектыўнаму вывучэнню. Выявіў эфект сумацыі ў нерв. цэнтрах, адзначыў ролю рухаў і рухальных адчуванняў у пачуццёвым і разумовым пазнанні, аналізаваў прыроду мысліцельных працэсаў. Адкрыў перыяд. біяэлектрычныя з’явы ў нерв. сістэме, увёў паняцце сігнальнай рэгуляцыі нервова-псіхічнай дзейнасці. Стваральнік аб’ектыўнай псіхалогіі паводзін, заклаў асновы фізіялогіі працы, узроставай і эвалюц. фізіялогіі, прапанаваў ідэю «актыўнага адпачынку».